Гiды

Як выхоўваць дзяцей беларусамі. У Беларусі і за яе межамі

Як выхоўваць дзяцей беларусамі. У Беларусі і за яе межамі

Быць беларусам — гэта не толькі пра агульнае месца нараджэння. Гэта пра супольнасць, адметнасць ды правы. Як спяваецца ў вядомай песні, «быць беларусам — людзьмі звацца».

Sojka пагаварыла з дзясяткамі беларускамоўных і рускамоўных бацькоў, педагогаў, псіхолагаў ды актывістаў пра тое, як даць нашым дзецям не толькі дах над галавой, здаровыя звычкі ды цікавыя заняткі, але і тое, што дазваляе са спакоем ды годнасцю глядзець у будучыню — супольнасць, самадастатковасць, адметнасць і родную мову. Адным словам, тое, чаго ў іх ніхто не забярэ. Гэты гід пра тое, як з любоўю і без боязі выхоўваць дзяцей беларусамі.

Але для пачатку пра тое, што нас спыняе.

Частыя пытанні

Быць беларусам — няпроста і непрактычна, даводзіцца шмат дамагацца і ствараць з нуля. Навошта гэты цяжар дзецям?

Пачуццё адметнасці ды годнасці не перашкодзіць вырасці добрым чалавекам. Затое нацыянальная ідэнтычнасць дасць апірышча ў спробе зразумець сябе, свой шлях, свой род. І добрую кампанію людзей, якія думаюць на той жа мове і дапамогуць у любым кутку свету. Вывучэнне мовы, гісторыі, казак і песень сваёй краіны — ідэя бясконцай забавы для ўсёй сям’і найлепшы аб’яднальны занятак для бацькоў з дзецьмі.

Беларуская мова не паспявае за рэчаіснасцю: ці не абмяжую я сусвет свайго дзіцяці, калі засяроджуся толькі на беларускіх кніжках, мультфільмах, занятках?

Беларускія выдавецтвы, прыватныя і грамадскія ініцыятывы імкнуцца запоўніць любы вакуум. Пераклады сусветна вядомых аўтараў, агучка любімых мультфільмаў — у гэтым гайдзе мы сабралі немалую частку таго, што можна глядзець і чытаць. А калі нечага не хапае, кожны з нас можа далучацца да стварэння новага.

Хочам гаварыць дома па-беларуску. Але бабулі ды дзядулі гавораць па-руску. Дзіцяці гэта не нашкодзіць?

Назіранне за білінгвальнымі сем’ямі паказвае: навучыць дзіця дзвюм мовам як родным найпрасцей, пачаўшы да таго, як дзіця пачне размаўляць. Тут важная сістэматычнасць. Таму, калі вы будзеце гаварыць з дзіцем толькі па-беларуску, а бабуля — толькі па-руску, дзіця засвоіць абедзве мовы аднолькава добра. Пры гэтым, як правіла, у дзяцей-білінгваў лепш развітае абстрактнае мысленне і яны больш камунікабельныя, да таго ж, пасля ім лягчэй засвойваць і іншыя мовы. Мы сабралі парады, як пачаць вучыць беларускую з ахвотай і без стрэсу.

Баюся, што адметнасць перашкодзіць дзіцяці жыць у грамадстве.

Як правіла, большасць беларускамоўных дзяцей ведаюць дасканала прынамсі яшчэ адну мову і ў неспрыяльных абставінах могуць абіраць, як больш камфортна камунікаваць. Адначасова у гайдзе вы знойдзеце парады для бацькоў пра тое, як абараніць роднага чалавека ад булінгу і навучыць адстойваць сваё «я».

Дзе знайсці падтрымку

Прасцей за ўсё шукаць аднадумцаў у сеціве. Вось асноўныя суполкі, дзе гуртуюцца бацькі беларускамоўных дзяцей, распаўсюджваюцца звесткі пра разнастайныя ініцыятывы, тавары і паслугі:

  • Дзеткі-кветкі

Суполка ў Facebook і VK, якая перакачавала туды з чатаў і ўжо шмат гадоў з’яўляецца крыніцай ведаў для тых, хто хоча знайсці аднадумцаў і выхоўваць дзяцей на нацыянальнай мове цікава і разнастайна.

  • «Содружество родителей Беларуси»

Вялікая суполка ў Facebook, дзе гуртуюцца бацькі, якія абралі шлях сямейнай адукацыі — гэта значыць па-за афіцыйнымі ўстановамі. Шмат практычных парадаў, цікавыя абвесткі на расейкай і беларускай мовах.

  • «Альтернативное образование Беларуси»

Яшчэ адзін праект ад мадэратараў «Садружнасці бацькоў Беларусі», але з больш шырокай тэматыкай. Тут можна знайсці разнастайныя курсы, гурткі і парады, абмеркаваць вострыя пытанні.

Беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы (падрабязней гл. ніжэй)
Часцей за ўсё можна быць упэўненымі, што калі дарослыя абралі для сваіх дзяцей гэты варыянт, то яны захопленыя беларускай ідэяй. На жаль, часцей бывае так, што спачатку трэба знайсці аднадумцаў, а ўжо потым ствараць беларускі клас ці групу ў садку.

  • Беларускамоўныя набажэнствы

Да якой канфесіі вы б ні належалі, варта прыглядзецца да беларускамоўных набажэнстваў. Нават калі вас не цікавіць сама служба, то можна знайсці сяброў сярод чальцоў абшчыны і ўключыцца ў іх актыўнасці.

Як выхоўваць дзяцей беларусамі. У Беларусі і за яе межамі

Беларусь

Дзяржаўныя школы

  • Вясковыя школы маюць свае плюсы і мінусы. Сярод плюсаў: многія школы выкладаюць прадметы па-беларуску, таму сярод жыхароў буйных гарадоў досыць папулярны план пераезду ў вёску, дзе нерухомасць каштуе танней, дзяцей у класах няшмат і ўсе адно аднаго ведаюць. Аднак ёсць сур’ёзны мінус: традыцыйна якасць адукацыі там ніжэйшая, і ў многіх намінальна беларускамоўных школах выкладанне часта вядзецца па-руску — як з ініцыятывы настаўнікаў, так і на просьбу некаторых вучняў.
  • У гарадах беларускамоўных школаў значна меней, але і іх можна знайсці. Не заўжды ўзровень адукацыі там адпавядае чаканаму, а на перапынках дзеці і настаўнікі размаўляюць па-расейску, але больш беларускай атмасферы ў дзяржустановах знайсці складана. Самы надзейны план па тым, як знайсці беларускамоўную навучальную ўстанову — звярнуцца ў аддзел адукацыі свайго раёна. Беларускамоўныя навучальныя ўстановы ў Менску: гімназіі № 4, 9, 14, 23, 28, школы № 60 і 190.
  • Часам бывае так, што пры рускамоўнай адукацыі дзеці «беларусізуюцца» лепш, чым у беларускамоўных школах — тут часта ўсё залежыць ад асобы канкрэтнага настаўніка ці ўсяго калектыву. Як прыклад — Ліцэй БДУ.
  • Беларускамоўныя класы ці групы ў садку. Хоць адміністрацыя школы і аддзелы адукацыі не заўжды ахвотна адгукаюцца на гэтую ініцыятыву, але шэраг бацькоў-аднадумцаў можа ініцыяваць стварэнне беларускамоўнага класа ці групы ў дзіцячым садку. Вырашэнне аб стварэнні групы ці класа прымаецца мясцовымі ўладамі — упраўленнем адукацыі — штогод у красавіку. Таму заявы трэба туды падаць да гэтага часу. Пажадана да гэтага моманту знайсці бацькоў, якія падтрымаюць вашую ідэю. Не залішнім будзе знайсці і настаўніка ці выхавальніка, якія змогуць працаваць па-беларуску.
  • Навучанне па індывідуальным плане па-беларуску. На базе дзяржаўнай навучальнай установы можа быць створаны індывідуальны план, па якім вучань займаецца па-за школай. Атэстацыя адбываецца ў школе. Для пераходу на індывідуальны план неабходная наяўнасць паважнай прычыны, па якой дзіця не можа наведваць школу: стан здароўя, заняткі прафесійным спортам ці іншая прычына, якую бацькі могуць сфармуляваць самастойна (псіхалагічны камфорт, неабходнасць вывучаць тыя ці іншыя прадметы паглыблена, падрыхтоўка да іспытаў і гэтак далей). Каб перавесці дзіця на індывідуальны план, трэба напісаць заяву ў вольнай форме на імя дырэктара школы, у якой адзначыць, што бацькі абавязваюцца самастойна забяспечыць навучанне ў рамках вучэбнай праграмы, а таксама сфармуляваць прычыну пераводу. На працягу двух тыдняў школа павінна даць індывідуальны план. ВАЖНА: Перавесціся можна ў любы момант на працягу навучальнага года — не абавязкова рабіць гэта менавіта 1 верасня. Карысныя матэрыялы для хатняга навучання можна знайсці у суполцы «Перакулены клас» . Яна больш арыентаваная на настаўнікаў, але і бацькам можа быць карыснай, асабліва ў варунках анлайн-навучання.
  • Існуе шэраг навучальных анлайн-платформ. Гэта беларуска- і расейскамоўныя прыватныя школы, адукацыйныя цэнтры і гурткі. На індывідуальным навучальным плане дзеці могуць скарыстаць такія магчымасці і для засваення школьнай праграмы, і для развіцця патрэбных кірункаў. Варта звярнуць увагу і на тое, што шмат замежных універсітэтаў, якія могуць вабіць абітурыентаў, прапануюць адкрытыя лекцыі, якія можна наведваць анлайн.

Прыватныя школы

  • Напрыклад, «Святло ведаў» — пачатковая школа пры Хрысціянскім сацыяльным Цэнтры ў Менску. Акрамя стандартнай праграмы беларускамоўнай гімназіі, вучні 2–4 класаў наведваюць разнастайныя творчыя і адукацыйныя заняткі і гурткі. Можна пацікавіцца пра магчымасць беларускамоўнага навучання і ў іншых прыватных школах — сітуацыя апошнім часам даволі зменлівая. У сярэднім кошт навучання ў прыватнай школе ад 100 да 600 долараў за месяц.
  • Беларускі гуманітарны ліцэй (вядомы пад назвай «Коласаўскі ліцэй»). Фармальна такой навучальнай установы больш не існуе, але старшакласнікі могуць наведваць «падпольны» ліцэй, напрыклад, займаючыся па індывідуальным плане дзяржаўнай школы.

Дзяржаўныя дзіцячыя садкі

  • Сельскія дзіцячыя садкі. Беларускамоўныя садкі ў малых населеных пунктах працуюць па тым жа прынцыпе, што і сельскія школы.
  • Беларускамоўныя садкі. На жаль, колькасць такіх установаў імкнецца да нуля. У Менску засталося толькі два беларускамоўныя дзяржаўныя садкі. Групы там перапоўненыя, таму варта паклапаціцца пра запіс загадзя.
  • Беларускамоўныя групы. Ствараюцца па тым жа прынцыпе, што і беларускамоўныя класы ў школе. Варта знайсці ахвотных і разам напісаць заяву на стварэнне беларускамоўнай групы. Дадатковым плюсам будзе, калі бацькі загадзя адшукаюць не толькі дастатковую колькасць дзетак, але і знойдуць выхавацельку.

Прыватныя дзіцячыя садкі

Прыватныя дзіцячыя садкі часта існуюць паралельна з прыватнымі школкамі. Напрыклад, у Менску працуе садок пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. Дзеці, якія займаюцца там, могуць пасля заканчэння садка пайсці ў школу «Святло ведаў». Але існуюць і асобныя садкі з беларускай мовай. Напрыклад, дзіцячы клуб «Зорачкі». Цэны ў такіх садках вагаюцца ад 100 да 600 долараў за месяц.

Як дзейнічаць, калі ў школе пачаліся ідэалагічныя канфлікты

Беларуская школьная адукацыя ўжо шмат гадоў з’яўляецца зонай канфлікту паміж часткай бацькоў, настаўнікаў і ўсё больш дэгуманізаванымі, архаічнымі адміністратыўнымі патрабаваннямі. Сённяшняя напружаная атмасфера ў грамадстве, узмацненне ідэалагічнага ціску могуць спараджаць новыя праблемы. Адмыслоўцы ў сферы псіхалогіі раяць узважана ставіцца да такіх сітуацый: на жаль, любы ціск на адміністрацыю можа вельмі негатыўна адбіцца на лёсе ўсёй сям’і. Таму ў любых спрэчных момантах варта імкнуцца захоўваць спакой і дзейнічаць так, каб не нашкодзіць сабе і дзецям. Ніжэй мы сабралі парады псіхолага, прымяняльныя для сённяшняй Беларусі.

  • Да пэўнага ўзросту менавіта сям’я мае ключавы ўплыў на дзіця. Калі стасункі ў сям’і здаровыя, погляды бацькоў сфарміраваныя і цвёрдыя, знешні ідэалагічны ўплыў не будзе істотным.
  • Чым меншае дзіця, тым больш старанна трэба пазбягаць дэгуманізацыі, супрацьпастаўлення «мы супраць іх» / «яны супраць нас». Раздзьмуванне гэтай тэмы пазбавіць дзіця адчування бяспекі і ўпэўненасці. Не варта прыніжаць і абражаць настаўнікаў і адміністрацыю ў размовах са школьнікам, нават калі погляды з настаўнікам катэгарычна не супадаюць. Гэта толькі ўзмоцніць унутраны канфлікт дзіцяці.
  • Варта абмяркоўваць і прагаворваць сітуацыі, якія тычацца каштоўнаснага і ідэалагічнага канфлікту: чаму людзі часам памыляюцца, чаму не жадаюць прызнаць чужы пункт гледжання, не жадаюць чуць аргументаў.
  • Са старэйшымі дзецьмі, якія ўжо развілі навык крытычнага і абстрактнага мыслення, можна размаўляць пра агульныя гуманістычныя паняцці і на прыкладах тлумачыць, як паводзіць сябе ў тых ці іншых сітуацыях.
  • Не варта адмяжоўвацца ад канфліктаў у школе. Не важна, з-за чаго яны ўзніклі. Нават калі дзіця сапраўды «накасячыла», варта быць побач.
  • Падтрымка не азначае апраўдання: прамаўляйце, што нягледзечы на тое, што вы любіце і паважаеце дзіця, давядзецца несці адказнасць за свае ўчынкі.
  • Калі гэта дрэнная адзнака за нявыкананае заданне, напрыклад, па нейкай вострай для вас ідэалагічнай тэме, памятайце і пра сваю адказнасць: не варта караць дзіця за тое, што вы першапачаткова заахвочвалі.
  • Памятайце, што ніхто не можа прымусіць вас да «добраахвотных» грашовых унёскаў ці да наведвання вашым дзіцём нейкіх мерапрыемстваў. Важна не ўцягваць дзіця ў гэты канфлікт.
  • Не ігнаруйце паведамленні ад настаўнікаў і школьных псіхолагаў. Магчыма, канфлікт не проста ў ідэалагічных супярэчнасцях, а існуе іншая праблема, якую так ці інакш давядзецца вырашаць з прадстаўнікамі школы.
  • Растлумачце школьніку розніцу паміж адзнакай і ацэнкай. Адзнака дае фідбэк на працу, а вось ацэнка — гэта комплекс пэўных уражанняў і адзнак.
  • Канфлікт паміж вучнем і педагогам — складаная справа. Калі канфлікт не ўдаецца вырашыць нават з прыцягненнем трэцяга боку, варта задумацца аб пераводзе ў іншую навучальную ўстанову.
  • Страх праверак і кантрольных, агульную трывожнасць можна знізіць праз перанос складанага мерапрыемства. Варта скласці заяву, у якой паведамляеце (не просіце адпусціць, а паведамляеце), што дзіця будзе адсутнічаць у гэты дзень. Не прымушайце хадзіць дзіця ў школу, калі яно ўсімі магчымымі спосабамі пазбягае гэтага. Безумоўна, адказнасць за адукацыю застаецца на дарослых, але да такіх сігналаў варта прыслухоўвацца і знаходзіць альтэрнатывы — іншыя дзяржаўныя ўстановы, індывідуальны план навучання, прыватныя школы і навучанне анлайн.

Згуртаванні бацькоў і настаўнікаў

Праз абмежаваную колькасць беларускамоўных навучальных установаў некаторыя бацькі яднаюцца ў суполкі, каб забяспечыць сваім дзецям якасную адукацыю і асяроддзе. Часцей за ўсё зацікаўленыя дарослыя пераводзяць дзяцей на індывідуальны план навучання і некалькі разоў на тыдзень адвозяць школьнікаў на адмысловыя заняткі. Такія ініцыятывы існуюць пры хрысціянскіх абшчынах, таксама бацькі звяртаюцца да прыватных настаўнікаў-рэпетытараў, якія выкладаюць прадметы невялікаму калектыву. Варта праглядаць адмысловыя суполкі ў сацыяльных сетках, бо даволі часта там можна сустрэць аб’явы аб адукацыйных кааперацыях.

Як выхоўваць дзяцей беларусамі. У Беларусі і за яе межамі

Замежжа

Большасць беларускаарыентаваных сем’яў, якія выехалі з краіны цягам апошніх пары гадоў, пераважна абралі ў якасці (часовага) дома Польшчу, Літву, Грузію і Украіну (з яе з пачаткам вайны многія сем’і з дзецьмі перабраліся бліжэй да бяспекі). Многія з сем’яў новых эмігрантаў аказаліся актыўнымі падтрымальнікамі сваёй культуры і захацелі, каб іх дзеці вучыліся ў беларускіх школах або наведвалі беларускія гурткі ці клубы — на шчасце, апошнім часам для гэтага з’яўляецца ўсё больш магчымасцяў.

Як спрасціць пераезд для дзіцяці?

  • Інфармаваць. Растлумачце, чаму дзіця пойдзе ў новы садок/школу, калі магчыма, зрабіце міні-экскурсію па новым месцы ці хаця б пакажыце фотаздымкі ўстановы. Вельмі добра, калі ў школу ці садок будуць хадзіць знаёмыя. Па магчымасці выбірайце асяроддзе, у якім дзіця можа лёгка завязаць новыя кантакты (напрыклад, школу, папулярную сярод іншых беларускіх эмігрантаў).
  • Кантакт з новым настаўнікам. Паспрабуйце пазнаёміць дзіця з настаўнікам ці выхавальнікам да пачатку навучання. Растлумачце асаблівасці пераезду, але не злоўжывайце пазіцыяй ахвяры — задача не ў тым, каб дзіця пашкадавалі, а каб дапамаглі адаптавацца да новай сітуацыі.
  • Звяртайце ўвагу на самаадчуванне. Калі дзіця скардзіцца на боль у страўніку, не можа выконваць хатняе заданне праз галаўны боль, варта прыглядзецца да сітуацыі. Змена саматычнага статусу можа казаць пра праблемы ў новым месцы.
    Сувязь з псіхолагам. Не трэба баяцца кантактаў з адміністрацыяй школы і тым больш са школьным псіхолагам. Вашыя мэты супадаюць — зрабіць жыццё дзіцяці на новым месцы максімальна камфортным.
  • Не дадавайце стрэсу. Не канцэнтруйцеся на адзнаках і выніках, няхай дзіця прыйдзе ў норму і прыстасуецца да новых умоваў.
  • Не транслюйце свае страхі. Пакажыце, што вы ўпэўнены ў тым, што на новым месцы ўсё атрымаецца. З больш дарослымі дзецьмі можна абмеркаваць новыя магчымасці і перспектывы.
  • Размаўляйце. Калі страшна выходзіць да дошкі, калі сумна праз тое, што няма сяброў, і ў сотнях іншых выпадкаў, дзіця можа абаперціся на ваш досвед і падтрымку.
  • Дадайце стабільнасці. Варта падтрымліваць старыя традыцыі (чытанне перад сном, сумесныя прагулкі па выходных) і ўводзіць новыя традыцыі. Знайдзіце справы і заняткі, камфортныя і для бацькоў, і для дзяцей і якія ў любым выпадку вам будзе прыемна рабіць разам.
  • Не адмаўляйце негатыўныя пачуцці. Дайце дзіцяці перажыць страту, расстанне з блізкімі і знаёмымі. Узгадвайце разам добрыя моманты з мінулага, будуйце планы на будучыню, абмяркуйце, што добрага атачае вас зараз.

Польшча

Беларуская мова мае даўнюю традыцыю вывучэння ў Польшчы на розных узроўнях — ад дзіцячага садка да ўніверсітэта; права на вывучэнне роднай мовы прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці запісана ў Канстытуцыі краіны. Традыцыйна школы, дзе вывучаецца беларуская мова, размяшчаліся ў Падляскім ваяводстве, але апошнім часам іх геаграфія пашыраецца.

Варшава – месца з хіба найбольшай адукацыйнай прапановай для беларускіх бацькоў і дзяцей. Пасля 2020 года сюды разам з іншымі мігрантамі з Беларусі пераехалі і многія беларускія настаўнікі ды выкладчыкі. Некаторыя з іх ужо аднавілі сваю дзейнасць – цяпер, пры жаданні, у польскай сталіцы можна не проста наведваць гурткі ды развівальныя заняткі, але і паўнавартасна навучацца, атрымліваючы адукацыю на беларускай і польскай мовах.

  • Беларуская школка ў Варшаве – навучальная установа для дзяцей ад 3 да 18 гадоў, заняткі праводзяцца з 9 да 13 гадзіны штосуботу у Дзяржаўнай школе SP 395 (Sierakowskiego, 9). Малодшыя вывучаюць беларускую мову, для старэйшых дадаецца гісторыя і геаграфія па-беларуску. Навучанне бясплатнае, але наведваць школку могуць толькі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці, інакш кажучы – беларусы з польскім грамадзянствам.
  • Школа і садок «Я дома» – стваральнікі пляцоўкі ў 2017 годзе запачаткавалі ў Беларусі садок і школу па сістэме Мантэсоры, пазней стварылі Міжнародны Інстытут Мантэсоры, каб рыхтаваць беларускіх педагогаў да працы ў гэтай сістэме. У Варшаве беларускія настаўнікі вучаць дзяцей на трох узроўнях, у адпаведнасці з польскай сістэмай адукацыі – садок, пачатковая школа ды базавая школа. На сайце адукацыйнай установы абяцаюць дапамагчы дзецям адаптавацца ў Польшчы, захаваўшы нацыянальную ідэнтычнасць, засвоіць польскую ды ангельскую мовы, а таксама – упэўненасць у сабе. Навучанне ў «Я дома» платнае, каштуе крыху больш за 1400 злотых (каля 300 долараў).
  • З верасня працуе і Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага. Тут дзейнічаюць два дзіцячыя хоры, дзве тэатральныя студыі, літаратурны клуб, скульптурная майстэрня, настаўнікі навучаюць сальфеджыа, ёсць індывідуальнае навучанне вакалу і ігры на пяці розных інструментах. У школу прымаюць дзяцей ад 7 гадоў. Заняткі праходзяць у Старамейскім доме культуры (Rynek Starego Miasta,2) і Доме спатканняў з гісторыяй (Karowa, 20).
  • Чарговы сезон распачаў Дзіцячы фальклорны тэатр «Купалінка». Заняткі для дзяцей у ім праходзяць па суботах (мяшаная група) і панядзелках (падлеткі), зараз асабліва актыўна запрашаюць у падлеткавую групу. Тэатральныя заняткі праводзяцца ў нацыянальным рэчышчы: апрача прафесійных тэхнік, тут навучаюць мове, літаратуры, драматургіі і беларускай музыцы.
  • Школа выходнага дня ужо паўтары года дзейнічае пры Цэнтры беларускай салідарнасці. Заняткі доўжацца 4 гадзіны, у школе навучаюць ангельскай ды польскай мовам і праводзяць майстар-класы. Напрыклад, можна павучыцца граць на гітары ў вакаліста гурта «Дай дарогу» Юрыя Стыльскага або даследваць беларускую літаратуру разам з Васілём Дранько-Майсюком.
  • Яшчэ адная Беларуская школа ў Варшаве не мае свайго сайту і старонкі ў сацыяльных сетках, але вядома, што стваральнікі прапануюць навучанне па анлайн-афлайнавай сістэме, і ў яе запісаліся каля 150 вучняў. Адкрыццё ўжо адбылося, з удзелам Паўла Латушкі. «Калектыў Беларускай школы ў Варшаве склаўся з дасведчаных выкладчыкаў і педагогаў, сярод якіх кандыдаты навук і нават 6 прафесараў», – сведчыцца ў прэс-рэлізе. Вось тут нам удалося атрымаць кантакт заснавальніка школы і форму для ўступлення. Магчыма, удасца і вам.

Заняткі ў Беларускім моладзевым хабе

Асаблівае месца ў беларускім жыцці Варшавы – пляц Канстытуцыі, 6. Па гэтым адрасе месціцца Беларускі моладзевы хаб, які прымае ў сябе адразу некалькі навучальных ініцыятываў:

  • Курсы беларускай мовы «Мова нанова для дзетак». Кожны панядзелак і чацвер а 18.30 запрашаюць наймалодшых беларусаў вучыцца роднай мове.
  • Школа танца JAVARYNA KIDS пад кіраўніцтвам Маргарыты Кубянкевіч запрашае дзяцей ва ўзросце ад 3 да 8 гадоў навучацца сучаснай харэаграфіі, эстраднаму і класічнаму танцу, а таксама ўнікальнаму кірунку – постфолку. Заняткі ладзяцца на беларускай, рускай і польскай мовах па панядзелках і серадах у дзвюх узроставых групах.
  • Беларуская музычная школа ў Варшаве ўжо распачала вакальныя заняткі для розных узростаў. Сёлета ў школу запрашаюць яшчэ меншых дзяцей – ад трох гадоў.
  • Дзяцей ад 5 гадоў прымае і кінашкола ў моладзевым хабе. Дзеці могуць паспрабаваць сябе ў ролі актораў кіно ў трох узроставых групах. З 13 год у школе можна атрымліваць веды па кінавытворчасці ў больш шырокім сэнсе.

Літва

  • Віленская гімназія імя Францыска Скарыны, якая працуе яшчэ з 1994 года. Асноўная мова навучання — беларуская, частка прадметаў выкладаецца па-літоўску.
  • «Мова дзеткам» — навучанне беларускай мове дзяцей 5-12 гадоў. Мерапрыемствы адбываюцца па адрасе Vilniaus, 16 (уваход з боку праспекта Гедыміна) па чацвяргах і нядзелях. Для ўдзелу і сувязі трэба запоўніць форму: https://forms.gle/dhQeAhFBpNGmkpbFA
  • Нядзельная школа пры Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні. На занятках вывучаюць беларускую мову і культуру, дапамагаюць дзецям 3-11 гадоў адаптавацца да новых умоў. Заняткі адбываюцца па суботах і нядзелях.
  • «Выдавецтва» — асобны праект у межах «Нядзельнай школкі» таго самага Цэнтра беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, гэтым разам для падлеткаў 12-17 гадоў. Мэта курса – аб’яднаць падлеткаў, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі ў Літву разам са сваімі сем’ямі. Тут хлопцы і дзяўчаты змогуць выказаць пачуцці і эмоцыі, звязаныя з пераездам, знайсці сяброў, адысці ад будзённых спраў і паспрабаваць сябе ў адной або некалькіх прафесіях, звязаных з выдавецкай справай: рэдактар, журналіст, капірайтар, графічны дызайнер і інш. Навучанне на курсе бясплатнае, заняткі праходзяць раз на тыдзень, у нядзелю.
  • Сямейны гурт «Світанак» у Вільні. Заняткі праходзяць у доме культуры «Новая Вільня» па аўторках і чацвяргах штотыдзень (18.30-19.30 дзеці, 19.30-20.30 дарослыя).
  • Тэатральна-фальклорная студыя «Ў нескладанае» працуе на базе прыватнай школы Stembridge (Maironio g. 11). Больш інфармацыі – @unieskladanaje_contact. Заняткі бясплатныя.

Грузія

  • Гурток па вывучэнні беларускай мовы для дзяцей 6-10 гадоў у прасторы “Spring School” у Батумі. Заняткі праходзяць па серадах і пятніцах. Па падрабязнаую інфармацыю можна звяртацца ў Тэлеграм @kasia_kam.
  • Сямейны клуб у Батумі – гурткі беларускай мовы на розны ўзрост: 3-6 год і 7+ год (у гульнявым і творчым фармаце), актыўныя і настольныя гульні для дзяцей і дарослых, бібліятэка кніг па-беларуску.
  • «Буслік Хаб» у Тбілісі – беларуская культурна-адукацыйная прастора і каворкінг.

Украіна

Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне для вучняў 4-10 класаў. Асаблівасць школы ў тым, што навучацца ў школе можна з любой краіны свету. Ініцыятарка стварэння школы Анастасія Шпакоўская дэкларуе, што мэта школы – навучаць ва Украіне дзяцей тых беларусаў, хто быў вымушаны пакінуць радзіму праз палітычны перасьлед і ціск за ўдзел у акцыях пратэсту. Беларуская мова, літаратура і гісторыя будуць выкладацца па-беларуску, астатнія прадметы — па-расейску. Праект дабрачынны, але разлічаны пэўны фінансавы ўнёсак, аднак будуць зніжкі для тых людзей, якія апынуліся ў складаным фінансавым становішчы.

Латвія

Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы таксама працуе з 1994 года. Беларуская мова і літаратура — абавязковыя прадметы, па-беларуску ладзяцца пазакласныя мерапрыемствы.

Эстонія

Нядзельная школа беларускай культуры ў Таліне імя Уладзіміра Караткевіча. Мэта дзейнасці школы — папулярызацыя беларускай мовы, гісторыі і культуры сярод маладых і дарослых беларусаў Эстоніі і аматараў беларускай культуры. Навучанне ў школе вядзецца на базе твораў Уладзіміра Караткевіча.

Як выхоўваць дзяцей беларусамі. У Беларусі і за яе межамі

Сям’я

Нават калі ў радыўсе сотняў кіламетраў ад вас няма ніводнага беларускага гуртка, школкі ды іншай беларускай сям’і з дзецьмі, Беларусь можа заўжды жыць у вас дома.

Як пачаць размаўляць па-беларуску

Як навучыць дзяцей размаўляць на беларускай мове? Гаварыце на ёй самі. Як загаварыць самім? З дапамогай моўнай актывісткі, стваральніцы суполкі «Умовы для мовы» Аліны Нагорнай мы склалі наступную стратэгію.

1. Проста бярыце і размаўляйце.

Жывая гутарка — самы хуткі шлях авалодаць любой мовай. Цудоўна, калі ёсць з кім размаўляць. Калі няма — то і гэтае пытанне вырашальнае, вы ж у любым выпадку карыстаецеся нейкімі паслугамі: ходзіце да цырульнікаў, замаўляеце падарункі і г. д. Гугліце па-беларуску патрэбныя вам паслугі, яны ёсць (можна скарыстацца сэрвісам «Свае»). Так вы і паслугу атрымаеце, і ў размове папрактыкуецеся, а яшчэ падтрымаеце беларускамоўны бізнес.

Калі складана адразу пераключыцца на паўнавартаснае маўленне, пачніце з простых словаў: «Добры дзень», «калі ласка», «дзякуй», «да пабачэння». Вашыя першыя словы — таксама сігнал для іншых, што да вас можна звяртацца па-беларуску.

2. Размаўляйце па-беларуску з незнаёмцамі.

Здараецца, што людзям складана адразу памяняць мову камунікацыі з тымі, хто прывык да вас як да рускамоўных людзей. Калі гэта ваш выпадак, пачынайце не з сяброў і сваякоў, а з выпадковых кантактаў і незнаёмых людзей. Тут можна практыкавацца пазмаўляць па-беларуску на розныя тэмы.

3. Пішыце па-беларуску.

Паведамленні, лісты, допісы ў сацсетках. Так вы зможаце падцягнуць мову, а вашыя знаёмыя ўжо пачнуць прымаць вас новага. А калі сумняецеся, што ўсё правільна напісалі, правапіс можна праверыць з дапамогай сэрвісу «Добрапіс». Таксама можна таксама ўсталяваць праверку правапісу ў тэкставыя рэдактары, а таксама ў браўзэры Mozilla і Thunderbird. Спампаваць можна тут. А вось гэты сэрвiс дапаможа вам перакласці цэлы тэкст (як, дарэчы і Google translate або Yandex translate). Праверыць асобнае слова можна на партале Slounik.org.

ВАЖНА: вельмі дапамагае просты прыём — выбраць у наладках усіх гаджэтаў і праграм беларускую мову.

4. Чытайце па-беларуску.

«Нашу Ніву», «Радыё Свабода», «Новы час». Чытайце беларускую Вікіпедыю. Нават калі ў вас няма канкрэтнага пытання, можна проста штодня выбіраць актуальную дату і чытаць пра падзеі, якія адбыліся ў гэты дзень.

5. Не саромейцеся сваіх памылак.

Калі выбар размаўляць на роднай мове ўсвядомлены, прасцей адкінуць комплексы. Уявіце, які натоўп продкаў стаіць у вас за плячыма, даючы вам упэўненасць.

6. Не бойцеся, што дзіця не засвоіць іншых моваў.

Як паказвае досвед двух- (і больш) моўных сем’яў, дзеці, якія растуць у моўнай разнастайнасці, успрымаюць яе як натуральнасць, і ў будучыні свабодна валодаюць некалькімі мовамі, лёгка пераключаючыся між імі. Вы не можаце «перагрузіць» вашае дзіця мовамі і «пакараць» ведамі. Але вы можаце ствараць зручнае асяроддзе для навучання, змагацца за адукацыю па-беларуску (тут дапаможа настойлівасць і заканадаўства – артыкул 3 Закона «Аб мовах», артыкул 50 Канстытуцыі і артыкул 90 кодэкса «Аб адукацыі»), урэшце — чытаць, глядзець, слухаць беларускамоўнае дома і вучыцца праз гульню.

Кнігі

Суб’ектыўны топ-10 беларускіх дзіцячых кніг апошніх гадоў

Для пачатку зазірніце ў любую «БелКнігу», там можна знайсці вельмі шмат цікавага. У 2022 годзе былі ліквідаваныя асноўныя прыватныя выдавецтвы, якія публікавалі кнігі на беларускай мове, аднак некаторыя кнігі выдавецтва «Янушкевіч» можна купіць у электронным фармаце. Таксама ёсць бясплатныя бібліятэкі электронных кніг knihi.com и kamunikat.org.

Каб далёка не хадзіць, мы скарысталіся выбарам журы Прэміі Цёткi, якая ўручаецца за найлепшы твор для дзяцей і найлепшае мастацкае афармленне кніг.

Прыводзім іх у храналагічнай паслядоўнасці, ад самых новых.

1. Вядзьмар, які рабіўся ваўком

Беларускія чарадзейныя казкі. Укладанне Антона Францішка Брыля, ілюстрацыі Валера Славука

30 чарадзейных казак і паданняў з розных куткоў Беларусі. Кніга пацешыць аматараў цмокаў, ваўкалакаў ды рознага кшталту нячысцікаў. Для дзяцей і дарослых.

2. Вольга Гапеева. Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі

Iлюстрацыі Насты Івановай

6 гісторый, якія балансуюць між казкай і прыпавесцю. Жывёлкі, людзі і рэчы насяляюць чароўны свет, створаны аўтаркай, праз які яна гаворыць пра важныя рэчы і шукае адказы на не толькі дзіцячыя пытанні.

3. Зараслава Камінская. Калядны стол. Некулінарная кніга

Гэта кніга пра вас і пра тое, што вы ўзгадаеце, пакуль будзеце яе чытаць. Любімыя стравы, забытыя месцы і людзі, з якімі вы дзялілі ежу і сваё жыццё. Для дзяцей і дарослых.

4. Генадзь Аўласенка. Як зубраня “Зубраня” наведала

Iлюстрацыі Веранікі Шпак

Прыгожая кніга пра зубраня Банціка, якое жыло ў Белавежскай пушчы і марыла наведаць знакаміты дзіцячы летнік. Для дзяцей 4-8 гадоў.

5. Вера Бурлак. Фантазюркі

Iлюстрацыі Андрэя Пакроўскага і Веранікі Лемешавай

Кніга бойкіх, запамінальных, часам абсурдных вершаў з каларытнымі малюнкамі. Вершы пра ўсё, што ёсць навокал нас: сабакі і галубы, машыны і слімакі, атракцыёны і ўласныя пяць пальцаў. Для дзяцей 5-10 гадоў.

6. Надзея Ясмінска. Чаму Меша не мае хаты

Ілюстрацыі Кацярыны Дубовік

Плён цеснай працы аўтаркі і мастачкі. Гісторыя пра хатніка і бабайку, якая расказвае, чаму гэты самы Меша цяпер носіць чорную поўсць, мае калючы нораў і дзе ён жыве, калі не ў хаце. Для дзяцей 5-8 гадоў.

7. Валер Гапееў. Мая мілая ведзьма

Кніга пра дзесцікласнікаў, а таму — пра каханне, сяброўства, боль і разуменне. Раман — не пра містычныя прыгоды школьнікаў, а сур’ёзны твор, які натхняе на роздум. Для падлеткаў.

8. Рыгор Барадулін. Азбука. Вясёлы вулей

Iлюстрацыі Лізаветы Лянкевіч

Новае выданне вясёлай барадулінскай азбукі ў вершах у яскравым і густоўным афармленні. Для дзяцей 3-8 гадоў.

9. Уладзімір Арлоў. Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі

Iлюстрацыі Паўла Татарнікава

Захапляльнае і прыгожае падарожжа ў часе, адзіная кніга нон-фікшн у спісе. Для дзяцей і дарослых.

10. Надзея Ясмінска. Сем ружаў

Iлюстрацыі Кацярыны Дубовік

Сем гісторый, у якіх гераіняў чакаюць цуды і прыгоды, сустрэчы з сапраўдным сяброўствам і каханнем ды праверка на смеласць. Для дзяцей 5-10 гадоў.

Гульні

Гуляць па-беларуску ў звыклыя гульні — сам па сабе цікавы квэст: кракадзіл, гульня «Хто я?» (з паперкай на лобе), «Ёсць кантакт», толькі з яшчэ адной умовай — па-беларуску. Ёсць настольная гульня «Разам», беларускі аналаг вядомай гульні Alias. Калі набыць або пазычыць яе не атрымаецца, можна зрабіць такую гульню сваімі рукамі. Таксама можна спампаваць дастасаванне Alias на смартфон, там ёсць і беларуская мова.

«Заняткі і гульні для нашых дзетак». Зборнік карысных парадаў у фармаце facebook-старонкі.

«Скарбонка гульняў». Фэйсбук-суполка, дзе можна набыць адмысловыя гульні для авалодання беларускай мовай.

Фільмы ў беларускім перакладзе

«Кінаконг»

Калі надакучыла сядзець дома

Тусуйцеся з тымі, хто размаўляе па-беларуску. Самае важнае — вусная камунікацыя. Дапамажыце свайму дзіцю знайсці сяброў, што размаўляюць па-беларуску. Калі ў вас няма такіх знаёмых, знайдзіце праз сацсеткі сям’ю ў вашым горадзе і прапануйце сустрэцца на дзіцячай пляцоўцы з дзецьмі.

Дадатковая адукацыя і забавы

«Тэатр Горада сяброў». Ініцыятыва акторскай сям’і Харланчук-Южыкавых, якія ствараюць цудоўныя інтэрактыўныя спектаклі для ўсёй сям’і, а таксама прапануюць адукацыйныя курсы для дзетак.

Тэатрык лялек «Лямцавая батлейка». Выдатныя пастаноўкі на беларускай мове пра любімых герояў — Маму Му і Крумкача.

«Школа традыцыйнага мастацтва». Выкладаюць тут для дарослых і дзяцей, а адукацыя ідзе па наступных кірунках: традыцыйнае спеўнае мастацтва, беларускі танец, студыя дызайну нацыянальнага адзення, лекцыі па традыцыйным светапоглядзе і мастацтве.

«Golden Kids Camp». Дзіцячы ангельскі клуб ладзіць беларуска-ангельскія летнікі для дзяцей ад 6 да 16 гадоў.

Клуб «Шахматны дом». Заняткі па шахматах для дзяцей розных узростаў, дзе дапамогуць знайсці групу на беларускай мове.

«Клуб кніжных прафесараў». На базе Музею кнігі адбываюцца заняткі, сустрэчы з аўтарамі і абмеркаванні беларускіх кніг.

Прыватныя ініцыятывы. Шмат адмыслоўцаў робяць прыватныя заняткі ў анлайн-фармаце ці арганізуюць паслугі па-беларуску: Надзея Гарэцкая вядзе цікавыя курсы для маленькіх дзяцей; Вераніка Скарб — аніматарка для беларускіх дзяцей і дарослых; Васіль Дранько-Майсюк вядзе анлайн-заняткі для дарослых і школьнікаў па літаратуры і мастацтвазнаўстве, а таксама час ад часу дзіцячыя імпрэзы.

ВАЖНА: нават калі гурткі, спартовыя секцыі і іншыя ініцыятывы не дэкларуюць сваёй беларускамоўнасці, варта цікавіцца, ці няма сярод супрацоўнікаў тых, хто можа весці заняткі па-беларуску. У Менску ёсць беларускія групкі па плаванні, альпінізме, гімнастыцы і г. д.

Быць беларусам — цікава, пазнавальна і радасна. Як усё, чым займаюцца дзеці. Завядзіце іх у захапляльнае падарожжа па сваёй тоеснасці, на гэтым шляху, як у любой гульні, ёсць перашкоды, а ёсць безумоўныя здабыткі — свае людзі, свая мова, сваё асяроддзе. Кожны з нас можа быць стваральнікам Беларусі, давайце будаваць яе разам з нашымі дзецьмі.

Мы сабралі шмат, але не ўсё, што можа быць карысна беларускім бацькам і іхным беларускім дзецям. Гэты гайд будзе абнаўляцца і дапаўняцца. Пішыце нам, дасылайце спасылкі, заўвагі ды прапановы, каб нашая метадычка была яшчэ больш карыснай для шырокага кола нашых суайчыннікаў.

Як выхоўваць дзяцей беларусамі. У Беларусі і за яе межамі