Агульныя правілы
Дзеці (грамадзяне Беларусі да 18 гадоў, якія не набылі дзеяздольнасць раней праз розныя акалічнасці) могуць выязджаць за мяжу:
- Разам з абодвума бацькамі (ці законнымі прадстаўнікамі) пры прад’яўленні адпаведных дакументаў
- Разам з адным з бацькоў (законных прадстаўнікоў)
- З іншай асобай, якая мае пісьмовы дазвол ад абодвух бацькоў
Калі адзін з бацькоў не згодны з такім парадкам (напрыклад, не жадае, каб другі з бацькоў мог вывозіць дзіця за мяжу самастойна), ён можа звярнуцца ў суд з патрабаваннем вызначыць іншы парадак. Суд можа абмежаваць права на выезд дзіцяці.
Дакументы, патрэбныя для выезду
- Пашпарт з адзнакай пра дзіця
- Пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці
У розных сітуацыях могуць спатрэбіцца:
- Пасведчанне або копія рашэння суда аб усынаўленні/удачарэнні
- Пасведчанне на права прадстаўляць інтарэсы дзіцяці
- Дамова пра ўмовы выхавання і ўтрымання дзяцей
- Копія рашэння органа апекі пра ўстанаўленне апекі ці папячыцельства
Калі адзін з бацькоў не можа дазволіць выезд
Бывае, што аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці няма або ён не можа засведчыць сваю згоду на выезд. У такім выпадку выезд дзіцяці з трэцяй асобай магчымы з пісьмовай згоды толькі аднаго з бацькоў, пры прад’яўленні аднаго з дакументаў:
- Копіі рашэння суда пра магчымасць выезду без дазволу іншага прадстаўніка
- Копіі рашэння суда аб прызнанні аднаго з бацькоў недзеяздольным
- Копіі судовага рашэння аб пазбаўленні аднаго з прадстаўнікоў бацькоўскіх правоў
- Даведкі пра тое, што другі з бацькоў знаходзіцца ў крымінальным вышуку — ад органа, які вядзе гэты працэс
- Копіі рашэння суда аб прызнанні аднаго з бацькоў зніклым без звестак
- Шлюбнай дамовы (або копіі дамовы), у якой указана, што дзіця можа выязджаць без сваіх законных прадстаўнікоў
- Пасведчанні пра смерць аднаго з бацькоў або копіі рашэння суда аб прызнанні гэтай асобы памерлай
- Даведкі пра тое, што запіс пра аднаго з бацькоў у кнізе запісу актаў адбываўся са словаў другога з бацькоў, які пры гэтым не знаходзіўся ў шлюбе
Калі бацькі ў турме
Наша рэчаіснасць, на жаль, падкідае і такія выпрабаванні.
- Калі адзін з бацькоў знаходзіцца за кратамі, іншы можа выехаць з дзіцём за мяжу, прад’явіўшы дакументы, якія пацвярджаюць статус афіцыйнага апекуна.
- Калі адзін або абодва з бацькоў знаходзіцца за кратамі, дзіця можа выехаць за мяжу з трэцяй асобай пры прад’яўленні згоды абодвух сваіх бацькоў. Згоду можна атрымаць, запрасіўшы натарыуса ў СІЗА (са згоды следчага) ці ПК.
Выезд на аздараўленне, санаторна-курортнае лекаванне
Дзеці могуць выязджаць без бацькоў на аздараўленне разам з арганізаванымі групамі. У такім выпадку дастаткова пісьмовай згоды аднаго з бацькоў. Аднак дадзеныя дзіцяці мусяць знаходзіцца ў спісе, зацверджаным арганізацыяй, якая мае права вывозіць дзяцей для аздараўлення.
Таксама дзеці могуць выязджаць за мяжу для атрымання медычнай дапамогі без суправаджэння законных прадстаўнікоў з пісьмовым дазволам аднаго з іх. Пры гэтым у дзіцяці мае быць адпаведнае рашэнне камісіі Міністэрства аховы здароўя.
Агульныя патрабаванні да дакументаў
Пісьмовы дазвол аднаго з бацькоў на выезд дзіцяці мае быць зацверджаным натарыусам або іншай службовай асобай, якая можа выконваць натарыяльныя дзеянні; службовай асобай падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў па месцы жыхарства дзіцяці ці яго законнага прадстаўніка; кампетэнтным органам ці службовай асобай іншай дзяржавы.
Копіі дакументаў прымаюцца, калі іх засведчыў натарыус, або іншая службовая асоба, якая мае на гэта права. Афіцыйныя дакументы, выдадзеныя ў іншых краінах, трэба легалізаваць ці праставіць апастыль, іх абавязкова перакласці на адную з дзяржаўных моваў і зацвердзіць пераклад у натарыуса.