Гiды

Як дапамагаць людзям за кратамі

Як дапамагаць людзям за кратамі

Што рабіць, калі хочаш рабіць хоць нешта для вязняў

Людзі на свабодзе часта адчуваюць фрустрацыю, роспач і нават сорам, што самі яны тут, і пры гэтым разумеюць, што людзям па другі бок кратаў, а таксама іх сем’ям, зараз нашмат горш. Гэты гід прысвечаны аднаму са спосабаў не звар’яцець у цёмныя часы — дапамозе іншым (і, скажам шчыра, гэтым самым ­— і дапамозе сабе).

З пачатку леташняй выбарчай кампаніі праз палітычна матываваныя затрыманні прайшлі не менш за 35 тысяч чалавек, вялікая частка з якіх былі пакараныя адміністрацыйнымі і крымінальнымі арыштамі. На сённяшні момант заведзена больш за 5500 крымінальных спраў, палітвязнямі прызнаныя 1260 чалавек. У няволі застаюцца не менш за 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ (з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года журналістаў затрымлівалі не менш за 600 разоў). Пад арыштам знаходзяцца не менш за 70 чалавек, дзейнасць якіх звязаная з культурай.

Як дапамагаць людзям за кратамі

Маральная падтрымка

Абсалютная большасць звестак ад вязняў, што даходзяць да нас з-за кратаў, сведчаць пра адно: людзям не хапае камунікацыі. Тут мы акурат можам крыху дапамагчы, пішучы лісты вязням.

Нават «адміністратыўшчыкі» пасля вызвалення казалі, што самая любімая частка дня — гэта калі прыносілі пошту.­

Так, не ўсё дойдзе, аднак мы ж памятаем лісты з Хогвартса ў першым «Гары Потэру»: так ці інакш, шмат лістоў прымусяць расхвалявацца турэмных Дурсляў (якія бачаць, як людзі на волі падтрымліваюць вязняў), і да таго ж, нешта ўсё адно ўрэшце трапіць да адрасата.

Звычайныя лісты звычайнай поштай

  • Каму пісаць

Ёсць спісы палітвязняў, якія, на жаль, пакуль што папаўняюцца, аднак далёка не ўсе асуджаныя па палітычных прычынах атрымалі статус палітвязня, такім асуджаным звычайна пішуць менш лістоў, але ім таксама неабходная падтрымка.

Кароткая інфармацыя пра палітзняволеных, дзякуючы якой лягчэй завязаць перапіску, збіраецца ў межах праекта «Политзек» (таксама тут можна ўбачыць, з кім лістуюцца менш, і напісаць гэтаму чалавеку, пасябраваць з палітзняволеным і далей весці з ім перапіску). Тут можна знайсці інфармацыю пра найбліжэйшыя дні народзінаў палітзвязняў.

Менш відавочныя адрасаты — сем’і палітзняволеных: ім таксама трэба ведаць, што іх дачкой /сынам/жонкай/мужам/сястрой/братам ганарацца, не забываюць і разумеюць, што тыя не здзяйснялі злачынстваў.

 

  • Пра што пісаць

Пра штодзённыя рэчы: як з’ездзіў на возера, як бачыў двайную вясёлку, як бацькі раздаюць усім знаёмым кабачкі, як твой кот званітаваў фікусам (інтымную інфармацыю пра ката хіба лепш адкласці да другога ліста). Не трэба ныць, як усё дрэнна, — памятайце, што галоўная мэта — не выгаварыцца вам, а падтрымаць чалавека, якому зараз горш, чым вам.

 

  • З менш відавочнага:

Перапісваць вершы ці апавяданні — лепей такія, каб аб’ёмам змясціліся ў адзін ліст (вядома, можна спрабаваць дасылаць і даўжэйшыя тэксты, раздзяліўшы іх на некалькі лістоў, як серыял, аднак няма пэўнасці, што ўсе яны дойдуць і ваш адрасат не прапусціць часткі гісторыі).

Вось, напрыклад, кароткі верш Алеся Разанава, які людзі дасылаюць за краты: «Калі ўсе згублены ключы, калі ні шанцу, анічога — усё ж ідзі, любі, крычы і пасягай на перамогу».

Можна дасылаць ідэі гульняў, якія не патрабуюць рэквізіту і ў якія вязні могуць гуляць у камеры з суседзямі (накшталт «Кантакту», «Захавальніка таямніцы» або «Я вазьму з сабой у дарогу»), ці нейкія інтэлектуальныя задачы/заданні для развязання (напрыклад, з базы пытанняў «Што? Дзе? Калі?»).

Маляваць малюнкі — нават калі вы не вялікі мастак, але гэта зробіць ліст больш жывым і цёплым. Памятайце, што ў лістах не прапускаюць фотаздымкі, таму малюнкі часам могуць быць такой олдскульнай заменай фота.

Можна змясціць на асобным аркушы анкету, як у школьныя часы, дзе спытаеце, напрыклад, пра ўлюбёны ўрок у школе, улюбёную страву, жывёлу, пісьменніка, музычны гурт і г.д. Гэтак і вы даведаецеся больш пра чалавека і пасля зможаце дасылаць яму больш персаналізаваныя лісты, і сам вязень прабавіць час у прыемных думках пра нармальнае жыццё.

 

  • Як адпраўляць

Унутр канверта пажадана ўкласці чысты канверт з маркамі. Можна адпраўляць і прыярытэтам (ходзяць легенды, што вышэйшая імавернасць трапіць да адрасата, аднак навуковага даследавання ніхто не праводзіў), можна і самым звычайным лістом. Можна адпраўляць паштоўкі ў канверце і без канверта. Зразумела, што паштоўкі з б-ч-б хутчэй за ўсё да вязня не трапяць, хіба што пазлуюць адміністрацыю.

Перапісчыкі са стажам раяць нумараваць і датаваць лісты (нехта нават вядзе таблічкі ў Excel) і фатаграфаваць іх перад адпраўкай.

Вядома, у сённяшняй сітуацыі лепей моцна не разлічваць, што на ваш ліст прыйдзе адказ: большасць лістоў папросту не даходзяць адрасатаў, а ў некаторых месцах (прынамсі ў шклоўскай калоніі) вязняў караюць карцарам за адказ на лісты чужым людзям.

Лісты праз веб-сервісы

Паслуга для тых, хто не мае часу/сіл стаяць у чэргах на пошце або пазбягае лішніх сацыяльных кантактаў — тут усё можна рабіць анлайн.

Самыя папулярныя сэрвісы — дзяржаўны Пісьмо.бел і валанцёрскія «Письма в клеточку» і Майстэрня паштовак салідарнасці. Асноўнае адрозненне між імі: калі дзякуючы сэрвісу Пісьмо.бел вы атрымаеце адказ на паперы праз звычайную пошту, то праз «Письма в клеточку» вам мусіць прыйсці адсканаваны ліст на электронную скрыню.

Валанцёры Майстэрні адправяць ваш ліст, але яны не займаюцца дастаўкай зваротнага пісьма. Аднак бонус гэтага праекта ў тым, што вам не трэба самастойна шукаць адрас, на які пісаць палітвязню, а толькі выбраць яго імя ў гугл-форме. Праект «Письма в клеточку» змяшчае парады аб тым, як пісаць лісты, і інфармацыю аб палітзняволеных.

Тэлеграмы

Калі ведаеце, што камусьці з вязняў упарта не перадаюць лісты, можна паспрабаваць даслаць тэлеграму. Яе можна адправіць з пошты або з аддзялення «Белтэлекам», запоўніўшы адпаведны бланк, або не выходзячы з дому — пазваніць па нумары 166.

Каб павысіць імавернасць таго, што тэлеграма трапіць да адрасата, то, як і са звычайнымі лістамі, лепш пісаць усё ясна і адназначна, без «лед тронулся тчк командовать парадом буду я» — магчыма, цэнзары не чыталі класікі і не зразумеюць гумару.

Прывітанні на радыё

Калі ваша прывітанне не пачуе палітзняволены, яно ўсё адно можа дабрацца да ягоных блізкіх, сяброў, людзей, якім неабыякавы гэты чалавек. На большасць беларускіх радыёстанцый можна адправіць паведамленне праз вайбер або смс.

Пашырэнне інфармацыі

Калі ўсе пералічаныя спосабы — надта для вас няёмкія або публічныя, то яшчэ ёсць варыянт зусім для інтравертаў: дзяліцца інфармацыяй пра палітвязняў са сваімі сябрамі і роднымі, расказваць іх гісторыі — магчыма, нехта з вашых блізкіх вырашыць далучыцца з дапамогай?

Варыянт для больш смелых — пост або сторы ў інстаграм, дзе расказваеце сваім падпісчыкам пра палітвязня ці спосабы дапамогі, тут зручна тое, што можна адразу тэгнуць нейкія профілі, дзе даецца больш інфармацыі па тэме.

Як дапамагаць людзям за кратамі

Матэрыяльная падтрымка

Дапамога праз фонды

Фонд салідарнасці BYSOL / Belarus solidarity foundation

Тут можна выбраць праект, які вы лічыце найбольш важным: «Падтрымка сямей палітзняволеных», «Збор дзяцей палітзняволеных у школу», «Агульны збор» або аказаць адрасную падтрымку некаторым з палітвязняў.

Беларуская рада культуры / BY­_CULTURE

Праз гэтую пляцоўку робяцца зборы для падтрымкі рэпрэсаваных дзеячаў культуры.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці / BSSF

А тут падтрымліваюць рэпрэсаваных спартоўцаў.

Фонды аб’яднанняў беларусаў у розных краінах

Зборамі грошай для дапамогі палітвязням займаецца, напрыклад, аб’яднанне беларусаў у Нямеччыне «Разам», іншыя падобныя аб’яднанні таксама часам збіраюць грошы на аналагічныя або іншыя праекты падтрымкі беларусаў.

Адрасная грашовая дапамога зняволеным

Да нядаўняга часу любому вязню можна было зрабіць грашовы перавод на яго імя, аднак цяпер гэта можна толькі з дазволу адміністрацыі папраўчай установы.

Аднак у СІЗА пераводы па-ранейшаму прымаюцца. Таму цяпер грошы лепей адпраўляць сям’і (гл. ніжэй «Дапамога сем’ям»).

Дарэчы, можна расказаць вязням, што за грошы, якія яны маюць на рахунку, яны маюць права купляць кнігі (у пасылках іх перадаваць нельга).

Дапамога сем’ям

Тут сабраная правераная інфармацыя з банкаўскімі рэквізітамі, на якія можна пераводзіць грошы на падтрымку сямей зняволеных (і праз іх саміх вязняў).

Як дапамагаць людзям за кратамі

Інфармацыйная падтрымка

Апрача недахопу камунікацыі, людзям за кратамі вельмі бракуе інфармацыі. Уявіце сабе чалавека, які замест звыклай стужкі ў фэйсбуку з навіновымі падпіскамі або чытання тэлеграм-каналаў мае доступ хіба што да «Савецкай Беларусі». І так штодзень.

Як паказвае практыка, лісты з сацыяльна-палітычнымі ці эканамічнымі навінамі не даходзяць, аднак каб не быць зусім адрэзанымі ад свету, людзі па той бок кратаў гатовыя чытаць навіны спорту ці культуры, нават калі раней не надта цікавіліся гэтымі сферамі.

Вядома, незалежным газетам ці часопісам трапіць за краты не ўдасца, аднак можна падказаць вязням у перапісцы, што яны могуць аформіць падпіску на нешта з наступнага спіса (акурат пра гэтыя выданні добра адгукаліся зняволеныя):

  • часопіс «Мастацтва»
  • газета «Культура»
  • часопіс «Планета»

Таксама можна аформіць падпіску на часопісы крыжаванак або сканвордаў — вядома, гэта не тое каб пра інфармацыю, аднак дапамагае вязням неяк скараціць час.

Як дапамагаць людзям за кратамі

Перадачы

Перадачы — максімальна практычны сродак нагадаць палітзняволеным, што іх чакаюць на волі і жадаюць падтрымаць. Гэта набор рэчаў, адзення, ежы, сродкаў гігіены, лекаў, якія можна перадаваць з волі тым, хто знаходзіцца за кратамі, — у ІЧУ, ЦІП, СІЗА, калоніях і турмах.

Перадачы на «содні» (у ІЧУ — ізалятары часовага ўтрымання і ЦІП — цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў) ужо некалькі месяцаў таму, па сутнасці, перасталі прымаць, часам робяць выключэнне толькі для лекаў. Аднак можна паспрабаваць — а раптам прымуць?

Хто можа перадаваць?

Блізкія сваякі (бацькі, сужэнцы, дзеці, браты і сёстры). Часам удаецца перадаць нешта праз чалавека з аднолькавым імем па бацьку (можна сказаць, што гэта сястра ці брат).

Іншыя асобы, калі адвакат перадасць пісьмовую заяву зняволенага аб тым, каб перадачы рабіў не блізкі сваяк.

Каб перадачу прынялі, трэба мець пры сабе дакумент, які пацвердзіць вашую асобу.

Крыху агульных правілаў

Вага перадачы не павінна перавышаць 5 кг (узважвайце перадачу загадзя, каб не даводзілася выкідаць нешта на месцы).

Ежа павінна доўга захоўвацца. Захоўвайце чэк з крамы і інфармацыю з тэрмінам прыдатнасці ежы.

Уся ежа павінна быць пазбаўленая ад фабрычнай упакоўкі і расфасаваная па празрыстых пластыкавых пакетах.

Складвайце рэчы і ежу ў зручны вялікі пакет, з якога хутка можна дастаць патрэбнае і лёгка скласці рэчы пасля агляду.

Завязвайце пакеты з ежай такім чынам, каб іх было лёгка адкрываць.

Паспрабуйце высветліць, што мае чалавек. Лішнія рэчы будуць толькі займаць месца і не дазволяць перадаць тое, што сапраўды патрэбна.

Што ляжыць у перадачы?

Ежа:

  • Хлеб і хлебабулачныя вырабы: хлеб, выпечка без начыння, сухары (у тым ліку салёныя і са спецыямі), сушкі, пячэнне, вафлі. Булачкі і кексы трэба закруціць у харчовую плёнку ці адразу набываць у завадской празрыстай пластыкавай упакоўцы.
  • Цукеркі, мармелад, зефір, пастыла, шакалад і гэтак далей. Усё лепей купляць на вагу або пачысціць ад ўпакоўкі і фанцікаў.
    Сухафрукты і арэхі без костак.
  • Вяленыя і сухія каўбасы, салёнае сала. Парэзаныя на кавалачкі і расфасаваныя па пакетах. Часам пагаджаюцца прыняць нарэзку з крамы, калі яна ў празрыстай пластыкавай упакоўцы.
  • Вада, напоі і сок толькі ў празрыстых пластыкавых бутэльках, лепш па 1-1,5 літра.
  • Прыправы — паколькі турэмная ежа даволі прэсная і пераважная нясмачная.

 

Вопратка:

  • Цёплыя швэдры, байкі, худзі, штаны, легінсы БЕЗ матузкоў, падцяжак, маланак і іншых металічных дэталяў. Капюшон будзе дадатковым плюсам — дапаможа змагацца з начным святлом.
  • Майткі (2 пары), шкарпэткі, камплект тэрмабялізны.
  • Абутак без матузкоў (толькі ў тым выпадку, калі вы ведаеце, што чалавеку ён неабходны).

 

Прадметы гігіены:

  • Туалетная папера.
  • Вільготныя сурвэткі.
  • Звычайныя сурвэткі.
  • Зубная паста і шчотка.
  • Мыла, шампунь, гель для душу ў празрыстай упакоўцы.
  • Пракладкі для жанчын.
  • Маленькі ручнік.
Як дапамагаць людзям за кратамі

Перадачы ў СІЗА

Крыху агульных правілаў

Перадачы не асуджаным у СІЗА можна дасылаць два разы на месяц.

Агульная вага перадачаў не павінна перавышаць 30 кг на месяц ці два разы па 15 кг.

У следчы ізалятар можна перадаць некалькі відаў перадач:

  • Харчовыя перадачы. Перадача з ежы і неабходных рэчаў ды адзення для тых, каму прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў у сілу. Вага — да 30 кг у месяц.
  • Вітамінныя/Каранцінныя перадачы. І для асуджаных, і для тых, чый прысуд яшчэ не ўступіў у сілу. Вага — да 10 кг. Перадаецца раз на месяц і складаецца выключна з апельсінаў, лімонаў, яблык, цыбулі, часныку. Для тых, хто не асуджаны, можна дасылаць яшчэ адну 10-кілаграмовую вітамінную перадачу па пошце.
  • Медыцынскія перадачы. Гэтая перадача не ўлічваецца ў агульную вагу і складаецца толькі з медыкаментаў. Сваякі самі набываюць лекі ці зняволены атрымлівае рэцэпт ад урача ў СІЗА, дасылае родным і тыя ўжо набываюць усё неабходнае.

У СІЗА можна дасылаць пасылкі. Вага — да 50 кг. І яна не ўлічваецца ў агульную вагу перадач.

Не варта перадаваць перадачы людзям, не ўзгадніўшы гэта з іх сваякамі: вы дакладна не ведаеце, што сапраўды патрэбна зняволенаму/ай.

У кожным СІЗА і ў кожнай калоніі свае правілы, многае залежыць ад асобы адрасата, негалосных распараджэнняў і ўнутраных правілаў.

Хто можа перадаваць?

Перадачы ў СІЗА прымаюць не толькі ад сваякоў (але абавязкова ўзгадніце з імі). Для таго каб перадаць ежу, медыкаменты і рэчы, трэба запоўніць (лепей загадзя) заяву ў двух экзэмплярах. Абодва запоўненыя аркушы і дакументы, якія пацвярджаюць асобу, трэба разам з перадачай аддаць супрацоўніку следчага ізалятара.

Варта мець з сабой:

  • Дакументы, у тым ліку тыя, што пацвердзяць сваяцтва з чалавекам у СІЗА,
  • Чыстыя аркушы А4 і асадку.

Што ляжыць у перадачы?

Ежа. Да спісу таго, што прымаюць у ЦІП і ІЧУ, можна дадаць:

  • Гарбата (рассыпная), кава (распушчальная, натуральная, 3 у 1). Нават дробныя пакуначкі трэба перасыпаць у пакет.
  • Сухія стравы хуткага прыгатавання (локшына, сухое пюрэ, кашы, супы). Для СІЗА усе гэтыя стравы трэба расфасаваць у празрысты пакет, для перадачы ў калонію гэта рабіць не абавязкова. Не страшна, калі пюрэ з рознымі смакамі будзе змяшанае ў адным пакеце.
  • Цукар-пясок ці рафінаваны цукар.
  • Свежая зеляніна, цыбуля, часнык.
  • Напоі ў пластыкавых бутэльках (за выключэннем квасу).
  • Гародніна: агуркі, памідоры, перац.
  • Садавіна: яблыкі, апельсіны, мандырыны, лімоны, грушы.
  • Нарэзаны сыр.
  • Салёная нарэзаная рыба.
  • Алей сланечнікавы.
  • Цыгарэты і запалкі (іх таксама трэба вызваліць ад пачакаў і карабкоў і перафасаваць у пакеты). Перадаваць нават тым, хто не паліць.

 

Памятаем, што ўсё неабходна расфасаваць па асобных празрыстых пакетах. Завязваць трэба так, каб можна было хутка развязаць для праверкі.

 

Вопратка:

  • Спартыўны касцюм без матузкоў і металічных дэталяў.
  • Насоўкі.
  • Шкарпэткі.
  • Майткі.
  • Шапка.
  • Вопратка без матузкоў.
  • Пальчаткі ці рукавіцы (1 пара).
  • Тапкі.
  • Торба для рэчаў (ідэальна ‒ торба IKEA).
  • Гумовыя шлёпанцы (не в’етнамкі).
  • Хустка.
  • Станікі.
  • Маска на вочы для сну.

 

Сродкі гігіены:

  • Туалетная папера (лепш набываць у краме СІЗА).
  • Пластыкавая расчэска.
  • Кішэннае люстэрка (калі ў камеры няма люстэрка).
  • Зубная паста і шчотка, пластыкавы футляр для яе.
  • Мыла фабрычнай вытворчасці і пластыкавая мыльніца.
  • Шампунь, гель для душа ў празрыстых бутэльках.
  • Пракладкі і тампоны.
  • Крэм (ідэальна — у цюбіку, не адкрыты).
  • Шарыкавы дэзадарант у пластыкавай упакоўцы.
  • Аднаразовыя станкі для галення, электрабрытвы. Электрабрытвы павінны быць з трыма галоўкамі і сілкавацца ад батарэек.
  • Вазелін.
  • Вата.
  • Мачалка ці губка.
  • Пральны парашок (для ручнога прання)

 

Рэчы:

  • Акуляры і футляр да іх.
  • Некаштоўныя сімвалы веры з дрэва ці пластыку, каменю (крыжыкі, паўмесяцы, зоркі Давіда і г. д.)
  • Канверты, папера, сшыткі, файлы, маркі, асадкі.
  • Каляровыя алоўкі, асадкі (акрамя чырвонай).
  • Кіпяцільнік да 500 Вт.
  • Гадзіннік. Толькі са скураным бранзалетам. Прымаюць па адмысловай заяве, далучанай да асноўнай перадачы.
  • Марля.
  • Пластыкавыя заколкі для жанчын (напрыклад, “крабікі”).
  • Пасцельная бялізна (2 прасціны, навалачка).
  • Ручнік.
  • Можна паспрабаваць перадаць пластыкавы кубак.
  • Тэлевізар. Можна адзін тэлевізар на камеру, таму варта ўдакладніць перад набыццём, ці няма яго ўжо ў камеры. Дыяганаль да 22 цаляў (да 29 у СІЗА-7). Без USB-выхаду. З убудаваным цюнэрам для лічбавага тэлебачання і антэнай з узмацняльнікам. Варта прыкладаць тэхпашпарт на тэлевізар.
  • Вентылятар. Падлогавы з пластыкавымі лопасцямі і з доўгім шнуром.
  • Літаратура і часопісы (не больш за 5 штук).
  • Настольныя гульні (нарды, шашкі, шахматы, даміно) — адзін камплект.
  • Фатаграфіі (не болей за 2).
Як дапамагаць людзям за кратамі

Перадачы ў калонію і турму

Крыху агульных правілаў. Для калоній розных тыпаў існуюць свае абмежаванні:

У калоніях агульнага рэжыму дазволена 4 пасылкі або перадачы і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года (не часцей за адзін раз на 3 месяцы).

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 2 пасылкі або перадачы і 3 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года.

У калоніі ўзмоцненага рэжыму дазволеныя 3 пасылкі або перадачы і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года (не часцей за адзін раз на 4 месяцы).

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 2 пасылкі або перадачы і 3 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года.

У калоніі строгага рэжыму можна атрымліваць 2 пасылкі або перадачы і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года (адзін раз у паўгода).

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 1 пасылку або перадачу і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года.

У выхаваўчай калоніі дазволена атрымліваць 8 пасылак або перадач і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года.

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 4 пасылкі або перадачы на ​​працягу года.

Існуюць рэчавыя перадачы. Іх атрымліваюць асуджаныя, якіх этапавалі ў калонію. Такія перадачы можна рабіць адзін раз на год, маса не павінна перавышаць 50 кг. Лепш рабіць гэта бліжэй да сезону халадоў, калі спатрэбяцца цёплыя рэчы.

У турме можна атрымліваць: на агульным рэжыме — 1 пасылку або перадачу і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты на працягу года. На строгім рэжыме — 1 бандэроль або 1 дробны пакет на працягу года.

Для зняволеных у штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу перадачы не прымаюць.

Рэчавая перадача

Ежа. Спіс як для СІЗА

Вопратка. Да прадметаў, агульных з СІЗА, можна далучыць:

  • Адзенне цёмных колераў, рамяні дазволеныя.
  • Цёплыя вусцілкі ў боты.
  • Чорныя красоўкі з чорнай падэшвай без матузкоў.
  • Боты павінны быць толькі пэўнага ўзору: без супінатара і металічных уставак (напрыклад, фірма “Марка”, артыкул 47165).
  • Гумовыя тапкі (не в’етнамкі).
  • Тонкі шалік.

 

Рэчы:

  • Нататнікі, сшыткі.
  • Чорны, шэры, сіні ручнік.
  • Электрабрытва.
  • Мыла і шампунь (гель для душу перадаваць нельга).
  • Пральны парашок.
  • Кіпяцільнік да 500 Вт.
  • Чорны крэм для абутку, шчотка.
  • Крэм пасля галення, крэм для твару.
  • Зубныя ніткі.
  • Пачак паперы А4.
  • Асадкі і стрыжні.
  • Драўляныя або трывалыя пластыкавыя вешалкі.
  • Адна прасціна і дзве белыя навалачкі.
  • Пластыкавыя кубкі на 0,3, 0,5, 1 і 1,1 літра.