Гiды

Што чытаць у беларускім тэлеграме

Што чытаць у беларускім тэлеграме

Нямодны на захадзе, тэлеграм застаецца папулярным сярод беларусаў. Мы палюбляем яго за хуткую магчымасць даведацца ўсё пра ўсё, не дзелячы спажыванне інфармацыі на навіны, хобі і інтымныя чаты з сябрамі — у тэлеграме, як і ў жыцці, усё ў адной стужцы. У кожнага яна будзе рознай — у залежнасці ад каналаў, на якія мы падпісаныя.

Аднак перад тым як кінуцца з галавой у чытанне беларускіх каналаў, памятайма пра абавязковую гігіену: лік ТГ-экстрэмістаў у Беларусі ўжо пайшоў на сотні, а падпісанне на «экстрэмісцкія» каналы прыроўніваецца да крымінальнага злачынства. Сойка не заклікае ігнараваць беларускі кантэнт (мноства якога ствараецца адмыслова для нас прафесійнымі журналістамі), аднак нагадвае пра правілы бяспекі.

Падпісаўшыся на тэлеграм-канал Сойкі, вы не прапусціце самыя прыгожыя і карысныя матэрыялы ад адзінага беларускамоўнага часопіса, што займаецца журналістыкай рашэнняў.

Грамадска-палітычныя медыі. Частка 1

Белсат

Дынамічны, разнастайны па змесце і сур’ёзнасці навінаў тэлеграм-канал, з якога можна даведацца пра беларускае жыццё практычна з кожнага боку. З усёй прадукцыі забароненага ўздоўж і ўпоперак адзінага незалежнага беларускамоўнага тэлеканала Сойка раіць звярнуць увагу менавіта на ТГ-канал. Тут публікуюць найбольш удалыя вытрымкі з эфіраў, збіраецца дайджэст асноўных падзеяў (за гадзіну, за дзень), або важныя ці нават ашаламляльныя навіны з сусветнага сеціва. Няма часу заліпаць у тэлеэкраны ці чытаць вялікі белсатаўскі сайт — вам сюды. Што важна — канал цалкам беларускамоўны, ёсць і рускамоўная версія, але яна адрозніваецца па тэматычным напаўненні.

Наша Ніва

Беларускамоўны тэлеграм-канал традыцыйнага і найстарэйшага беларускага медыя (у рэдакцыі якога ў даўнія часы працавалі Колас і Купала, а сённяшняга галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча пасадзілі на 2,5 гады па надуманай эканамічнай справе). Канал «Нашай Нівы» нават больш папулярны за канал «Белсату» і таксама «экстрэміст». Тэлеграм працуе больш як анонс публікацыяў на сайце: тут можна прачытаць некалькі сказаў па навіне, рэшту ж прапаноўваецца глядзець па спасылцы. Зрэшты, трапляюцца і большыя тэксты, дайджэсты навінаў, перапосты відэанавінаў «НН», якія выходзяць на ютубе.

Зеркало

Бадай, самы папулярны ТГ-канал з беларускімі навінамі, пераважна на расейскай мове (часам прапануецца перайсці да беларускамоўнай версіі тэксту). Хоць «Зеркало» і не называе сябе наўпроставым пераемнікам TUT.BY, наведнік каналу адразу даведаецца пра лёс тутбаеўскай рэдакцыі і ейнага кіраўніцтва (галоўную рэдактарку Марыну Золатаву і дырэктарку Людмілу Чэкіну зняволілі на 12 гадоў). У астатнім тут перадрук у скароце таго, што з’яўляецца на сайце. Як адзначала менеджарка «Зеркала» Аляксандра Пушкіна ў інтэрв’ю Deutche Welle, у рэдакцыі няма журналістаў у Беларусі (апроч зняволеных супрацоўнікаў былога TUT.by), таму даводзіцца сачыць за тым, каб не ператварацца ў эмігранцкі лісток.

Радыё Свабода — Беларусь

ТГ-канал аднаго з самых прафесійных беларускіх СМІ, якое з’яўляецца часткай вялізнай амерыканскай экасістэмы. Падпісацца варта, каб чытаць правераныя навіны на беларускай мове — у скароце тут перадрукоўваюць асноўнае з таго, што выходзіць на сайце «Свабоды» і іншых медыяў, прыгадваюць, чым слаўны сённяшні дзень у гісторыі.

Еўрарадыё

«Хутка, чотка і па-беларуску. Толькі свой кантэнт». Гэтак свой ТГ-канал апісвае рэдакцыя «Еўрарадыё», якое даўно з радыё без уласнай хвалі ў Беларусі перарасло ў медыярэдакцыю, якая рыхтуе ўсе віды і тыпы інфармацыі. Калі вы любіце тэлеграм, з гэтага каналу даведаецеся асноўныя навіны, а таксама новы кантэнт, які прапануюць журналісты на сайце і ютубе.

Маланка

Рускамоўны і пакуль не вельмі папулярны ТГ-канал адносна маладога беларускага медыя, якое ў асноўным факусуецца на відэакантэнце. «Маланка» паўстала ўжо на хвалі пратэстаў і базуецца ў Вільні. Як лічаць яе стваральнікі, гэтае медыя адрозніваецца вастрынёй і падачай навінаў пад асаблівым соўсам і не дае слова «лукашыстам». Праверыць можна, падпісаўшыся на канал, у якім ёсць спасылкі на ўсё самае істотнае, што робіць «Маланка».

Медиазона Беларусь

Канал праекту, які вырас з незалежнага расейскага медыя «Медиазона». Як паведамляецца на яго сайце, медыя паўстала, каб без цэнзуры распавядаць пра вайну, турму і сілавікоў. У Расеі і расейская «Медыязона», і ейная беларуская старонка заблакаваныя і забароненыя. На сайце апроч навінаў ёсць і сапраўдныя аўтарскія матэрыялы (часам — з беларускамоўнымі версіямі), спасылкі якіх посцяцца ў тэлеграм. Можна сустрэць і карткі з тлумачэннямі розных важных з’яваў, якія ў іншыя дні вы чытаеце ў ТГ-канал Сойкі.

Народная Воля (газета-сайт)

Двухмоўная незалежная газета, якая трымаецца і выжывае на гэтым свеце амаль столькі ж, колькі краінай кіруе Лукашэнка. Што праўда, пасля ўзмацнення ціску на медыі, у 2020-м «Народная воля» страціла сваю папяровую версію, але навошта сячы лясы, калі ёсць тэлеграм. Сайт газеты блакавалі і разблакоўвалі, пакуль што ён працуе і ў Беларусі, і за мяжой. У лютым 2023-га сілавікі затрымалі супрацоўніцу газеты, якая адміністравала ТГ-канал, але ён, тым не менш, працягвае працаваць.

Салідарнасць

Сапраўдны дыназаўр беларускага медыйнага свету, падпісаўшыся на ТГ-канал якога, вы падпішацеся на газету з традыцыяй (як традыцыяй выдання, гэтак і традыцыяў ганенняў з боку дзяржавы). «Салідарнасць» існуе на свеце столькі ж, колькі незалежная беларуская дзяржава, і ёсць усе спадзевы прагназаваць, што перажыве сённяшні драконаўскі рэжым. З пачатку вайны на канале выкладаюць храналогію ваенных падзеяў і перапошчваюць свае відэавыпускі, а яшчэ публікуюць меркаванні вядомых беларусаў пра палітыку, вайну ды эканоміку.

Грамадска-палітычныя медыі. Частка 2

Кулуары KYKY

Тэлеграм-канал аднайменнага медыя, вядомага сваім асаблівым іранічным тонам у артыкулах ды рэакцыях на падзеі (у тым ліку — на забароны, вынесеныя KYKY беларускай дзяржавай). Cур’ёзныя навіны ў ТГ-канале нярэдка суправаджаюцца з’едлівымі ілюстрацыямі і падаюцца ўперамешку з абсурднымі паведамленнямі бясконца паранармальнай беларускай рэчаіснасці.

The Village Беларусь

«Навіны Мінска. Людзі, мясціны, падзеі». Гэтак, прынамсі, паведамляецца на ўваходзе ў тэлеграм-канал. Аднак, у адрозненне ад сайта, тэлеграм-канал у «The Village Беларусь» менш лайфстайлавы, а больш навіновы. Аднак, падпісаўшыся на яго, вы прынамсі не прапусціце новыя гісторыі беларусаў у замежжы, або парады для іх, ці новы выпуск ютуб-шоў галоўнай рэдактаркі Яўгеніі Сугак.

Позірк — Навіны пра Беларусь

Тг-канал рэсурсу, які ствараецца рукамі і сэрцамі былой каманды Naviny.By (калі памятаеце, гэта інтэрнэт-газета адзінага прыватнага і цалкам незалежнага навіновага агенцтва БелаПАН). На канале «Позірку» сапраўды, у найлепшых традыцыях, посцяцца навіны. Прычым раніцай тут даецца дайджэст падзеяў, якіх варта чакаць цягам дня, а ўвечары — спіс таго, што адбылося.

СН Плюс

Канал для тых, хто ўжо вызначыўся са сваім улюбёным навіновым рэсурсам і патрабуе ідэяў добрага аналітычнага чытва. «Свабодныя навіны Плюс» посціць пераважна раз або пару разоў на дзень, затое тут прапануюць зірнуць на галоўную падзею дня глыбей — разам з аналітыкамі ды экспертамі.

DW Беларусь

Тэлеграм-канал беларускай рэдакцыі вялікага нямецкага медыя Deutsche Welle. Апроч навінаў пра Беларусь, тут публікуюць навіны пра Нямеччыну, а таксама інфармацыю, якая тычыцца жыцця беларускай дыяспары ў гэтай краіне. Час ад часу на канале сустракаюцца перапосты расейскіх навінаў з галоўнай версіі тэлеграм-каналу DW. Падпісаўшыся, не прапусціце новыя выпускі на ютуб-канале DW Belarus, дзе апроч рускамоўных навінаў можна паглядзець выпускі пра літаратуру Васіля Дранько-Майсюка або натрапіць на беларускамоўны рэпартаж.

MOST

Рэгіянальны, а таму арыгінальны канал новага беларускага медыя. Як паведамляецца ў апісанні, гэта «MOST паміж Беларуссю і Польшчай. Навіны памежжа: Беласток і Гродна, Бяла-Падляска і Брэст». Трансгранічнасць — асаблівы канёк медыя, бо дае магчымасць факусавацца на рэгіянальных праблемах і пытаннях па абодва бакі мяжы, але, у сілу «экстрэмісцкага» статусу і таго, што рэдакцыя знаходзіцца ў Беластоку, заўважная пэўная перавага ў бок польскіх тэмаў, эмігранцкіх праблемаў і экспацкіх гісторыяў. Рэдакцыя часам выбіраецца ў поле, каб праверыць праўдзівасць паведамленняў прапаганды, напрыклад, зверыўшы цэны ў спажывецкіх крамах абедзвюх краінаў. Падпісацца варта, калі вам не абыякавы згаданы рэгіён.

Hrodna.life

Новы тэлеграм-канал вядомага медыя пра Горадню і гарадзенцаў. Як паведамляецца ў апісанні, Hrodna.life піша пра важныя падзеі ў горадзе, краіне і свеце, пра дасягненні і праблемы Горадні, гісторыю і сучаснасць горада. На ТГ-канале можна сустрэць фотарэпартажы са святкаванняў і мясцовыя навіны.

Флагшток

Актыўны і папулярны тэлеграм-канал гомельскага медыя. Апроч рэгіянальных навінаў і гістарычных фотаздымкаў, журналісты рэгулярна размяшчаюць навіны, звязаныя з перамяшчэннем расейскіх войскаў і ўзбраення па рэгіёне, абсурдныя навіны з жыцця абласных прапагандыстаў, гісторыі затрыманняў і пасадак, а таксама чыноўніцкага свавольства.

Спецыялізаваныя медыі

Белорусы и рынок

Тэлеграм-канал вядомага медыя, якое піша пра эканоміку і бізнэс. Дырэктару выдання Канстанціну Залатых нядаўна прысудзілі чатыры гады калоніі, што ў сённяшніх чорных для медыяў рэаліях ужо мусіць успрымацца як бясспрэчны знак якасці, надзейнасці і прафесійнасці медыя. Падпісаўшыся на гэты канал, вы будзеце ў рэальным часе і ў рэальных лічбах ведаць, як сённяшняя палітыка беларускай дзяржавы ўплывае на яе эканоміку і як доўга гэтая мадэль яшчэ працягне.

Banki24.by

Коратка і без эмоцыяў. Беларускія банкі, курсы валют, таргі на Беларускай валютна-фінансавай біржы, заробкі і крэдыты, галоўныя эканамічныя навіны.

Myfin.by

Тэлеграм-канал вядомага эканамічнага часопіса. Апроч галоўных фінансавых навінаў з Беларусі і суседніх краінаў, тут можна чытаць і багата аналітыкі, а таксама праўдзівыя гісторыі пра грошы: пра махлярства нядобрасумленных рыелтараў, зніжкі ў спажывецкіх крамах, паразы беларусаў на анлайн-біржах і пра тое, што будзе рабіць Мінтранс пасля таго, як пазбавіўся ўсіх заходніх грошай.

Dev.by

Галоўныя IT-навіны ў Беларусі і свеце. Падпісантам распавядаюць пра праблемы, з якімі беларускія айцішнікі сутыкаюцца дома і за мяжой, распавядаюць пра найлепшыя вакансіі і вучаць карыстацца нейрасеткамі. Калі вы далёкі ад свету IT, Сойка усё адно раіць падпісацца на гэты тг-канал. Журналісты Dev.by не толькі збіраюць вузкапрофільныя навіны, але і распавядаюць пра агульныя тэндэнцыі пасля адтоку айцішнікаў з краіны, а таксама складаюць карысныя падборкі інструментаў, дзякуючы якім вы хутчэй авалодаеце новымі здольнасцямі.

Трыбуна

Без перабольшвання, галоўны спартовы тэлеграм-канал Беларусі, яшчэ й па-беларуску. Згадзіцеся, у такой сітуацыі нават заядламу аматару ляжання на канапе будзе складаней заставацца абыякавым да спорту. Выданне збірае статыстыку анлайн-матчаў і больш чым 150 турніраў па розных відах спорту, для чытва прапануюцца рэпартажы, інтэрв’ю, аналітыка. У лютым з турмы выйшаў вядучы журналіст выдання Аляксандр Івулін, таму, спадзяемся, «Трыбуну» яшчэ чакаюць ейныя чарговыя трыумфы.

34travel

Непатапляльны і незнішчальны беларускі трэвэл-часопіс, які перажыў ізаляцыі і лакдаўны падчас пандэміі, калі турыстычная індустрыя пайшла на дно, рэпрэсіі ў Беларусі, зачыненыя межы, зачыненае неба і вайну. І гэтак жа працягвае распавядаць нам пра найлепшыя ідэі падарожжаў, паездак ды пералётаў. Праўда, пасля згаданых выпрабаванняў 34travel з часопіса пра падарожжы ператварыўся таксама ў медыя для рэлакантаў. Але тут ужо якая рэальнасць, такі і трэвэл. Падпісацца варта — гэта натхняе на тое, каб выйсці з чатырох сценаў. Напачатку няхай у фантазіях, а потым — хто ведае.

Хто сочыць за сістэмай

BYPOL

Злачынствы беларускіх сілавікоў, трэніроўкі, планы, інсцэнаванні тэрактаў і ўзмацненне аховы сям’і Лукашэнак. Расследванні на гэтыя і мноства падобных тэмаў з’явяцца ў вашай ТГ-стужцы разам з падпіскай на BYPOL. Канал вядзе арганізацыя былых сілавікоў, якія аддзяліліся ад дзяржавы ў 2020-м, перайшлі на бок народа і працягваюць непакоіць рэжым сваёй актыўнай абазнанасцю ў тым, што адбываецца за яго кулісамі.

Беларускі Гаюн

Канал, створаны блогерам Антонам Матолькам дзеля маніторынгу вайсковай актыўнасці ў Беларусі. Перамяшчэнні расейскіх вайскоўцаў, тэхнікі і зброі, вучэнні і мабілізацыя, трэнаванні расейскіх сілавікоў у Беларусі — тое, што штодня з’яўляецца на ТГ-канале. Калі вы ведаеце і бачыце больш, паведамляйце праз адмысловы бот. «Гаюн» чытаюць усе, чыя мэта — спыніць бессэнсоўную крывавую вайну і не дапусціць яе разрастання. Толькі памятайце, што людзі, чыя мэта адваротная, таксама пільна сочаць за ўсім, што адбываецца вакол «Гаюна».

Палітычныя аб’яднанні

Святлана Ціханоўская

Хопіць абмяркоўваць кубкі Святланы Ціханоўскай, ейныя ўборы ці бяздзейнасць. На сваім ТГ-канале абраная лідарка распавядае пра свае паездкі, сустрэчы і дамоўленасці, віншуе са святамі і часам дзеліцца карыснымі ідэямі. Таксама тут можна задаць ёй пытанне або дамовіцца на асабістую сустрэчу.

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі

«Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі — часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай». Чым займаюцца гэтыя вашыя апазіцыйныя палітыкі? Калі вы — той, каму час ад часу хочацца выгукнуць такое, скрыжаваўшы рукі на грудзях, падпішыцеся на гэты ТГ-канал і чытайце пра актыўнасць палітыкаў. З кім і пра што дамаўляюцца нашыя давераныя асобы, што думаюць пра бягучыя падзеі і што прапануюць рабіць — тут пра гэта, можна сказаць, па прынцыпе «адно акно».

Павел Латушка

Афіцыйны канал яшчэ аднаго апазіцыйнага лідара, палітыка і дыпламата, а таксама экс-дырэктара Купалаўскага тэатра. На канале збіраюцца вытрымкі з інтэрв’ю Паўла Латушкі розным медыям і спасылкі на ўласныя эфіры палітыка, дзе ён тлумачыць беларускія падзеі і паводзіны беларускіх ды расейскіх «элітаў».

Полк Каліноўскага

«Афіцыйны канал Палка імя Кастуся Каліноўскага — беларускага вайсковага падраздзяленьня ЗСУ, якое з пачатку вайны ўдзельнічае ў баях за Кіеў ды Украіну». Гэтак паведамляецца ў апісанні. Падпісаўшыся на ТГ-канал, убачыце вайну ў рэальным часе вачамі нашых беларускіх змагароў. На канале размяшчаюць нататкі і фота з побыту ваяроў, інтэрв’ю з імі, паведамляюць пра новую зброю, праблемы і недахопы, і, на жаль, пра загібель чальцоў палка Каліноўскага. Усё сур’ёзна, гэта вайна.

Блогерскія праекты

NEXTA

Блогерскі праект, які па-сапраўднаму вырас на хвалі пратэстаў у 2020-м, менавіта праз ТГ-канал актывісты інфармавалі і перасцерагалі пратэстоўцаў, распавядалі свежыя навіны і выкладалі безліч відэа, знятага карыстальнікамі ў розных кутках Беларусі. Сёння адзін са стваральнікаў канала Сцяпан Пуціла актыўнічае ў ютубе, а ў ТГ-канале жыцця ўжо менш, здараюцца дні, калі канал не абнаўляецца наогул. Нашмат больш абнаўленняў на канале NEXTA Live, які факусуецца на павестцы ўсёй постсавецкай прасторы. Плюс і мінус, як у любога блогерскага праекта — тут не трымаюцца журналісцкіх стандартаў і не падбіраюць нейтральныя словы, каб распавядаць пра беларускую рэчаіснасць. Аднак для таго каб сачыць за навінамі, раім мець у канале пару-тройку варыянтаў з першага і другога раздзелу нашага гайду.

Беларусь головного мозга

Яшчэ адзін вельмі папулярны навіновы блогерскі рэсурс, створаны Ігарам Лосікам, якому прысудзілі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За кратамі Ігар ужо некалькі разоў трымаў галадоўку і ажыццяўляў спробы самагубства, у зняволенні і жонка Ігара Дар’я, якую пасадзілі на два гады, а дачку пары гадуюць бабулі і дзядулі. У той жа час «Беларусь головного мозга» працягвае справу зняволенага калегі. Як пішуць пра сябе самі рэдактары, канал працуе, каб у тых, хто заставаўся ў Беларусі, была матывацыя змагацца да канца, а ў тых, хто з’ехаў, была праўдзівая інфармацыя пра тое, што адбываецца дома. Працу канала фінансава можна падтрымаць тут.

МКБ — Мая краіна Беларусь

ТГ-канал, які вядзецца і па-беларуску, і па-расейску, не абмяжоўваючыся толькі навінамі. На МКБ збіраюць пярліны з беларускага цік-току і ютубу, а таксама беларускамоўнае відэа для рубрыкі #штопаглядзець. Чытачы дапамагаюць МКБ праводзіць параўноўваць цэны ў Беларусі і іншых краінах свету.

Мотолько Помоги

Тэлеграм-канал «хіпстара-ўрбаніста», які займаўся фотажурналістыкай і тэмай азелянення Менску, а сёння сочыць за перасоўваннем расейскіх войскаў па Беларусі. Непасрэдна пра войскі — на канале Беларускі Гаюн. «Мотолько Помоги» — гэта таксама навіны, расследванні, інсайды, карацей, лінкі на тое, што з’яўляецца на сайце Антона Матолькі.

Ник и Майк

Пра што гавораць у калідорах беларускіх уладаў. Гэтак, прынамсі, напісана ў апісанні каналу. Можа быць, інсайдаў і зліваў з ўладнага закулісся тут не заўжды шмат, але ёсць назіранні за ўладамі, спроба аналізаваць бягучыя падзеі ў нязмушаным, блогерскім тоне. Калі патрабуеце разнастаронняга погляду, падпішыцеся на навіны з раздзелу 1 і 2, аналітыку і ТГ-канал «Ник и Майк» — для разнастайнасці і роздумаў.

Аналітыка

Шрайбман

Канал хіба самага вядомага палітычнага аглядальніка «нашага пакалення» Арцёма Шрайбмана. У ім — як думкі самога аўтара (у тым ліку ў выглядзе інтэрв’ю), так і лінкі на карысныя тэксты іншых аўтараў. Імпануе тое, што Шрайбман прыводзіць спасылкі на аўтараў, якія крытыкуюць ягоную пазіцыю, і раіць на іх падпісацца. «Рэдкі прыклад спалучэння навуковага падыходу, актуальнасці і гуманнага стылю выкладу», — гаворыць ён пра аднаго са сваіх калег, але гэтыя словы можна аднесці і да самога аўтара.

Media IQ

«Беларускі праект пра медыяпісьменнасць: аналітыка СМІ, фактчэкі, інтэрв’ю», — заяўлена ў канале праекта. Аўтары часта разбіраюць фэйкі ад беларускіх і расейскіх СМІ і расказваюць, як адрозніваць прапаганду. Канал спадабаецца аматарам мемаў і гумару ў цэлым, бо нягледзячы на сур’ёзнасць падыходу, выкладзена ўсё з іроніяй (часам для гэтага не варта асобна старацца — досыць проста згадаць «факты», названыя дзяржаўнымі медыямі), напрыклад, «гісторыя з хэпі-эндам» ад СТВ пра тое, як Качанава дапамагла ўсталяваць смеццевыя кантэйнеры.

Пульс Ленина-19

Канал пра знешнюю палітыку Беларусі старэйшага даследчыка Цэнтра новых ідэй, дыпламата і былога кіраўніка пасольства Беларусі ў Швейцарыі Паўла Мацукевіча. Тут і пра АДКБ, і пра стасункі з асобнымі краінамі (якія яшчэ неяк кантактуюць з рэжымам), і пра бясконцыя візіты Лукашэнкі да ўсходняга партнёра і адвечную спрэчку на тэму «Ці напраўду Пуцін прымушае Лукашэнку ўступіць у вайну?».

МОЖЕЙКО/MAŽEJKA

«Палітычная аналітыка і трохі культуралогія», — гэтак характарызуе свой канал аўтар Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). У канале аўтар выказвае думкі пра суд над Бяляцкім і магчымасць «гандлю» палітвязнямі, наколькі рэальнае размяшчэнне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі і ці прывядзе перамога Украіны да падзення рэжыму Лукашэнкі.

ШТО ДУМАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ

Канал пра беларускую сацыялогію старэйшага даследчыка Цэнтра новых ідэй Генадзя Коршунава. У прынцыпе, назва канала і паказвае на яго асноўны змест — аналітыка меркаванняў беларусаў унутры краіны і за яе межамі. Аўтар з пазіцый сацыёлага (што лагічна) разважае на балючыя для ўсіх тэмы: колькі беларусаў выехала і да чаго гэта ўсё можа прывесці, ці сапраўды існуюць «дзве Беларусі», падводзіць геапалітычныя вынікі года ў дачыненні да арыентацыі беларусаў на Захад ці Усход.

Палітычная сатыра

Советская Белоруссия

«Галоўнае грамадска-сатырычнае выданне Беларусі. Усе навіны, выкладзеныя ў пабліку, па сутнасці, носяць выдуманы, абстрактны характар і безумоўную павагу да ветэранаў. Не лезем у палітыку з 1927 года», — заяўляюць аўтары канала. Вось, напрыклад, «навіна» пра Гайдукевіча: «Кіраўнік ЛГП Алег Гайдукевіч паказаў журналістам сляды на даху свайго дома, характэрныя для тых, якія пакідае спадарожнік пры апрамяненні. Вядомы палітык упэўнены, што гэта амерыканцы робяць навучальнае прыцэльванне, імітуючы цэлеўказанне для верагоднага ўдару хімарсамі па яго доме». Сарказм і чорны гумар, — усё, як мы любім (ці прынамсі як можам выжываць у свеце беларускіх навінаў).

Чай з малінавым варэннем

Стылістычна і ментальна блізкі да «Савецкай Беларусіі» канал, які гэтаксама штодзень выпускае дзясяткі мемаў — у многім дзякуючы дзяржаўным СМІ. «Палкоўнік запатрабаваў, каб “беларускі” ноўтбук Horizont быў на 70% беларускім. Пакуль дзесьці на 0%», — паведамляе канал. А скрыншот з выявай дырэктара Рагачоўскага кансервнага заводу ў канале пракаментавалі так: «Пытанне аб тым, якая са згушчонак лепшая, думаецца, закрытае». Гумар часта на мяжы, ёсць і палітнекарэктны, так што будзьце асцярожныя, калі для вас ёсць сэнсітыўныя тэмы.

Лайфстайл

Citydog

«Часопіс пра беларусаў паўсюль» ад аўтараў вядомага аднайменнага менскага парталу, які хоць і па-ранейшаму канцэнтруецца на мянчуках і менскіх падзеях, аднак тут і проста пра Беларусь і беларусаў, раскіданых па свеце. Сам часопіс (і, адпаведна, яго тэлеграм-канал) — пра жыццё ў самым шырокім сэнсе: у што апранаюцца менчукі, якой касметыкй карыстаюцца, што ядуць, што чытаюць, куды падарожнічаюць і многае-многае іншае. Пры гэтым аўтары не цураюцца і палітычнага боку жыцця: расказваюць гісторыю спявачкі Мерыем Герасіменкі і былой палітзняволенай Аксаны пра побыт на Акрэсціна і «Валадарцы».

Мерзкий Кокобай

«Інтымныя сакрэты, спойлеры на навінкі Мінска, жывы кантэнт з нашага жыцця і трохі чароўнага пылу. Паблік агідных паводзінаў», — заяўлена ў профілі канала, які, між іншага, адзін з самых папулярных у Беларусі і мае больш за сто тысяч падпісантаў. Гэта амаль без выключэння канал пра ежу, пітво і месцы ў Беларусі, дзе можна заняцца спажываннем вышэйпералічанага. Тут анонсы новых месцаў і агляды тых, якія толькі што адчыніліся, а яшчэ — усё часцей — паведамленні пра тыя, што зачыняюцца.

Onliner

Канал калісьці ці не самага папулярнага (прынамсі з топ-3) беларускага навіновага парталу. «Навіны Беларусі: грошы, лайфстайл, нерухомасць, тэхналогіі, аўто», — апісваюць яго аўтары. Ну, так і ёсць, там сапраўды навіны пра гарадское жыццё, сустрэчы праз ціндар, фота інтэр’ераў, спорт, паведамленні пра аварыі, фінансавыя навіны, агляд дэвайсаў для догляду барады, змены ў правілах куплі/продажу аўтамабіляў, крымінал і зніжкі 35% на італьянскія патэльні. Карацей, для шырокага кола чытачоў.

Бальзам

Сайд-праект «Нашай нівы», як паведамляецца ў апісанні, «без палітыкі і вайны». Кур’ёзныя і незвычайныя гісторыі з усяго свету, навіны папулярнай навукі і тэхнікі, навіны кінематографаў і заапаркаў, кулінарныя рэцэпты і ўсялякае іншае ненапружанае чытво. Падпішыцеся, калі хочаце дадаць у свой штодзённы навіновы рацыён некалькі кропляў лёгкага бальзаму па-беларуску.

Карысныя каналы і боты

Кібер Бабёр

Анлайн-адказы на пытанні па тэме лічбавай бяспекі і рэкамендацыі, як абараніць свае акаўнты і прылады. Канал суцэльна карысны, выключна з практычнымі парадамі: «Як зараз ламаюць акаўнты ў Telegram? Інструкцыя, каб абараніць сябе», «Як перанесці коды двухфактарнай аўтэнтыфікацыі з прылады на прыладу?», «Фішынг у Telegram» і многае іншае. У праекта таксама ёсць бот для кансультацый — https://t.me/CyberBeaverBot.

sekktor

«Прафесійныя і адукацыйныя праграмы на ваш густ і сферу дзейнасці: рэзідэнцыі, стажыроўкі, конкурсы праектаў, воркшопы і інш. Адбіраем дасяжнае для беларускіх творцаў і культменеджараў», — апісваюць свой праект аўтары канала. Вельмі зручны канал для пошуку стыпендый, праграм і канферэнцый для людзей культуры. На канале ёсць зручная навігацыя па хэштэгах (літаратура, музыка, рэзідэнцыя, мастацтва, рэжысёры, драматургія і г.д.), таму згубіцца ці нешта прапусціць з зацікаўленасцяў будзе складана.

BelPolska

Чат-бот, у якім змяшчаецца «інфармацыя пра працэдуры і фармальнасці ў Польшчы: карта побыту, абмен правоў, медыцына, транспарт, жыллё».

Культурніцкія

Рада культуры

«Афіцыйны тэлеграм-канал Беларускай Рады культуры. Мы падтрымліваем актуальныя творчыя праекты і спрыяем зменам у грамадстве праз культуру», — пазначана ў профілі каналу. Як вынікае з назвы, тут сапраўды ўсё пра культуру: найперш пра рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячоў культуры і да яе прадуктаў (як унясенне некаторых кніг у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»), пра ўзмоцнены кантроль над тымі, хто спрабуе не проста выжываць у Беларусі, але і ладзіць мерапрыемствы (напрыклад, Музей Азгура), а таксама інтэрв’ю з вядомымі асобамі са сферы культуры.

Max Zhbankou

Персанальны канал Макса Жбанкова, культуролага, журналіста, вядоўцы, кінакрытыка і аўтара відэапраекта «Шокінг Культ». Збольшага тут лінкі на ютуб, на размовы з аўтарам і на ягоны ўласны праект, рэфлексіі на актуальныя падзеі, спасылкі на тэксты для іншых рэсурсаў, напаміны пра сяброў і калег, якія сёння ў зняволенні, падборкі музыкі пад хэштэгам #СкучноеСтарьё, спісы важных фільмаў і кніг і думкі пра тое, што ў нас ёсць цяпер.

Будзьма

Тэлеграм-канал грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая займалася пашырэннем беларускай культуры яшчэ задоўга да 2020 года. Тут — навіны культуры па абодва бакі мяжы: пра гістарычныя аб’екты і музеі, музыку і канцэрты, літаратуру і кнігавыданне, інтэрв’ю з прадстаўнікамі і культуры і паведамленні пра пераслед і рэпрэсіі культурных дзеячоў, а таксама тэксты пра важныя падзеі і асобаў з гісторыі культуры.