Асноўныя спосабы пераводу
У гэтым артыкуле мы разгледзім наступныя варыянты:
- з карткі на картку (р2р);
- праз сістэму грашовых пераводаў;
- SWIFT-пераводы
- праз фінтэх-сэрвісы.
Складанасці пры пераводзе з карткі на картку
На першы погляд, p2p (person-to-person) — самы просты спосаб перадачы грашовых сродкаў з-за мяжы. Зрабіў перавод з карткі на картку — і далей займаешся сваімі справамі. Гэта было б так, калі б не шэраг акалічнасцяў. Вось два самыя частыя пытанні, якія прымушаюць хвалявацца адпраўніка:
- Ці пройдзе перавод?
- Колькі грошай я згублю праз такую перасылку?
Па-першае, трэба забыцца пра карткі банкаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Але калі нават ваш банк не ў санкцыйным спісе і мае добрую рэпутацыю, многае залежыць ад рашэння замежнага банка, які абслугоўвае картку адпраўніка.
Калі верыць розным інтэрнэт-пляцоўкам, самай надзейнай фінансавай установай, якая мае давер у беларусаў замежжа, з’яўляецца «Прыёрбанк». І ён таксама папярэджвае праз свой сайт: «У выпадку цяжкасцяў з атрыманнем пераводу з-за мяжы рэкамендуем звяртацца да банка-адпраўніка плацяжу». Аднак у абсалютнай большасці выпадкаў усё заканчваецца хэпі-эндам, хаця часам грошы могуць «ісці» некалькі дзён.
Пытанне пра камісію больш істотнае: сапраўды, да атрымальніка даходзіць значна меншая сума, чым пераводзіць адпраўнік. Па-першае, шэраг устаноў не саромеюцца браць узнагароду да 15% (!) ад сумы пераводу. Па-другое, пры пераводзе ўлічваецца ўнутраны курс плацежнай сістэмы, які можа істотна адрознівацца ад курса Нацбанка. Таму, калі вы дакладна вырашылі, які беларускі банк будзе вашым партнёрам, спачатку лепей удакладніць у яго прадстаўнікоў (праз інфалінію або чат-бот) пра вашыя магчымыя страты (камісія і іншыя акалічнасці).
SWIFT-пераводы
SWIFT — гэта міжнародная сістэма, якая дазваляе пераводзіць грошы паміж банкамі розных краін. Наяўнасць SWIFT-кода кажа аб надзейнасці банка і бяспецы пераводу сродкаў за мяжу. Напрыклад, калі перавод не будзе дастаўлены своечасова (у выніку збояў або тэхнічных памылак у пратаколах) — грошы вернуцца адпраўніку, але камісія за аперацыі будзе спісаная па правілах банка.
На жаль, апошнім часам некаторыя беларускія банкі ўводзяць абмежаванні па міжнародных пераводах. Так, у «Прыёрбанку» пасля абнаўлення тарыфаў для прыватных кліентаў з пераліку паслуг зніклі SWIFT-пераводы ў доларах і еўра. А РРБ-Банк са снежня забароніць фізічным асобам рабіць пераводы на суму меней за 20 000 долараў.
Сістэмы грашовых пераводаў у Беларусі
Western Union і Ria Money Transfer прыпынілі сваю дзейнасць у Беларусі яшчэ ў сакавіку. А некаторыя з тых, што засталіся, абмежавалі працу з пэўнымі беларускімі банкамі.
На пачатак кастрычніка можна было карыстацца наступнымі сэрвісамі (у дужках пазначаныя банкі, з якімі яны працуюць):
- «Залатая карона» (БСБ Банк, Тэхнабанк, БТА Банк)
- «Юністрым» (Тэхнабанк, БНБ-Банк, БТА Банк)
- MoneyGram (Тэхнабанк, БТА Банк)
- Contact (Тэхнабанк)
- «Сбербанк Онлайн» (Сбербанк)
Заўважым, што ўсе пералічаныя сістэмы, акрамя MoneyGram, — з Расеі, таму тая ж «Залатая карона» абмяжоўвае выбар валюты расейскім рублём: канвертацыяй давядзецца займацца самастойна. Таксама майце на ўвазе камісію ў 15%.
На якіх умовах працуе MoneyGram у Беларусі
MoneyGram — адна з найбуйнейшых міжнародных сістэм тэрміновых грашовых пераводаў, якая працуе з краінамі СНД (дзейнасць прыпыненая толькі ў Расеі) і дальняга замежжа. Вось на якіх умовах яна супрацоўнічае з беларускім БТА-Банкам (звярніце ўвагу, у якой валюце грошы адпраўляюць, а ў якой — атрымліваюць):
- перавод можа рабіцца ў дзвюх валютах — доларах і еўра;
- сума аднаго пераводу не можа перавышаць 10 000 долараў (ці еўра ў эквіваленце);
- згодна з пагаджэннем з сістэмай грашовых пераводаў MoneyGram, выплата ажыццяўляецца ў беларускіх рублях;
- грашовыя сродкі для фізічнай асобы могуць быць выдадзеныя атрымальніку праз дзесяць хвілін пасля прысваення пераводу ўнікальнага кантрольнага нумару (адпраўнік канфідэнцыяльна паведамляе яго атрымальніку);
- грошы даступныя да выплаты 90 дзён.
Яшчэ адпраўнік мусіць ведаць, што ўнясенне зменаў ці ануляванне пераводу магчыма толькі ў пункце, адкуль ён ажыццяўляўся. Пры гэтым змяніць можна толькі імя і прозвішча атрымальніка: краіна прызначення ці сума пераводу павінны застацца нязменнымі.
Абавязкова звярніце ўвагу на камісію: у банку яе сціпла называюць «памерамі ўзнагароджання за ажыццяўленне грашовага пераводу». Але сумы зусім не сціплыя. Ніжэй прыводзім табліцу разлікаў камісіі, праўда, прыведзеныя лічбы банк называе тарыфамі за адпраўленне грашовых сродкаў за мяжу. Мяркуем, што пры адпраўленні з-за мяжы існуюць тыя ж правілы.
* Сума пазначаная ў доларах. Максімальная камісія за перавод у еўра — 225 (ад 5 000).
Паслугі фінтэх-кампаній
Так, гэта адзін з самых папулярных сярод беларусаў замежжа спосабаў пераводу грошай на радзіму. Назву Paysend напэўна чулі нават тыя, хто не сутыкаўся з грашовымі пераводамі, але час ад часу чытае фінансавыя навіны. Сэрвіс створаны айцішнікамі, таму працуе як і ўсё ў гэтай сферы: хутка, проста, празрыста. Камісія складае ўсяго 1,5 еўра, прапанаваны курс дастаткова прыемны, тым больш, усе нюансы аперацыі можна прасачыць у рэжыме рэальнага часу.
Праўда, увесну быў гучны скандал: Paysend памылілася з курсам, і калі ты пералічваў сабе пэўную доларавую суму, то за атрыманае ў беларускіх рублях мог купіць амаль на трэць больш долараў за тыя, што дасылаў. Калі сэрвіс пачаў вяртаць грошы, многім беларусам, якія палічылі іх сумленным даходам, гэта не спадабалася. Цяпер усё працуе правільна, а Paysend мае кейс пра вучобу і памылкі.
Падаткі за атрыманы перавод
Не хвалюйцеся, калі вы дасылаеце грошы бацькам ці жонцы або мужу: пераводы ад блізкіх сваякоў падаткам не абкладаюцца. Але ўлічвайце, што падатковая можа запрасіць дакументы, якія пацвярджаюць ваша сваяцтва. Падатак таксама не спаганяецца, калі вы атрымалі перавод ад фізічных асоб (не сваякоў) на суму, меншую за 7 521 BYN, якая з’яўляецца падарункам.
Так што ўзважце ўсе «за» і «супраць» і пералічыце грошы сваякам на падарункі — навагоднія святы бліжэй, чым падаецца.