Гiды

Як размаўляць з тымі, хто думае інакш

Як размаўляць з тымі, хто думае інакш

Малюнак Ксеніі Лагавой

Не толькі ў раманах сем’і распадаюцца «праз палітыку», а сяброў робяць ворагамі адрозныя жыццёвыя прынцыпы. Можа быць, гэта і ваша гісторыя таксама. І яшчэ можа быць, што найлепшае рашэнне ў падобнай сітуацыі – змірыцца і забыць. Але што рабіць, калі забыць не выходзіць: носьбіт агрэсіўна супрацьлеглага меркавання – родны дзядзечка, з якім вы да таго ж дзеліце квадратныя метры, любая бабуля стала ахвярай вар’яцкай прапаганды, а праз тыдзень – сустрэча аднакласнікаў, якія працуюць на сістэму. Псіхолаг Крысціна Вязоўская дае пару важных парадаў.

Нейрафізіялогія

Першае і самае неабходнае, што трэба прыняць: калі на каго-небудзь з вашых блізкіх спрацавала прапаганда, яна спрацавала не проста так.

Вялікая частка людзей мае самую сапраўдную нейрафізіялагічную ўразлівасць да прапаганды. Гэта звязана з будовай мозгу і рэальнымі нейронавымі сувязямі паміж лобнымі долямі. Пры зносінах з людзьмі, якія маюць рэзкія погляды на сацыяльныя працэсы, з людзьмі, схільнымі да класізму ды дыскрымінацыйных выказванняў на адрас іншых сацыяльных груп, памятайце: магчыма, лобныя долі апрацавалі пакет інфармацыі, а гэтак званы крытычны цэнтр прыняў і апрацаваў толькі тое, што лягчэй і прасцей аналізаваць.

Прапагандысты пра гэта выдатна ведаюць і працуюць менавіта на засмечванне мазгоў: палохаюць, распавядаюць байкі, выкарыстоўваюць правіла «дадай хлусню ў праўду» і г.д.

Узрост

Таксама майце на ўвазе ўзроставыя асаблівасці: да сталінізму і камунізму часцей схільныя старэйшыя групы насельніцтва. Для іх гэта размовы не пра дзяржаўны лад, а пра маладосць. Калі вы трапілі ў сітуацыю вострага канфлікту з пажылым чалавекам, перавядзіце размову на яго маладосць. Літаральна: якія кветкі цвілі, якое адзенне насілі, як выкладалі ў школе ці па якім прынцыпе здавалі іспыты.

Вінаваты трэці

Падчас напружанай размовы паспрабуйце знайсці нейкі трэці бок, які можна ў шырокім сэнсе ва ўсім абвінаваціць. Рэлігійныя людзі выкарыстоўваюць для гэтага, як ні дзіўна, ідэю бога: усё па волі ягонай, нішто не выпадкова і г.д. Адсюль жа расце і «не ўсё так адназначна». Увогуле, пры першай жа магчымасці пераводзьце гутарку на абмеркаванне коштаў і іншай невырашальнай побытавай бязладзіцы.

Чорны спіс тэм

Калі з нейкіх прычынаў вам сапраўды неабходна мець зносіны з тымі, хто, напрыклад, адкрыта асуджае гуманістычныя каштоўнасці, дамоўцеся проста пазбягаць гэтых тэм. Ну як – проста. Гэта, вядома, не проста. Але вы можаце ў прамым сэнсе ігнараваць забароненыя тэмы пасля стварэння спісу пытанняў, якія вы не закранаеце. Гэта складана, але магчыма.

Сысці ад размовы

Людзі насамрэч сумняюцца ў сваёй рацыі, таму ім гэтак важна пацвярджаць сваю пазіцыю. Разбярыцеся: гэта вам цяпер неабходна кагосьці пераканаць, што ўсё адназначна, ці гэта суразмоўцы ўцягваюць вас у абмеркаванне бамбёжкі Марыўпаля, і што там насамрэч рабіў «Азоў». Памятайце, што на самой справе вы цалкам свабодныя і ў любы момант можаце пакінуць гэтую размову. Гэта значна ўзмоцніць вашу пазіцыю ў зносінах з падобнага тыпу людзьмі. Нават калі вы апынуліся ў купэ з такім чалавекам. Часам прасцей правесці ноч у калідоры (але спачатку звярнуцца да начальніка цягніка, для такога тыпу суразмоўцаў любая ўлада мае магічную сілу), чым пераконваць гаваруна.

Сцісласць

Кажыце максімальна кароткімі фразамі. Гэта ўніверсальнае правіла цяжкіх размоваў. Чым менш слоў вы скажаце, тым менш зачэпак пакінеце апаненту.

Важна! Не пераходзьце на асобы. Гэта шлях да разрыву сувязі. Пазбягайце ацэначных меркаванняў. Калі хтосьці пры вас нясе нешта дзікае (і гэта не качка ці алень), не трэба яму пра гэта паведамляць пры дапамозе рэзкіх выразаў. Пазбягайце канфліктагенаў, нават калі на вас засыпаюць імі з метафарычнага меха. Не вядзіцеся на правакацыі. Часта апанентам не так важна даказаць сваю рацыю, колькі падзарадзіцца эмоцыямі ад скандалу ды атрымаць яшчэ адну гісторыю, якую можна перадаваць па ланцужку.

Ну і памятайце, што ўвесь гэты клопат мае сэнс, толькі калі гэтыя людзі вам сапраўды дарагія. Не марнуйце «кветкі сваёй селязёнкі» і запасы нейрамедыятараў на высвятленне стасункаў з чужымі людзьмі. Жыццё стане значна лепшым. І я сур'ёзна.