Гiды

ЯК ДАПАМАГАЦЬ УКРАІНЕ?

ЯК ДАПАМАГАЦЬ УКРАІНЕ?

«А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела».

Кастусь Каліноўскі

Першы шок мінуў, мы зразумелі, што ідзе вайна, і ўсе неабыякавыя людзі ўключаюцца ў дапамогу. Цяпер не час для сварак, спрэчак і разбораў палётаў — час для ўсвядомленых дзеянняў на ўсіх узроўнях. Дапамагаць Украіне могуць не толькі тыя, хто ідзе абараняць яе ад ворага з лятальнай зброяй, але і на ўсіх іншых франтах супраціўлення. Малюйце плакаты, здымайце кліпы, купляйце лекі, збірайце грошы, распаўсюджвайце праўду. Sojka сабрала ў адзін док усё, што могуць рабіць беларусы, каб дапамагчы Украіне (і ўкраінцам) выстаяць.

Малюнкі да гэтага матэрыялу — інакшыя, чым звычайна. Нашая мастачка Ave ў момант нападу на Кіеў знаходзілася там у сваім доме. Цяпер яна ў адноснай бяспецы, хаця замест прывычных прыладаў у яе — пазычаны ў сяброўкі лаптоп, фарбы і сканэр у копі-цэнтры, які працуе няпоўны дзень. Але Ave працягвае маляваць.

ЯК ДАПАМАГАЦЬ УКРАІНЕ?

​​ГРОШЫ

Вось што ніколі не лішняе, калі ў краіне вайна. Пры гэтым любая сума мае сэнс, і тут не бывае нязначнай дапамогі: вялікае складаецца з малога. Вось спіс фондаў, рэсурсаў ды ідэяў, куды можна накіраваць фінансавую дапамогу.

УКРАІНСКІЯ ФОНДЫ

Праз дзеянні людзей, якія акупавалі ўладу ў Беларусі і дазволілі Расеі страляць з нашай тэрыторыі, украінскія банкі не праводзяць ніякіх аперацыяў з беларускімі рублямі, беларускімі фізічнымі асобамі і не дазваляюць ніякія пляцяжы з нашых картак. Таму ўкраінскія фонды для нас часткова недасяжныя – хіба што мы знаходзімся за мяжой, маем рахунак у замежным банку або дамовіліся са знаёмымі, якія заданацяць на ўкраінскі рахунак за нас.

 

«ПОВЕРНИСЬ ЖИВИМ»

  • асноўная платформа для падтрымкі ўкраінскай арміі.

 

«HELP UKRAINE WIN»

  • Англамоўная старонка, на якой сабраныя асноўныя фонды і ініцыятывы па падтрымцы Украіны – тут можна знайсці і спосабы падтрымаць войска, і спрычыніцца да гуманітарнай дапамогі, і стаць валанцёрам.

 

НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК УКРАІНЫ

  • адмыслова створаны рахунак, куды можна пералічыць грошы на патрэбы арміі.

 

ВАЛАНЦЁРСКІ ШТАБ ТЭЛЕВЯДОЎЦЫ СЯРГЕЯ ПРЫТУЛЫ

  • збірае грошы на зброю, медыкаменты і прадметы першай неабходнасці для абаронцаў Кіева.

 

МЕДЫЧНЫ БАТАЛЬЁН ГОСПІТАЛЬЕРЫ

  • які працуюе на перадавой — ініцыятыва вядомай лекаркі-добраахвотніцы Яны Зінькевіч. Тут камплектуюць людзей амуніцыяй і медыкаментамі, адпраўляюць медычныя экіпажы ратаваць людзей.

 

«ГАЛАСЫ ДЗЯЦЕЙ» І «КОЖНЫ МОЖА»

  • дапамагаюць дзецям, якія перажылі псіхалагічную траўму з-за вайны, і дзецям з інваліднасцю з сем’яў, якія пацярпелі ад вайны.

 

UNITED HELP UKRAINE

  • перадае медыкаменты на лінію фронту.

 

«УСХОД-SOS»

  • дапамагае пацярпелым на ўсходзе Украіны.

 

«ДАНБАС-SOS»

  • актывісты Данбаса, якія займаюцца каардынацыяй дапамогі грамадзянам на ўсходзе Украіны.

#BYSOL

Самая буйная беларуская ініцыятыва па зборы сродкаў на патрэбы Украіны. Сабраныя сродкі перададуць ініцыятывам, якія займаюцца дапамогай украінскім медыкам і грамадзянскаму насельніцтву ў зоне канфлікту. Данаціць і браць актыўны ўдзел тут можна адрасна па праграмах:

ІНШАЯ ФІНАНСАВАЯ ДАПАМОГА

SIEPOMAGA

  • дабрачынны фонд, які вядзе найбуйнейшы ў Польшчы збор сродкаў на дапамогу ахвярам вайны ва Украіне. Фонд арганізуе гуманітарныя грузы для Украіны ў вялікіх аб’ёмах: вязуць прадукты, медыцынскія матэрыялы для бальніц.

 

POLSKA AKCJA HUMANITARNA

  • збор сродкаў вядзецца на непасрэдную дапамогу людзям, якія ўцяклі са сваіх дамоў, на тэрыторыі Украіны і Польшчы: гэта прадукты, сродкі гігіены, пункты дапамогі бежанцам на мяжы, псіхалагічная дапамога.

 

«САЛІДАРНЫЯ З УКРАІНАЙ»

  • сродкі будуць пералічвацца ўкраінскім арганізацыям, якія займаюцца гуманітарнай дапамогай.

 

CARITAS

  • закупляюць прадукты, сродкі гігіены, коўдры, спальныя мяшкі, палявыя кухні, а частка сродкаў ідзе на псіхалагічную дапамогу.

 

ГУМАНІТАРНЫ ФОНД ДЛЯ УКРАІНЫ

  • аказвае дапамогу арганізацыям, якія працуюць з уцекачамі на ўсходзе Украіны.

 

BOOKING І AIRBNB

Арэнда жытла ва ўкраінскіх гарадах праз Booking.com або Airbnb.com – спосаб выказаць салідарнасць, фінансава падтрымаўшы рандомных украінскіх хостаў, якія, верагодна, надоўга засталіся без сапраўдных гасцей-турыстаў.

ЯК ДАПАМАГАЦЬ УКРАІНЕ?

ДАПАМОГА ЎЦЕКАЧАМ

Ад пачатку вайны Украіну пакінула больш за тры мільёны жыхароў. У першую чаргу ўцекачоў прымаюць Польшча, Вугоршчына, Малдова, Румынія ды Славакія. У блізкай Еўропе ўцекачоў ад вайны часта сустракаюць беларускія ўцекачы ад рэжыму, якія пасля 2020 года вымушаныя былі пакінуць дом, і добра разумеюць, што такое апынуцца за мяжой з адной валізкай.

ЭВАКУАЦЫЯ

FREE BELARUS CENTER

яшчэ нядаўна гэтая арганізацыя надавала поўны спектр дапамогі рэлакантам і ўцекачам з Беларусі ў Кіеў, а сёння рэгулярна ажыццяўляе эвакуацыйныя рэйсы з Кіева да польскай мяжы. Зараз арганізацыя дапамагае не толькі беларусам, а ўсім, каму патрэбна, – кансультуюць у тэлеграме @VolunteerFBC, па тэлефоне +380635233557.

 

ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛ BYSOL

пра эвакуацыю з Украіны: дапамагчы і атрымаць кансультацыю, а таксама адмысловы сайт пра эвакуацыю.

БЕЛАРУСКІЯ ВАЛАНЦЁРСКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ

  • Беларускі хаб – збор гуманітарнай дапамогі, дапамога ў пошуку жытла.
  • Partyzanka – кансультацыі па пытаннях эвакуацыі і легалізацыі ў Польшчы.
  • DAR – гуманітарная, транспартная дапамога, пошук жытла.
  • Канал валанцёраў, дзе можна знайсці і прапанаваць дапамогу.

ЖЫЛЛЁ

  1. Дапамагчы ўцекачам з жыллём у любой краіне і горадзе можна, запоўніўшы гэтую форму.
  2. ICANHELP.HOST – яшчэ адзін зручны рэсурс для прапановы жытла ўцекачам з вайны, створаны беларускімі айцішнікамі.
  3. Мапа беларускай вытворчасці, на якой можна пазначаць прапанову экстранай дапамогі

ЗБОР НЕАБХОДНЫХ РЭЧАЎ

У большасці вялікіх гарадоў у дзяржавах, што мяжуюць з Украінай, ёсць пункты збору неабходных рэчаў для ўкраінскіх уцекачоў. Звычайна інфармацыю пры такіх пунктах валанцёры абнаўляюць штодзень, таму заўжды лепей падпісацца на сацсеткі такіх ініцыятыў. Мы сабралі найбольш вядомыя з іх – у розных гарадах, дзе таксама знаходзіцца нямала беларусаў.

ШТО ЗБІРАЮЦЬ?

СРОДКІ ГІГІЕНЫ

  • Дэзадаранты
  • Зубныя пасты і шчоткі
  • Падпаскі
  • Памперсы
  • Туалетная папера, мыла і інш.

АБАРОНА АД ХОЛАДУ І ДАЖДЖУ

  • Пледы і коўдры
  • Спальнікі
  • Падкладкі пад матрац з непрамакальнай фольгі
  • Матрацы
  • Адзенне (новае або ўжыванае ў вельмі добрым стане)
  • Непрамакальныя плашчы і інш.

ЕЖА

  • Вада
  • Ежа хуткага прыгатавання
  • Макарона
  • Энергетычныя батонікі
  • Арэхі, разынкі і г.д.
  • Кансервы
  • Аднаразовы і шматразовы посуд

ІНШАЕ

  • Запалкі
  • Ліхтарыкі
  • Паўэрбанкі
  • Свечкі
  • Наборы першай дапамогі

ПОЛЬШЧА

  • ВАРШАВА

1. Беларускі моладзевы хаб (Pl. Konstytucji 6)
Тут можна ахвяраваць грошы, прапанаваць жыллё ўцекачам, пакінуць медычныя сродкі – у залежнасці ад патрэбаў і канкрэтнага збору ў пэўны дзень. У фонд ужо паступіла больш за 230 заявак ад гаспадароў жытла з прапановай прыняць уцекачоў. Дадаць сябе ў базу можна тут.

2. Пункты збору гуманітарнай дапамогі. Тут можна знайсці найбліжэйшы пункт – на сёння іх па Варшаве ажно 28.

3. Здаць кроў для ўкраінскіх вайскоўцаў можна тут: Regionalne Centrum Krwiodawstwa i Krwiolecznictwa w Warszawie, Saska, 63/7

4. Група Засобы Варшава – арганізацыя, якая дапамагае з жытлом тым, хто ўжо прыбыў у польскую сталіцу.

 

  • КРАКАЎ

Збор рэчаў для ўцекачоў адбываецца тут: Stadion Miejski im. Henryka Reymana з 12 да 18 гадзін, а па выходных – з 9 да 15.

Здаць кроў можна тут: Regionalne Centrum Krwiodawstwa i Krwiolecznictwa w Krakowie – ul. Rzeźnicza, 11.

 

  • БЕЛАСТОК

Тут можна прапанаваць дапамогу і папрасіць пра яе.

 

  • УРОЦЛАЎ

Суполка беларусаў, якія аб’ядналіся, каб дапамагаць украінцам. Калі вы ў Вроцлаве, можаце далучыцца да сваіх.

 

  • ТРУЙМЯСТА: ГДАНЬСК, ГДЫНЯ, СОПАТ

Калі вы жывяце ў Труймесце, па гэтай форме, створанай суполкай беларусаў, можна прапанаваць сваю дапамогу: жыллё, транспарт, паслугі перакладчыкаў ці дапамагчы фінансава.

 

  • МЯЖА PL-UA

Тут можна далучыцца да валанцёраў, якія дзяжураць на мяжы. Калі вы кіроўца і ў вас ёсць вольная машына, можна валанцёрыць на мяжы, дапамагаючы перавозіць грузы і людзей.

Калі ў вас ёсць транспарт, то можна прыехаць на склад на мяжы з Украінай helpukraine.center, дзе прымаюцца медыкаменты, гуманітарная дапамога, сухія пайкі.

ЛІТВА

  • ВІЛЬНЯ

1. «Актыўным быць файна» ў Літве – ініцыятыва беларусаў і беларусак у Літве, якая збірае патрэбныя медыкаменты і неабходныя рэчы для ўкраінцаў і ўкраінак. Офіс па адрасе Pylimo g. 6 працуе з 11.00 да 20.00 у буднія дні, з 11.00 да 17.00 у выходныя. Збор можна падтрымаць фінансава або прынесці патрэбныя рэчы і вялікія скрынкі. Больш падрабязна просяць звяртацца ў тэлеграм.

2. Збор сродкаў арганізуе і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, дзе можна даведацца пра найбліжэйшыя планы і патрэбы.

3. «Разам» – фонд дапамогі беларусам, які цяпер дапамагае і ўкраінцам. Тут шукаюць валанцёраў для сустрэчы ўцекачоў на пункце Дарагуск-Асада, асабліва вітаюцца валанцёры з уласнымі аўтамабілямі.Таксама патрэбныя ахвотныя для сарціроўкі гуманітарнай дапамогі на мяжы. Валанцёраў просяць пісаць у дырэкт інстаграма, або ў тэлеграм-канал.

ГРУЗІЯ

  • ТБІЛІСІ

У горадзе арганізавана некалькі пунктаў гуманітарнай дапамогі, самы буйны з якіх знаходзіцца каля пасольства Украіны (Чаўчавадзэ, 76).

Іншыя кропкі збору гуманітарнай дапамогі ў Тбілісі:

  1. Паліяшвілі, 60.
  2. Tamar Chovelidze 8; працуе 12:00-21:00.
  3. Офіс Shame, Аляксандра Чаўчавадзэ 8. Штодня, з 11:00 да 15:00. Кантакт: +995 574 700 740.
  4. Бар GRAALI на Grigol Abashidze 4.
  5. Галактыёна Табідзэ, 9
  6. Radio cafe, Атанэлі, 29.

 

  • БАТУМІ

Пункт на Парнаваза Мэпе, 46 (скрыжаванне з Гамсахурдыя) працуе кругласутачна. Арганізавалі яго грузінскія актывісты сумесна з беларускай, украінскай і расейскай дыяспарамі.

Іншыя кропкі збору ў Батумі:

  1. Гамсахурдыя 6, adjika_batumi, 995 595091631.
  2. Парнаваза Мэпе 92/94, Batumi Dance Center, 995 557290297.
  3. Кафэ «Мануфактура» вул. Лермантава, 21, 597165253, 592096464.
  4. Куток кавы Lavazza ў Batumi Mall (першы паверх).

Калі вы не ведаеце, што менавіта купіць / перадаць у пункт прыёму гуманітарнай дапамогі, то можаце ўдакладніць па нумары +995 568 92 92 92.

 

  • КУТАІСІ

Пункт збору дапамогі на Чаўчавадзэ 45, рыбалоўная крама.

НЕМАТЭРЫЯЛЬНАЯ ДАПАМОГА

Шчырая салідарнасць не мае межаў. Нехта ахвяруе грошы і прапануе цёплы ложак, хтосьці – свой прафесіяналізм, талент, час, ідэі. Змагацца са злом можна не толькі на танку, дапамагаць братам-украінцам, а разам з імі і ўсяму чалавецтву – любымі дасяжнымі спосабамі.

  • Тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, Расеі, могуць напісаць пра заўважаныя перамяшчэнні вайсковай тэхнікі з дакладным указаннем месца ў тэлеграм @stop_russian_war_bot
  • Conflict intelligence team – арганізацыя, якая сочыць за перамяшчэннем войскаў і разам з разведкамі з заходніх краінаў паведамляла пра імавернасць уварвання Расеі на тэрыторыю Украіны, шукае валанцёраў для дапамогі ў аналізе, фільтрацыі, катэгарызацыі інфармацыі, якая паступае (фота, відэа, спадарожнікавыя здымкі).
  • Валанцёры літаральна за ноч стварылі сайт для грамадзянаў Беларусі «Застанься дома», дзе патлумачылі, чаму беларускім вайскоўцам нельга выконваць загад і ісці ваяваць супраць Украіны. Вы можаце паказаць гэты сайт знаёмым або інакшым чынам заклікаць суайчыннікаў не ўдзельнічаць у кровапраліцці.
  • «Украінская валанцёрская служба» набірае валанцёраў для дапамогі людзям – ёсць магчымасць дапамагчы аддалена.
  • Фонд медычнай салідарнасці і Белыя халаты абвесцілі набор беларускіх дактароў для адпраўлення на ўкраінскі фронт.

АНТЫВАЕННЫЯ ПРАТЭСТЫ

27 лютага ў Беларусі прайшлі антываенныя акцыі, у выніку чаго былі затрыманыя больш за 1000 пратэстоўцаў. Беларусаў утрымліваюць у ізалятарах у нечалавечых умовах толькі праз тое, што яны наважыліся публічна выказацца супраць дзеянняў людзей, якія захапілі і сілай утрымліваюць уладу ў краіне, уцягваючы Беларусь у бессэнсоўную, кровапралітную вайну з найбліжэйшымі суседзямі. Мітынгі супраць вайны, развязанай Расеяй, прайшлі ў Еўропе і па ўсім свеце, на ўсіх дэманстрацыях было шмат беларусаў і бел-чырвона-белых сцягоў.

Мы ўжо ўсвядомілі, што здарылася страшнае, але мы бясконца далёкія ад стадыі «прыняцце».

Рэдакцыя «Сойкі» не прымае вайну і не пагаджаецца на беспадстаўнае, гідкае, подлае ўварванне ворагаў у дом нашых братоў, для многіх з беларусаў Украіна – гэта таксама дом. Гасцінны, цёплы, мірны. Мы хочам дапамагаць і быць побач, мы закасваем рукавы і стаім плячо ў плячо.Слава Україні!Жыве Беларусь!

ЯК ДАПАМАГАЦЬ УКРАІНЕ?