Гiды

ТОП-7 краінаў для падарожжа без візы

ТОП-7 краінаў для падарожжа без візы

У беларуса можна забраць канстытуцыйныя правы, грошы i нават свабоду. Але ў нас ніяк на забярэш чалавечую годнасць, прагу да ўражанняў і ўменне выкручвацца ў нестандартных сітуацыях. Пакуль частка беларусаў пазбаўленая магчымасці аператыўна (ці ўвогуле) здабыць шэнгенскія візы, варыянты з густам правесці адпачынак за межамі Беларусі ўсё яшчэ ёсць.

Сойка з дапамогай вольнага вандроўніка Аляксандра Гойшыка прааналізавала бязвізавы спіс і адабрала топ-7 краін для наведвання. Прычым выбар рабіла з рандомнай суб’ектыўнасцю: недзе звяртала ўвагу на экзатычнасць, недзе, наадварот, чаплялася за відавочны варыянт, а недзе шукала экзатычнае ў відавочным. Галоўны крытэр — каб падарожжа не зладзіла страйк сямейнаму бюджэту.

Спойлер: зараз вы даведаецеся, чаму ў Аргентыне лепш не разлічвацца банкаўскай карткай; чаму постсавецкаму турысту будзе ментальна камфортна ў Албаніі; якую нацыю сапраўды трэба называць бульбашамі.

ЛАЦІНСКАЯ АМЕРЫКА

АГУЛЬНЫЯ ПАРАДЫ

Чаму туды. Калі праз пандэмію ці адсутнасць візы вы некалькі гадоў нікуды не ездзілі, але пры гэтым не забывалі адкладаць грошы на адпачынак, раім арганізаваць вандроўку, на якую пры іншых умовах наўрад ці бы наважыліся. Лавіце момант і ўлічваце, што ў рэгіён трэба ехаць не менш, чым на месяц, і наведаць дзве ці больш краінаў. Наша прапанова: Аргентына, Перу, Бразілія.

Як дабрацца. Асноўны пункт расходаў — лагістыка, галоўнае — дабрацца, а далей, калі трымацца нашых парадаў, у Лацінскай Амерыцы шмат чаго можна паглядзець за адносна невялікія грошы.

Лепш за ўсё транзітам праз Турцыю ляцець у Панаму: гэта самы вялікі ў рэгіёне хаб, адкуль можна шукаць прымальныя варыянты ў краіны, якія вас цікавяць. Самы буйны лаўкостар у Лацінскай Амерыцы, прыкладна адпаведны еўрапейскаму Ryanair — Latam Airlines.

Парада ад Гойшыка. «Для пакупкі танных квіткоў я карыстаюся сервісам skyscanner. Па-першае, можна знайсці прывабныя варыянты. Па-другое, можна адштурхоўвацца не ад пэўнага аэрапорта, а ад патрэбнай краіны. Па-трэцяе, квіткі глядзіш не на пэўную дату, а выбіраеш найлепшы варыянт на працягу месяца. Мой рэкорд: палёт са Швейцарыі ў Мексіку і назад за 400 долараў».

АРГЕНТЫНА

Што паглядзець. Па мерках Лацінскай Амерыкі гэта дастаткова развітая краіна з добрай інфраструктурай і разнастайнай прыродай (ёсць і ледавікі, і зеляніна). Каб зразумець, як жывуць аргентынцы, трэба наведаць і сталіцу — Буэнас-Айрэс, і гістарычныя мястэчкі з цікавай архітэктурай. Потым абавязкова скарыстайцеся недарагімі пералётамі па Лацінскай Амерыцы і адпраўцеся з Буэнас-Айрэса ў Ушуаю — самы паўднёвы горад на свеце (!), а таксама сталіцу Вогненнай Зямлі — самага маладога рэгіёна Аргентыны.


Photo by Juan Pablo Mascanfroni on Unsplash

І тут вас чакае самае цікавае — падарожжа па Аргентынскай Патагоніі (ёсць яшчэ з чылійскага боку). Гэта і знакамітая дарога сямі азёраў з выдатнымі краявідамі (так званая Швейцарыя Лацінскай Амерыкі), і Парк ледавікоў, дзе знаходзіцца самы вялікі ледавік Паўднёвай Амерыкі, і шмат чаго цікавага.

На што звярнуць увагу. Акрамя атрымання асалоды ад выдатных краявідаў, у Аргентыне вас чакае і асалода фізічная. Вандроўка па краіне — суцэльны гастратур, дзе вы зможаце пачаставацца выдатнымі сырамі, смачнымі вінамі, і, безумоўна, знакамітым асада — лацінаамерыканскім барбекю: запякаць мяса на вуглях — гэта значная частка нацыянальнай свядомасці.

Парада ад Гойшыка. «Памятайце пра тое, што ў Аргентыне вялікая інфляцыя, з-за чаго існуе каля пяці курсаў долара, таму лепш не плаціць карткай: вас разлічаць “па-афіцыйнаму”, што ў некалькі разоў ніжэй за рэальны курс. Лепш мець пры сабе наяўныя долары (пажадана новай серыі — так званы Dollar Blue), якія можна абмяняць на “шэрым рынку”».

ПЕРУ

Што паглядзець. Як бы вас ні ўразіла Патагонія, у Перу знаходзяцца топавыя турыстычныя месцы. Мачу-Пікчу, Горы сямі колераў (яны ж Вясёлкавыя горы), каньён Колка — гэта ўсё абсалютны must see. Добраму настрою спрыяе і тое, што перасоўвацца па краіне даволі бюджэтна. А калі даберацеся да возера Тытыкака, у вас увогуле зойме мову: вы трапіце ў індзейскую рэзервацыю (Перу ўвогуле краіна індзейцаў інкаў). Вядома, сёння гэта больш турыстычная атракцыя, але на свае вочы пабачыць плывучыя штучныя астравы, зробленыя з трыснягу — гэта таго варта. Нават нягледзячы на тое, што ў чоўнах, у якіх вы будзеце катацца і якія таксама зробленыя з трыснягу, будуць стаяць бензінавыя рухавікі.


Photo by Jeison Higuita on Unsplash

На што звярнуць увагу. Перу — краіна, дзе не трэба баяцца замаўляць турыстычныя паслугі: яны там танныя і пры гэтым якасныя. Усяго за 20 мясцовых соляў (каля 5 долараў), вас забяруць з гатэля і давязуць да лодкі, правядуць добрую экскурсійную праграму з «песнямі-танцамі».

Беларусу яшчэ варта пабываць у Перу, каб зразумець, што не тую нацыю назвалі «бульбашамі». У мясцовых жыхароў нават ёсць прымаўка: Soy mas Peruano que la papa («Я — большы перуанец, чым бульба»). У гэтай краіне афіцыйна выведзена больш за 4000 гатункаў бульбы, нават у самай простай краме вы іх знойдзеце не менш за 15-20.

Парада ад Гойшыка. «У Перу танныя не толькі перасоўванні і экскурсіі, але і жыллё. Вядома, ёсць і дарагія гатэлі, але пры жаданні нават у такім турыстычным горадзе як Куска (неафіцыйная сталіца Інкскай імперыі) можна знайсці начлег за 5 долараў. Так, гэта агульны пакой, але вы зможаце прыняць душ, і ў вас будзе інтэрнэт».

БРАЗІЛІЯ

Што паглядзець. Калі ў вас запланавана не вельмі доўгае падарожжа па Лацінскай Амерыцы (асабліва, калі вы хочаце пабываць ў некалькіх краінах), улічвайце, што Бразілія — неверагодна вялікая і абсалютна розная. Калі ў вас мара, як у Астапа Бэндэра, то вам больш падыдзе паўднёвая частка, дзе ёсць Рыа-дэ-Жанейра, Сан-Паўлу, шмат нацыянальных паркаў. Таксама раім наведаць вадаспад Ігуасу (ён складаецца з больш 200 розных вадаспадаў і знаходзіцца на мяжы дзвюх краінаў — Бразіліі і Аргентыны, але менавіта з бразільскага боку самыя прыгожыя краявіды.


Photo by Nareeta Martin on Unsplash

Калі вы любіце вандраваць па вадзе, то вам лепш у паўночную Бразілію. Тур па легендарнай Амазонцы — будзе пра што расказаць унукам.

На што звярнуць увагу. Калі вы спыніце выбар на паўночным варыянце, майце на ўвазе, што паромы ў тых мясцінах — фактычна адзіны від грамадскага транспарту. А дзе манаполія — там высокія кошты.

Парада ад Гойшыка. «Каб вандраваць па Лацінскай Амерыцы, пажадана добра ведаць ангельскую мову і хаця б трошкі — гішпанскую. Гэта патрэбна, каб не пераплочваць так званы “падатак на грынга”: калі ўбачаць, што вам складана размаўляць, амаль на ўсё будуць даваць павышаны прайс».

ГРУЗІЯ

Чаму туды. Грузія трапіла ў наш гайд зусім не таму, што зараз там беларус можа знайці знаёмага беларуса праз некалькі ці нават праз адзін поціск рукі, і таму, здавалася, адпачынак у гэтай краіне выглядае як проста нагода пабачыцца са старымі сябрамі. Грузія, магчыма, — самая цікавая і прыгожая краіна Каўказу. Напрыклад, тая ж Арменія, куды таксама можна ляцець без візы, па прыродзе менш разнастайная, у той час, як у Грузіі ёсць усё — мора, горы, лясы, азёры. І, вядома, старажытная культура, з якой абавязкова трэба пазнаёміцца.

Як дабрацца. Гэта зусім нескладана, улічваючы прамыя рэйсы «Белавія». Галоўнае — сачыць за датамі і падабраць найбольш прымальны па грошах варыянт набыцця квіткоў.

Што паглядзець. Калі вам патрэбна больш, чым пляжы ў Батумі, Грузія вам дасць усё гэта. Топавыя мясцовыя славутасці — манастыры Анануры, Вардзія і Давід-Гарэджа, стратавулкан Казбек. І гэта без шматлікіх горных перавалаў, дзе можна нарабіць інстаграмных фотак на ўсё астатняе жыццё.


Photo by Alice Pontini on Unsplash

Парада ад Гойшыка. «На мой погляд, адно з абавязковых для прагляду мясцін Грузіі — Сванетыя: высакагорны рэгіён, дзе пражываюць сваны. Гэта грузінскі субэтнас: яны рудыя і блакітнавокія. Лічыцца, што яны і ёсць “сапраўдныя грузіны”, бо іх рэгіён ніколі не быў заваяваны іншымі краінамі».

ТУРЦЫЯ

Чаму туды. Зламаць стэрэатып, что турыстычная Турцыя — безгустоўныя гатэлі, прасякнутыя крыкамі «Тагіл!». Насамрэч, гэта адна з найцікавейшых еўрапейскіх краінаў, якую многія недааэцэньваюць праз безвіз: маўляў, усё паглядзім у наступны раз, а зараз нас чакае «ол інклюзіў».

Як дабрацца. Першы варыянт — зноў-такі прамы рэйс, але ўжо да Стамбулу. Другі варыянт для тых, хто скарыстаўся папярэдняй парадай і пачаў збірацца ў Грузію. З гэтай краіны, калі вам дазваляе час адпачынку, не так складана трапіць і ў Турцыю.

Што паглядзець. Калі прыляцелі ў Стамбул, не спяшайцеся яго пакідаць. Гэта топавы топ — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы, ім можна любавацца тыдзень, і так не пазнаць цалкам. Не будзем марнаваць ваш час: калі паверыце нам, што Стамбул сапраўды варты прагляду, зможаце лёгка вывучыць праз інтэрнэт тое, што хочаце даследаваць у Стамбуле. А ёсць жа яшчэ Ізмір, Кападокія з яе славутымі паветранымі шарамі, пячоры, горныя манастыры, якія раней належалі грэкам, а цяпер пустуюць.


Photo by Dana Andreea Gheorghe on Unsplash

Што трэба мець на ўвазе. Калі вас напалохалі турфірмы, што самому перасоўвацца па Турцыі вельмі небяспечна і трэба абавязкова замаўляць толькі іхнія дарагія трансферы — не верце! У Турцыі даволі добрая аўтобусная сетка, і калі вы ўжо склалі для сябе маршрут, можна шукаць прывабныя па кошце квіткі.

Парада ад Гойшыка. «У Турцыі ёсць усё для прыемнага падарожжа: зразумелыя маршруты, бюджэтныя начлегі праз Букінг, смачная і танная кухня (у вулічных сталовых можна на некалькі долараў набраць столькі ежы, што з-за стала выйсці складана будзе). А калі ў вас застанецца час і жаданне пакупацца ў “марской Турцыі”, то нават пры мінімальным досведзе можна забраніраваць гатэль і знайсці добрыя ўмовы значна танней, чым праз турагенцтвы».

КІТАЙ

Чаму туды. Насамрэч Кітай — не такі недасяжны, як можа здацца на першы погляд. А яшчэ гэта краіна, якую складана пабачыць цалкам нават за месяц. Таму дакладна сфармулюйце свае жаданні і чаканні ад Кітая — так лепей будзе скласці «маршрут для першага разу».

Як дабрацца. Прапануем два варыянты. Першы — праз Узбекістан, дзе насамрэч таксама ёсць што паглядзець (Ташкент, Самарканд, Бухара), потым — пералёт у Кітай. Але гэта не вельмі таннае задавальненне. Другі варыянт больш спрыяльны для гаманца: праз буйныя расейскія гарады шукаеце недарагія рэйсы да ўмоўнага Благавешчанску ці Уладзівастоку, а адтуль ужо ў Кітай — па зямлі.

Што паглядзець. Пачаць раiм з паўночнай часткі краіны: калі думаеце, што вандроўка атрымаецца хуткай, вы памыляецеся. Можна месяц падарожнічаць за невялікія грошы і кожны дзень пазнаваць шмат цікавага: фантастычнай прыгажосці будыйскія манастыры, часам вам будуць трапляцца рэшткі Вялікай кітайскай сцяны і г.д. Яшчэ там нескладана вандраваць аўтаспынам.


Photo by William Christen on Unsplash

Што трэба мець на ўвазе. Кітайцы дрэнна ведаюць ангельскую, а вывучыць кітайскую перад падарожжам, скажам так, даволі складана, нават на прымітыўным узроўні. Таму лепш мець загадзя спампаваныя з інтэрнэту і раздрукаваныя нарыхтаваныя фразы, нешта накшталт: «Я вандроўнік з Беларусі, Кітай — цудоўная краіна, падвязіце, калі ласка, без грошай проста па дарозе, калі вы будзеце паварочваць, я выйду. Дзякуй!» Калі спыняецца машына, паказваеце па чарзе некалькі падобных нарыхтовак, каб упэўніцца, што кіроўца правільна вас зразумеў.

Парада ад Гойшыка. «Увогуле камунікацыя з мясцовымі жыхарамі — адныя вялікія танцы з бубнамі. Не заўсёды дапамогуць і мабільныя аплікацыі. За час падарожжа па Кітаі я на прафесійным узроўні засвоіў гульню ў “кракадзіла”: зараз, здаецца, нават іншапланетнікам хутка растлумачу жэстамі ўсё, што заўгодна. І вам раю патрэніравацца».

АЛБАНІЯ

Чаму туды. Нядрэнны варыянт для тых, хто любіць адпачынак на моры, але супраць стандартных егіпецка-турэцкіх прапаноў. Ды і Балканы самі па сабе — абсалютна чароўны рэгіён.

Як дабрацца. Гэты варыянт могуць разглядаць у тым ліку і ўладальнікі шэнгенскіх віз: у Албанію можна выгадна (у фінансавам плане) трапіць праз Заходнюю Еўропу. Другі варыянт — усё той жа транзіт праз Стамбул, які пасля санкцый стаў ледзь не галоўным перавалачным пунктам для беларускіх падарожнікаў.

Што паглядзець. Галоўная мэта — адпачыць на крутых пляжах: у Тыране і другім па велічыні горадзе — Дурэсе. Але ёсць што паглядзець не толькі аматарам пляжнага адпачынку. Па-першае, наведайце горад-музей Гіракастру, вядомы сваёй гісторыяй і цудоўнай архітэктурай асманскай эпохі.


Photo by Abenteuer Albanien on Unsplash

Постсавецкаму турысту Албанія таксама цікавая тым, што краіна перажыла моцную камуністычную дыктатуру, якая пры гэтым была супраць іншых камуністычных дыктатур: мясцовы дыктар Энвер Ходжа меў даволі-такі халодныя стасункі з кіраўніцтвам СССР і Югаславіі. Ён лічыў, што на яго «астравок стабільнасці» абавязкова павінны напасці (беларусы, не трыгернула?), таму ў якасці помніка яго параноі засталіся тысячы бункераў па ўсёй краіне. Сёння ў іх знаходзяцца хостэлы, пабы, а ў самым галоўным бункеры — музей. Калі не можаце нават уявіць пяціпавярховы будынак, пабудаваны ўніз, — тэрмінова шукайце квіткі да Тыраны.

Парада ад Гойшыка. «Я быў у Албаніі летам 2020-га: тады можна было за некалькі долараў купляць месца ў хостэлах калі не на першай, то на другой берагавой лініі. Ежа каштуе капейкі, ды і перасоўвацца даволі лёгка: я браў у арэнду скутар і ганяў па пляжах».

Часам для таго каб сарвацца з месца, трэба проста сарвацца з месца. Падарожжы можна дэталёва планаваць, а можна даверыцца лёсу ды імправізацыі. Куды, апроч згаданых месцаў, яшчэ можна паехаць у падарожжа з Беларусі? Дзяліцеся ўласным досведам і прапановамі, а мы пастараемся яшчэ неаднойчы сабраць актуальныя гіды пра шырокі бязмежны свет, поўны ўражанняў і магчымасцяў. Шырокіх дарог!