Гiды

Як абараніць смартфон свайго дзіцяці

Як абараніць смартфон свайго дзіцяці

У сезон падарункаў вашыя лясныя сябры Сойка і «КіберБабёр» прапануюць асабліва пільна прыгледзецца да, бадай, самага жаданага падарунка — смартфона. Якія інструменты выкарыстоўваць, каб кантраляваць час і заняткі дзіцяці ў сеціве, своечасова рэагаваць на тое, што посцяць вашыя малыя і што могуць пісаць ім у адказ. Ну, і нашыя галоўныя беларускія аматары пакалупацца у чужых тэлефонах, на жаль, нікуды не падзенуцца нават з прыходам магічнай каляднай пары. Раім, што рабіць, каб падарунак не ператварыўся ў кашмар для вашага дзіцяці і вас саміх.

Як абараніць смартфон свайго дзіцяці Малюнкі Ave

Абараніцца ад кепскага кантэнту

Адмысловыя сэрвісы

Дзеля таго каб абараніць дзяцей ад неадпаведнага зместу, многія папулярныя сэрвісы абзавяліся адмысловымі дзіцячымі версіямі, якія абмяжоўваюць дрэнны кантэнт і асобаў, якія могуць пісаць вашаму дзіцяці. Вось частка з іх:

Адмысловыя наладкі

На жаль, адзінай інструкцыі для макаў, камп’ютараў з віндаўс і тэлефонаў проста няма (а так хацелася б!). Кожная аплікацыя і сайт маюць свае наладкі, таму мы сабралі спасылкі на інструкцыі і інструменты па наладках розных дэвайсаў.

  • Apple (iPhone, iPad і iPod Touch): налады бацькоўскага кантролю. У інструкцыі падрабязна распісана, як абмежаваць кантэнт праз сам дэвайс, як заблакаваць пакупкі ў iTunes Store і App Store, а таксама як выставіць узроставы ліміт і абмежаваць кантэнт па пошуку ў інтэрнэце цалкам, а не толькі ў YouTube, Messenger і TikTok.
  • Apple (Мас): абмежаванне экраннага часу. З дапамогай гэтай інструкцыі можна выставіць, як доўга дзіцё можа глядзець відэа ў YouTube.
  • Google Family Link. Праз гэты сэрвіс можна падлучыць тэлефон дзіцяці да агульнай сямейнай сістэмы, каб пры патрэбе назіраць, чым і як карыстаецца дзіцё са сваёй прылады.
  • Microsoft: фільтраванне прылад праз Microsoft Edge. Падрабязныя інструкцыі для акаўнтаў Microsoft (сюды ж уваходзяць дэвайсы на Windows і Xbox).
Як абараніць смартфон свайго дзіцяці Малюнкі Ave

Абараніцца ад нядобразычліўцаў

Ёсць яшчэ адзін бок пагроз, пра які варта задумвацца бацькам: вірусы, узломы акаўнтаў, уцечкі дадзеных, крадзежы дэвайсаў, кібербулінг. Што рабіць у гэтай сітуацыі?

  • Пастаўце пароль на дэвайс. Каб гэты пукт спрацаваў, раім разам з дзіцёнкам выбраць нейкую знаёмую фразу, у якой замяніць 2-3 сімвалы ці наўмысна зрабіць памылкі. Пароль на дэвайсе не дазволіць людзям з дрэннымі намерамі выкарыстоўваць тэлефон, каб адпраўляць тэкставыя паведамленні або размяшчаць няёмкія каментары ад імя дзіцяці з іх акаўнтаў. То бок абараняе ад сітуацыі, калі нехта проста возьме тэлефон або скрадзе яго з намерам пісаць ад імені вашага дзіцяці. Таксама ў смартфон не зможа залезці цікаўны аднакласнік.

Важна! Раім бацькам захаваць сабе пароль, каб пазбегнуць сітуацыі выпадковай блакіроўкі дэвайса у выпадку, калі дзіця забылася пароль.

  • Усталюйце аўтаабнаўленні дэвайса. Абнаўленні выходзяць не проста так. Звычайна распрацоўшчыкі аперацыйных сістэм ці прыладаў знаходзяць нейкую дзірку, праблему ў бяспецы, якая вырашаецца з абнаўленнем. Калі абнаўленне не ўсталяваць, то ў хакераў будзе больш шанцаў трапіць у дэвайс. А наладка аўтаматычнага абнаўлення вырашае праблему таго, што трэба кожны раз самастойна залазіць у дэвайс дзіцяці і наладжаваць там новыя версіі прыладаў. Спасылкі для налады аўтаабнаўленняў на Мас, Windows, IPhone, Android, Google Play, AppStore.
  • Уключыце аўтаблакіроўку экрана праз кароткі тэрмін (1-3 хвіліны), калі экранам не карыстаюцца. Гэта дапамагае як для абароны дадзеных ад рандомных людзей, так і ад крадзяжу дэвайса. Калі нехта выкрадзе тэлефон вашых сына або дачкі, экран іх дэвайсаў заблакуецца сам і тэлефонам будзе ці складана ці ўвогуле немагчыма карыстацца. Калі ж блакіроўкі няма, скрадзены тэлефон стане лёгкай прынадай.
Як абараніць смартфон свайго дзіцяці Малюнкі Ave

Выпрацоўваць падыход

Аднак парады, як механічна абараніць дэвайс дзіцяці, не вырашаюць усіх праблем, якія могуць узнікнуць. Важна стварыць сямейную культуру даверу, калі дзеці размаўляюць з бацькамі пра розныя сітуацыі. Напрыклад, важна растлумачыць дзіцяці, чаму:

  • нельга публікаваць ці перадаваць свой адрас, нумар тэлефона, школы, класа;
  • падчас рэгістрацыі на новым сэрвісе варта пісаць толькі мінімальна неабходную колькасць дадзеных пра сябе і рабіць профілі закрытымі;
  • неабходна выходзіць са сваіх акаўнтаў пасля карыстання імі ў публічных месцах не на сваіх дэвайсах (школьны камп’ютар у кабінеце інфарматыкі, планшэт сябра, агульны камп’ютарны клас і г.д.);
  • калі нехта незнаёмы дадаецца ў сябры, пачынае пісаць дзіцяці паведамленні, прасіць фота ці запрашаць на сустрэчу, трэба сказаць пра гэта бацькам.

Таксама варта і важна карыстацца іншымі інструментамі, якія ўжо працуюць у вашай сям’і. Напрыклад, складаць разам з дзецьмі сапраўдныя дарослыя пісьмовыя дамоўленасці пра абмежаванні карыстання гаджэтамі, тлумачыць важныя правілы паводзін у інтэрнэце ў гульнявым фармаце, чытаць дзецям казкі пра кібербяспеку і, вядома, не забываць, што вы — узор для свайго дзіцяці. Таму спачатку налады для лічбавай бяспекі — на свой дэвайс, а пасля — на дэвайсы малых.

Каб быць смелым сёрферам у сеціве, выклікаць давер у дзяцей і не губляцца ў незразумелых сітуацыях, звяртайцеся ў бот ініцыятывы па лічбавай бяспецы «КіберБабёр». Там вам дапамогуць з парадамі і наладамі. Бяспечнага карыстання і вясёлых святаў вам ды вашым пачаткоўцам у анлайне.