Гiды

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі

Гукаць вясну можна пры дапамозе традыцыйных абрадаў, а можна проста пайсці ёй насустрач. Знайсці першую кветку, пабачыць першы абсыпаны квеценню куст, адчуць першыя веснавыя пахі, пачуць першыя гукі — менавіта лічэбнік «першы» і асацыюецца з вясной. Сойка абляцела ўсю краіну і знайшла месцы, пасля наведвання якіх можна канстатаваць: сёлета мы вясну не прапусцілі.

Галантус

Калі з часоў знаёмства з вядомай савецкай казкай вам не падабаецца слова «падснежнік», раім гаварыць лацінай: Amaryllidaceae Galanthus nivalis L. Гэта не тэкст заклёну, галантус і ёсць той самай кветкай, якую дзяўчынка ў казцы шукала пад Новы год. А «падснежнік» — хутчэй зборная назва для любых першых кветак: пралесак, чубатак, ветраніц, таго ж галантуса.

Галантус — кветка непатрабавальная: ёй звычайна хапае некалькі сонечных дзён, каб заквітнець на сагрэтых праталінах. Пабачылі яе — будзьце ўпэўненыя, што сустрэлі вясну, бо галантус жыццялюбівы: нават калі вернуцца халады са снегам, ён здолее выжыць (мы таксама так хочам). Так што калі няма часу ці жадання гукаць вясну, проста гукайце галантус.

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі Фота poshyk.info

Гамамеліс

Калі за першай веснавой кветкай трэба паганяцца, то месца першага веснавога куста звычайна вядомае — Цэнтральны батанічны сад у Менску. Да яго можам звяртацца па-рознаму: па-лацінску гэта Hamamelis, у народзе ж яго могуць называць «ведзьмін арэх».

Прычым гамамеліс гамамелісу не роўня: першым на ўвесь батанічны сад квітнее куст, які ў дзікай прыродзе расце ва Усходняй Азіі. Пры цёплай зіме ён можа праявіць сябе нават у канцы лютага, але традыцыйны яго пачатак квітнення — сакавік.

А восенню надыходзіць час гамамеліса віргінскага, які родам з Паўночнай Амерыкі, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі

Мора Герадота

Амаль кожную вясну на поўдні Беларусі адбываецца цуд — краіна на нейкі час становіцца марской. Дакладней, вяртае сабе былы статус: яшчэ 2500 гадоў таму Герадот пісаў пра мора, якое ён заўважыў на тэрыторыі сучаснага Палесся. Пазней картографы і даследчыкі таксама знаходзілі ці то мора, ці то вялікае возера, якое ўжо называлі Сармацкім. Кажуць, што і Пінск быў у свой час заснаваны як партовы горад, але гэта ўжо хутчэй пра легенды, у якіх знойдзецца месца і мору Герадота.

У любым выпадку, раім не марнаваць час: сышоў снег, разлілася Прыпяць — і да нас вяртаецца тое самае міфічнае мора ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Вельмі раім кожнаму беларусу, які апынуўся вясной на Палессі, зрабіць дзве рэчы: убачыць на ўласныя вочы мора Герадота і пагуляць па Альманскім балоце на заходзе сонца.

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі Фота holiday.by

Такаванне глушца

Калі вы не прыхільнік рыцарскіх турніраў, але падзяляеце ідэю, што за сэрца дамы трэба змагацца, вам падыдзе такі від экалагічнага турызму як «бёрдвотчынг» (ладна, бёрдвотчыць можна і тым, хто ўвогуле сэрцамі і шляхамі да іх не цікавіцца). Асабліва тычыцца тых, хто любіць шпацыраваць па лесе. А дасведчаныя падарожнікі па Беларусі увогуле лічаць, што наведаць лес вясной і не пабачыць такаванне глушца — гэта як прыехаць у Венецыю і не пакатацца на гандоле. Калі баіцеся, што змарнуеце час, не дачакаўшыся гэтага тэатральнага відовішча, замоўце экскурсійны тур — напрыклад, у Налібоцкай пушчы можна набыць квіткі на «вясеннюю песню глушца».

Назіраць за такаваннем лепш за ўсё з канца сакавіка і да пачатку траўня. Ніякай дадатковай падрыхтоўкі або абсталявання ад удзельнікаў арніталагічнага туру не патрабуецца: дастаткова толькі быць гатовым ацаніць усю моц, якую ўкладвае глушэц у свой сольны нумар.

Квітненне вішні

Вясну быццам бы сустрэлі, але трэба замацаваць уражанні, пагатоў, самыя моцныя веснавыя пахі трэба шукаць з сярэдзіны красавіка. Тут прапануем два выдатныя варыянты, першы з якіх — аўтэнтычны, беларускі. Едзем у Віцебскую вобласць, у Глыбокае. Калі на малочным фронце горад вядзе бадай штодзённыя бойкі з Рагачовам наконт таго, чыё згушчанае малако найсмачнейшае, то званне вішнёвай сталіцы Беларусі ў яго ніхто не адбярэ. Тое, што ўлетку тут праводзіцца фестываль вішні — гэта вынік, а прычына ў тым, што ў Глыбокага сапраўды глыбокія вішнёвыя традыцыі. Мусіць, самы старадаўні менавіта беларускі гатунак з’явіўся ў наваколлях Глыбокага дзякуючы памешчыку-селекцыянеру Баляславу Лапыру. Так што адпраўляемся ў Глыбокае і рыхтуемся дыхаць п’янай вішняй на поўныя грудзі.

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі Фота vitvesti.by

Ханамі

Другі варыянт больш экзатычны — японскі. Але для гэтага не патрэбная ні віза, ні грошы на квіток да Японіі. Трэба толькі наведаць вядомае беларускае турыстычнае месца — парк Нарачанскі. На яго тэрыторыі месціцца сучасны экскурсійны комплекс «Аптэкарскі сад», дзе ёсць алея сакуры гатунку Kiku Shidare. Менавіта тут можна адсвяткаваць ханамі — свята, прысвечанае японскай традыцыі сузірання кветак, і квітненне сакуры — выдатная нагода калі не дакрануцца да японскай культуры, то хаця б пабачыць гэты цуд на ўласныя вочы. Далей культурныя коды японца і беларуса разыходзяцца: на Усходзе квітненне сакуры пачынала сезон пасадкі рысу, у нас прыкладна ў гэты час едуць на лецішча саджаць бульбу.

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі Фота mlyn.by

Дэндрапарк «Лукамор’е»

Дэндрапарк у гарадзенскім маёнтку «Каробчыцы» — гэта месца, дзе аднолькава ўрачыста можна сустракаць вясну і праваджаць восень. Асаблівасць парка ў тым, што ён разбіты на зоны, кожная з якіх квітнее ў пэўны час, таму сюды можна прыязджаць на працягу сезона — і штораз уражанні будуць рознымі. Усяго тут больш за 400 відаў раслін, прычым некаторыя сустракаюцца ў Беларусі даволі рэдка: выпадкова іх не ўбачыш — трэба наведаць Каробчыцы. Калі зробіце гэта зараз, то сумясціце прыемнае з карысным — выдатнымі фоткамі ў інстаграме сапраўды нагадаеце астатнім, што вясна прыйшла.

Знакі вясны: дзе сустракаць новы сезон у Беларусі Фота Лукамор’е