Chrysalis Mag
Ваша дзённая порцыя беларускага мастацтва. Часопіс, які стварыла вядомая мастачка Надзея Макеева, якая сёння жыве і працуе ў ЗША. Chrysalis Mag пазіцыянуе сябе як сацыякультурны праект і рухомае міжнароднае аб’яднанне беларусаў, так ці інакш звязаных з мастацтвам. Падпісаўшыся, вы атрымаеце падборкі актуальных працаў беларускіх мастакоў, пачытаеце, чым яны жывуць, у якіх умовах ствараюць свае працы.
@adamov.adamau — «Камісія па вяртанні дадому» / @vik_meh
Аловакмаг
Пяшчотнае беларускамоўнае выданне — таксама пра мастацтва, але больш пра прыкладную творчасць, рамеснікаў, ілюстрацыю. Аўтары паведамляюць, што аб’ядноўваюць аматараў і аўтараў ручной работы, распавядаюць пра крафтавыя падарункі. На «Аловакмагу» знаёмяць з мастачкамі, кавалямі, дызайнеркамі, стылісткамі, фатографкамі і іхнымі творамі.
Пакрысе
Інстаграм-часопіс, з якім можна пакрысе, без стрэсу пераходзіць на беларускую мову, памалу засвойваючы словы і правілы, чытаючы гісторыі паспяховай беларусізацыі, якую ўжо правялі ў сваім жыцці іншыя людзі.
Сойка
Янка Купала спытаў «Што ж рабіць?» — а Сойка адказвае. Адзіны беларускі часопіс, які займаецца журналістыкай рашэнняў. Мы бярэм пытанні і экспертаў, а атрымліваюцца невялікія ёмістыя гайды для ўсіх выпадкаў жыцця, у якіх апынаецца сённяшні беларускі чалавек. Ад тлумачэнняў пра з’явы — да практычных парадаў. Разам з намі вы вывучыце беларускую, даведаецеся, куды і на чым ехаць (і як там разлічвацца), што чытаць, як вучыцца і як забаўляцца. Далучайцеся да самай траскучай птушкі ў лесе!
Годна
Інстаграм моладзевай грамадскай кампаніі «Годна», якая займаецца папулярызацыяй беларускай мовы і грамадзянскай актыўнасці. Заснаваў «Годна» Павел Белавус, які сёння знаходзіцца за кратамі, а ягоныя паплечнікі працягваюць справу. У інстамагу кампаніі распавядаюць пра выбітных асобаў, праводзяць марафоны, вучаць гатаваць беларускія стравы і анансуюць новыя выпускі каманды на ютубе.