Што такое акупацыя?
У старажытным Рыме «акупацыяй» называлі прысвойванне чужой маёмасці, у пачатку станаўлення канцэпцыі суверэнітэту ў міжнародным праве акупацыяй называлі пашырэнне некай дзяржавай сваёй улады на так званыя тэрыторыі terra nullius (лац. — нічыйная зямля), то бок акупацыя разглядалася як законны спосаб набыцця тэрыторыі. Сёння ў юрыдычным сэнсе гэты тэрмін ужываецца выключна для сітуацыі, калі тэрыторыя (часткова або цалкам) нейкай краіны знаходзіцца пад кантролем іншай улады. Класічнае паняцце акупацыі звязана з узброеным канфліктам. Міжнароднае гуманітарнае права вызначае акупацыю як сітуацыю, калі іншая дзяржава ажыццяўляе фактычны кантроль над тэрыторыяй, на якую не мае суверэннага права, без згоды ўраду акупаванай дзяржавы. І звязаная такая сітуацыя з ваенным захопам чужой тэрыторыі.
Адміністрацыйныя функцыі на акупаваных тэрыторыях выконвае ваенны ўрад ці акупацыйная адміністрацыя, якая можа складацца ў тым ліку з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва. IV Жэнеўская канвенцыя 1949 года і некаторыя іншыя дамовы ў сферы міжнароднага гуманітарнага права рэгламентуюць тое, як мусіць выглядаць акупацыя для мясцовага насельніцтва ў выпадку ваеннай акупацыі. Прадугледжана і пакаранне для тых, хто парушае міжнародныя нормы. Цікавы факт: акупаваная тэрыторыя не можа быць уключана ў склад іншай дзяржавы. Між тым, факт застаецца фактам: чалавецтва гэтак жа апантана парушае ўласныя правілы вядзення вайны, як і ўсталёўвае іх.
Варта зазначыць, што існуе і канцэпцыя неваеннай акупацыі (анг. — non-belligerent occupation), якая не звязаная з ваенным захопам тэрыторыі і можа быць вынікам мірных дамоваў (пасляваенная акупацыя) ці рашэнняў аб кантраляванні тэрыторыі сіламі міжнародных арганізацый у кантэксце посткафліктнага мірабудаўніцтва (калі ўласныя ўлады краіны не здольныя функцыянаваць нейкі перыяд часу). Але ж, незалежна ад спосабу акупацыі (ваенная ці неваенная), галоўная прыкмета акупацыі — эфектыўны кантроль акупанта над акупаванай тэрыторыяй (то бок ягоная здольнасць выдаваць законы і распараджэнні, што рэгулююць жыцце на тэрыторыі, і здольнасць забяспечваць іх выкананне). Проста прысутнасці чужых узброенных сіл недастаткова.
Ці акупаваная Беларусь?
Аргументы «за»
- З палітычнага пункту гледжання, беларускі рэжым не мае юрыдычнай унутранай ды міжнароднай легітымнасці, хоць дэ факта кіруе краінай. То бок урад у Беларусі фактычна «самапрызначаны» і мае абмежаванае прадстаўніцтва.
- Аляксандр Лукашэнка транслюе ідэі і наратывы Крамля ў тым ліку ва ўнутранай палітыцы.
- Грамадзяне Беларусі церпяць жорсткія рэпрэсіі. Эмацыйны аргумент прымушае задавацца пытаннем: ці здатныя беларускія сілавікі рабіць такое з уласным народам добраахвотна?
- На тэрыторыі краіны знаходзяцца войскі іншай дзяржавы. Расея ажжыццяўляла напад на Украіну з Беларусі, а сёння працягвае бамбаванні і выкарыстоўвае поўдзень дзяржавы як базу. Праз Беларусь вольна перамяшчаецца расейская вайсковая тэхніка, жаўнеры і грузы.
- Сёння Беларусь прасоўвае інтарэсы Расеі ў міжнародных арганізацыях. Калі краіна будзе прызнаная акупаванай, то магчымасць вырашаць праблемы за кошт галасоў беларускіх чыноўнікаў у міжнародных арганізацыях ці абыходзіць санкцыі знікне.
- Пасля паразы Расеі лёсы дыктатара і краіны будуць вырашацца міжнароднай супольнасцю. Лукашэнка як хаўруснік Пуціна не здолее пазбегнуць пакарання.
Аргументы «супраць»
- Расейскія войскі і Расея не ажжыццяўляюць эфектыўнага кантролю над тэрыторыяй Беларусі. Крытэр эфектыўнага кантролю — неаспрэчная ўстойлівая норма, замацаваная ў міжнароднай судовай практыцы (Міжародны Суд ААН, Трыбунал для былой Югаславіі, ЕСПЧ). Расейскія ўлады не ўсталявалі сваёй адміністрацыі, на тэрыторыі краіны працягваюць дзейнічаць законы Рэспублікі Беларусь, усе ўстановы і мясцовая адміністрацыя падпарадкоўваюцца рэжыму Лукашэнкі. Расея не кантралюе наўпрост тое, што адбываецца ва ўнутранай палітыцы Беларусі.
- Немагчыма вызначыць дакладны перыяд, калі Аляксандр Лукашэнка перастаў быць цалкам самастойным палітыкам і стаў сатэлітам Крамля і наколькі моцная гэта інтэграцыя. Таксама як і немагчыма сёння сказаць, дзе менавіта ён дзейнічае ў інтарэсах пуцінскага рэжыму, а дзе — у адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі.
- Беларусь успрымаецца як незалежная краіна нават тымі дзяржавамі, якія не лічаць рэжым Лукашэнкі легітымным.
- У любым выпадку, на міжнародным узроўні ўсе актары (і суды, і міжнародныя арганізацыі) будуць карыстацца ўстойлівым стандартам міжнароднага права і ў першую чаргу глядзець на крытэр эфектыўнага кантролю. Нават Рада Еўропы, калі прызнала ў 2022 годзе акупаванай тэрыторыю Прыднястроўя, да такога прызнання называла яе ў сваіх дакументах «тэрыторыяй пад эфектыўным кантролем Расеі».
- Няма ніякай самастойнай працэдуры прызнання акупацыі на міжнародным узроўні. Факт акупацыі заўседы вызначаўся як адна з акалічнасцяў у рамках нейкай асноўнай справы ці ў сувязі з нейкімі абставінамі. Калі Украіна прызнае Беларусь акупаванай дзяржавай, гэта будзе ўнутраным рашэннем Украіны, іншыя краіны не абавязаны будуць кіравацца гэтым рашэннем.
Наступствы прызнання акупаванай тэрыторыяй
- У выпадку прызнання акупаванай тэрыторыяй, Беларусь застанецца без міжнароднай правасуб’ектнасці. Гэта значыць, што фактычна кантроль за усім, што звязана з краінай, будзе ажыццяўляць Расея, і ўсе пытанні, датычныя Беларусі, трэба будзе вырашаць з Расеяй і яе прадстаўнікамі.
- Адно з найважнейшых наступстваў прызнання Беларусі акупаванай — пазбяганне адказнасці. Калі ўсім кіруе Крэмль, Лукашэнка губляе персанальную адказнасць за тое, што пайшоў на хаўрус з Пуціным. Аднак жа тэрор на тэрыторыі краіны ажыццяўляецца рукамі беларускіх сілавікоў, а не прышлых замежнікаў.
- Калі Беларусь прызнаць акупаванай, то няясным робіцца статус тых грамадзянаў, якія знаходзяцца за мяжою і не могуць вярнуцца.
- На акупаваных тэрыторыях перастаюць працаваць многія эканамічныя мадэлі, тэрыторыя сыходзіць у шэрую зону. Так ужо сталася з Кіпрам, якія сёння вядомы як сусветны афшор.
- Урэшце, прызнанне Беларусі акупаванай ніякім чынам не паўплывае на рэальную сітуацыю з унутранай гуманітарнай катастрофай.
Які статус больш пасуе Беларусі сёння?
Ніжэй мы прыводзім юрыдычныя і палітычныя азначэнні, якія б маглі апісаць становішча Беларусі пад кіраўніцтвам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі падчас вайны Расеі з Украінай.
Суагрэсар
Суагрэсар — у міжнародным праве існуюць некалькі азначэнняў суагрэсіі, уласна як і апісанны краіны-агрэсара. Зрэшты, большасць крыніц сыходзяцца на тым, што калі адна дзяржава ці групоўка краін выступаюць супраць суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці іншай дзяржавы, гэта ўкладваецца ў асноўныя вызначэнні агрэсіі. Рада бяспекі ААН падкрэслівае, што сёння няма вычарпальнага пераліку актаў «ускоснай агрэсіі», але даванне ўласнай тэрыторыі для атакі на трэцюю краіну ў спісе прыстунічае, а значыць, Беларусь падпадае пад гэтае азначэнне. Варта дадаць, што агрэсія і ускосная агрэсія — злачынствы, якія маюць быць пакаранымі паводле міжнародных законаў.
Анэксія
Анэксія — у міжнародным праве апісаная як наўмыснае і аднабаковае далучэнне ўсёй тэрыторыі краіны ці яе часткі да іншай. Важнае адрозненне анэксіі ад акупацыі палягае ў тым, што далучаныя тэрыторыі ўваходзяць у склад іншай дзяржавы ў юрыдычным і прававым сэнсе. Там не проста ўсталёўваецца часовая адміністрацыя — тэрыторыя цалкам адыходзіць пад кантроль дзяржавы-агрэсара. Так адбылося ў выпадку анэксіі Крыму Расеяй, але не адбылося ў Беларусі.
Сатэліт
Сатэліт — дзяржава-сатэліт фармальна застаецца незалежнай, але моцна звязаная на эканамічным, палітычным, ваенным узроўнях з іншай дзяржавай. У заходняй палітыцы існуе больш мяккае азначэнне «дзяржава-кліент». У гэтым апісанні мацнейшая краіна больш падобная да донара, а не да каланізатара, а краіны маюць большую незалежнасць. Кліентам ЗША, напрыклад, называюць Тайвань. А вось краіны Варшаўскага дагавора, якія фактычна былі цалкам у руках Савецкага Саюза, трапляюць пад паняцце сатэліту. Ці падобна гэта да стасункаў Расеі і Беларусі? Шмат у чым так.
Гэты матэрыял з’явіўся пры падтрымцы Free Belarus Center.