Гiды

Як размаўляць пра паўстанне Каліноўскага

Як размаўляць пра паўстанне Каліноўскага

Паўстанне 1863 года — адзін з падмуркаў нашай нацыянальнай ідэалогіі, а Кастусь Каліноўскі — адзін з найбольш распіяраных у добрым сэнсе беларускіх герояў. Яго вобраз паўсюль — у літаратуры, на карцінах, а «Мужыцкая праўда» і «Лісты з-пад шыбеніцы» даўно разышліся на цытаты. Вобраз Каліноўскага паўстае паўсюль, дзе ідзе гаворка пра беларускую барацьбу: сімвалічная «Плошча Каліноўскага» ў 2006 годзе, полк імя Каліноўскага на вайне супраць расейскай агрэсіі ва Украіне, Каліноўскі на сцягах і муралах… Але непарушнае і бясспрэчнае для адных усё яшчэ вымагае пацвярджэння і тлумачэння для іншых.

Што адбылося?

Падчас урачыстасцяў з нагоды гадавіны паўстання, якія адбываліся ў Варшаве 23 студзеня 2023 года, амбасадар Украіны зачытаў палымянае віншаванне ад прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага — да літоўскага і польскага народаў:

«160 гадоў таму нашы народы аб’ядналі свае сілы, устаўшы плячом да пляча супраць расейскага імперыялізму. Студзеньскае паўстанне паскорыла нацыянальнае адраджэнне і вызваленчы рух на тэрыторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы».

Сойка паклікала беларускіх гісторыкаў, каб разабраць гэтую цытату.

Гісторыкі адказалі на цытату Зяленскага

  • Пасля Польшчы і Літвы, месцам самых гарачых баёў у 1863-м былі землі Беларусі. На тэрыторыі ж Украіны паўстанне было прадстаўлена значна слабей.
  • Паўстанне 1863—1864 гадоў не ёсць падзеяй, важнай для нацыянальнага будаўніцтва Украіны. Асноўны нацыятворчы міф для ўкраінцаў — казацкі, ён мала сумяшчальны з польскасцю. Паўстанне ж для ўкраінцаў перадусім каталіцкае і польскае, прыкметнага ўкраінскага чынніка не вылучаецца. І дакладна ва ўкраінцаў няма свайго аналага Каліноўскага.
  • Паўстанне не паскорыла нацыянальнае адраджэнне і вызваленчы рух, а нават яго запаволіла. Паўстанне пацярпела паразу, было крывава задушана, шмат удзельнікаў загінулі, яшчэ больш выправілася ў высылку і эміграцыю. Моцныя страты панеслі грамадскія эліты, за якімі заўсёды галоўная роля ў адраджэнцкіх і вызваленчых працэсах.

Паўстанне — гэта поўная параза?

І так, і не. Для Беларусі паўстанне 1863 года — гэта пачатак нацыянальнага будаўніцта. Вось як даследчык Сяргей Абламейка абазначыў гэты момант у сваёй кнізе «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»:

«Сёньня мы можам назваць дакладны год, месяц і дзень палітычнага нараджэньня сваёй краіны. Гэта адбылося, калі ў Вільні быў утвораны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале зь Вінцэнтам Канстанцінам (Кастусём) Каліноўскім. Дата на календары — 1 лютага 1863 году».

Таксама ў гэтай кнізе Кастусь Каліноўскі завецца айцом-заснавальнікам беларускай нацыі. Калі прачытаеце яе, вас будзе не так лёгка адурманіць гістарычнымі міфамі на патрэбу realpolitik.

Каліноўскі быў палякам і паўстанне было польскім?

  • Паўстанне сапраўды пачалося ў Польшчы (там яго называюць Студзеньскім), ягоным цэнтрам сталі этнічна польскія землі, асноўнае змаганне вялося менавіта там. Але Беларусь і Літва — рэгіёны, якія былі таксама ахопленыя паўстаннем, і на іх ягоныя падзеі мелі сваю выразную спецыфіку.
  • Кастусь Каліноўскі пісаў свае адозвы не па-польску, звяртаўся не да палякаў, бачыў апору ў «мужыках», а не ў шляхце, і многія паплечнікі па змаганні лічылі яго за гэта сепаратыстам.
  • У часы паўстання яшчэ не было аформленай нацыянальнай беларускай ідэалогіі, ідэі. Каліноўскі да яе фармулявання яўна падыходзіў, але да канца шлях не прайшоў, рана пакінуўшы гэты свет.
  • Калі б ён быў чыстым палякам без ценю асабістых сімпатый да беларускасці — то наўрад ці перад смерцю пісаў бы адрасаваны каханай верш менавіта па-беларуску. А ў ім звяртаўся дадаткова не да якога іншага, а да «мужыцкага народа».

Паўстанне не было народным?

  • Сапраўды, большая частка тагачаснага насельніцтва Беларусі ў паўстанні ўдзелу не брала, бо пераважна складалася з праваслаўных сялянаў, якія не вельмі хацелі падтрымліваць паўстанцаў, дый паўстанцы не заўсёды імкнуліся іх заахвочваць.
  • Але спробы рабіліся, прыклад чаго — Кастусь Каліноўскі і ягоная «Мужыцкая праўда». Газета выдавалася на беларускай мове лацінкай і была сваім зместам цалкам арыентаваная на мясцовых «мужыкоў». У заходняй частцы Беларусі, дзе шмат каталікоў, паўстанцкая агітацыя аб’ектыўна знаходзіла большы водгук.

  • Дый для самой мясцовай шляхты паўстанне стала пэўным рубіконам, змусіўшы адмовіцца ад змяшанай свядомасці і нарэшце выбраць уласную нацыю. Нямала ўдзельнікаў паўстання і іх нашчадкаў пасля адзначыліся на беларускай ніве, можна згадаць хаця б Францішка Багушэвіча.

Дэвіз паўстанцаў

— Каго любіш?
— Люблю Беларусь!
— То ўзаемна.