Індэкс Хенлі
Адзін з галоўных метадаў памерацца сілай пашпарта — гэта Henley Passport Index, глабальны рэйтынг краін у адпаведнасці са свабодай перамяшчэння, якую даюць іх грамадзянам звычайныя пашпарты.
Пашпартны індэкс Хенлі параўноўвае бязвізавы рэжым па 199 розных пашпартах для 227 турыстычных кірункаў. Калі віза не патрабуецца, то для гэты пашпарт атрымлівае 1 бал. Тое ж самае тычыцца выпадкаў, калі можна атрымаць візу па прыбыцці (VOA), дазвол на наведванне або электронны дазвол на ўезд у краіну прызначэння (ETA). Калі патрабуецца олдскульная або электронная віза (або папярэдняе ўхваленне ўраду для атрымання візы па прыбыцці) да вылету, пашпарту прысвойваецца 0 балаў. Агульны бал за кожны пашпарт роўны колькасці пунктаў прызначэння, куды можна трапіць без візы.
На сёння Беларусь у гэтым рэйтынгу на 65-м месцы, маючы 81 краіну для бязвізавага наведвання. Увёўшы запаветнае «Belarus» на афіцыйным сайце, можна пагуляцца, тыкаючы ў розныя краіны, каб паглядзець, дзе нас чакаюць і дзе — не зусім. Спойлер: да беларусаў даволі гасцінныя краіны Паўднёвай Амерыкі і Усходняй Афрыкі, а таксама многія цэнтральнаазіяцкія і некаторыя блізкаўсходнія.
Сярод усіх нашых суседзяў самы моцны пашпарт маюць палякі — 6 месца з 189 краінамі для наведвання (дарэчы, 6 месца Польша падзяляе з Чэхіяй, Венгрыяй, ЗША і Канадай). У большасці краін з пашпартамі Еўразвязу бракуе акурат тых дзяржаў, куды пускаюць беларусаў: Кітай, В’етнам, краіны Усходняй Афрыкі. Паўночныя суседзі таксама недалёка: у літоўскага пашпарта 7 месца з 188 краінамі, у эстонскага — 8-е, у латвійскага — 9-е і 186 краін.
На старонцы кожнай краіны можна яшчэ паглядзець аптымістычную (часцей за ўсё) дыяграму — як штогод змяняецца колькасць краін для бязвізавага наведвання, і вось пытанне за 100: хто сярод нашых суседзяў істотна павысіў свой рэйтынг у 2013, а пасля ў 2018 годзе? Так, сёння Украіна на 31-м месцы са 148 бязвізавымі кірункамі.
Funny not funny: нягледзячы на тое, што беларуская дзяржава — яшчэ не самы bad guy на міжнароднай арэне (бо ёсць з кім параўноўваць), аднак з расейскім пашпартам падарожнічаць можна болей куды: у яго 51 месца і 120 кірункаў.
Першыя і апошнія
Першае месца падзяляюць чатыры краіны Еўразвязу — Гішпанія, Італія, Нямеччына і Францыя, ды яшчэ Сінгапур і Японія — іх грамадзяне могуць наведваць без візы 194 краіны. Эх. Блізка за імі ў першай пяцёрцы сядзіць на валізах, абмахваючыся пашпартамі, амаль уся рэшта аб’яднанай (і не зусім аб’яднанай, але з тымі самымі бонусамі) Еўропы і канцэптуальна ды палітычна блізкія да іх Аўстралія, Новая Зеландыя і Паўднёвая Карэя.
Самыя ж няшчасныя ў рэйтынгу — не, не Паўночная Карэя (яна на 98 месцы) — на апошнім, 106-м месцы, апынуўся Афганістан (28 краін), перад ім, на 105-м, Сірыя, а на 104-м — Ірак. Як кажуць, ну нам яшчэ пашанцавала.
Індэкс пашпартоў «лічбавых качэўнікаў»
Пасля пандэміі 2020 года «лічбавае качэўніцтва» пачало паціху ператварацца ў мэйнстрым. Але як для падарожжаў, так і для часовай працы за мяжой, пашпарты таксама не роўныя.
Nomad Passport Index (NPI) быў створаны з фокусам на больш шырокіх крытэрыях, чым проста колькасць бязвізавых краін: тут улічваецца адчуванне ўласнай свабоды, успрыняцце свету (што б гэта ні значыла), магчымасць двайнога грамадзянства і сістэма падаткаабкладання.
У гэтым рэйтынгу, з улікам усіх крытэрыяў, перамагае Швейцарыя, за ёй ідуць Ірландыя, Партугалія, Люксембург, Фінляндыя, раптоўна ААЭ, Нідэрланды, Нарвегія, Нямеччына, і замыкае дзясятку Новая Зеландыя.