Тэйлар: інфляцыя і выбары
Адмаўляць Тэйлар Свіфт немагчыма. Яна паўсюль, падчас ейных канцэртаў і маштабнага нашэсця фанатаў эканомікі гарадоў зазнаюць інфляцыю (феномен называецца свіфтаноміка), а дзяўчаты — фанацкую тахікардыю (феномен называецца свіфціс). Прыхільнікамі Тэйлар Свіфт лічаць сябе 53% апытаных летась амерыканцаў (гэта больш, чым рэйтынг кожнага з будучых кандыдатаў на прэзідэнта), пра яе пішуць навуковыя працы, а ў Ньюёркскім універсітэце чытаюць лекцыі, прысвечаныя творчаму даробку міс Амерыканы.
Тэйлар: свята прыходзіць у горад
І прыходзіць гэты дзень, які прадказваў яшчэ Настрадамус і мая ў сваім календары — Тэйлар Свіфт прыязджае ў пэўны горад. Вуліцы навадняюць натоўпы ейных адзетых у паеткі фанатаў. З іх не менш за 20% — ейныя суайчыннікі, што лётаюць следам за спявачкай, каб разгрызці пытанне, якое і мая, і Настрадамусу аказалася не па зубах: да якога пункту на танцполе Тэйлар падыдзе найбольшую колькасць разоў (процьма ролікаў у TikTok прысвячаюцца менавіта гэтаму). Рэстаратары і арандатары жытла ўзвінчваюць цэны да нябёсаў, каб прачнуцца багатымі. І ты, даведаўшыся пра гэта ўсё, сядаеш у сваё аўто і ўключаеш найлепшыя песні Тэйлар, каб правесці з ёй некалькі хуткіх гадзін начной аўтастрады.
І вось тут настае яно.
Расчараванне нумар 1
«Ды тут няма ніякай музыкі!» — крычыць твой хлопец-меламан, і ты высаджваеш яго на ўзбочыне, плюючыся полымем жаночай салідарнасці і сястрынства. Няхай цяпер сам брыдзе па цёмным лесе музычнага мэнсплэйнінгу. Але праз гадзіну спробаў зразумець музыку Тэйлар да цябе даходзіць, што ў ёй насамрэч няма нічога асаблівага. Так, мабыць, яна добра прыдуманая і добра зробленая, але ад голасу падарослелай амерыканскай школьніцы цягне на сон, ні ў рытме, ні ў мелодыях няма нічога пранізлівага, моцнага, нечуванага. Становіцца шкада пакінутага хлопца, аднак папярэджваю: каб сапліва абрыдаць няўдалыя стасункі, давядзецца ўключыць Adele. Ты не знойдзеш у Свіфт патрэбнага надрыву.
Тэйлар: ікона дзявочага супраціву
Можна бясконца глядзець на хвалі Свіцязі, працу ўкладальнікаў асфальту і спробы самых розных людзей вызначыць месца Тэйлар Свіфт у культуры. Спявачку нават ахрысцілі новым Бобам Дыланам (амерыканскі паэт-песеннік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры) і пачалі прарочыць ёй нобелеўку. Аднак ёсць супольнасць, зачараваць якую цяжэй. І гэта мы з вамі, дзяўчаты. Ад пачатку сваёй кар’еры Тэйлар лупіць цяжкай артылерыяй менавіта ў нас. Нам спяваецца пра аднакласнікаў-булераў, кепскіх каханкаў, здраднікаў і бессардэчных нарцысаў, якія пакрыўдзілі бедную сяброўку-бяляўку з суседняга пад’езда. Гэткую ж, як ты і я. Ну амаль гэткую ж. Толькі з персанальным самалётам, войскам абслугі і мільярдам даляраў у кішэні.
Расчараванне нумар 2
Адна з асноўных прэтэнзій да Свіфт з боку феміністак не ў тым, што Тэйлар зарабляе вялізныя мільёны, а ў тым, што робіць гэта, няшчадна манетызуючы ідэі жаночага змагання за роўнасць. Міс Амерыкана называе сябе феміністкай з 2014 году, сябруе з бодыпазітыўнай іконай Нью-Ёрку Лінай Данэм і ў песнях разважае, наколькі прасцей было б скараць свет, калі б яна была мужчынам. Але феміністкі па ўсім свеце кажуць: гэтага мала. Фемінізм detected, ды не той.
Кепскі фемінізм
Фемінізм Тэйлар Свіфт — белы і неінклюзіўны. «Ты спяваеш пра цяжкасці прыняцця сябе, але ты белая, багатая, худая, здаровая, канвенцыянальна прыгожая жанчына з першага свету!» — іранізуюць з жаночага змагання Тэйлар ейныя крытыкі. У адказ імперыя Свіфт бярэ фемінізм на ўзбраенне і пачынае ім размятаць любую крытыку. Што б ні рабіла Амерыкана, і якія б ейныя погляды ні падпалі пад крытыку (часам цалкам адэкватную і канструктыўную), — войска фанатак заўжды патрактуе гэта як напад на моцную жанчыну, як мізагінію і антыфемінізм.
Дык дзеўкі, ці мы будзем з ёй сябраваць?
Мабыць, жадаючы ўкараніць свой вобраз сябровачкі, Свіфт акружае сябе дзяўчатамі, песціць ідэі сястрынства і дзявочай энергіі, завальваючы сацыяльныя сеткі любоўнымі прызнаннямі да каляжанак. Толькі натоўпы besties на групавых фота — знакамітыя і гламурныя, як сяброўкі Барбі з фільму пра Барбі. Хочаш быць сяброўкай Барбі і фоткацца разам? А калі яна няшчасная, плача, грае на гітары, яе кінуў хлопец і пакрыўдзілі ў шоў-бізнэсе? Барбі-феміністка і мільярдэрка з суседняга двара! Галоўнае — гэты кактэйль лепш не піць.
Сойка Pavlova
Меркаванне адной Сойкі можа не супадаць з меркаваннем іншай Сойкі