Гiды

Дзе набываць беларускія падарункі

Дзе набываць беларускія падарункі

Калядны падарунак усім сябрам і чытачам Сойкі

Адна Сойчына сяброўка на хвасце прынесла, што вы, нашы чытачы, палюбляеце наш гайд па дызайнерах, таму мы выдаем новы вялікі гайд — гэтым разам па мастаках, майстрах і рамесніках, якія расквечваюць наша жыццё прыгажосцю. Тут будуць упрыгожанні і больш глабальныя аксэсуары, посуд, цацкі і дэталі інтэр’еру, якія могуць стаць падарункамі для родных і сяброў (ну і ніхто не забароніць купіць гэта ўсё сабе — Сойка заўсёды заклікала не забываць пра сябе клапаціцца). Некаторыя Сойчыны ўлюбёнцы трапілі адразу ў дзве катэгорыі (ну а што рабіць, калі яны такія клёвыя?). І так, гэты гайд не прэтэндуе на размах бусліных крылаў. Сойка — птушка меншая, таму выбрала тое, што любіць сама і што з задавальненнем падарыла б уласным сябрам. Пры стварэнні гайду выкарыстоўваўся прынцып: па магчымасці, змясціцца ў 50 еўра. Але гэта не заўжды выходзіла.

Аксэсуары

Ярна

Тэкстыльная майстэрня Наталлі Ярмалінскай. Ткацтва, народныя строі, традыцыйная беларуская вышыўка. Гэта вам не крама «Лянок» з касцюмамі для ансамбля «Харошкі» — аўтарка робіць такія тканіны і ўборы, да якіх не просіцца ў камплект какошнік. Для тых, каму народныя строі ці проста вышыванкі — ту мач, ёсць крутыя шалікі або ходнікі ў інтэр’ер. Яны трохі даражэйшыя, але Сойка не змагла іх прапусціць. А яшчэ вось вам льняныя шалікі, а вось паясы. Па Беларусі дастаўка дакладна ёсць, а наконт міжнароднай варта пытаць у аўтаркі.

Hvilina

Беларуская гадзіннікавая мануфактура з дастаўкай па ўсім свеце. Тут, на жаль, у 50 еўра ніяк не ўкласціся, але раптам вам захочацца зрабіць некаму ну вельмі памятны (і прыгожы) падарунак, то Сойка не стане ў вас на шляху. Гадзіннікі там сапраўды на любы густ — ад калекцыі «Выцінанка» да вось такой індустрыйнай Liverpool and Manchester Railway і касмічнай Universum. Паразглядаць прыгажосць можна таксама на сайце брэнду.

KANVA

KANVA — брэнд аксэсуараў з саломкі, які могуць ацаніць нават тыя, хто наеўся гэтай саломкі ў кабінетах беларускай мовы і літаратуры ў школах у 1990-я і 2000-я. KANVA паказвае, што традыцыйныя «павукі» могуць быць стылёвымі завушніцамі. Яшчэ сярод хайлайтаў — больш спакойныя абручы для валасоў і зусім неспакойныя, для тых, хто адчувае сябе зоркай Венерай. А яшчэ брэнд робіць чароўныя шаўковыя хусткі з ручной вышыўкай. У Менску вырабы KANVA можна купіць у краме Мастацкага музею, а ў Польшчы іх можна знайсці ў Mushishop.

Міnsker

Мінскі брэнд скураных аксэсуараў — найперш гаманцы рознага роду і выгляду, кардхолдары, партманэ, касметычкі, рамяні і ўсё іншае, што вы яшчэ можаце прыдумаць са скуры (і тое, што нават не прыдумаеце, — напрыклад, футаралы для флэшак). Сярод прынцыпаў, на якіх пабудаваны брэнд, аўтары называюць арыентаванасць на Менск: «Жаданне развіваць урбаністычны напрамак дзейнасці, які здольны актывізоўваць і прывіваць любоў да свайго роднага горада і гонар за яго. Так, на нашым лагатыпе кумір мінчукоў 1890-х, гарадскі галава, тэхнакрат, прадпрымальнік і проста моднік — граф Караль Чапскі. Мы шукалі прыклад чалавека, які не баяўся праяўляць ініцыятыву і ў выніку перамагаў. Зрабіў горад лепшым і пакінуў пра сябе добрую памяць». Дастаўку абяцаюць па Менску, па Беларусі і за мяжу.

Studio58

Менскі брэнд гарадскіх заплечнікаў, які працуе ўжо 15 гадоў і заўжды на стылі. А яшчэ там робяць паясныя, падвясныя, паднасныя (не факт, Сойку проста занесла, але мо і робіць?) торбы любога колеру і памеру, таксама можна замовіць на свой густ (вы ўвогуле ведалі, што існуюць нагрудныя торбы-«бронекамізэлькі»?). Заплечнікі і ўсё астатняе шыюць таксама і з так званай «папяровай скуры». Па Менску бясплатная дастаўка кур’ерам, а па Беларусі — поштай (таксама бясплатна).

Vokladki

Дэмакратычны брэнд, якому ўжо дзесяць гадоў і які, нягледзячы на назву, сёння спецыялізуецца хутчэй на заплечніках і шоперах. З адметнага: на сайце можна сабраць свой аксэсуар у канструктары або зрабіць свой уласны дызайн. А яшчэ адзін з бестсэлелаў брэнду — скрэтч-мапа Беларусі. Яна, дарэчы, на беларускай мове і выглядае даволі стылёва, пры тым, гэта не простая фізічная ці палітыная мапа, а мапа асноўных беларускіх славутасцяў: вёска Мосар, сядзіба Чапскіх у Станькаве, Блакітныя азёры і далей па спісе.

VOODOO PAPERBAG

Брэнд, які робіць торбы, заплечнікі, клатчы, чахлы для лаптопаў з «папяровай скуры». «Апошнія некалькі гадоў мы адкрываем новыя матэрыялы і натхняемся ідэяй сумяшчальнасці любога стылю жыцця з экалагічнай модай. Вечарынкі, святы, дзелавыя сустрэчы, працоўныя будні, вучоба, камандзіроўкі, спорт, падарожжа, прагулкі, дзеці — у нас ёсць сумкі для любой сітуацыі, ўзросту і ладу жыцця», — гавораць пра сябе стваральнікі на сайце брэнду. Ёсць дастаўка па Менску і Беларусі.

10motifs

Менскі «брэнд з сардэчкам», які акрамя вопраткі з улюбёным сімвалам беларусаў 2020 года, робіць і разнастайныя аксэсуары: шапкі, пальчаткі з рукавіцамі, шкарпэткі, каўнерыкі, торбачкі. Шоўрумы ёсць у Менску (Камсамольская, 16), і ў Вільні (Totoriu, 21). І можна замовіць дастаўку па ўсім свеце.

БОНУС-1: Камароўка

Мы ж ведаем, што шкарпэткі — найлепшы сябар чалавека і найлепшы падарунак, але пасля таго, як спынілі сваю дзейнасць самыя чароўныя ў свеце Sox pistols, Сойка не змагла знайсці годную альтэрнатыву (таму калі вы ведаеце, свісціце). А якія ж святы без шкарпэтак? Таму пакуль наш варыянт — Камароўка і падземны пераход на Якуба Коласа. Выбірайце бабульку на свой густ і купляйце ў яе вязаныя шкарпэткі для халоднай беларускай зімы.

БОНУС-2: Muraška

У працэсе прадрыхтоўкі гэтага матэрыялу стала вядома пра заканчэнне праекту аднаго з найулюбёнейшых брэндаў Сойкі — Muraška. Брэнд праіснаваў пяць гадоў, а пачалося ўсё з краўдфандынгавай кампаніі на выраб першай калекцыі шаўковых хустак з прынтамі з маляваных дываноў Алены Кіш. Пасля з’явіліся і іншыя прынты — кожны як асобны твор мастацтва. Цяпер засталося хіба захапляцца гэтым праектам у інстаграме.

Упрыгожанні

Belaruskicry

Бадай, самае моднае сёння беларускае ўпрыгожанне. Кулон у форме абрысаў Беларусі са слязой з каштоўнага каменьчыка носіць спявачка Palina і блогерка Ветрава, плыўчыха Герасіменя, тэлевядоўцы Пытлева, Раецкая ды Ваданосава. Беларускі па ўсім свеце хваляцца, што атрымалі або замовілі «беларускі край» (гульня словаў: cry для нас гучыць як краіна, па-ангельску — як «плач») у падарунак. Брэнд заснавала беларуска Саша Куркова, у 2020-м яна паўдзельнічала ў пратэстах, а потым была вымушаная з’ехаць у Грузію, дзе хутка навучылася ювелірнай справе, здабыўшы ўсеагульную любоў і захапленне. Прынамсі, такі глянцавы бок гісторыі. Пакуль пра Сашу не паспелі зняць галівудскі баёпік, «Маланка Медыя» паказала дакументальны фільм пра belaruski cry. Кулончык з Беларуссю (са слязой або без), а таксама моназавушніцы ў форме «у нескладовага» ды ўсялякія іншыя ўпрыгожанні брэнду адпраўляюць па ўсім свеце.

Kanva

Нашыя продкі падвешвалі саламяных павукоў замест сённяшніх ялінак. Мы ж можам пайсці яшчэ далей — павесіць малыя версіі гэтых далікатных вырабаў сабе на вушы. На галаву — абруч або залатая саламяная карона. У такой можна выходзіць замуж, а калі вагаецеся наконт убору для маладога, тут стваральнікі брэнду пахуліганілі напоўніцу, узнавіўшы элементы этнаграфічнага беларускага касцюму на мужчынскіх мадэлях. Апроч саламянай біжутэрыі брэнд славіцца сваімі расшытымі цішоткамі ды хусцінкамі. Набыць цікавосткі можна ў цэнтры Менску ці Варшавы, у іншыя месцы — працуе пошта, і ляцяць па ўсім свеце саламяныя пасылкі.

Karpilova

Біжутэрыя на памежжы з кантэмпарары артам. Вялізныя пукі сінтэтычнай травы і кветак у вушы, рваныя пластыкавыя сэрцы — у раён сэрца, абстракцыі з пярлінамі ў нацыянальных колерах. Дызайнерка Алена Карпілава раней выязджала ў Парыж, каб злавіць натхненне, а цяпер жыве ў Лісабоне. Па адукацыі Алена — мастачка і мастацтвазнаўца, яна арганізавала Minsk Design Week і далучылася да стварэння Школы архітэктурнага мыслення. Таму творы Карпілавай шматсэнсоўныя, у іх ёсць змест і падтэкст. Калі ж вам не па душы масіўныя ўпрыгожанні з выклікам, у інстаграме знойдзеце і лаканічныя, мінімалістычныя вырабы дызайнеркі. У траўні, калі ўжо пачалася вайна, Карпілава напісала вялікі артыкул, каб распавесці пра сваіх калегаў з Украіны, якія працягваюць ствараць хараство, калі навокал — жудасць. Сярэдняя цана даступных зараз вырабаў — каля 80 рублёў, але можна знайсці і таннейшыя рэчы.

Mashamaroz.studio

Яшчэ адная пярліна пластыкавай біжутэрыі — вытворчасць упрыгожанняў мастачкі і этнографкі, даследчыцы народнай культуры і сінтэтычных матэрыялаў Машы Мароз. Паглядзець, чым Мароз займаецца у свеце высокага і недасяжнага, можна ў гэтым інстаграме, тут здабыткі з экспедыцыяў, старыя фотаздымкі, стужкі і ручнікі. А ў «студыйным», крамным, акаўнце — тыя самыя пластыкавыя варыяцыі на тэму народнага ўпрыгожання, ёсць адмысловыя вісюлі на яліну для фанатаў стылёвых Калядаў. Калі хто смелы, каб ісці замуж у гэтыя няпростыя часы, і рабіць гэта незвычайна — Маша Мароз мае досвед у стварэнні вясельных вянкоў. Творы рассылаюцца па ўсім свеце.

mila ignatik

Цяжкія на вока і бязважкія на целе ўпрыгожанні з японскай самазастывальнай гліны. Ёсць далікатныя і трапяткія кветкавыя мадэлі (як гэтыя завушніцы-жабіны вочкі), трапляюцца і масіўныя вянкі з рэалістычнай квеценню. Пагартаўшы прафесійныя фотаздымкі, знойдзеце таксама вясельныя прапановы для ўпрыгожвання валасоў. Каштуюць вырабы ад 40 рублёў, замовы афармляюцца наўпрост праз асабістыя ў інстаграме, ёсць рассылка па ўсім свеце.

Okpodolins

Сапраўдны магічны свет распісаных рукамі драўляных брошак у форме птушак і рыбак, завушніцаў з вачамі і россыпу вінтажных калье ды чокераў. Да гэтых Калядаў брэнд вырашыў вырабіць і елачныя цацкі, хаця атмасфера Раства, Новага году і святочнага трымцення тут і так жыве ў кожным вырабе. Цэны пачынаюцца нават з 15 рублёў, ёсць дастаўка па Беларусі і свеце, ужывую паглядзець на вырабы можна ў ГЦ Маскоўска-Венскі, офіс 401, там жа можна пакруціць кола фартуны і атрымаць што-небудзь у падарунак, калі яна не павернецца да вас спінай.

Palujan

Знакавае для беларускай культуры прозвішча, вядомае з літаратуры і дакументалістыкі, ззяе яшчэ й у свеце хараства. Як адзначаецца адразу з уваходу ў інстаграм брэнду, тут нас чакаюць упрыгожанні з сэнсам. Palujan прапануе шмат разнастайных завушніцаў, падвесак ды пярсцёнкаў з натуральных камянёў, якія пасля апрацоўкі набываюць фактуру нейкіх быццам іншапланетных мінералаў. Здаецца, гэты пярсцёнак вырабілі проста са скалы на Венеры. Тут можна паглядзець на рух надзвычайных тонкіх медузаў. Мастачка Дар’я Палуян лічыць свае працы арт-аб’ектамі, а не проста біжутэрыяй. Пачынаць даследваць свет Palujan можна з больш сціплых формаў, а потым асмялець і да гэтых завушніцаў. Ёсць дастаўка па ўсім свеце.

Private Stone

Чокеры, калье і падвескі з крышталём, перламутрам і цырконамі. Бранзалеткі і зіхоткія пярсцёнкі на фалангу пальца. Якасную біжутэрыю з гіпаалергенных сплаваў стварае салігорская мастачка і аматарка камянёў Вольга Лыско. Private Stone можна сустрэць на фэшн-маркетах або замовіць упрыгожанне ў дырэкт інстаграма. Цэны спакойныя — ад 20 рублёў за завушніцы-цвічкі і вышэй.

Solarbird Jewelry

Тонкія нітачкі-ланцужкі, чокеры-павуцінкі, дробныя зіхоткія каменьчыкі. Упрыгожанні гэтага брэнда дакладна не для аматарак буйных камянёў ды масіўных, заўважных з іншага канца актавай залы брошак. Мадэлі ствараюцца так, каб іх можна было спалучаць паміж сабой, плетучы непаўторныя бязважкія ўзоры на ўласнай шыі і зоне дэкальтэ. Як сведчыць сама назва, тут шмат салярных знакаў, а яшчэ ў брэнда ёсць шмат далікатных завушніцаў (Сойка рызыкуе дапусціць, што гэта дастаткова ўніверсальны падарунак для кожнай, хто мае дзіркі ў вушах). У сакавіку 2022-га аўтарка ўпрыгожанняў Ксенія паведаміла падпісантам, што пераязджае ў іншую краіну, і цяпер вядома, што брэнд базуецца ў Грузіі. Кошт адной падвескі — каля 30 долараў. Рассылка па ўсім свеце.

Бонус-трэк

Феміністычныя швэдры з чэлесамі. Сойка ў курсе, што гэта не ўпрыгожанне і не самы адназначны падарунак на Раство. Але мы не можам праляцець міма, не паінфармаваўшы нашых чытачак (і чытачоў).

Посуд

Спеў Зямлі

Тут і блізка няма намёку на фабрычную гладкасць і прычасанасць, але аўтарка відавочна і не рабіла гэта сваёй задачай. Няроўныя краі, сляды, быццам ад ран, цёмныя колеры, — гэта быццам водгук на вось гэта вось усё, што вакол. Мастачка цяпер базуецца ў Варшаве і мае там сваю студыю, дзе можна запісацца на майстар-клас. Ёсць міжнародная дастаўка.

Таня Рудзеня

Керамістка гуляецца з колерамі і фактурамі і не займаецца салодкім і «міленькім». Працы Тані Рудзені выглядаюць натхнёнымі прыродай, і таму простыя і шляхетныя. Сярод хайлайтаў — куфэрачкі з птушкамі (Сойка ўхваляе). Паглядзець ужывую на вырабы мастачкі можна ў яе майстэрні ў Менску на Машэрава 17/1, 701. Дастаўка па Беларусі і ўсім свеце.

Травы-Мары

«Прыродная кераміка» ад Кацярыны Жызнеўскай. Водціскі лісткоў, кветак і ўсяго такога плюс прыродныя колеры. З дапамогай Кацярыны можна стварыць падарунак уласнымі рукамі, запісаўшыся на майстар-клас па кераміцы. Калі няўпэўненыя ў сваім выбары (або ў сабе як у керамісту) — можна набыць падарункавы сертыфікат. Шоўрум у Менску на Скарыны, 3; ёсць міжнародная дастаўка.

Ceramic May

Стыльны мінімалістычны посуд з адсылкай да поп-арту і скандынаўскага дызайну 70-80-х. Сойка захапляецца вось такім наборам посуду, зробленым для адной з амстэрдамскіх кавярняў. Адзін з самых пазнавальных і запамінальных вырабаў брэнду — куфэрак-касмічны карабель. Шоўрум — у Менску на Кастрычніцкай, 16, падрабязней пра час працы і магчымасці дастаўкі пытайцеся ў інстаграме.

eto ceramics

Жыццярадасныя кубкі, іншы посуд і прадметы дэкору: з нібыта-дзіцячымі малюнкамі, прыемнымі лёгкімі, нібы акварэльнымі, плямамі або пырскамі а-ля Кандзінскі. Самыя пазнавальныя працы дызайнеркі — кубкі з насамі ў розных варыянтах, а яшчэ сподкі-далоні, якія сама аўтарка называе сваім керамічным бестсэлерам. Купіць можна ў Горадні, а наконт дастаўкі трэба пытаць у інстаграме брэнду.

naranovich ceramics

Густоўны посуд у спакойных прыродных колерах, які аўтары Сяргей і Валерыя Нарановіч вырабляюць ужо больш за дзесяць гадоў. З нядаўняга часу студыя базуецца ў Варшаве (майстэрня каля метро Marymont, там можна паглядзець ужывую, час візіту трэба ўдакладняць у дырэкце).

PIU CERAMICS

Яшчэ адзін стылёвы мінімалістычны брэнд посуду і дэкору для дома. Адзін з самых запамінальных вырабаў — вось такія кубкі для атрымання асалодны ад ранішняй кавы любой беларускай раніцай (Сойка выбачаецца за чорны гумар, ну але такое жыццё). А яшчэ ёсць абсалютна чароўныя вазы і свечнікі. Дастаўка па ўсім свеце.

PUMPKIN

Гарадзенскі брэнд, які акрамя посуду, робіць таксама дэталі для інтэр’еру і ўпрыгожанні для ялінкі. Філіжанкі, талеркі, піялы, салатнікі, наборы для сушы і ўсякае іншае. Ёсць і навагоднія кубкі, Сойка ўпадабала вось такі з залатой каёмкай — кажуць, золата сапраўднае. Дастаўка па Горадні, Беларусі і свеце.

TROMZA ceramics

«Чорная кераміка, дроўны абпал», — сказана ў профілі інстаграма брэнду. Напэўна, гэта нешта ды значыць, відаць, дроўны абпал сустрэнеш ні на кожным кроку. Так ці інакш, посуд сапраўды запамінальны (Сойка напісала, а пасля выкрасліла: «і чорны, як наша жыццё»). Сойка асабліва палюбляе кубкі і вазы «з умяцінамі». Абяцаюць міжнародную дастаўку.

Zna4ok Ceramics

Аўтарская кераміка Ірыны Козікавай, сястры Максіма Знака. Для аматараў антрапаморфных жывёл ёсць талеркі з зайчыкамі-лісічкамі, а для тых, хто больш па флоры, чым па фаўне, — рознафарматныя талеркі з лісткамі. А калі за акном цёмна і нявесела — на дапамогу прыйдуць талеркі-аблокі з сонцам-яечняй. Хіба самыя вядомыя вырабы Ірыны — гэта кубкі з напісанымі на іх цытатамі з лістоў брата. Наконт магчымасцяў дастаўкі варта спытаць у самой аўтаркі.

Цацкі

Malni Toys

Мяккія елачныя цацкі ручной работы. Да болю міленькія, ад савецкіх мульцяшак Гены ды Чабурашкі да адзінарожцаў з каляровымі фрызурамі. Можна набываць па адной, а можна адразу — цэлы набор дзеля стылёвага тэматычнага аздаблення. Прымаюцца таксама карпаратыўныя замовы.

OLYA MISHANOVA

Мілыя, забаўна-няўклюдныя аўтарскія цацкі з пап’е-машэ. Мастачка Оля Мішанава стварае не проста пацешных персанажаў, якія вось гэтак пранізліва глядзяць проста ў вочы, яна яшчэ й піша гісторыі пра кожную сваю цацку ў інстаграме. Да навагодніх справаў у мастачкі ёсць елачныя цацкі, якія насамрэч могуць упрыгожваць прастору круглы год. Пра цэны і дастаўку запытвайце ў дырэкт.

REDBARBATUM

Дык вось яны якія — невялічкія сябры дробнай маторыкі. Драўляныя цацкі для самых малых, каб пазнаваць свет праз гульню. Натуральныя колеры, прыродныя кшталты і рэальная вага — тое, за што бацькі любяць цацкі з дрэва і выбіраюць такія замест лёгкіх ды яскрава-дыскатэчных пластыкавых. Калі вы не вельмі дасведчаныя ў дзіцячых справах, а трэба ісці на дзень народзінаў тодлера, проста паверце Сойцы на слова: гэта таго варта. Да таго ж, у краме Redbaratum набор вы можаце скласці самі, паводле ўласнага густу. А для старэйшых дашкольнікаў тут ёсць кубікі з лічбамі ды алфавітам. Ёсць міжнародная рассылка.

 

Бонус-трэк: цацкі для хатняга гадаванца

ЦУЦЫК робіць трывалыя і моцныя цацкі для сабачых зубоў і кіпцюроў, дасылае іх па пошце.

Дэкор для дому (і для ялінкі)

Полымя

Брэнд веган-фрэндлі свечак з какосавага воску. Імбірны пернік, каляднае дрэва, апельсінавы кекс, карамельны папкорн — нанюхаўшыся такога, магчыма, нават захочацца жыць. На этыкетцы вас чакае цёплае пажаданне, а дата стварэння свечкі падпісана ад рукі. «Кожная свечка ўнікальная і створаная з душой і любоўю», — гарантуюць аўтары. Дастаўка па Беларусі.

Смуга

Адурэнная прыгажосць для інтэр’ераў ад Машы Лапіцкай. «Кераміка з таямнічай беларускай душой», — гаворыць сама аўтарка. Гэта шыкоўныя свяцільні: воблака, паласаты купал, які нагадвае шацёр сумнага цырку, нехта з носам і свінка — залатая шарсцінка. А яшчэ — абсалютна неверагодная кафля, кручкі-рогі і іншы керамічны дэкор на сцены. Пра цэны і дастаўку пытайцеся ў дырэкце.

Хутка смачна

«Рэчы без нагляду і падазроныя прадметы», — загадкава паведамляюць аўтары ў профілі інстаграма брэнду з культавай для кожнага менчука назвай. Сярод апошніх хайлайтаў — цягнікі метро і начнікі-свяцільні для тых, хто сумуе па Асмалоўцы. Можна купіць у Варшаве (або з дастаўкай па ўсёй Рэчы Паспалітай і па ўсім свеце, як паведамляецца ў інстаграме брэнду).

alma_mia_minsk. Ceramics

Мастацкая кераміка для інтэр’еру ад Антона Міхалёва. Сойка прыязна махае крылом вось такім совам, а яшчэ кітам, арцішокам і асьміногам. Але напраўду Сойчына сардэчка забрала і не аддае вось такая ваза-сэрца (оў, якая нечаканая гульня слоў і сэнсаў). У тых, хто ў Менску, ёсць цудоўная магчымасць сустракаць працы аўтара на кірмашах накшталт «Чароўнага млыну», астатнім давядзецца пісаць аўтару ў інстаграм і там пытаць пра магчымасці дастаўкі.

APILKI

Майстэрная, якая займаецца вырабамі з дрэва. Гэта і куфэркі, і скрынкі, і падносы, і дошкі для кухні і сервіроўкі, і міні-цяпліцы, і вось такая крутая мапа Менску. Усё максімальна проста і страшна стылёва. Пра цэны і дастаўку варта пытацца ў дырэкце інстаграма.

Makrame

Сойка памятае, як у 1990-я амаль у кожнага быў нейкі далёкі ці блізкі сваяк, які займаўся макрамэ і дарыў кашпо на кожнае свята. Пасля гэтага многіх адвярнула ад такога хэндмэйду на доўгія гады. Але цяпер многія ўжо перажылі гэтую траўму (або ніколі яе не мелі), то можна і наноў пагуляцца. Брэнд з празрыстай назвай Makrame прапануе кашпо, люстэркі, цацкі для ялінкі і іншы дэкор (а яшчэ торбы і заплечнікі). Ну, і можна замовіць шмат усяго ўсялякага. Пра дастаўку пытайцеся ў дырэкце.

mashamasha.store

«Карціны і дызайнерскія штукі», — сказана ў інстаграме брэнду. «Штукамі» могуць быць, напрыклад, падстаўкі пад іншыя штукі, усялякія розныя пано, пра якія сама аўтарка кажа: «Ужо не брошка, але яшчэ не карціна» (але часам даволі-такі карціна). Дарэчы, дызайнерка робіць яшчэ завушніцы, значкі і брошкі, але гэта ўжо іншая гісторыя. Мэйд ін Мінск, дастаўка па свеце.

OKPODOLINS

Елачныя цацкі (а таксама брошкі, завушніцы і іншыя ўпрыгожанні) з дрэва, распісаныя ўручную, — гэта тонкая праца мастакоў з сямейнага брэнду OKPODOLINS. Кожная такая елачная цацка — асобны твор мастацтва: няхай гэта райская птушка, залатая рыбка, якая споўніць хаця б адно на ўсіх жаданне, або вось такія непапсовыя анёлы, якія калі-небудзь упішуцца за ўсіх нас, і стане добра. Паглядзець прыгожае і купіць можна ў Менску ў ГЦ «Маскоўска-Венскі» або замовіць дастаўку па ўсім свеце.

wndrwood

Адзін з нешматлікіх брэндаў, які спецыялізуецца на люстэрках, але ў цэлым займаецца «стылёвымі і функцыянальнымі вырабамі з натуральнага дрэва». Гэтая сямейная рамесніцкая майстэрня робіць як настольныя, так і падвясныя люстры, як мінімалістычныя, так і тыя, што могуць стаць самай яркай дэталлю інтэр’ера. Дастаўка па ўсім свеце.

Зразумела, гэта далёка не поўны набор рэчаў, якія можна набыць у якасці падарунку сябрам (ці сабе) у таленавітых беларускіх людзей з іх бясконцай фантазіяй і цярплівасцю. Пагартаўшы наш каталог, ніхто не ўсумніцца ў тым, што беларусы — працавітыя ды мірныя. А яшчэ — свабодныя, стылёвыя, іранічныя, натхнёныя, вясёлыя, кемлівыя і яшчэ шмат-шмат якія. Жадаем, каб у новым годзе было больш нагодаў сягаць па гэты гайд і замаўляць сябрам (і сабе) цудоўныя падарункі. Масмаркет можа пачакаць.