Гiды

Калі па цябе прыйшлі

Калі па цябе прыйшлі

План на выпадак экстрэмальнай сітуацыі дапамагае знізіць трывожнасць і дазволіць хутчэй сабрацца ў крытычны момант. Калі ўсё ўжо здарылася, паспрабуйце супакоіцца, не спяшайцеся, не прамаўляйце лішняга. Што б вам ні казалі, памятайце, што на волі вас чакаюць блізкія.

ПАДРЫХТОЎКА

ПРЫБОРКА КВАТЭРЫ

  • Не захоўвайце нічога з таго, што вы б не хацелі паказаць чужым людзям.
  • Прыбярыце з дому ўсю сімволіку, якую могуць расцаніць як нядобранадзейную. Не хавайце яе ў кватэры, а перанясіце ў іншае бяспечнае месца. Гэта тычыцца не толькі нацыянальных сімвалаў, залішнюю цікавасць могуць выклікаць футбольныя, музычныя ці іншыя атрыбуты, а таксама незалежная прэса, улёткі (лістоўкі), зборнікі песень (асабліва ў вялікай колькасці).
  • Любыя небяспечныя рэчывы і хімікаты лепш прыбраць з памяшкання, якое могуць наведаць сілавікі, а таксама (паляўнічую) зброю, нават калі на яе ёсць дазвол.
  • Праверце, ці не засталося ў хаце фінансавых дакументаў, якія могуць выклікаць пытанні і цікавасць з боку сілавікоў. Грамадзяне Беларусі маюць права заводзіць рахункі ў замежных банках, але пластыкавая картка ці дамова з банкам, які знаходзіцца па-за межамі краіны, могуць справакаваць абвінавачванні ў фінансаванні пратэстаў.
  • Прагледзьце кнігі ў хатняй бібліятэцы. Шмат цудоўных выданняў прызнаныя экстрэмісцкімі: кнігі па гісторыі Беларусі, паліталогіі і нават мастацкія творы могуць зацікавіць сілавікоў. Асаблівая ўвага да твораў Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Арлова.

ВАЖНА: Не спрабуйце схаваць нешта дома, на працы ці на лецішчы, у гаражы ў сябе ці сваіх родных. Туды таксама могуць прыйсці з вобшукам. Лепш перадайце рэчы на захаванне надзейным людзям, аднак не відавочным (то бок не блізкім родным і не найлепшым сябрам).

ЛІЧБАВАЯ БЯСПЕКА

  • Пазбаўцеся ад старой тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. Нават тыя тэлефоны, якія не ўключалі 10 гадоў, забяруць падчас ператрусу, а таксама старыя флэшкі і карты памяці фотаапаратаў. Ці знойдуць там нешта? Лепш не пакідаць такога шанцу.
  • Не захоўвайце пароляў ад пошты, сацыяльных сетак і іншых сайтаў, якія могуць вам нашкодзіць, у браўзэры і ў тэлефоне. Лепей патраціць лішнія секунды на залагіньванне кожны раз, чым палягчаць працу следчаму ці іншым асобам, якія займеюць доступ да вашай тэхнікі.
  • Прыгледзьцеся да фотаздымкаў. Памятаейце, што надзейней трымаць фота з бел-чырвона-белай сімволікай не ў тэлефоне ці на камп’ютары, а ў «воблачным» сховішчы. Памятайце, што пры канфіскацыі вашай тэхнікі могуць пацярпець і іншыя людзі. (Хоць тэрмін даўнасці па адміністрацыйных артыкулах, як удзел у масавым мерапрыемстве, складае 2 месяцы, аднак ёсць прэцэдэнты затрыманняў і пасля заканчэння тэрміну даўнасці).
  • Прыбярыце падпіскі на тэлеграм-каналы і СМІ, прызнаныя экстрэмісцкімі; выйдзіце з чатаў, кваліфікаваных як экстрэмісцкія.
  • Ператрус можа адбыцца і на працоўным месцы, паклапаціцеся, каб там усё было максімальна бяспечна.

ДАКУМЕНТЫ І ДАМОВЫ

  • Падрыхтуйце копіі важных дакументаў (пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб шлюбе, медыцынскае заключэнне аб стане здароўя пры наяўнасці сур’ёзных хвароб або інваліднасці). Пакіньце гэтыя копіі ў кагосьці, каму давяраеце і хто можа мець сувязь з вашым адвакатам. Медыцынскае заключэнне часта далучаецца да матэрыялаў справы і можа паўплываць на змяншэнне тэрміну або прынамсі лішні раз нагадаць суддзям, што яны бяруць на сябе.
  • Калі вам актуальна (напрыклад, вы ведзяце бізнэс, які не можа спыніцца, ці на вас ляжыць матэрыяльная адказнасць за іншых людзей), то заключыце ў натарыуса генеральную даверанасць на асобу, якая можа заняцца вашымі справамі і якую вы добра ведаеце.
  • Загадзя знайдзіце адваката і трымайце ў блізкім доступе ягоны нумар або заключыце з ім дамову.

АДВАКАТ

У сітуацыі прававога дэфолту наяўнасць адваката не гарантуе поспех у судзе. Між тым, абаронца забяспечыць юрыдычную падтрымку ў любы час, дапаможа фіксаваць усе парушэнні і абскарджваць дзеянні сілавікоў і рашэнні суда, нават калі яго падапечны будзе за кратамі. Таксама варта памятаць, што часам адвакат – адзіная магчымасць усталяваць сувязь паміж кліентам і яго сям’ёю. Кожны грамадзянін Беларусі мае права на абарону. На адваката мае права ў тым ліку і сведка. З першых хвілінаў затрымання/ ператрусу/ допыту варта патрабаваць адваката.

1. Заключыць дамову з адвакатам можна бясплатна. Самастойна ці папрасіць зрабіць гэта сваякоў ці блізкіх.

2. Калі ёсць небяспека стаць фігурантам палітычна матываванай справы, лепш арыентавацца на тых абаронцаў, якія ўжо працавалі ў падобных сітуацыях.

3. Можна мець дамову з некалькімі адвакатамі.

4. Пазнаёмцеся з меркаваным абаронцам, даведайцеся пра ягоны досвед загадзя.

5. Калі дамовы з адвакатам няма, не варта адмаўляцца ад абаронцы, якога прадстаўляе дзяржава. Такія паслугі платныя, давяраць на сто адсоткаў такому адмыслоўцу таксама не варта, але ў любым выпадку ён зможа звязацца са сваякамі, пракансультаваць і дапамагчы на месцы.

6. Адваката часцей знаходзяць праз «сарочына радыё» (улічваючы колькасць людзей, якія былі затрыманыя за апошні год, досведу супрацы з адвакатамі назбіралася шмат). Калі ж так склалася, што вы першы сярод свайго кола зносін, каму спатрэбіўся адвакат, то лепей звярнуцца па параду да Праваабарончага цэнтра «Вясна». Калі ж вы дзеяч культуры, спартовец або журналіст, то можна звяртацца ў адпаведныя Фонды салідарнасці або, адпаведна, у Беларускую асацыяцыю журналістаў.

СЯМ’Я, СЯБРЫ, КАЛЕГІ

1. Дамоўцеся з блізкімі людзьмі, якім чынам вы паведаміце ім пра вобшук. Гэта можа быць сігнал SOS праз мабільную прыладу ці смарт-гадзіннік. У большасці смартфонаў сігнал SOS можна ўсталяваць праз Наладкі – Бяспека (або Дадатковыя функцыі) – SOS. Далей наладзіць кантакты таго, хто атрымае гэтае паведамленне разам з вашай геалакацыяй.

2. Загадзя вырашыце, што і як будзеце тлумачыць дзецям, калі яны могуць стаць сведкамі ператрусу.

3. Папярэдзьце пра імавернасць вашага затрымання бацькоў ці іншых сямейнікаў, каб у такім выпадку гэта не стала для іх раптоўным ударам.

4. Пакіньце пісьмовыя інструкцыі для блізкіх на выпадак вашага затрымання: хто можа прыгледзець за дзецьмі або бацькамі ці іншымі сямейнікамі, якім неабходны догляд; якія лекі вам патрэбныя і які лекар іх выпісвае (калі гэта магчыма, загадзя паклапаціцеся пра рэцэпты); якія плацяжы і ў якія тэрміны павінны быць пагашаныя (калі на вас аформлены крэдыт, паведаміце паручыцелю пра вашу сітуацыю).

5. Падумайце загадзя, што вы будзеце рабіць з хатнімі гадаванцамі падчас прыходу сілавікоў. Куды змесціце, як супакоіце. Памятайце, што на агрэсію з боку жывёлы сілавікі могуць адказаць вельмі жорстка. Дамоўцеся з людзьмі, якія могуць прыглядаць за вашымі хатнімі гадаванцамі падчас вашай адсутнасці.

6. Збярыце «трывожную валізку» (можна два экзэмпляры: адзін трымайце дома, а другі пакіньце ў тых, хто зможа прыносіць вам перадачы). Змясціце там камплект бялізны і камплект зручнай вопраткі і абутку без маланак і матузкоў, шкарпэткі, лекі, якія пастаянна прымаеце (пажадана разам з медыцынскай даведкай), мінімальны набор прадметаў гігіены.

7. Даведайцеся, што можна перадаваць зняволеным, пакіньце такі спіс блізкім. (Спісы ў СІЗА і ў ІЧУ адрозніваюцца і час ад часу змяняюцца, але асноўная інфармацыя прыведзена тут).

ВАЖНА: Абавязкова зрабіце копію ключоў (а лепш дзве) і пакіньце ў кагосьці з блізкіх, нават калі вам, здавалася б, нічога не пагражае. Добра, калі не спатрэбіцца.

8. Пазнаёмцеся з суседзямі і паспрабуйце завязаць прыязныя адносіны. Гэтыя людзі могуць быць вашымі панятымі. Ці вы іхнымі.

9. Паспрабуйце дамовіцца аб падтрымцы на працы (высветліце, хто можа замяніць вас на праекце ці каму можна дэлегаваць частку сваіх абавязкаў; перадайце надзейнаму калегу паролі ад працоўных праектаў).

КАЛІ СІЛАВІКІ ЎЖО НА ПАРОЗЕ

ПЕРАД ТЫМ ЯК АДЧЫНІЦЬ ДЗВЕРЫ

  • Перад тым як адчыніць дзверы незнаёмым, даведайцеся, хто гэта і па якой справе. Сілавікі могуць узламаць дзверы, калі вы адмовіцеся іх адчыняць. Але ў вас ёсць некалькі хвілін, каб папярэдзіць некага пра тое, што адбываецца, і выклікаць адваката.
  • Адваката можна выклікаць нават калі ў вас не заключаная дамова (яе можна заключыць на месцы). Калі дамова не заключаная загадзя, майце ў блізкім доступе тэлефон адваката і перадайце яго камусьці з вашых блізкіх, хто мог бы заключыць дамову.
  • Вобшук могуць правесці і без вас, у прысутнасці паўналетняга жыхара кватэры ці супрацоўніка ЖЭСу ці выканкаму.
  • Калі вам цяжка трымаць сябе ў руках у надзвычайных сітуацыях, майце ў доме дазволены супакаяльны сродак, які вам дапамагае і хутка дзейнічае: настойку пустырніку, нова-пасіт ці падобнае.

ЯК ПАЧЫНАЕЦЦА ВОБШУК?

  • Звычайна вам мусяць паведаміць, у межах якой справы адбываецца вобшук і які працэсуальны статус вам нададзены (сведка, падазраваны, абвінавачаны).
  • Следчы ці дазнаўца павінен запытаць, ці ёсць у памяшканні наркотыкі ці незарэгістраваная зброя, і зафіксаваць ваш адмоўны адказ у пратаколе. Відэа- і фотаздымкі павінны праводзіцца толькі з дазволу, таксама пазначаным у пратаколе. Аднак у рэальнасці не заўсёды даводзіцца на гэта разлічваць.

ХТО МОЖА ЗНАХОДЗІЦЦА Ў КВАТЭРЫ Ў ГЭТЫ ЧАС?

  • Пры вобшуку павінны прысутнічаць панятыя.
  • Па законе пакоі павінны аглядацца па чарзе ў прысутнасці панятых. Калі сілавікі адмаўляюцца гэта рабіць, патрабуйце занесці свае заўвагі ў пратакол. Доказы, здабытыя не па законе, не могуць быць далучаныя да справы. Але ж мы памятаем, што “часам бывае не да законаў” (с). Таму: гл. пункт «Прыбока кватэры».
  • Следчы можа дазволіць ці забараніць вашым сваякам выходзіць з памяшкання падчас вобшуку.

ЯК ПАВОДЗІЦЬ СЯБЕ ПАДЧАС ВОБШУКУ?

  • Вы можаце прапанаваць самастойна выдаць тое, што цікавіць сілавікоў. Часцей за ўсё гэта тэхніка і нацыянальная сімволіка. На жаль, гэта не гарантыя таго, што ператрус не адбудзецца. У пратаколе вобшуку неабходна адзначыць, што рэчы выдадзены добраахвотна.
  • Ці адказваць на пытанні следчых падчас вобшуку, кожны вырашае сам для сябе. Аднак памятаеце, што вы да гэтага не абавязаныя. Вы можаце паведаміць, што адказваць будзеце толькі ў прысутнасці адваката, і папрасіць занесці гэта ў пратакол.

АСАБІСТЫ ВОБШУК

  • Сілавікі маюць права правесці асабісты вобшук падазронага або абвінавачанага пры затрыманні або падчас змяшчэння пад варту, у выпадку, калі яны могуць западозрыць, што асоба хавае пры сабе прадметы ці дакументы, якія могуць мець значэнне для крымінальнай справы.
  • Абшукваць жанчыну можа толькі жанчына, а мужчыну – толькі мужчына. Спецыялісты і панятыя, якія назіраюць за гэтым, таксама мусяць быць аднаго полу з затрыманым.

КАЛІ НЕШТА ЗАБІРАЮЦЬ

  • Калі падчас вобшуку нешта знайшлі, то сілавікі павінны прадэманстраваць знаходку ўсім прысутным.
  • Канфіскаваныя рэчы і тэхніку павінны ў вашай прысутнасці і прысутнасці панятых скласці ў адмысловыя пакеты. Для кожнага асобніка складаецца тлумачальная запіска (што менавіта канфіскавалі, калі і пры якіх абставінах).
  • З аднаго боку, закон не абавязвае разблакоўваць тэхніку, калі сілавікі будуць патрабаваць гэтага, аднак з другога, супрацоўнікі міліцыі могуць зрабіць гэта самастойна або з прыцягненнем экспертаў. Таму, урэшце, вам вырашаць, ці супрацоўнічаць са следствам.

КАЛІ ВАС ПРОСЯЦЬ ПРАЕХАЦЬ У ПАСТАРУНАК

  • Пакуль не аб’яўлена аб затрыманні, можна вольна карыстацца тэлефонам і збіраць рэчы.
  • Калі вас затрымалі, то ўсё, у тым ліку сувязь з роднымі, толькі з дазволу следчага.

ПРАТАКОЛ

Падчас затрымання ці вобшуку вам давядзецца сутыкнуцца з пратаколам.

  • Ад подпісу пратакола можна адмовіцца, калі ён не адпавядае праўдзе.
  • Любы пратакол трэба ўважліва перачытаць. Выкрэслівайце ўсё тое, з чым вы нязгодныя. Дадайце свае заўвагі і зафіксуйце праўкі ўласным подпісам. Калі пратакол займае некалькі аркушаў, пастаўце подпіс на кожным з іх.
  • Не пакідайце ў пратаколе пустых радкоў, заштрыхуйце іх.
  • Праверце час, ці супадае ён з рэальным. Часам вобшук можа доўжыцца да 12 гадзін.
  • У пратаколе выемкі падрабязна апішыце рэчы, якія ў вас канфіскавалі.
  • Пратакол вобшуку павінны падпісаць усе прысутныя.

Спадзяемся, што гэты гід не будзе дапаўняцца.

Беражыце сябе!

Калі па цябе прыйшлі