Гiды

Як падрыхтаваць да лета сабак і катоў

Як падрыхтаваць да лета сабак і катоў

Першая веснавая зеляніна вабіць і кліча, а ў ёй абуджаюцца не толькі прыемныя сюрпрызы. Калі вы жадаеце, каб вясенняя пара прынесла выключна радасныя ўражанні, а вашыя хатнія жывёлы не завялі на сабе ўласных гадаванцаў, паклапаціцеся пра пухнасцікаў. Сойка сабрала некалькі карысных парадаў для бяспечнага, цікавага і насычанага чатырохлапага лета.

Апрацоўка ад кляшчоў і блох

Як толькі снег пачынае раставаць, рыхтуйцеся да новага сезону кляшчоў. Гэтыя непрыемныя істоты могуць прынесці шмат праблемаў і людзям, і хатнім жывёлам, таму першым чынам паклапаціцеся пра абарону ад паразітаў. Гэта могуць быць:

  • кроплі. Адмысловыя сродкі, якія трэба выліваць на карак жывёліне. Часцей такі метад ужываюць для катоў (прэпараты «БАРС», «СТОП-ОН» і іншыя)

  • таблеткі. Раз на паўгода можна даваць гадаванцам адмысловую пігулку. Часцей за ўсё ветэрынары раяць прэпарат «Бравекто», ён пасуе толькі для дарослых сабак вагой больш за 2 кг.

 

  • ашыйнікі. Ашыйнікі ад блох і кляшчоў пасуюць і сабакам, і катам.

Важна! Шампуні ад блох і кляшчоў не з’яўляюцца доўгатэрміновай і надзейнай прафілактыкай, таму лепш карыстацца імі пасля доўгіх прагулак ці калі выявілася праблема з паразітамі.

Прышчэпкі. Укалоўся і забыўся

Вакцынацыя — абавязковая рэч і для людзей, і для жывёлаў. Некаторыя захворванні смяротна небяспечныя, напрыклад, шаленства. Таму раз на год варта наведваць ветэрынара. Спачатку гадаванцу дадуць сродак ад глістоў (дарэчы, не зашкодзіць і людзям раз на год прымаць такія лекі). Пасля ветэрынар прызначае дату прышчэпкі.

Важна! Прышчэпка пачынае дзейнічаць не адразу, варта засцерагацца ад хваробаў яшчэ 10-14 дзён. Вакцынацыю трэба праводзіць штогод.

Чып і адраснік. Ведай сваё месца

Часам ад прасторы рве дах, таму варта прадумаць шляхі пошуку хатніх гадаванцаў, што выправіліся ў самаволку. Самы просты спосаб — чыпаваць ката ці сабаку. Ветэрынар уводзіць пад скуру мікрачып з інфармацыяй пра жывёлу і яе ўладальніка, дадае туды неабходныя звесткі пасля вакцынацыі і працэдур. Калі гадаванец згубіцца, то ўсе ягоныя дадзеныя падкажа чып. Гэта засцерагае і ад крадзяжу, і перапродажу.

Чыпаванне каштуе не менш за 30 рублёў, больш танны варыянт — адраснік на ашыйніку. Існуе шмат варыянтаў: ад сціплых ашыйнікаў з тэлефонам уладальніка, напісаным ад рукі, да высокатэхналагічных варыянтаў з геатэгам.

Зазначым, што не абавязкова выбіраць адзін з гэтых варыянтаў — яны цудоўна спалучаюцца.

Харчаванне. (Ня)лішнія калорыі

Чым больш мы бавім часу на вольным паветры, тым больш энергіі спальваем. Сабакі і каты не рыхтуюцца да сезону бікіні, таму падлічыце, ці хапае вашым гадаванцам ежы. Магчыма, варта павялічыць порцыю ці ўвесці ў рацыён новыя дадаткі.

Калі вы збіраецеся на лецішча, то перад тым, як прывозіць на свежае паветра ката ці сабаку, прыбярыце ўсе небяспечныя ці атрутныя рэчывы, закрыйце сметніцу і ў ідэале апрацуйце ўчастак ад паразітаў. І гадаванцам, і малым дзецям такія перасцярогі пайдуць толькі на карысць.

Падарожжы ў бяспецы

Калі вы плануеце падарожжа з гадаванцам, то падрыхтуйце ўсё такім чынам, каб ваш сябра адчуваў сябе спакойна, камфортна і бяспечна.

  • Пераноскі. Класічны варыянт для падарожжа з жывёламі. Такі «дамок» павінен быць досыць прасторным, каб звер мог ляжаць і ўставаць, але не занадта вялікім, каб жывёла не магла параніцца. Вялікі выбар класічных пераносак можна знайсці ў любой заакраме.

  • Заплечнікі і торбы-пераноскі. Часцей гэты аксэсуар набываюць для катоў і невялікіх сабак. Упэўніцеся, што там досыць месца і туды добра паступае кісларод. Акрамя таго, не забывайцеся, што не кожны гадаванец марыць аглядаць свет навокал: магчыма, падарожжа ў закрытым заплечніку з ілюмінатарам, у які зазіраюць незнаёмцы — не самая лепшая ідэя.

  • Вазочкі. Літаральна гэта рэплікі дзіцячых вазочкаў. Толькі замест шлеек для дзіцяці вы знойдзеце карабін для таго, каб прышпіліць ашыйнік сабакі ці ката. Дзіўнае прыстасаванне, але, магчыма, усім удзельнікам працэсу яно прыйдзецца даспадобы.

  • Гамакі. Гэтае прыстасаванне дазваляе камфортна перавозіць сабак на заднім сядзенні аўтамабіля. Можна зрабіць такі чахол-гамак самастойна, але лепш набыць варыянт ад адмыслоўцаў.

Спадзяемся, што цёплы сезон прынясе вам і вашым гадаванцам толькі радасныя эмоцыі і прыемныя падарожжы!