Гiды

Балконныя градкі: што вырасціць і ўскаласіць, не выходзячы з кватэры

Балконныя градкі: што вырасціць і ўскаласіць, не выходзячы з кватэры

Нічога гэтак не супакойвае ў неспакойныя часы, як хатні ўтулак і харчовыя запасы. Тут, бясспрэчна, пашчасціла тым з нас, хто мае свае дамы, градкі і агароды, дзе можна вырошчваць укроп, рукалу і радыс. Але садоўніцкую актыўнасць можна пачаць разгортваць ужо з парога кватэры, то бок, балкона. Тры беларускі дапамагаюць нам разабрацца ў зеляніне, якая найлепш расце ў гаўбцова*-падаконнікавых земляробаў.

*Гаўбец – яшчэ адно беларускае слова, якім можна называць балкон

Вікторыя:

Агарод на гаўбцы завяла летась: толькі тады ў мяне з’явілася месца пад такое хобі. Я вырасла ў вёсцы, таму корпацца летам у зямлі закладзена ўва мне з дзяцінства.

Ясна, што многа не пасееш, гэта ж не поле. Але ў шырокіх вазонах ідэальна месцяцца цыбулька на пер’е, кропчык, радыс і розныя ліставыя расліны – усё зялёнае, дробнае, што можна пакрышыць у салатку. Уважліва чытайце інструкцыі да салатаў – многія растуць качанамі, то бок, адно семя трэба садзіць у радыусе 40 см, ці хопіць вам месца? Я мела горкі досвед, курам на смех, ці, у маім выпадку, галубам.

Асобны гаршчок прызначаны ў мяне для памідораў чэры. Ураджай з іх так сабе, штук 5-6 адначасова можа саспець, але прыемна дадаць на стол свае, уласнаруч вырашчаныя. Кажуць, можна заносіць іх у хату і круглы год расціць. Але я такім не займаюся. Дый котка згрызе.

Большасць месца на гаўбцы займаюць усё ж кветкі. Ад іх і воку прыемна, і клопату менш. Купляю насенне змяшаных колераў петуніі, і сёлета планую падвесіць на агароджу герані розных колераў. Бо ў нас сонечны бок, вельмі горача, а герані ўстойліва вытрымліваюць такую спёку. Паўз сцяну ад суседзяў мы паставілі з мужам сетку, прасла металічнага плоту, і насадзілі размаітыя плюшчы: белы, чырвоны, зялёны, салатавы. Марым, што ён зацягне ўсе пруткі і пойдзе па версе, звісаючы з брыля, стане нам дашкам, ствараючы цень. У вазонах з плюшчом пасеяла яшчэ і браткі, каб і па нізе кветачкі ззялі

Мы прывязалі штучны плот з пруткоў да агароджы, каб больш ценю было. Бо летась сонца апаліла мае рамонкі, стакроткі, хрызантэмы і вяргіні. Але пад гэтым плотам расквітнела падораная мне ружа. Побач пышны куст гартэнзіі – таксама падарунак. І галоўны ахоўнік утульнасці нашага гаўбца – ялінка. Куплялі ў кадцы на Новы год. Прыжылася і расце, вось ужо другі год. Праўда, трэба летам яе абпрыскваць вадою на ўсю вышыню, і рана, і ўвечары. Пад ёй асабліва любіць летам адпачываць котка.

Яшчэ ёсць гаршчок з кацінаю травой. Падаецца, гэта нейкі авёс, насамрэч. Купілі неяк, калі пабачылі ў краме. Хутка прарастае, за тыдзень, і котка радасна ласуецца свежай раслінай. І ўжо наш агарод яе не цікавіць. Шчыра раю ўсім, хто мае гадаванцаў, хаця б гэтую траву садзіць.

На такім гаўбцы і сядзець прыямней. Набылі садовыя стол і крэслы, цяпер утульна і ранкам кавы выпіць там, і вячэру з’есці.

Раю тым, хто плануе такі агарод, напачатку ўважліва ацаніць, як доўга на працягу дня там будзе сонца. Прыкінуць, дзе, колькі і якіх памераў хочацца паставіць вазоны.

А далей падабраць па параметрах адпаведныя расліны, каб усё прыгожа размясціць. Разлічвайце, што на гаўбцы не як у полі, давядзецца і зямлю дасыпаць, бо вецер выдзьме, а дождж змые, і ваду ў спёку цягаць, абмінаючы ўсё настаўленае.
Кіруйцеся адзіным правілам: агарод на гаўбцы павінен прыносіць задавальненне!

Юлія:

 

Пачалося ўсё ўзімку 2022 года, калі я адчула нейкі сверб, мне карцела пакапацца рукамі ў зямлі, нешта пасадзіць. І яшчэ была такая думка: трэба вучыцца вырошчваць ежу. Я набыла доўгія вазоны, насенне, а пасля грымнула 24 лютага. І калі першы шок прайшоў, я зразумела, што праца з зямлёй – гэта тое, што мне трэба цяпер, гэта тое, што мне дапамагала адцягнуцца, літаральна зазямліцца. Калі робіш нешта рукамі, працуеш з зямлёй, дужа добра разгружаецца галава, ты перастаеш трывожыцца, супакойваешся. А калі пачалі ўзыходзіць першыя расткі, я адчула моцны тэрапеўтычны эфект ад гэтага. Калі ты нешта робіш і бачыш плён свае працы – гэта для мяне нейкі экстаз! Гэтыя зялёныя расточкі вельмі жыццесцвярджальныя. Я сама сваімі рукамі стварала жыццё – на той момант гэта была для мяне самая тэрапеўтычная практыка з усіх, якія я магла абраць для сябе. Што цікава, я дзялілася досведам са знаёмымі, і ў той перыяд яны адчувалі тое ж самае! Ці гэта калектыўнае несвядомае, ці кліч продкаў, але нейкая сіла прымушала нас гэтым займацца, і гэта прыносіла сваю долю супакою.

Налета я паўтарыла, і сёлета таксама. Балкон у нас выходзіць на ўсход, але прыценены вялікім клёнам, і сонца тут улетку бывае даволі кароткі час, таму сонцалюбівыя расліны саджаць не мае сэнсу. Летась мне дужа хацелася выгадаваць кабачок, але яму не хапіла сонца. Я абіраю расліны, якія не патрабуюць зашмат часу, увагі, клопату, якія выжывуць пры любым раскладзе. Мае расліны жывуць па прынцыпе «хто выжыў, той малайчынка». Я вельмі люблю духмяныя зёлкі: кроп, пятрушку, кінзу, базілік, чабор, рукалу. Вельмі прыемна раніцай устаць і настрыгчы сабе зёлак на амлет, на салату, на бутэрброды. Калі ты разумееш, што яны яшчэ і свае, уласнаруч вырашчаныя, яны яшчэ большую карысць нясуць.

З кветак у мяне абавязкова будуць аксаміткі і настурцыі. Настурцыі я вельмі люблю, гэта мой успамін пра дзяцінства. У іх такія характэрныя хвосцікі, у якіх збіраецца шмат нектару, мы ў дзяцінстве іх абломвалі і выпівалі адтуль гэты нектар. А пасля я даведалася, што ўсю гэтую расліну можна есці, нават лісце, яна вельмі карысная, у яе характэрны, саладкавата-пякучы смак, які мне вельмі падабаецца. Таму яе я вырошчваю не толькі ў дэкаратыўных мэтах, але і ў кулінарных, зрываю пару кветачак на салату ці на бутэрброды, а маладое лісце таксама добра ідзе як зялёны дадатак да многіх страваў. Таму настурцыю вельмі раю нават тым, хто ніколі не займаўся гародам, яна абсалютна непатрабавальная: утыркнуў – і яна расце. Адно што яе вельмі любіць тля. А так яна, мне здаецца, вырасце ў кожнага. І яна вельмі аздобная, яе шмат розных гатункаў, яе можна ў букеты зразаць, а бывае і такая, што паўзе, уецца, і больш сцяблістая.

Таксама не патрабуюць увагі аксаміткі, а квітнеюць даволі доўга, да позняй восені. Яшчэ іх можна ўжываць у ежу: я сушыла пялёсткі, і з іх вельмі добра запарваць гарбату, якая вельмі карысная. Я даволі практычны чалавек, таму калі нешта не толькі прыгожае, але яшчэ і карыснае, то гэта проста комба!

А яшчэ для дзяцей гэта таксама класная забава, калі ім вылучыць асобную «градку» і даць за гэтым назіраць. Мой сын заўжды з цікаўнасцю корпаецца побач са мной, потым бегае на балкон і правярае, што там вырасла, і потым гэта ўсё есць з нашмат большым задавальненнем, чым тое, што было куплена ў краме.

Марыя:

У мяне маленькі балкон, усяго 2 квадратныя метры, некалькі вазонаў, пару вёдраў і колькі падвясных жбанкоў. Але калі накрывае туга ці вымотвае праца, задзяўбуць людзі ці возьме адчай, я выходжу на гаўбец, а мне кветачкі ўсміхаюцца – і мяне адпускае.

Расце ў мяне на гаўбцы багата ўсяго, і гэта не мяжа, бо я ўвесь час пераглядаю, ці ёсць у мяне яшчэ лапінка якая вольная, каб нешта дадаць. Сёлета ўжо я пасадзіла памідоры, з мінулага года ў мяне расце размарын і лаўровы ліст. Лаўровы ліст для мяне – гэта даволі смела, і ён, калі шчыра, не дужа хоча ў мяне расці. Але калі ты выходзіш на гаўбец, зрываеш яго і дадаеш у суп, то гэты водар немагчыма ні з чым параўнаць! Вельмі адрозніваецца інтэнсіўнасць смаку ад крамнага.

Чабору набыла рознага, бо мінулагодні ў мяне вымерз – была халодная зіма. Яшчэ ў мяне ёсць суніцы і трускаўкі. Я разумею, што гэта глупства – расціць у Польшчы трускаўкі, бо ўлетку тут іх навалам, але ж яны прыгожа квітнеюць, то гэта ў мяне больш для эстэтыкі, чым для паесці. Мяту люблю: і сушу яе, і калі раблю нейкія кампоты ці махіта або дэсерты, то туды таксама дадаю мяту.

У мяне ёсць кветкі для спажывання ў ежу, а ёсць для сардэчка, для памяці. Маёй бабулі ўжо шмат гадоў, але ў яе адзінай у нашай сям’і стае цярпення рассаджваць лабелію. Гэта такая файная расліна, калі яна ўжо возьмецца, а вось прыжываецца яна цяжка. І вось мая бабуля бярэ пінцэт, сядае, рассаджвае яе, а потым мы ўсёй сям’ёй едзем да яе па гэтыя кветачкі. Таму калі я тут пабачыла лабелію, то падумала: «Во, бабуля, трошачкі ты са мной!»

А рэшта раслін усё ж для спажывання: вось, напрыклад, браткі я дадаю ў салаты, пераціраю іх з цукрам, вельмі прыгожы і такі духмяны, фіялкавы цукар атрымліваецца. Насадзіла яшчэ больш аксамітак, летась яны вельмі класна сябе паказалі, збіраю іх на гарбату. Ну і як жа без такой класікі, як мацярдушка ці размарын!

Яшчэ ў мяне будзе памідор, перац і гурок. Ёсць адмысловыя балконныя гатункі, яны вырастаюць невялікія, літаральна каб пацешыць сябе і трошачкі каб у салату кінуць. Люблю базілік, ён у мяне побач з памідорамі ў адным вядры, яго дадаю ў салаты, да мяса. Летась ён у мяне так папёр, што я не ведала, куды яго падзець, і зрабіла ў хатніх умовах песта!

Самыя няўдалыя ў маёй практыцы былі рабарбар і шчаўе, я ведала, што ў іх глыбокія карані, але спадзявалася, што калі кусточкі будуць невялікія, то ім нармальна будзе ў вялікім вядры, але аказалася, што не, у іх карані на той свет, і вёдры ім дакладна не пасуюць. Пачынаць класна з сунічак, ім трэба няшмат месца і глебы, яны доўга квітнеюць і пахнуць, самыя дзэнавыя расліны, як і браткі. А калі зусім няма досведу, то можна ўзяць цыбулю, утыркнуць яе ў ваду ці ў глебу і мець свае пёркі ў любы час! Бо я ўсё яшчэ не магу перажыць, што за зялёную цыбулю трэба плаціць грошы!

У мяне заўжды былі агароды: вясковы дом, лецішча. Калі я была падлеткам, то была перакананая, што калі вырасту, у мяне ні ў якім разе не будзе градак. І вось я вырасла, жыву ў кватэры, і мяне адразу пацягнула нешта рабіць. Мажліва, гэта сямейная, мажліва, беларуская форма медытацыі: ты выходзіш і назіраеш вынікі сваёй працы, ты адразу заўважаеш, што патрабуе нейкай увагі: штосьці паліць, нешта падкарміць, нешта падрэзаць ці ўжо сабраць ураджай. А калі квітнеюць суніцы, то такі водар цудоўны! Гэта нешта стваральнае, і ў часы, калі ты не можаш нешта кантраляваць, шмат што ў свеце разбураецца, а ты ствараеш свой маленькі куточак, нейкі маленечкі дзэн свой знаходзіш, і аказаваецца, што гэта вельмі гаючая практыка.