Гiды

10 спосабаў стаць лепшымі ў новым годзе

10 спосабаў стаць лепшымі ў новым годзе

Калаж Ксеніі Лагавой

Можна бясконца наракаць на тое, што жыццё з кожным новым годам робіцца толькі страшнейшым і страшнейшым, як у фільме-катастрофе. Аднак, у адрозненне ад кінапаказу, тут прынамсі ёсць дзве магчымасці: 1) моўчкі назіраць за тым, што адбываецца навокал, або 2) узяць пад уласную адказнасць хаця б тое, што нам належыць. Напрыклад, сябе. І цвёрда вырашыць, што ў Новым годзе мы самі станем лепшымі версіямі сябе, па кроплі змяняючы і свет навокал. Але з чаго пачаць? Сойка разам з экалагічнай арганізацыяй Экадом сабралі асноўныя парады.

Займейце новую звычку

Пакуль маркетолагі ды коўчы спрачаюцца, колькі дзён патрэбна для фармавання новай звычкі (паводле розных меркаванняў, ці то 21, ці то 66), бясспрэчна адно: калі нешта паўтараць штодня, у блізкай будучыні гэта стане часткай нашай руціны. Магчыма, спіс абяцанняў, складзены перад Новым годам, гэтак часта не апраўдвае сябе менавіта праз тое, што патрабуе ўносіць зашмат зменаў у звыклую будзённасць. Але ж можна памяняць нешта адно — і рабіць гэта штодня.

Пачаць выходзіць з аўтобуса за два прыпынкі да працы, каб троху прайсціся, паставіць Duolingo на тэлефон, каб вывучаць новую мову (дастаткова 10 хвілінаў штодня, і вы не заўважыце, як пачнеце разумець словы засвоеных па прынцыпе гукапераймання шлягераў — праверана на Сойцы!), замяніць хаця б адну цыгарэту ў дзень на яблык. Як сказалі б у кіно, вялікае пачынаецца з малога.

Займейце эказвычку

Не нам вам расказваць, што экалогія — гэта не столькі пра пагладзіць козачку ў экасядзібе, колькі пра тое, ці будзе нашым дзецям чым дыхаць заўтра.

Перш чым выбраць сабе ўласную эказвычку (іх цэлае мноства!), памятайце прынцып трох галоваў экацмока: «разумнае спажыванне, паўторнае выкарыстанне і альтэрнатыўныя варыянты». То бок, адмаўленне ад выкарыстання ў побыце аднаразовых прадметаў, абмежаванне спажывання (да неабходнага мінімуму), забяспечванне паўторнага выкарыстання рэчаў і перадача на перапрацоўку ўсяго, што можна перапрацаваць.

Важна разумець, што гэта не абмежаванні, а перагляд ладу жыцця, дзе не абавязкова ў адзін дзень стаць цалкам eco-friendly. Для першага кроку дастаткова, напрыклад, набыць, пашыць ці ўзяць у больш экалагічнай сяброўкі шопер, які дапаможа зменшыць спажыванне пластыкавых пакетаў (за якія, да таго ж, даводзіцца дадаткова плаціць). Да эказвычак файна далучаць усю сям’ю. Дзецям будзе радасна правесці час з бацькамі, майструючы кармушку для птушак альбо навагодні дэкор з матэрыялаў, якія ў іншы час паехалі б на сметнік. Сваякі ж заўсёды будуць рады зручным шоперам або энергазберагальным лямпачкам.

Адсвяткуйце Новы Год экалагічна

Перадсвяточная мітусня і прыемны (ці заўсёды?) клопат вакол закупаў і падарункаў могуць сур’ёзна шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Што калі паспрабаваць ставіцца да прыроды больш беражліва менавіта ў святы? Тым больш, што ў нас ёсць пара парадаў:

  • Eлка. Вядома, самая экалагічная навагодняя eлка — зробленая з падручных матэрыялаў (у інтэрнэце процьма варыянтаў, як выкласці ялінку з кніг, кардонных пакаванняў або ўжываных слоікаў). Калі ж гэты крок пакуль занадта радыкальны для вас, можна набыць елку па аб’яве. Дэкорам на ялінку можна абмяняцца з сябрамі.
  • Падарункі. Любы падарунак стане смеццем, калі ён не патрэбны чалавеку. Таму складанне вішлістоў, дзе чалавек выкладае тое, што сапраўды хацеў бы мець — не такая ўжо і дрэнная ідэя. Дарыце сябрам і блізкім уражанні: квіткі ў кіно, аплату курсаў вывучэння мовы, абанемент на майстар-клас.
  • Дэкор. Выдатны варыянт — упрыгожыць дом старымі навагоднімі цацкамі, якія даволі часта перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў беларускіх сем’ях. Калі вам гэта варыянт не пасуе, то вы можаце разам са сваёй сям’ёй зрабіць экалагічныя цацкі сваімі рукамі — добра, што майстар-класаў на прасторах інтэрнэту дастаткова.
  • Стол. Радыкальная ідэя — адмоўцеся ад мясных прадуктаў за святочным сталом. Не думаеце, што гэта магчыма? Тады падлічыце колькасць гасцей і старанна сплануйце колькасць страў. Не купляйце больш, чым неабходна. Ніхто не любіць даядаць падкіслых маянэзных мяшанак, якія непазбежна застаюцца ў лядоўнях пасля свята.

Станьце валанцёрам

Хочацца актыўнай дзейнасці, новых знаёмстваў і карысных справаў? Паспрабуйце сябе ў валанцёрстве. Ёсць даволі шмат арганізацый, якім патрэбная дапамога эпізадычна або кожны дзень.

У якасці прыкладу мы прывядзем цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын». Невялікая ініцыятыва, якая аказвае дапамогу дзікім птушкам і жывёлам. Актывісты лечаць хворых жывёл і вяртаюць іх, калі гэта магчыма, назад у натуральнае асяроддзе. За час працы цэнтр справіўся з мноствам бюракратычных цяжкасцяў і вылечыў больш за 1000 асобін. Каманда штодзённа ідзе на рызыку, бо ў Беларусі няма спецыялістаў па лячэнні менавіта дзікіх жывёл. Унікальная дзейнасць людзей з вялікімі сэрцамі для захавання біялагічнай разнастайнасці Беларусі.

Яшчэ адзін варыянт экаваланцёрства і па сумяшчальніцтве фітнэсу — беларускае кам’юніці плогінгу. Плогінг — гэта збор смецця падчас прабежак. Пасуе і для тых, хто хоча хадзіць на прабежкі ў группе, і сола. Двайная матывацыя заняцца спортам для тых, хто кожны год абяцае сабе дайсці да спортзалы, але ніяк не атрымліваецца.

Таксама можна паваланцёрыць pro bono, гэта значыць прапанаваць сваю прафесійную дапамогу экалагічным арганізацыям на бязвыплатнай аснове ў якасці разавай паслугі або пастаянна.

Паспрабуйце сябе ў ролі анлайн-актывіста на адзін дзень

Палепшыць жыццё ў сваім двары, вуліцы, горадзе можна і не выходзячы з дома. Вось шэраг варыянтаў:

Удзел у грамадскіх абмеркаваннях

Схема даволі простая: знаходзім актуальныя абмеркаванні на сайтах выканкамаў, удакладняем нюансы, пішам свае каментары праз афіцыйны сайт арганізатараў. Азнаёміцца з дэталямі таго, як працуюць грамадскія абмеркаванні, можна па спасылцы.

Петыцыі

Нягледзячы ні на што, карысць ад петыцый у рашэнні праблем рознага маштабу ўсё яшчэ ёсць. Выберыце петыцыю па цікавай вам праблеме, падпішыце яе і пашырце інфармацыю ў сваіх сацсетках. Напрыклад, такія петыцыі:

Калі ж вы хочаце стварыць сваю петыцыю, скарыстайцеся сайтам petitionsby.site. Там нават ёсць гайд па стварэнні і прасоўванні петыцый.

Зялёны тэлефон

Калі ёсць пытанне па праблемах вашага двара, але не ведаеце, куды з ім звярнуцца — звяжыцеся з Зялёным тэлефонам. Інфаслужба бясплатна пракансультуе вас і дапаможа вырашыць вялікія і маленькія праблемы беларускіх рэгіёнаў. Кантакты для сувязі:

Служба 115.бел

Непрыбраны снег? Выбаіна ў дарозе? Абрэзанае пад слуп дрэва? Заяўку з апісаннем праблемы, пажадана з фотаздымкамі, можна размясціць на партале, таксама можна скарыстацца кароткім нумарам 115 альбо мабільнай аплікацыяй.

Таксама добрым варыянтам прыцягнення ўвагі грамадскасці будзе рашэнне звязацца з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і перадаць дэталёвыя звесткі пра тую ці іншую экапраблему. Практыка паказвае, што рэзананс паскарае тэмпы вырашэння мясцовых пытанняў. Не забывайце пра лічбавую бяспеку, асабліва калі вы ў Беларусі.

Яшчэ больш бяспечнага актывізму ў Беларусі — у гэтым гайдзе Сойкі.

Арганізуйце фрымаркет, своп-вечарыну або дрэс-кросінг

Усе гэтыя назвы аб’ядноўвае адно — падобныя імпрэзы дазваляюць скараціць спажыванне або прапаноўваюць яго разумныя варыянты. Бо частка рэчаў у нашых шафах — гэта тое, што мы купілі, паддаўшыся імпульсу зніжак, сацыяльнаму падарункаваму прыгнёту ці проста да вызначанай падзеі. І вось яны ляжаць з году ў год на паліцах мёртвым грузам. І выкінуць шкада, і захоўваць бессэнсоўна. У гэтым выпадку вам падыдзе ідэя арганізаваць фрымаркет, своп-вечарыну або дрэс-кросінг з сябрамі або калегамі па працы. А тое, што не разыдзецца, можна перадаць у дабрачынныя арганізацыі і такім чынам зрабіць добрую навагоднюю справу.

  • Фрымаркет — бясплатны абмен непатрэбнымі рэчамі. На фрымаркет можна прыносіць адзенне і абутак, дзіцячыя цацкі, упрыгожанні, тэхніку ў працоўным стане, касметыку і іншыя рэчы.
  • Своп-вечарына. Прынцып, па якім ладзяць своп-вечарыны, вельмі падобны на фрымаркета, плюс да яго дадаецца забаўляльная праграма і музычнае суправаджэнне.
  • Дрэс-кросінг. Аснова яго даволі простая: вы прыносіце чыстае адзенне, яго прымаюць і акуратна развешваюць на вешалкі, а вам наўзамен выдаюць квіточкі. Пасля вы прыемна бавіце час за гутаркамі і абменьваеце ўпадабаныя рэчы на свае квіткі.

Падтрымайце Украіну ў цяжкі час

Цяжкая, халодная зіма з перабоямі ў пастаўках святла, вады і ацяплення — для нашых паўднёвых суседзяў ужо рэальнасць. На жаль, у такія часы праблемы навакольнага асяроддзя не бяруць паўзу. Хутчэй, наадварот: мы бачым замінаваныя тэрыторыі, атручаныя вайной глебы, жывёлаў, якія паміраюць з голаду і холаду, трапічныя расліны, што замярзаюць у батанічных садах. Да таго ж, экалагічным арганізацыям Украіны давялося ў той ці іншай ступені змяніць сваю дзейнасць з пачатку вайны.

Але нягледзячы на складанасці, актывісты не здаюцца і працягваюць з дня ў дзень сваю працу, часам проста на валанцёрскай аснове. Экадом прапануе ўсім, у каго ёсць фінансавая магчымасць, дапамагчы Украіне i падтрымаць экалагічныя ініцыятывы напрыклад:

Сойка нагадвае пра ўсе іншыя дасяжныя спосабы дапамагаць Украіне ў гэтай барацьбе за святло — і ў літаральным, і ў сімвалічным сэнсах.

Падтрымайце нашых палітвязняў

Вось тут Сойка сабрала ўсе магчымыя спосабы данесці крыху нашага святла і цяпла ў беларускія вязніцы. Нагадваем, што дапамога палітвязням — не толькі тое, што вы можаце паслаць ім у турму, але і сродкі/увага/спрыянне для сем’яў зняволеных.

Напішыце лісты палітзняволеным экаактывістам

У Беларусі ўлады робяць усё больш захадаў па падаўленні любога іншадумства, у тым ліку і ў галіне экалогіі. Актывісты сутыкнуліся з рэпрэсіямі і пераследам, у тым ліку з ліквідацыяй прафесійных арганізацый, вобшукамі офісаў і кватэр, а таксама незаконнымі затрыманнямі і арыштамі экалагістаў. Мы памятаем пра кожнага зняволенага экаактывіста і прапануем вам далучыцца да добрай перад- і паслянавагодняй справы і напісаць хаця б па адным лісце за краты.

  • Сцяпан Латыпаў — прафесійны арбарыст — майстар па лячэнні і догляду дрэваў, а таксама дырэктар кампаніі «Беларбо». Напісаць яму можна на адрас: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.
  • Яўген Рубашка — актывіст анархісцкага руху, удзельнічаў у ініцыятыве «Ежа замест бомбаў» па раздачы веганскай і вегетарыянскай ежы людзям з досведам бяздомнасці. Напісаць яму можна на адрас: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.
  • Віктар Фянчук — экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны». Віктар каардынаваў буйныя прыродаахоўныя праграмы па Белавежскай пушчы і Палессі. Напісаць яму можна на адрас: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183.

З гісторыямі іншымі палітычных зняволеных, дзейнасць якіх была цесна звязана з экалогіяй, вы можаце азнаёміцца тут.

Выберыце збор і заданацьце

Здаецца, словам «данат» не здзівіць ужо нікога ні ў беларускай, ні ва ўкраінскай прасторы. І гаворка тут не пра амерыканскі пончык з паліўкай. Аднак, цалкам магчыма, вы яшчэ так і не наважыліся далучыцца да збору сродкаў на нейкую добрую справу. Або пару разоў скінуліся, але не паставілі гэты ўчынак на паўтор. Уявіце сабе, што рэгулярна адпраўляючы небалючую для вас суму дзеля высакароднай мэты, вы дапамагаеце хутчэй яе дасягнуць, адкладаючы тлусьценькія капейкі ва ўласную карму (калі вы ў такое верыце), або папросту ўсведамляючы, што дзеліцеся з добрымі людзьмі ў складаны момант.

Вось тут можна ўбачыць усе зборы, якія ў дадзены момант праводзіць фонд салідарнасці BYSOL, а тут можна прачытаць гісторыі асобных людзей і сем’яў, якім патрэбная дапамога, і таксама ім заданаціць. Вялікі спіс ініцыятываў, якія дапамагаюць беларусам, вядуць на платформе «Новая Беларусь». Тут можна спампаваць аплікацыю сабе на тэлефон і пасяліцца ў віртуальным беларускім свеце.  У канцы 2022 з’явілася новая магчымасць паспрыяць культуры — дапамагчы адрадзіцца выдавецтву «Янушкевіч».

Дзякуем арганізацыі «Экадом» за свежыя экалагічныя ідэі. Няхай гэты новы фільм пад назвай «2023» акажацца поўным нечаканых прыемных паваротаў і абавязкова скончыцца хэпі-эндам.