ЧАСТЫЯ ПЫТАННІ І МІФЫ
Ці могуць у Беларусі цалкам адключыць інтэрнэт?
Шанец, што ўлады цалкам адмовяцца ад выкарыстання сеціва, мінімальны, бо інтэрнэт патрэбны ім самім, таму ім прасцей штучна запаволіць і ўскладніць яго працу. А для такой сітуацыі ёсць ратаўнічыя сродкі:
- Virtual Private Network (VPN). Гэты софт не толькі дапаможа наведваць сайты, заблакаваныя ў Беларусі, – гэтая тэхналогія абараняе вас ад пераследу ў сеціве, робіць ваш інфармацыйны след максімальна незаўважным.
- Проксі-серверы. Сервер, які прапускае праз сябе трафік, але шыфруе дадзеныя не самастойна, а пры дапамозе іншага софту. Проксі працуе адначасова толькі з адной аплікацыяй, напрыклад, з мэсэнджарам. Пры гэтым проксі не гарантуе ананімнасці.
Ці крадуць гаджэты інфармацыю?
Любы гаджэт збірае інфармацыю аб тым, як вы ім карыстаецеся. Пры гэтым вам абавязкова трэба даць дазвол на гэтыя дзеянні.
ПРЫКЛАД: iPhone запытвае, ці не хочаце вы дзяліцца ананімна звесткамі аб тым, як вы ім карыстаецеся (аналагічна робіць планшэт, ноўтбук ці іншая прылада). Якія аплікацыі вы запампоўваеце, як часта карыстаецеся імі і гэтак далей. Гэта інфармацыя патрэбная для паляпшэння якасці сэрвісу; Інфармацыя максімальна безасабовая, ананімная. Кампанію ў гэтых варунках не цікавіце вы як асоба, больш важныя дадзеныя пэўнага зрэзу грамадства.
Акрамя абсталявання (смартфона, ноўтбука, гадзінніка і г. д.) інфармацыю збіраюць аплікацыі. Калі вы спампоўваеце аплікацыю з афіцыйных крыніц (AppStore, PlayMarket), імавернасць таго, што софт будзе збіраць інфармацыю без вашага дазволу, мінімальная. Рызыка падвышаецца ў выпадку, калі вы ўсталёўваеце неліцэнзійны софт, а таксама бясплатныя аплікацыі.
*Спробы скрасці вашую інфармацыю праз інтэрнэт – кіберзлачынства і мае мала агульнага з легальным зборам дадзеных.
Ці ёсць магчымасць пазбегнуць збору інфармацыі?
Большасць людзей не валодае тымі дадзенымі, якія трэба абараняць нейкім надзвычайным чынам. Прынамсі, калі размова ідзе пра мірны час. Збор інфармацыі камерцыйнымі кампаніямі ажыццяўляецца для таго, каб аптымізаваць працу прылад і аплікацый і наладзіць максімальна эфектыўную рэкламу.
Спецслужбы па ўсім свеце збіраюць асабістыя дадзеныя карыстальнікаў. На жаль, калі ваш смартфон падключаны да інтэрнэту, мае ўключаную функцыю геалакацыі, доступ да сэрвісаў і шэрагу аплікацый, інфармацыю аб вас могуць атрымаць у тым ліку сілавікі. Фармальна адзіны сродак надзейна абараніцца ад збору дадзеных – не карыстацца ніякімі гаджэтамі
ВАРТА ВЕДАЦЬ: Пасля тэракту 11 верасня 2001 года ў ЗША таксама істотна змяніліся законы аб доступе да асабістай інфармацыі карыстальнікаў. Быў прыняты так званы «Патрыятычны акт», які дазволіў атрымліваць спецслужбам вельмі шырокі спектр інфармацыі. Калі б у свой час Эдвард Сноўдэн не апублічыў гэтыя дадзеныя, мы б, магчыма, дагэтуль не ведалі, што адбываецца з інфармацыяй карыстальнікаў у сеціве. Даказана, што ў пэўны момант пад аналіз дадзеных трапляла амаль уся электронная пошта ў ЗША. То бок, кожны ліст праходзіў адмысловы аналіз. Сёння няма ніводнай краіны ў свеце, дзе б дадзеныя карыстальнікаў не траплялі ў рукі сілавікам. Як тыя будуць імі карыстацца – супрацьдзейнічаць тэрарызму ці паляваць на нязгодных, – залежыць ад стану законнасці ў кожнай канкрэтнай краіне.
Ці можна даведацца, што за мной сочаць?
Даведацца, ці сочыць нехта за вамі ў сеціве, амаль немагчыма. Сёння беларускія спецслужбы могуць нават не рабіць запыт у кампаніі-правайдары, каб мець доступ да вашага сеціўнага жыцця. Для гэтага існуюць адмысловыя аплікацыі і апаратныя рашэнні на ўзроўні правайдараў. Таму вельмі важна ўважліва ставіцца да таго, які кантэнт вы пашыраеце, што дасылаеце сябрам, знаёмым і калегам. Інфармацыйны след можа стаць кампраматам ці нават падставай пераследу з боку ўладаў.
На жаль, фактычна ніхто з вытворцаў гаджэтаў і праграмнага абсталявання не прапануе карыстальнікам перамоваў аб тым, як зрабіць ужыванне софту больш бяспечным. Звычайна выбар вельмі абмежаваны: ці падпісваць дамову карыстальніка, ці не. Адзінае, што мы можам зрабіць, гэта сачыць за рэйтынгам тых ці іншых кампаній-вытворцаў софту і не ўводзіць асабістыя дадзеныя на ненадзейных сайтах.
Слабыя месцы «інфармацыйнага следу»
Кампаніям патрэбны ваш электронны профіль – базавая інфармацыя пра кліента, якая дазволіць максімальна эфектыўна прадаваць тыя ці іншыя тавары ці паслугі.
ПРЫКЛАД: Назапашваецца інфармацыя пра звычкі і рэакцыі жанчын ва ўзросце 40-45 гадоў, якія любяць глядзець пэўнае TV-шоў. У будучыні гэтай групе на сайтах, у іншых аплікацыях і сэрвісах прапануюць рэкламу, напрыклад, пральнага парашку, якая будзе максімальна эфектыўнай.
Інфармацыя, да якой трэба ставіцца максімальна ўважліва: усё што тычыцца рахункаў і доступу да іх. Заходзіць у рахункі і плацежныя сістэмы варта толькі на ўласных гаджэтах, не карыстацца грамадскімі сеткамі wi-fi, або чужой «раздачай» інтэрнэту.
Небяспечна, калі ў грамадскі доступ у сацсеткаках трапляе інфармацыя пра школу, хатні і працоўны адрас ці месцы, дзе часта бываеце вы ці вашыя блізкія.
Воблачныя сховішчы – не самы надзейны метад захоўвання інфармацыі. Варта правяраць наладкі тэлефонаў і ноўтбукаў – ці не капіюе прылада дакументы і здымкі ў воблака аўтаматычна.
Самы бяспечны варыянт захоўвання дадзеных – на фізічных носьбітах, бо іх прасцей за ўсё знішчыць.
ШТО СІЛАВІКІ ШУКАЮЦЬ У НАШЫХ ТЭЛЕФОНАХ?
Дакладна сказаць мы не можам, але, найхутчэй, – сведчанні прыналежнасці ўладальніка гаджэта да якой-кольвек грамадскай ці «экстрэмісцкай» дзейнасці. Інакш кажучы, любую інфармацыю, якую можна выкарыстаць супраць вас, – гэта тычыцца і фотаздымкаў, і перапісак у мэсэнджарах, і перапостаў навін з медыяў, прызнаных «экстрэмісцкімі» (нават калі перапосту 5 год), і галасавых паведамленняў ці запісаў на дыктафон. Як кажуць адмыслоўцы, нешта ды знойдзецца.
Што рабіць?
- Не захоўваць на тэлефоне нічога – практычна ім не карыстацца.
- Выканаць шэраг маніпуляцый:
- Паставіць на тэлефон пароль
- Зашыфраваць тэлефон (айфоны шыфруюць кантэнт аўтаматычна, на андроідах гэта трэба правяраць у наладках – опцыя «зашыфраваць тэлефон» мае быць уключанай). Шыфраванне абавязковае – тады без паролю ніхто не зможа ўбачыць, што вы захоўваеце на тэлефоне, нават калі запампуе сабе ўсю вашу інфармацыю.
Чаго ніколі-ніколі нельга рабіць з гаджэтамі ў сучаснай Беларусі?
- Абмяркоўваць важныя пытанні па звычайнай тэлефоннай сувязі і смс. (Практычна ўсе папулярныя мэсэнджары маюць лепшае ці горшае шыфраванне, і гэта, безумоўна, лепшая альтэрнатыва GSM-сувязі.)
- Трымаць тэлефон і камп’ютар зусім без пароля.
Карыстацца «левымі», узламанымі тэлефонамі. - Карыстацца «левымі» аплікацыямі (спампаванымі не праз афіцыйны Play-маркет, ці Apple-краму). Напрыклад, калі ліхтарык на тэлефоне просіць у вас уключыць мікрафон – гэта нядобры сігнал.
- Адкладаць наладкі бяспекі на тэлефоне да крытычнага моманту (інструкцыя, прачытаная за 5 хвілін да інцыдэнту, можа проста не спрацаваць).
Як наладзіць бяспечную супольную працу?
Для 90% людзей воблачныя сховішчы, напрыклад, сэрвісу Google, з’яўляюцца аптымальнымі для захоўвання і абмену інфармацыяй. ВАЖНА: усе, з кім вы супрацоўнічаеце, маюць прытрымлівацца аднолькавых правіл бяспекі.
- Загадзя дамоўцеся, як наладжваеце супольныя дакументы і пошту, захоўваеце копіі, спампоўваеце дадзеныя – ва ўсіх маюць быць супольныя базавыя правілы, якія ўсе ведаюць і выконваюць.
- Складаныя правілы не працуюць!
- Памятайце, што нават калі вам «няма чаго хаваць», інфармацыя на вашых гаджэтах можа падставіць іншых людзей.
З воблачных сховішчаў эксперты не раяць карыстацца сэрвісамі, зарэгістраванымі ў Расіі. Усе яны заканадаўча абавязаныя выдаваць дадзеныя карыстальнікаў на запатрабаванне спецслужбаў.
Яшчэ некалькі важных парад на выпадак непрыемнасцяў
- Не карыстайцеся паролем праз адбітак пальца ці твару (Face ID) – пароль, які патрабуе ўвядзення камбінацыі лічбаў і літар, складаней «выбіць» з чалавека ў крытычны момант.
- Загадзя наладзьце на тэлефоне SOS-паведамленне і праверце, як яно працуе.
- Распрацуйце план на выпадак розных нечаканасцяў (што рабіць пры пераходзе мяжы; што рабіць, калі забіраюць тэлефон і інш.) і парэпетуйце.
- Напішыце «ліст сябру» – дакумент, які змяшчае самыя важныя рэчы, да якога будзе доступ у блізкай асобы. Гэты ліст можа змяшчаць як побытавую інфармацыю (як карміць сабаку, як плаціць камуналку, каму перадаваць грошы за арэнду, якія лекі вы прымаеце і г. д.), так і вашыя асноўныя паролі. Атрымаўшы SOS-сігнал, блізкая асоба можа папросту паспець іх памяняць.
- Збіраючыся на сустрэчу, уключайце на тэлефоне авіярэжым, каб вашая лакалізацыя па магчымасці заставалася ў таямніцы. ВАЖНА: уключаць авіярэжым варта загадзя, перад тым, як вырушыце на сустрэчу. Вядома, можна ўвогуле не браць з сабой тэлефон, але гэта звязана з вялікімі нязручнасцямі і небяспекай застацца без сувязі ў крытычны момант.
- Ці мусіце разблакоўваць тэлефон, калі гэтага патрабуюць сілавікі? З юрыдычнага пункту гледжання, вы маеце права адмовіцца. Былі выпадкі, калі людзі адмаўляліся разблакаваць тэлефон, і іх больш не прымушалі. Былі выпадкі, калі людзей катавалі, каб здабыць пароль.
ГАДЖЭТЫ І «ЭКСТРЭМІСЦКІ» КАНТЭНТ
Вядома ж, мы зусім не пра тое, што завецца экстрэмізмам у здаровым свеце. Аднак у свеце перакручаных люстэрак «эстрэмісцкімі» робяцца і навіновыя рэсурсы, і дваравыя чаты, і ўлюбёныя тэлеграм-каналы. Паколькі чытаць, захоўваць ды публікаваць – наша права і частка жыцця, мы мусім рабіць гэта з пэўнымі захадамі асцярожнасці.
Што лічыцца «экстрэмісцкім» у Беларусі?
Спісы ўсяго «экстрэмісцкага» (якое часцей за ўсё ніякага дачынення да сапраўднага экстрэмізму не мае, а хутчэй пра ўдзел у мітынгах) растуць у Беларусі, як грыбы, і сёння да іх адносяцца:
- Матэрыялы
- Фармаванні
- Арганізацыі
- Сімволіка ды атрыбутыка
Пра новых «экстрэмістаў» можна даведацца з абнаўлення трох спісаў:
- Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
- Пералік арганізацыяў, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці
- Пералік арганізацыяў і фізічных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці
Зайсці на гэтыя рэсурсы можна толькі з беларускім IP, з-за мяжы можна адчыніць рэсурсы праз VPN (тут можна нагадаць сабе, як карыстацца гэтым сэрвісам).
- Экстрэмісцкія матэрыялы: розныя аб’екты, як кнігі, спасылкі на сайты, лагатыпы, сацыяльныя сеткі, відэаролікі ў ютубе і TikTok, песні, выявы (напрыклад, карціны), маркі і нават асобныя словы.
Што нельга рабіць:
- Вырабляць
- Распаўсюджваць
- Выдаваць
- Перакладаць
- Захоўваць
- Перавозіць
Што пагражае: адміністратыўная адказнасць, максімальнае пакаранне — 15 содняў арышту ці штраф памерам 500 базавых велічыняў з магчымай канфіскацыяй тэхнікі.
Найчасцей да адказнасці прыцягваюць за расшары спасылак у чатах ды рэпосты у сацыяльных сетках. Але за лайкі, падпіскі, каментары, размяшчэнне фотаздымкаў з «экстрэмісцкімі» вадзянымі знакамі таксама можна паплаціцца.
- Экстрэмісцкія арганізацыі ды фармаванні: групы і аб’яднанні людзей (хаця бывалі выпадкі, калі «фармаваннем» станавіўся адзін чалавек — напрыклад, экс-прэтэндэнт на выбарах Валер Цапкала). На сёння ў спісе арганізацыяў і фармаванняў — апазіцыйныя каналы ды ініцыятывы, незалежныя прафсаюзы, стачкамы, фонды салідарнасці, незалежныя медыі ды НДА.
Што нельга рабіць: ствараць экстрэмісцкую арганізацыю ці фармаванне, быць іх кіраўніком, арганізатарам, спрыяць ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці.
Што пагражае: крымінальная адказнасць па некалькіх катэгорыях
- Кіраванне, стварэнне, удзел у экстрэмісцкіх фармаваннях — да 10 гадоў пазбаўлення волі
- Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці — да 7 гадоў пазбаўлення волі
- Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці — да 8 гадоў пазбаўлення волі
Крымінальная адказнасць прадугледжаная за удзел у фармаваннях, то бок, пад яе падпадаюць рэдактары, адміністратары сацсетак, працаўнікі арганізацыяў, якія прызналі экстрэмісцкімі. Але атрымаць тэрмін можна і за ўскосныя дачыненні з «экстрэмісцкім фармаваннем» — даючы інтэрв’ю, або матэрыялы СМІ, які атрымаў адпаведны статус ад уладаў, або ахвяруючы грошы арганізацыі з экстрэмісцкім статусам.
ВАЖНА: У Беларусі большасць сайтаў незалежных медыяў заблакаваныя міністэрствам юстыцыі, аднак не ўсе яны прызнаныя «экстрэмісцкімі», — гэта зусім іншая працэдура цэнзуры з боку дзяржавы. Такія сайты можна чытаць і расшарваць спасылкі на іх, але адкрывацца яны будуць толькі пад VPN. У той жа момант трэба не забываць: тое, што ўчора было «проста» заблакаваным, сёння можа трапіць у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».
Як бяспечна чытаць «экстрэмісцкія» сайты і тэлеграм-каналы?
- Сачыце за абнаўленнямі ў спісах «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «экстрэмісцкіх фармаванняў», пачысціце свае старыя публікацыі/допісы/паведамленні. Нават калі спасылка апублікаваная раней за прызнанне рэсурсу «экстрэмісцкім», за гэта можа наступаць адказнасць.
- Карыстайцеся VPN заўжды напрыклад, бясплатным Psiphon, для ананімізацыі можна таксама карыстацца TOR.
- Не перасылайце і не публікуйце спасылкі/лагатыпы/выявы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі гэта тэкст навіны, то публікуйце яго без спасылак.
- Адпішыцеся ад каналаў і чатаў у Telegram, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» – заходзьце іх пачытаць праз пошук.
Наладкі ў Telegram:
- не стаўце свой партрэт на аватарку,
- не падпісвайцеся сваім рэальным імем,
- адключыце пошук праз нумар тэлефону,
- пастаўце опцыі аўтавыдалення паведамленняў і ачысткі кэшу,
- не захоўвайце і не перасылайце тэксты і скрыншоты таго, што прызнана «экстрэмісцкімі» матэрыяламі,
забараніце праз наладкі функцыю аўтазагрузкі выяваў і аўтазахавання любога кантэнту, - не каментуйце паведамленні ў чатах і каналах, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не ўжывайце абразлівых фразаў – гэта можа стаць дадатковым складам злачынства.
ЦІ БЯСПЕЧНА БЕЛАРУСАМ ЗА МЯЖОЮ?
Самае галоўнае – калі вы знаходзіцеся за мяжою, памятайце, што важна не нашкодзіць тым, хто застаўся ў Беларусі. Таму варта:
пакінуць гаджэт, які быў у руках сілавікоў, у Беларусі,
памяняць сім-карту з беларускай на мясцовую,
рэгулярна дбаць пра інфармацыйную гігіену: не рэагаваць на падазроныя спасылкі, мець надзейны і ўнікальны пароль на ўсіх гаджэтах і выконваць іншыя парады, змешчаныя ў гэтым гайдзе.
ВАЖНА: калі ў нашым гайдзе вы не знаходзіце вычарпальнай інфармацыі для сябе або вам патрэбная індывідуальная кансультацыя, можна звяртацца па парады ў тэлеграм-бот ініцыятывы CyberBeaver.
Усе пытанні і заўвагі, свае ўласныя назіранні пішыце Сойцы на скрынку sojka.editors@gmail.com або ў тэлеграм @sojkaio. Давайце разам узмацняць бяспеку і ўставаць на крыло!