Гiды

Што рабіць: пашпарт сканчаецца, а ў Беларусь нельга

Што рабіць: пашпарт сканчаецца, а ў Беларусь нельга

Малюнак Ксеніі Лагавой

На жаль, самы просты адказ на пытанне — рабіць новы, як звычайна — не пасуе вялікай колькасці грамадзянаў Беларусі, якія былі вымушаны пакінуць радзіму. Сойка разам з праваабаронцамі і юрыстамі падрыхтавала гайд пра тое, як сябе паводзіць, калі вы засталіся без галоўнага дакумента за мяжою і не можаце вярнуцца ў Беларусь.

Замена пашпарта ў консульстве

Беларускія грамадзяне могуць замяніць пашпарт у консульстве сваёй краіны ў любой кропцы свету. На практыцы ўсіх чакаюць вялікія чэргі на запіс, а палітычных уцекачоў могуць чакаць і іншыя непрыемнасці, таму міжнародныя праваабаронцы не раяць ім звязвацца з беларускімі дыпламатамі.

Для таго каб змяніць пашпарт за мяжою, трэба:

  • запісацца ў консульства;
  • сабраць дакументы: пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, шлюбе і нараджэнні дзяцей ці аб змене прозвішча ці імені;
  • чатыры каляровыя фотаздымкі 40х50;
  • дазвол на жыхарства краіны, дзе вы знаходзіцеся;
  • запоўніць анкету аб пастаноўцы на консульскі ўлік;
  • аплаціць збор у памеры каля 100 еўра.

На жаль, працэдура выдачы пашпарта можа расцягнуцца на доўгі час і заняць некалькі месяцаў ці нават год. Былі выпадкі, калі консульскія супрацоўнікі паведамлялі, што забраць новыя пашпарты можна толькі па месцы жыхарства ў Беларусі… Консульствы працуюць у Літве, Латвіі, Польшчы, Грузіі і іншых краінах.

Альтэрнатыва пашпарту ў Літве

Літоўская рэспубліка прапаноўвае замежным грамадзянам магчымасць зрабіць такі трэвэл-дакумент, як пашпарт іншаземнага грамадзяніна (kelionės dokumentas). Ён выдаецца на час дзеяння дазволу на жыхарства, але робіцца досыць хутка ў звычайным аддзеле міграцыі.

Для гэтага трэба:

  • зарэгістраваць візіт у аддзел міграцыі;
  • запоўніць анкету;
  • прынесці пашпарт і від на жыхарства;
  • часам трэба дадаваць тлумачэнні аб тым, чаму не можаце зрабіць пашпарт у беларускім консульстве;
  • аплаціць збор у памеры да 60 еўра.

Важная заўвага: такі пашпарт можна рабіць толькі пасля таго, як скончыцца беларускі.

Альтэрнатыва пашпарту ў Польшчы

Як і Літва, Польшча дае магчымасць зрабіць замежным грамадзянам дакумент для падарожжаў (dokument podróży dla cudzoziemca). Працэдуры вельмі падобныя, але ў Польшчы пашпарт замежнага грамадзяніна могуць атрымаць людзі і з дазволам на жыхарства, і з гуманітарнай візай.

Для гэтага трэба:

  • зарэгістравацца на прыём у Аддзел спраў іншаземцаў (раяць пазбягаць вялікіх гарадоў праз магчымую чаргу);
  • напісаць заяву;
  • зрабіць два фотаздымкі 35х45;
  • прынесці з сабой дакументы (пашпарт з візай, дазвол на жыхарства);
  • дакументальныя падцверджанні, чаму няма магчымасці зрабіць дакументы на радзіме.

Міжнародная абарона

Калі чалавек бяжыць ад пераследу, то ён можа папрасіць пра міжнародную абарону ў першай бяспечнай краіне, куды ён трапіў. У выпадку беларусаў часцей за ўсё гэта бываюць Літва, Польшча, Латвія і Грузія.

Для гэтага можна звярнуцца да першага дзяржаўнага супрацоўніка на вашым шляху: памежніка, паліцэйскага і гэтак далей. На жаль, часам могуць узнікнуць праблемы і дзяржаўная асоба не пойдзе вам насустрач (хоць гэта і супярэчыць закону). Таксама можна звярнуцца ў адмысловыя ўстановы (Офіс у справах іншаземцаў у Польшчы, аддзел міграцыі ў Літве і гэтак далей). Працэдура атрымання міжнароднай абароны выглядае больш складана, чым атрыманне гуманітарных дакументаў, але і надае больш магчымасцяў.

Трэба будзе прайсці сумоўі, даказаць пераслед, часам прайсці медычны агляд. Чакаць рашэння можна ад некалькіх тыдняў да некалькіх гадоў у залежнасці ад краіны, але ўвесь гэты час вас не могуць дэпартаваць і будуць падтрымліваць фінансава і юрыдычна.