Амаль як дома: намёт, спальнік і дыванок
На шчасце, тэхналогіі дараслі не толькі да накрутак, якія мацуюцца да пластыкавых бутэлек пасля іх адкрыцця, але і да інавацыйных лёгкіх, але трывалых воданепранікальных матэрыялаў, прычым можна падабраць намёт (як, дарэчы, і спальнік) на любое надвор’е — ад жэстачайшага холаду да дзікай гарачыні, якая стала частай госцяй улетку ў нашым рэгіёне.
Для пешай турыстыкі будуць пасаваць класічныя дыванкі/пенкі/карэматы, а калі вандруеце на машыне — то суперзручным рашэннем будзе надзіманы матрац (з помпай): на ім часам спіцца лепей, чым на ложку. (Але калі раптам аб’ём і вага заплечніка дазваляе — то можна набыць аднамясцовы самапампоўны мат на 1,7 кг).
Бяздушны кэмпінг
Калі вы надумалі спыніцца далей ад цывілізацыі з яе кэмпінгамі, але сачыць за гігіенай усё адно хочацца, для вас прыдумалі партатыўны душ. Звычайна гэта прыстасаванне ёмістасцю на 10 літраў, вада ў якім награваецца ад сонца.
Для поўнай інтымнасці прыдумалі нават душавыя кабінкі, якія здалёк выглядаюць трошкі як касмічныя капсулы і трошкі як яйка дыназаўра.
Майстар-шэф у полі
Калі ўмовы паходу дазваляюць і ёсць жаданне есці нешта акрамя грэчкі, ёсць кампактныя наборы посуду для дзвюх (каля 1,1 кг) і чатырох (1,7 кг) асобаў: рондаль, патэльня, друшляк/накрыўка, талеркі, кубкі і сталовыя прыборы. Усё выглядае вельмі міла, нібыта вы вырашылі пагуляць у дом ці залезлі ў дзіцячую кухню ў Ікеі, але ж яно працуе і свае функцыі выконвае.
Цуд прыроды: субліматы
Калі ж цягаць за сабой рондлі з патэльнямі няма шанцу, а ежы нармальнай хочацца, ёсць варыянт ліяфілізаваных (сублімаваных) страваў. Ідэя гэтай касмічнай тэхналогіі ў тым, што ежу рэзка замарожваюць у шокавай маразільнай камеры, а затым з дапамогай вакууму лёд высушваецца з прадукту, у выніку пасля «прыгатавання» атрымліваюцца цалкам прыстойныя на смак і выгляд стравы.
Без вады нікуды
Капітан Сойка нагадвае: выбіраючыся ў пешы паход, трэба заўжды памятаць пра ваду. Лепей пацягаць лішнія кілаграмы, але пазбегнуць абязводжвання — вядомая ісціна, але ад нагадкі яшчэ ніхто не разваліўся. І нягледзячы на класічную паэзію, дзе апявалі чысціню нашых азёр, не варта рызыкаваць пасяленнем у вашым арганізме кішачнай палачкі ці іншай нечысці. А на выпадак поўнага блэкаўту (ці адсутнасці аўталаўкі ў вёсцы па дарозе) можна набыць адмысловую лёгкую пакет-бутэльку з фільтрам для яе.
Fiat lux(us): асвятленне па-багатаму
Раскоша для тых, хто вандруе на машыне, — лямпа для кэмпінгу, якая працуе ад акумулятара, што зараджаецца праз USB-кабель. Такія лямпы звычайна вытрымліваюць дробны дождж і прыносяць адчуванне бяспекі ў кэмпінг тады, калі ўсе ўжо леглі спаць і патушылі вогнішча, а некаму раптам сярод ночы прыпёрла прыпудрыць носік, або проста страшнавата спаць у намёце без святла.