Гiды

З першым днём лета! Так-так, гэта сёння

З першым днём лета! Так-так, гэта сёння

Засмучаецеся, што мінула ўжо тры тыдні лецейка-лета і хутка зноў зіма? То не варта. Паводле палякаў, французаў і іншых еўрапейцаў на захад ад нашага цэнтру Еўропы, лета яшчэ і не пачыналася. Чаму так, як гэтак сталася і калі ж яно пачнецца — разбіраемся разам з Сойкай.

Што не так з календаром

Чэрвень, ліпень, жнівень — вучым мы ў школе назвы летніх месяцаў на розных мовах. І традыцыйна лічым 1 чэрвеня першым днём лета, віншуем з ім сваіх рэальных і ўдаваных сяброў у інстаграме ды пачынаем адваротны адлік да зімы (прынамсі, самыя песімістычныя з нас). Убачыўшы гэта, народы заходняй Еўропы сутаргава правяраюць свае календары — няўжо яны праспалі, і ўжо блізка канец чэрвеня?

Справа ў тым, што ў краінах на захад ад Беларусі каляндарным летам (а гэтаксама і вясной, восенню, зімой) лічацца не пэўныя месяцы з 1 па 30 ці 31, а сезоны, якія пачынаюцца, адпаведна, 22 чэрвеня, сакавіка, верасня і снежня.

Розныя леты

Але і тут не ўсё так проста, бо ёсць яшчэ астранамічная паравіна году — у нашым выпадку, астранамічнае лета, — і яно залежыць ад становішча Сонца. Дакладная дата надыходу кожнай паравіны году вызначаецца на канкрэтны год. Напрыклад, сёлета астранамічнае лета пачынаецца 20 чэрвеня. Гэта звязана з датай летняга сонцастаяння, якое прыпадае на перыяд з 21 па 22 чэрвеня, а ў высакосныя гады — з 20 па 21 чэрвеня.

На працягу астранамічнага лета дзень даўжэйшы за ноч, але з кожным наступным днём меншае дзень на карысць ночы. Летняе сонцастаянне — гэта момант, калі сонца ўзвышаецца ў зеніце над тропікам Рака. Такім чынам, гэта азначае, што сонечныя прамяні падаюць у гэты дзень пад прамым вуглом да паралелі, якая знаходзіцца найбліжэй да нас.

А звычклае нам лета, якое доўжыцца з 1 чэрвеня да 31 жніўня, называецца метэаралагічным летам — гэта акурат штучны, непрыродны падзел, уведзены метэаролагамі для палягчэння вымярэнняў.

Доўгі дзень, цёплы дзень

Самы доўгі дзень у годзе звязаны з купальскай ноччу, якую ў Польшчы, напрыклад, называюць «славянскім (або польскім) Валянцінам», намякаючы на рамантычны (або эратычны) аспект свята. У чароўную ноч варажылі на нарачонага, разводзілі вогнішчы, купаліся ў азёрах або рэках — далёка не заўжды маючы на сабе хоць нейкую імітацыю адзення. На летняе сонцастаянне забавы доўжыліся да раніцы. І тое, што здарылася на Купалле, магло і застацца ў апошнім эпізодзе мінулага сезону, а на раніцу пачынаўся новы.

Так што традыцыйна, пакуль нашыя продкі яшчэ не маглі купіць у «Белсаюздруку» адрыўныя календары на сцяну, пачатак лета і ў нас быў акурат на купальскую ноч. Карацей, у нас таксама было ўсё, як у людзей, калі вас гэта раптам хвалявала. Ну, і чаму б не зладзіць у гонар гэтага невялічкае свята хоць бы ў сябе на гаўбцы — каб нагадаць сабе, што цэлае лета яшчэ наперадзе.