Гiды

Як паклапаціцца пра хатніх жывёлаў, калі ўсё няпроста

Як паклапаціцца пра хатніх жывёлаў, калі ўсё няпроста

Нашыя коцікі ды сабачкі – гэткія ж ахвяры нявызначанасці ў жыцці, як і людзі. А можа, нават большыя, бо самі пра сябе не паклапоцяцца. Пры гэтым у няясныя часы менавіта пухнастыя, зубатыя ды вушастыя сябры часта ратуюць гаспадароў ад разгубленасці і смутку, адорваюць бясплатнай псіхатэрапіяй і дзеляцца энергіяй. Што зрабіць, каб падтрыхтаваць хатніх жывёлаў да розных непажаданых сітуацыяў, і як забраць да сябе роднага хвастасціка, калі вас раздзялілі сотні кіламетраў – пра гэта Sojka пагутарыла з дасведчанымі гаспадарамі і сабрала падказкі ды парады амаль што на ўсе выпадкі жыцця.

Як паклапаціцца пра хатніх жывёлаў, калі ўсё няпроста

Як падрыхтаваць хатніх жывёлаў да сваёй адсутнасці

Праблема раптоўнай і доўгай адсутнасці гаспадароў усплыла ў розных краінах
пачынаючы з першай хвалі каранавірусу – калі чалавек раптам аказваўся ў лякарні, не паспеўшы перадаць ключы і інструкцыі па доглядзе жывёлаў камусьці з блізкіх. Пытанне часовага «запаснога» гаспадара актуальная і для старэйшых людзей, што жывуць адны з жывёламі. А калі ў краіне праблемы з правасуддзем, да небяспек, з якімі можа сутыкнуцца пухнасцік, дадаецца рызыка затрымання яго гаспадароў.

Што трэба прадумаць загадзя: чэк-ліст

  • Першая і галоўная парада для любой сітуацыі: пакіньце адказным блізкім або сябрам запасныя ключы ад сваёй кватэры (ВАЖНА: няхай гэта будзе мінімум двое сяброў – мы ведаем сітуацыю, калі чалавек пакінуў ключы ў сябра, разам з якім яго і затрымалі, – сёння няма нічога немагчымага).
  • Вядома, калі жывёла патрабуе пастаяннай прысутнасці чалавека, то ў ідэале дамоўцеся з тымі з сяброў, хто мог бы пажыць у вашай кватэры ці ўзяць жывёлу да сябе. (Усё гэта трэба абавязкова абмеркаваць загадзя, каб раптам не выявілася, што ў вашага таварыша алергія на катоў, а кот такі, што фізічна не можа быць без чалавека).
  • Лепей загадзя купіць месячны запас корму (а яшчэ напаўняльніка для туалету катам, падсцілкі для хамякоў і ўсяго іншага, што патрабуе рэгулярнай замены).
  • Добра, калі ёсць магчымасць наліць ваду, акрамя асноўнай талеркі вашага сабакі або ката, у некалькі розных ёмістасцей – у свеце былі выпадкі, калі каты выжывалі ў кватэры даволі доўгі час без гаспадароў, але пры гэтым выпівалі ваду з акварыуму і з’ядалі рыбак, да якіх раней не дэманстравалі апетыту.
  • Пакіньце адказнаму чалавеку з ключамі інструкцыю, дзе падрабязна распішыце: які корм і напаўняльнік купляць, у які час выгульваць сабаку (і не забываць збіраць за ім какашкі), чаго ні ў якім выпадку не дазваляць жывёле, якія ў яе хваробы або слабыя месцы, да якога ветэрынара ці ў якую клініку вы звяртаецеся і інш.).
  • Калі жывёла пастаянна мусіць прымаць нейкія лекі, то купіце іх загадзя і для іх складзіце асобную інструкцыю. Або калі ведаеце, што ў ката, напрыклад, праблемы з вачыма ці вушамі, распішыце сімптомы, калі неабходна будзе занепакоіцца, і падрыхтуйце адпаведныя кроплі.
  • Калі ваш блізкі ніколі не меў досведу камунікацыі з такой жывёлай, як ваша, то добра, калі ёсць магчымасць пакінуць нумар ветэрынара, з якім вы самі трымаеце сувязь, ці іншага чалавека, які ведае асаблівасці вашай жывёлы.
  • Неблагой ідэяй будзе пакінуць адказнаму чалавеку грошы – на выпадак раптоўнага лячэння жывёлы ці нейкай іншай экстранай сітуацыі.

Калі вы – сябар затрыманага, у якога дома жывёла

  • Даведайцеся, ці перадалі камусьці з блізкіх адказнасць за жывёлу.
  • Калі выявилася, што такіх інструкцый ніхто не атрымліваў, даведайцеся, як можна трапіць у кватэру вашага сябра – магчыма, запасныя ключы ён пакінуў у бацькоў, што жывуць у іншым горадзе, а тыя не маюць магчымасці прыехаць. (Была сітуацыя, калі сябры залазілі праз акно ў прыватны дом, дзе чалавек здымаў пакой, каб пакарміць ягоных катоў. Тут усё абышлося без прыгод, аднак не ўсім можа гэтак пашанцаваць).
  • Калі адказнасць на вас, аднак вы не надта разбіраецеся, што рабіць, а інструкцый вам не пакінулі, то звяжыцеся з тым, хто можа лепей ведаць гэтую жывёлу, але каму ваш сябар з нейкіх прычын не мог даручыць адказнасць (напрыклад, былая дзяўчына).
Як паклапаціцца пра хатніх жывёлаў, калі ўсё няпроста

Як падрыхтаваць жывёлаў да пераезду

Як паказваюць некаторыя гісторыі людзей, якім раптоўна давялося выехаць з краіны, не заўсёды было магчыма адразу ўзяць з сабой хатнюю жывёлу - нават калі выязджаеш з краіны легальна, можа сысці шмат часу на падрыхтоўку ўсіх неабходных дакументаў. Аднак многія з пунктаў (напрыклад, прышчэпкі) не шкодзіць зрабіць і тады, нават калі вы не збіраецеся з’язджаць. У любым выпадку не зашкодзіць ведаць агульны пералік правіл для выезду, аднак асобныя краіны маюць свае асаблівасці, якія лепш праверыць непасрэдна перад уездам, калі базавыя дакументы і захады ўжо гатовыя.

Якім транспартам вывозіць жывёлаў

  • Міжнародны ветэрынарны пашпарт – яго можна купіць толькі ў дзяржаўнай ветстанцыі. (ВАЖНА: Калі мяркуецца, што жывёлу будзе везці не гаспадар, трэба пакінуць у міжнародным пашпарце ў графе ўладальнікаў адно пустое месца – і пасля запісаць туды кур’ера).
  • Чып – пры яго ўсталяванні лепей удакладніць, ці пасуе ён да пэўнай канкрэтнай краіны. Яго, як і прышчэпкі, можна зрабіць у прыватнай клініцы, але пасля перанесці гэтую інфармацыю ў міжнародны ветпашпарт усё ў той жа дзяржаўнай ветстанцыі.
  • Прышчэпкі – іх трэба зрабіць абавязкова пасля ўсталявання чыпу – іначай інфармацыя пра іх проста не будзе даступная. Пры гэтым пасля прышчэпкі ад шаленства жывёла мусіць адбыць дома 21-дзённы каранцін, і толькі пасля гэтага можна выязджаць за мяжу. Для краін Еўрасаюза дастаткова толькі прышчэпкі ад шаленства, аднак каб вярнуцца назад у Беларусь катам патрэбная яшчэ прышчэпка ад панлейкапеніі, а сабакам – супраць чумы платаядных, гепатыту, парвавірусных і адэнавірусных інфекцый, лептастырозу (калі не былі апрацаваныя з прафілактычнай мэтай дэгідрастрэптаміцынам або рэчывам, які дае эквівалентны эфект). (ВАЖНА для шчанят/кацянят: у ЕС можна ўвозіць жывёл, пачынаючы фактычна з 4-месячнага ўзросту: прышчэпку ад шаленства ставяць толькі пасля трох месяцаў плюс 21 дзень каранціну.)
  • Даведка аб стане здароўя жывёлы – яна дзенічае 5 дзён, таму лепей яе браць напярэдадні ад’езду (кажуць, што ў дзяржаўных ветстанцыях яе робяць за пару гадзін). Таксама адпаведны запіс – што жывёла здаровая – доктар мусіць зрабіць і ў міжнародным ветпашпарце. Даведка мусіць быць як мінімум на ангельскай мове, але перад выездам лепей удакладніць, ці няма спецыяльных патрабаванняў у краіне, куды вы накіроўваецеся. (Для Польшчы ёсць магчымасць аформіць даведку на рускай, ангельскай і польскай мовах).
  • Апрацоўка ад глістоў (для сабак) – павінна праводзіцца не больш чым за 5 і не менш чым за 1 дзень да выезду. Інфармацыя ад апрацоўцы таксама мусіць быць занесена ў міжнародны ветпашпарт і заверана подпісам і пячаткай доктара.

Што трэба ведаць для перасячэння мяжы

  • калі жывёлу ўвозіць кур’ер / упаўнаважаная асоба, уладальнік павінен зрабіць даверанасць, падпісаць яе, прымацаваць да ветэрынарнага сертыфікату і заверыць ветдоктарам (узор даверанасці для Літвы можна спампаваць тут;
  • для Літвы: ветэрынарны сертыфікат, выдадзены ўпаўнаважаным ветэрынарным лекарам краіны адпраўлення, і заява (дэкларацыя) (у выпадку, калі вязе кур’ер – падпісаная ім); формы можна знайсці тут; узор аформленага сертыфіката і іншая карысная інфармацыя ёсць тут;

У сертыфікаце той, хто ў Літве, пазначаецца ў полі «атрымальнік», а той, хто вязе, – у полі «адпраўнік»; абавязкова трэба пазначыць, што асоба перавозіць жывёлу па даверанасці з некамерцыйнымі мэтамі.

ВАЖНА: былі выпадкі, калі мінскія ветэрынары не хацелі так афармляць, але, пасля таго, як ім паказалі прыклад ужо аформленага сертыфіката іншых людзей, пагадзіліся і ўсё зрабілі. Лепш за ўсё прыехаць у раённую ветэрынарку загадзя і ўдакладніць, ці зробяць яны, як вам трэба.

  • для ўезду некаторых парод сабак (якія лічацца небяспечнымі – у кожный краіне свой спіс) патрабуецца адпаведны дазвол інспекцыі і даведка аб тым, што гаспадар прайшоў у кіналагічным клубе спецкурс па правілах догляду гэтай пароды;
  • пошліна на мяжы – трэба высвятляць адносна канкрэтнай краіны. Напрыклад, у Польшчы яна складае 23% ад цаны жывёлы (цану вызначаюць памежнікі па даступных ім базах дадзеных) – гэты падатак можна вярнуць, калі пры зваротным перасячэнні мяжы вы будзеце выязджаць з гэтым жа катом або сабакам. Акрамя таго, за мяжой можна аформіць жывёле еўрапейскі пашпарт, тады яна не будзе абкладацца падаткам. Збольшага падатак датычыцца пародзістых жывёлаў, аднак былі выпадкі, калі памежнікі патрабавалі сплаціць падатак і за беспароднага ката – таму лепей загадзя паклапаціцца, каб у пашпарце было прапісана, што ён «метыс»;
  • мытная дэкларацыя – для беларускай мытні – спампаваць і загадзя запоўніць у двух экзэмплярах можна тут;
  • на тэрыторыю Еўрасаюза можна ўвозіць да 5 жывёлаў, аднак пры вяртанні ў Беларусі іх мусіць быць не больш за 2 (таму пасля трэба будзе падумаць, хто дапаможа вам увезці вашых астатніх сяброў – у прынцыпе, для гэтага сёння існуюць асобныя кампаніі);
  • для ўезду ва Украіну – вынікі вызначэння тытраў антыцелаў да віруса шаленства. Гэта спецыяльная даведка, якая паказвае ўзровень антыцелаў у арганізме. Сам тэст трэба рабіць праз месяц пасля прышчэпкі і чакаць вынікі яшчэ тры месяцы. Нейтралізуючы шаленства тытр антыцелаў павінен быць роўны або вышэйшы за 0,5 МЕ/мл.

ВЕЛЬМІ ВАЖНА: удакладніць правілы ўвозу жывёлаў можна ў дзяржаўнай ветстанцыі Беларусі, на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі, мытных органаў або пасольства краіны ўезду (для Літвы: па пытаннях правілаў увозу жывёлаў (ветслужба Літвы): klausimai@vmvt.lt; па пытаннях мытнага дэкларавання: info@lrmuitine.lt). Лепш быць упэўненым ва ўсіх падрыхтаваных дакументах. Калі нешта аформлена няправільна, вашага гадаванца могуць на мяжы забраць у каранцін. На жаль, у каранціне жывёлаў з няправільна аформленымі дакументамі могуць усыпіць.

Якім транспартам вывозіць жывёлу

  • Аўтамабіль: заязджаеце на «чырвоны калідор» і паказваеце пашпарт і чып. Калі жывёла едзе з кур’ерам, то не забудзьце пазначыць яго звесткі ў пашпарце. (Перавозіць жывёлаў рэйсавым аўтобусам НЕЛЬГА).
  • Цягнік: даведацца правілы правозу жывёл на цягніку трэба ў канкрэтнай транспартнай кампаніі – напрыклад, сёння ёсць магчымасць перасячы мяжу на цягнуку Расійскай чыгункі. Трэба ўдакладняць, ці пасуе канкрэтны вагон для перавозкі ката ці сабакі. На гадаванца трэба аформіць перавозачныя дакументы і аплаціць праезд. Гэта можна зрабіць як адначасова з купляй квітка для пасажыра, так і на вакзале перад адпраўленнем цягніка (але не пазней, чым за 2 гадзіны да адпраўлення). Дробны сабака або кошка павінны свабодна змяшчацца ў пераноску, сума трох вымярэнняў якой не перавышае 180 см. Пераноска змяшчаецца на месца ручной паклажы. Вялікі сабака павінен знаходзіцца ў цягніку ў намордніку і на ланцужку. Уладальнік або кур’ер з вялікім сабакам павінен цалкам выкупіць купэ. Можна правозіць не больш за два каты ці не больш за два сабакі.

Асобным радком ідуць сабакі-павадыры для людзей з інваліднасцю. Іх можна правозіць у вагонах усіх тыпаў, нават у тых, дзе праезд з жывёламі не дазволены. Білет такому сабаку купляць не трэба, правоз бясплатны. Афармляць якія-небудзь дакументы таксама не давядзецца. Галоўнае, каб сабака быў у нашыйніку і намордніку і ўвесь час сядзеў або ляжаў побач з пасажырам, якога суправаджае.

  • Самалёт: даведацца правілы правозу жывёлаў трэба ў канкрэтнай авіякампаніі. Часцей за ўсё, у салоне самалёта можна перавозіць жывёлаў у пераносцы, калі кантэйнер не перавышае памеры 55х40х20см, а максімальная вага жывёлы разам з кантэйнерам – не больш за 8 кг, збор за перавоз – ад 50 еўра. Калі жывёла важыць з пераноскай больш за 8 кг, то перавозіць яе можна толькі ў багажным адсеку (там тарыфы яшчэ вышэйшыя).
Як паклапаціцца пра хатніх жывёлаў, калі ўсё няпроста

ПРАЕКТ RUN DOG RUN

І напрыканцы – гісторыі коцікаў, сабачак і іхных людзей. Пачытаць і паглядзець на сапраўднае сяброўства можна вось тут. Стваральнікі праекту Run Dog Run кажуць, што ён паўстаў з асабістай гісторыі. Вось што Сойцы распавяла суаўтарка праекту – беларуская фатографка Ірына Арахоўская:

«Я выехала з Беларусі на 4 дні ў камандзіроўку, за гэты час у мяне дома правялі ператрус, і я затрымалася на месяц, потым на два… і засталася. Праз 9 месяцаў я стала шукаць спосаб, як перавезці майго сабаку. Ён стары, пералёт наўрад ці б вытрываў.

Але пра нашую гісторыю даведаліся не знаёмыя мне людзі, яны пагадзіліся аформіць на сябе сабачку ды прывезці яго. За гэта яны нічога не папрасілі. А калі хлопцы вярнуліся ў Беларусь, іх вельмі жорстка затрымалі, цяпер яны палітычныя зняволеныя. Гэта Жэня Рубашка і Саша Бялоў.

Віктар Контар – другі аўтар праекту Run Dog Run – таксама прыехаў у Польшчу на два тыдні і вымушаны быў застацца. Ён збоку назіраў за маімі пакутамі і хваляваннямі за сабаку і прапанаваў зрабіць гэты праект. Нам вельмі дапамог FreeBelarusCenter – грамадская ініцыятыва, якая аказвае гуманітарную падтрымку тым, хто вымушаны быў зʼехаць. Run dog run – гэта пра вымушаную палітычную эміграцыю беларусаў. Толькі мы знайшлі свой спосаб паказаць гісторыі людзей. Галоўныя героі праекту – жывёлы. А чырвоная нітка, якая звязвае нашыя гісторыі – салідарнасць беларусаў, якія дапамагалі нашым героям.

Кожную гісторыю мы прапусцілі праз сябе, таму, мне падаецца, наш праект выглядае вельмі цёплым, напоўнены блізкімі планамі і дэталямі. Але асабліва мне запомнілася гісторыя Марсіка і Аліны. Аліна валанцёрыла пад Акрэсціна ў жніўні. І ў гэты час, у дзень самага буйнога маршу, Марсік раптоўна памёр. Аліна перавезла прах Марсіка праз мяжу, а версія для памежнікаў была такая: прах з Марсікам – гэта кава. Аліна мужна справілася са стратай і таму была вельмі адкрытая і шчырая ў размове.

Спачатку мы зрабілі 6 гісторыяў, каб паглядзець, ці будзе цікавасць да праекту. У нас добрыя прагляды, мы бачым патрэбу ў праекце, таму будзем працягваць і заахвочваем чытачоў з цікавым, цяжкім досведам перавозкі або расстання з гадаванцамі пісаць нам. На памяць сваім героям мы пакідаем фотаздымкі».

ЗАМЕСТ ВЫСНОВАЎ

Хатнія жывёлы – гэткія ж закладнікі абставінаў, як і іхныя чалавечыя гаспадары. Хацелася б, каб іхнымі асноўнымі заняткамі былі забавы ды спажыванне ласункаў, а не адзінота, страх і голад. Няхай нішто не перашкодзіць нашаму сяброўству!

Нашыя гіды – не непарушныя помнікі эпохі.

У нас ёсць месца на змены, дапаўненні ды новую інфармацыю. Дасылайце свае заўвагі ды пажаданні на sojka.editors@gmail.com, каб гэтая інструкцыя была максімальна карыснай кожнаму, хто мусіць падбаць пра свайго гадаванца.