Гiды

Злавіць лета: беларускія дзіцячыя летнікі за мяжой

Злавіць лета: беларускія дзіцячыя летнікі за мяжой

Малюнак Ксеніі Лагавой

Няхай вакацыі будуць не пра ляноту і гаджэты, а пра прыгоды і адкрыцці. Няма калі глядзець у смартфон, час збіраць заплечнік і вырушаць у лета. Сойка абрала некалькі беларускіх дзіцячых летнікаў у Еўропе, дзе можна абзавесціся новымі ўмельствамі і новымі сябрамі. На тыдзень ці на месяц, з начоўкамі ці без, з вывучэннем замежнай мовы ці па-беларуску.

Дзённыя летнікі ад школы Stembridge у Вільні, Літва

Лакацыя: Maironio g. 11, Vilnius
http://summer.stembridge.lt/

Этна-летнік: 10-14 ліпеня (5 дзён)
Узрост: 6-9 гадоў
Мова: беларуская
Кошт: 200 еўра (3-разовае харчаванне, канцтавары, культурная праграма)

За 5 дзён дзеці даведаюцца, у якія гульні гулялі маленькія беларусы 100-200 гадоў назад, спазнаюць асновы розных старажытных рамёстваў і забяруць на памяць уласнаруч створаныя выцінанкі, відзікі, плеценыя кошыкі, тканыя падстаўкі пад кубачкі і вышываныя арнаменты.

Атрад Дамблдора: 12-16 чэрвеня (7-11 гадоў), 19-23 чэрвеня (7-11 гадоў), 26-30 чэрвеня (11-14 гадоў) – па 5 дзён
Мова: беларуская/руская
Кошт: 250 еўра (3-разовае харчаванне, канцтавары, культурная праграма)

Праграма тыднёвай змены гэтага летніка складаецца з дзвюх частак: творчай і забаўляльнай. Дзяцей чакаюць майстар-класы, пленэры, віктарыны, квізы, экскурсіі, спартовыя гульні і шмат розных актыўнасцяў.

Эвалюцыя: 12-16 чэрвеня (5 дзён)
Узрост: 7-11 гадоў
Мова: беларуская/руская
Кошт: 225 еўра (3-разовае харчаванне, канцтавары, культурная праграма)

Праграма летніка ад актораў Сяргея і Марыны Здаранковых пабудаваная на сюжэтна-ролевых гульнях, акторскіх трэнінгах, гістарычных экскурсах, квэстах ды іншых творчых метадах, якія дапамогуць дзецям акунуцца ў прафесію актора тэатра і кіно.

Навуковы летнік: 12-16 чэрвеня, 19-23 чэрвеня, 26-30 чэрвеня, 3-7 ліпеня, 10-14 ліпеня, 17-21 ліпеня, 24-28 ліпеня, 31 ліпеня-4 жніўня, 7-11 жніўня, 14-18 жніўня – па 5 дзён
Узрост: 7-12 гадоў
Мова: руская
Кошт: 200 еўра (3-разовае харчаванне, канцтавары, культурная праграма)

Тут дзяцей чакаюць эксперыменты, экспедыцыі, майстар-класы па інжынірынгу і стварэнні навуковых цацак, навуковыя шоў, мультфільм-дыскусіі і леанардыка – дысцыпліна, якая спалучае навуку і мастацтва.

Ў нескладанае: 12-16 чэрвеня (5-9 гадоў), 26-30 чэрвеня (10-13 гадоў) – па 5 дзён.
Мова: беларуская
Кошт: 250 еўра (3-разовае харчаванне, канцтавары, культурная праграма).

Беларускамоўная тэатральна-фальклорная студыя «Ў нескладанае» арганізуе летнік, у якім дзяцей чакаюць творчыя заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вандроўкі і экскурсіі, інтэрактыўныя заняткі па беларускай і літоўскай мовах, тэматычныя вечарыны і квэсты.

Sound On: 19-23 чэрвеня (5 дзён)
Узрост: 8-12 гадоў
Мова: руская
Кошт: 250 (3-разовае харчаванне, канцтавары, культурная праграма)

У музычным летніку дзеці навучацца чуць і слухаць свет вакол нас, пазнаёмяцца з музычнымі інструментамі і даведаюцца, як з імі можна працаваць, а таксама падрыхтуюць свае музычныя праекты (кліпы, трэкі, выступы).

Дзённы летнік ад Беларускага дому ў Вільні, Літва

https://t.me/szkolka_vilnia/236

Лакацыя: Vilniaus, 20, Vilnius
Даты: 12 чэрвеня – 7 ліпеня (20 працоўных дзён)
Узрост: 6-11 гадоў
Мова: беларуская
Кошт: 200 еўра (3-разовае харчаванне, канцтавары), а адукацыйна-забаўляльная праграма бясплатна

4-тыднёвая змена дзённага летніка – гэта праект Беларускай школкі, у межах якога дзеці штодзень будуць гуляць у гульні, танчыць беларускія танцы, нешта майстраваць, як гэта рабілі нашы продкі, займацца мовамі (беларускай і ангельскай), хадзіць на экскурсіі і глядзець беларускія мультфільмы.
На першую змену набор закрыўся, але каманда шукае спонсара, каб пакрыць заробкі важатых і зладзіць яшчэ адну змену беларускамоўнага летніка па некамерцыйным кошце.

Дзённыя летнікі ад навуковага клубу Elemento ў Вільні, Літва

 

https://www.elementarus.lt/
Лакацыя: Vrublevskio 6, Vilnius

Zookids (7-12 гадоў): 12-16 чэрвеня, 19-23 чэрвеня, 26-30 чэрвеня, 3-7 ліпеня, 10-14 ліпеня, 17-21 ліпеня, 24-28 ліпеня, 31 ліпеня – 4 жніўня, 7-11 жніўня, 14-18 жніўня
Мова: руская ці беларуская (у залежнасці ад складу дзяцей)
Кошт: 200 еўра (3-разовае харчаванне, адукацыйная праграма, матэрыялы)

Летнік для дзяцей, якія любяць жывёл і зацікаўленыя ў вывучэнні шматлікіх цудаў жывёльнага свету. У дзіцяці будзе магчымасць даследаваць свет заалогіі праз практычныя заняткі з жывёламі, прагулкі на прыродзе і гульні на тэму жывёл.

Навуковы летнік (7-12 гадоў): 12-16 чэрвеня, 19-23 чэрвеня, 26-30 чэрвеня, 3-7 ліпеня, 10-14 ліпеня, 17-21 ліпеня, 24-28 ліпеня, 31 ліпеня – 4 жніўня, 7-11 жніўня, 14-18 жніўня
Мова: руская ці беларуская (у залежнасці ад складу дзяцей)
Кошт: 300 еўра (3-разовае харчаванне, адукацыйная праграма, матэрыялы)

Навуковы летнік будзе трываць усё лета, запрашаючы дзяцей даследаваць свет пры дапамозе эксперыментаў, творчых заданняў і лабараторных работ.

Дзённы спартова-адукацыйны летнік «Балтыйскае лета» ў Сопаце, Польшча

https://www.instagram.com/p/Cr0Fwt4JEsP/
Лакацыя: ul. Bitwy pod Płowcami 67c, Sopot

Даты: 24–28 ліпеня, 30 ліпеня – 3 жніўня
Узрост: 7-9 гадоў, 10-12 гадоў, 13-15 гадоў
Мова: руская
Кошт: 1300 злотых за 5 дзён (абед, перакусы, басейн, спартова-адукацыйная праграма)

Штодзённая праграма Балтыйскага летніка ад Аляксандры Герасімені і Сцяпана Папова ўключае два заняткі ў басейне, адны адукацыйныя заняткі, дзве «сухія» трэніроўкі (праца над сілай, спрытам і каардынацыяй; асновы самаабароны). Летнік пройдзе на базе гарадскога басейна ў Сопаце.

Дзённы польскамоўны летнік ад школы BrainBoost у Варшаве, Польшча

https://brainboostschool.com/summer2023/?fbclid=IwAR14AqoqedmFol2RNPpje8rM4Uf2sQAzVKpKzgPwz8xAN675r5OAZqeKsmM

Лакацыя: Bracka 22, Warszawa
Узрост: з 4,5 гадоў
Даты: 26 чэрвеня – 21 ліпеня
Мова: польская, ангельская
Кошт: 3300 злотых за 4 тыдні з 9:00 да 18:00 па буднях (у кошт уваходзіць адукацыйная праграма, але не ўваходзяць абеды і падвячоркі).

4 тыдні дзённага летніка, дзе з панядзелка па пятніцу дзеці, якія нядаўна жывуць у Польшчы, будуць пераадольваць бар’ер паміж вывучэннем польскай як замежнай і валоданнем польскай як роднай. Апроч 4 гадзінаў польскай, дзеці будуць маляваць, гуляць у гульні, спяваць, займацца з псіхолагам і хадзіць на экскурсіі.

Дзённыя летнікі ад беларускай мантэсоры-школы «Я дома» ў Варшаве, Польшча

https://www.instagram.com/imhome.education/
Лакацыя: ul Królowej Marysieńki, 94, Warszawa

Узрост: 7-10, 10-12 гадоў
Даты: 3-7 ліпеня, 10-14 ліпеня, 17-21 ліпеня, 31 ліпеня – 4 жніўня, 7-11 жніўня, 14-18 жніўня
Мова: беларуская, польская, ангельская
Кошт за тыдзень (ПН-ПТ з 08:30 да 16:30): 800 злотых (харчаванне і адукацыйная праграма)

Беларуская школа замежжа «Я дома» прапануе адукацыйную летнюю праграму для навучэнцаў ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў. Гэта спалучэнне заняткаў згодна з педагогікай Мантэсоры ў памяшканні і на свежым паветры. Падчас заняткаў акцэнт будзе зроблены на праектную дзейнасць на мяжы сутыкнення з практычным жыццём. Навучэнцы атрымаюць базавыя навыкі жыцця ў грамадстве, іх чакае экалагічнае выхаванне, азнаямленне з натуральнымі навукамі і мастацкае развіццё. Дзеці ўвесь дзень будуць мець магчымасць пашырыць свой досвед праз паездкі на прадпрыемствы, музеі Варшавы, планетарый, акварыум, заапарк і ў іншыя цікавыя месцы. Тут распрацаваныя праграмы па музыцы і руху, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і мове, кульмінацыяй якіх стане шоў талентаў напрыканцы летніка.

Дзённы летнік ад Buslik Hub у Тбілісі, Грузія

https://www.instagram.com/buslikhub_tbilisi/

Лакацыя: пр-т Давіда Агмашэнебелі, 119 (м. Марджанішвілі), Тбілісі
Даты: 5-16 чэрвеня, 19-30 чэрвеня, 3-14 ліпеня, 17-28 ліпеня, 31 ліпеня – 11 жніўня, 14-25 жніўня
Узрост: 6-12 гадоў
Мова: руская
Кошт: 500 лары за 10 дзён з 9:00 да 16:00 на працягу 2 тыдняў (2-разовае харчаванне, культурная праграма)

На працягу двухтыднёвай змены гарадскога летніка школьнікаў чакае творчасць, цікавыя экскурсіі па парках, гістарычных мясцінах і музеях Тбілісі, гульні і новыя сяброўствы. Летнік праходзіць у «Буслік-хабе» — беларускай прасторы ў Тбілісі.

Дзённы летнік ад арт-цэнтра «Ступені» ў Батумі, Грузія

https://instagram.com/studiya_stupeni_batumi
Лакацыя: Чаўчавадзэ, 25, Батумі

Узрост: 6-12 гадоў
Мова: руская
Кошт: 600 лары (10 дзён з 10.00 да 18.00 цягам двух тыдняў, у кошт уваходзіць харчаванне, культурная праграма, матэрыялы)

Алімпійская зборная (5–16 чэрвеня)
Кожны дзень ладзіцца першынства па нейкім спартыўным кірунку (бывае, што жартаўлівым). Таксама дзяцей чакаюць гульні і мерапрыемствы накшталт конкурсу рэкламных ролікаў за здаровы лад жыцця і г.д.

Дзяцінства. Сяброўства. Рух (3–14 ліпеня)
У гэтым летніку будзе нададзена шмат увагі самакіраванню і лідарству. Дзеці падзеляцца на гарады-каманды, якія кожны дзень напрыканцы падводзяць вынік па трох напрамках: дзяцінства, сяброўства, рух. Фіналам змены плануецца цікавы флэшмоб на бульвары Батумі.

Чэлендж на 10 (31 ліпеня – 11 жніўня)
Кожны дзень змены дзяцей чакае нейкі чэлендж, напрыклад, «Жыццё ў танцы» — калі звяртаемся адзін да аднога — танчым, «Падзяка» — цягам дня дзякуем тым, хто побач, «Lot of socks» — прыходзім у розных шкарпэтках і г.д.

Green land (14–25 жніўня)
Цягам змены дзеці будуць гадаваць свой агарод на акенцы (мікразеляніну), шмат увагі будзе нададзена экалогіі, запланаваная экскурсія ў цэнтр па перапрацоўцы пластыку, конкурс экамоды, майстар-класы па выкарыстанні другаснай сыравіны і г.д.

Летнік «Лета з традыцыяй», Бельск Падляскі, Польшча

Лакацыя: Sosnowa 56, 17-100 Bielsk Podlaski
Даты: 30 чэрвеня – 9 ліпеня
Узрост: 6-12 гадоў
Мовы: беларуская, польская
Кошт: 250 злотых

Беларускія этнаграфічныя варштаты для дзяцей ужо 21-ы раз ладзіць Музей малой Айчыны ў Студзіводах (раён Бельска Падляскага). Летнік працуе ў дзённым фармаце — з 10.00 да 16.00, у гэты час дзеці працуюць у групах, але маюць час і для забаваў на свежым паветры. Заняткі адбываюцца ў старых музейных хатах, дзяцей вучаць спевам, ткацтву на кроснах, саломапляценні, распісванні ручнікоў, праводзяцца краязнаўчыя заняткі і экскурсіі. Летнік папулярызуе беларускую падляскую традыцыю.

Беларускамоўны навуковы летнік «Злёткі» на моры, Грузія

https://www.instagram.com/aksiarodak_batumi/

Лакацыя: гатэль «Залатое возера», Поці
Даты: 10-20 ліпеня (11 дзён/10 начэй)
Узрост: 6-15 гадоў
Мова: беларуская
Кошт: 1000 лары (пражыванне ў гатэлі, 4-разовае харчаванне, адукацыйная праграма). Зніжка 5% двум дзецям з адной сям’і, удзельнікам, што застаюцца ў Беларусі, пацярпелым ад рэжыму.

Міжнародны беларускамоўны навуковы летнік на моры – гэта супольны праект летніка «Марская казка» і беларускай прасторы «АкСяродак» у Батумі. Дзяцей чакае сапраўдны адпачынак, навуковыя даследаванні, эксперыменты, праекты, а яшчэ экскурсіі на паційскі маяк, у дэндрапарк і парк музыкаў у Шэквіцілі. У форме квэстаў, актыўных гульняў, турніраў дзеці разам з важатымі будуць ставіць навуковыя пытанні і вырашаць іх навуковымі метадамі. Асаблівая ўвага будзе нададзеная развіццю крытычнага мыслення, эксперыментам, практыцы, мадэляванню працэсаў — і ўсё гэта па-беларуску!

Летнік «Марская казка» на моры, Грузія

https://www.instagram.com/morskaja_skazka/

Парад прафесій

Лакацыя: 67 Ekvtime Takaishvili St, Ureki
Даты: 17-26 чэрвеня (10 дзён/9 начэй)
Узрост: 7-14 гадоў
Мова: руская
Кошт: 1100 лары (пражыванне, харчаванне, культурная праграма), зніжкі заўсёдным удзельнікам і дзецям з адной сям’і.

10 дзён на моры, якія дзеці правядуць з карысцю для здароўя і развіцця. Яны даведаюцца пра спецыфіку дзейнасці валанцёра і блогера, доктара і марака, эканаміста і эколага, спартсмэна і актора, мастака і рамесніка. Апроч усяго, дзяцей і падлеткаў чакаюць такія актыўнасці, як тымбілдынгі, піжамныя вечарынкі, спартовыя спаборніцтвы і прэзентацыі бізнэс-праектаў, майстар-класы і квэсты, кірмашы і пеннае шоў, плаванне і, вядома, дыскатэка.

Зробім лета ярчэйшым

Лакацыя: 67 Ekvtime Takaishvili St, Ureki
Даты: 18-27 чэрвеня (10 дзён/9 начэй)
Узрост: 7-14 гадоў
Мова: руская
Кошт: 1100 лары (пражыванне, харчаванне, культурная праграма), зніжкі заўсёдным удзельнікам і дзецям з адной сям’і.

На гэтай змене дзеці пераканаюцца ў тым, што самі могуць прымусіць усё вакол зайграць яркімі фарбамі. Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнаму колеру: чырвоны дзень, сіні дзень, дзень майго ўлюбленага колеру і г.д. Дзеці будуць імкнуцца апранацца і выкарыстоўваць атрыбуты гэтага колеру і ўдзельнічаць у самых «яркіх» мерапрыемствах: трэнінгах на развіццё мяккіх навыкаў (soft skills), камандаўтварэнне і крытычнае мысленне, майстар-класах па акторскім майстэрстве, інтэрактыўных пляцоўках, шоў-праграмах і г.д.

Сезон поспеху

Лакацыя: 67 Ekvtime Takaishvili St, Ureki
Даты: 1-10 верасня (10 дзён/9 начэй)
Узрост: 7-14 гадоў
Мова: руская
Кошт: 1100 лары (пражыванне, харчаванне, культурная праграма), зніжкі заўсёдным удзельнікам і дзецям з адной сям’і.

Пачатак верасня — аксамітны сезон, пара спелай садавіны і самага далікатнага сонца. А ў «Марской казцы» гэта яшчэ і «Сезон поспеху», бо толькі на гэтай змене хлопчыкаў і дзяўчатак чакаюць пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы, якія настройваюць на поспех у новым навучальным годзе. Гэта не толькі шматлікія аздараўленчыя мерапрыемствы, але і нейрагімнастыка, заняткі па ангельскай «Art and craft» і шмат чаго яшчэ.

Летнікі DreamCamp у Іспаніі і на Кіпры

http://dreamcamp.by/

DreamCamp у Валенсіі, Іспанія

Лакацыя: Валенсія, Residencia Universitaria Damia Bonet (студэнцкае мястэчка побач з морам)
Даты: 8-18 жніўня (11 дзён/10 начэй)
Узрост: 10-15 гадоў
Мова: руская
Кошт: 1200 еўра (пражыванне, 3-разовае харчаванне, забаўляльная праграма), трансфер у кошт не ўваходзіць, да месца правядзення летніка дзяцей дастаўляюць бацькі

Арганізатары абяцаюць, што за змену падлеткі навучацца знаёміцца і сябраваць з новымі дзецьмі, працаваць у камандзе і рашаць праблемы без дапамогі дарослых, стануць больш самастойнымі і гатовымі да любых пераменаў у жыцці.

DreamCamp у гарах Траодас, Кіпр

Лакацыя: Peo Rest House – Pelendri (40 км ад Лімасола)
Даты: 23–29 ліпеня, 25–31 жніўня (7 дзён/ 6 начэй)
Узрост: 9-15 гадоў
Мова: руская
Кошт: 530 еўра (пражыванне, 3-разовае харчаванне, забаўляльная праграма), трансфер у кошт не ўваходзіць, да месца правядзення летніка дзяцей дастаўляюць бацькі

Дзеці трапяць у сапраўдную экспедыцыю рабінзонаў па выспе. На востраве закапаныя скарбы, якія наканавана знайсці самай згуртаванай камандзе. Цягам тыдня ўдзельнікі на сваім досведзе даведаюцца, як арыентавацца на мясцовасці, як паставіць намёт, як наладзіць кантакт з незнаёмцамі, як распаліць агонь, як правільна складаць заплечнік, як завязаць вузлы, як чытаць сляды жывёл і многае іншае.

Летнік DreamCamp для падлеткаў у гарах, Кіпр

Лакацыя: Peo Rest House – Pelendri (40 км ад Лімасола)
Даты: 23–29 ліпеня (7 дзён/ 6 начэй)
Узрост: 14-17 гадоў
Мова: руская
Кошт: 550 еўра (пражыванне, 3-разовае харчаванне, забаўляльная праграма), трансфер у кошт не ўваходзіць, да месца правядзення летніка дзяцей дастаўляюць бацькі

У гэтым летніку акцэнт зроблены на прафесійную арыентацыю, пошук матывацыі, пастаноўку мэтаў, развіццё soft skills. Падлеткі паўдзельнічаюць у вечары талентаў, даведаюцца пра некаторыя сучасныя прафесіі і прымераць іх на сябе, пагуляюць у ролевыя гульні. А яшчэ пашпацыруюць па гарах, наплаваюцца ў басейне і знойдуць новых сяброў.