Для чаго ствараць петыцыі?
Петыцыі дапамагаюць палепшыць мноства аспектаў жыцця — ад прыборкі смецця да забеспячэння вакцынамі. Звяртаючыся да ўладаў, мы нагадваем пра іх асноўнае прызначэнне — служыць народу і вырашаць праблемы. Чым часцей на парадку дня кожнага чыноўніка з’яўляецца тая ці іншая «назойлівая праблема», тым больш шанцаў, што ён зоймецца яе вырашэннем.
80% ад усіх зваротаў на партале Petitions носяць выключна побытавы характар. Гэта добраўпарадкаванне двароў, рамонт дарог і тратуараў, праблемы ў школах, бальніцах і паліклініках. Што да астатніх 20%, якія тычацца грамадска-палітычнага жыцця, то вырашыць такія праблемы значна складаней. Але з дапамогай калектыўнага звароту лягчэй прыцягнуць увагу грамадскасці ды медыяў да складанай праблемы.
Петыцыі, прысвечаныя асабліва складаным і небяспечным тэмам, часта пішуць «эзопавай мовай». Гэтак аўтары выражаюць сваю заклапочанасць рознымі аспектамі грамадскага і палітычнага жыцця, а адказы чыноўнікаў пасля разбіраюцца ў СМІ, што дае тэме розгалас.
Ці бяспечна пісаць петыцыі?
Нягледзячы на рэпрэсіі, да парталу Petitions.by у 2022 годзе далучыліся 5306 новых карыстальнікаў. Аднак рэпрэсіі, вайна і страх за будучыню адбіваюцца і на грамадзянскай актыўнасці: людзі сталі баяцца пісаць. Пры гэтым, як канстатуюць аўтары парталу, любую побытавую петыцыю пісаць бяспечна, і імавернасць, што яна спрацуе, дастаткова высокая.
Чаму не ўсе петыцыі спрацоўваюць?
Па-першае, у нашых змрочных рэаліях сілавікі дазваляюць сабе ўвогуле ігнараваць любыя звароты, якія тычацца іх дзейнасці/бяздзейнасці, і нават не брацца іх разглядаць.
Другая прычына нават не палітычная — у мясцовых уладаў насамрэч усё складаней з грашыма. Верагодна, яны і хацелі б нешта паправіць ці палепшыць, але ў іх папросту няма сродкаў на дарагія капітальныя рамонты, закупкі абсталявання і іншыя інвестыцыі. У такім выпадку яны могуць зрабіць адпіску ці паабяцаць заняцца пытаннем у наступны бюджэтны перыяд, калі можна будзе знайсці дадатковыя сродкі.
Чаму варта ўсё адно спрабаваць?
Складаць петыцыі трэба ў любым выпадку: дзякуючы гэтаму назапашваецца база грамадзянскіх ініцыятываў і патрабаванняў, выкарыстоўваючы якую, можна ўзаемадзейнічаць з чыноўнікамі. Калі ёсць прэцэдэнт, яго можна спрабаваць паўтарыць, а адказы-адпіскі могуць стаць падставай для абскарджвання.
Стваральнікі Petitions сцвярджаюць, што, пры ўсёй уяўнай маналітнасці, сістэма настроена на досыць млявае супраціўленне і разлічвае на тое, што чалавек, які прачытаў любую адпіску, адразу здасца. Аднак, калі гэтага не адбываецца, калі за першым крокам ідзе другі, потым трэці, чацвёрты, то вельмі хутка становіцца зразумела, што непахіснасць бюракратаў — фікцыя, і яны гатовыя дамаўляцца, каб утрымацца на сваім фатэлі.
ТОП-3 сфераў, дзе петыцыі працуюць
- Вываз смецця
- Рамонт дарог
- Добраўпарадкаванне двароў
Пашыраныя выпадкі
Петыцыі ствараюць жывыя людзі з самымі разнастайнымі патрэбамі. Адная з найбольш пашыраных праблем гарадскіх жыхароў — змаганне з шумам. У адной з петыцый людзі скардзіліся ў жыллёва-камунальныя службы на суседзяў-сабачнікаў, якія на дзень пакідаюць гучнага гадаванца аднаго. Аўтар іншай петыцыі паскардзіўся ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва на скрыпучы ламінат, які паклалі суседзі зверху, і праз тры тыдні атрымаў адказ ад віцэ-міністра з тлумачэннем заканадаўства. А іншыя людзі патрабавалі стварыць эфектыўны механізм змагання з шумам.
Гісторыі з хэпі-эндам
Аднойчы чыноўнікі праігнаравалі петыцыю, за што іх прыцягнулі да адказнасці, а аднаго звольнілі. Петыцыя прысвячалася сітуацыі са смеццем на Бароўскіх могілках у Магілёўскім раёне. Адпаведны зварот быў накіраваны ў адміністрацыю раёна ў чэрвені. У адказ на першую петыцыю прыйшла адпіска, што вінаватыя самыя людзі. Але заяўнікі не здаваліся, абскардзілі адказ і даказалі, што вінаватыя ў гэтай сітуацыі чыноўнікі. Такім чынам, удалося вырашыць і праблему са смеццем, і чыноўнікам нагадаць пра іх наўпроставыя абавязкі.
Дзякуючы петыцыям, адрамантавалі вялікую колькасць лесвіц, дарог у розных гарадах Беларусі, усталявалі дзіцячыя пляцоўкі. Здараецца, што чыноўнікі намагаюцца «адфутболіць» грамадзянаў, даючы фармальныя адказы або вырашаючы толькі частку праблемы, тут варта адразу не здавацца і захоўваць настойлівасць.
Як напісаць петыцыю?
- Вызначыцца, што вы хочаце змяніць.
- Зайсці на сайт petitions.by, націснуць кнопку «стварыць петыцыю» і апісаць сваю праблему.
- Можна скарыстацца канструктарам: выбраўшы актуальную тэму, унесці свае дадзеныя.
- Каманда парталу дапаможа давесці петыцыю да фіналу: юрыст праверыць адпаведнасць петыцыі закону, тэкст дапамогуць зрабіць максімальна карэктным і распачнуць збор подпісаў.
Выснова
Навошта жыць горш, калі можна лепш. Прынамсі, варта паспрабаваць. Петыцыямі не вылечыш хворых, не спыніш вайну і не ўсталюеш сусветную справядлівасць, але з дапамогай гэтага механізму можна спрабаваць крок за крокам змяняць сваё наваколле. Тратуар, пандус, дрэва за акном, школьны аўтобус ці дзіра ў дарозе — толькі пачатак вялікай прыгоды вяртання сабе сваіх правоў і годнага жыцця. Працягваем паляпшаць!