Гiды

5 добрых звычак для добрага года

5 добрых звычак для добрага года

Калі зімовыя святы мінулі, а жаданне пачаць новае жыццё яшчэ не змыла хваля побыту, запрашаем не стрымлівацца. Падабралі пяць выдатных звычак, якія варта ўвесці ў сваю паўсядзённасць. Абірайце па адной, а лепш усе. Потым узгадаеце Сойку добрым словам.

Запішыцеся да лекара

Карысная парада ад аўтараў The Washington Post – падарыць сабе на дзень народзінаў поўны чэк-ап арганізма. Толькі на першы погляд гучыць змрочна: замест новых парфумаў і планавання вечарынкі – аналізы і кабінеты спецыялістаў. Між тым, даследаванні паказваюць: штогадовы агляд дазваляе пазбягаць сур’ёзных праблем са здароўем. Любыя хваробы прасцей перамагчы, калі выявіць іх як мага раней. А калі праводзіць абследванне ў месяц свайго нараджэння, праз год не заблытаецеся, прыгадваючы, ці пара паўтарыць.

Ашчаджайце рэсурсы

  • Завядзіце «ашчадны канверт». Адкладваць мінімум 10% ад заробку кожны месяц – базавая фінансавая парада. Безумоўна, лепш захоўваць грошы ў стабільнай валюце, але нават беларускія рублі не будуць лішнія ў крытычны момант. Нават з улікам інфляцыі.
    Важна! Асноўны прынцып ашчаджэння: лепей адкласці капейчыну, чым нічога.
  • Не залазьце ў пазыкі. Атрымаўшы заробак, першым чынам закрывайце асноўныя плацяжы – крэдыты, камунальныя паслугі і гэтак далей.
  • Уключыце энергаашчаднасць. Калі ўважліва азнаёміцца з інструкцыямі да лядоўні, пралкі ці пасудамыйкі, можна абраць аптымальны рэжым, ашчадзіць ужыванне электрычнасці і вады. Карыстайцеся шматразовым посудам (часам кавярні робяць зніжку для тых, хто замаўляе напой ва ўласны кубак). І навучыцеся ўжо нарэшце выключаць за сабой святло.

Уключайце рэжым цішыні

Вызначце для сябе час, які праводзіце без гаджэтаў, залішняга шуму і тлуму. Чытаць, маляваць, рабіць нешта рукамі, гуляць, гатаваць ці займацца любой іншай прыемнай справай запланавана і без гукава-колеравых «спецэфектаў» вельмі карысна для сучаснага чалавека. «Ціхія гульні» спрыяльна адбіваюцца на нашым стане нават калі практыкаваць іх не кожны дзень (але, як мы памятаем, найлепш працуе прынцып штодзённай руціны). Такія практыкі могуць стаць добрым адпачынкам, прыемнай традыцыяй для ўсёй сям’і, каб пазбавіцца ад сэнсарнай перагрузкі.

Дадайце колераў у ежу

Так, зноў банальнае «харчуйцеся правільна». Але прапануем ставіць рэалістычныя мэты. Малаімаверна, што са смажаных пельменяў будзе лёгка раз і назаўжды перайсці да тофу і парасткаў пшаніцы. Дыетолагі і лекары з усяго свету адзначаюць, што рэзкае абмежаванне ў дыеце не мае станоўчага выніку і наадварот прыводзіць да зрываў. Што можна зрабіць? Дадаваць да штодзённага харчавання новыя стравы, напрыклад, вырашыць, каб на талерцы было не менш за тры прадукты рознага колеру. Імавернасць таго, што да ружовых сасісак і жоўценькіх макарон трапіць чырвоны тамат, значна вырасце, а значыць, рацыён ужо стане больш карысным і разнастайным.

Кантралюйце дыханне

«Нібыта нам і так мала кантролю ў Беларусі», – абурыцца нехта. Насамрэч, не так шмат рэчаў, на якія мы можам рэальна паўплываць, але калі кожны дзень аддаваць хаця б 10 хвілінаў кантролю за дыханнем, адбудзецца шмат прыемных пераменаў. У першую чаргу, зменшацца праявы наступстваў стрэсу – сэрца пачне біцца больш павольна, стабілізуецца ціск. Практыкаваць асэнсаванае дыханне можна з дапамогай гаджэтаў – многія сучасныя смартфоны і разумныя гадзіннікі маюць такую функцыю, існуе шмат адмысловых аплікацый для медытацыі і трэніроўкі дыхання на Android і iOS. Можна заняцца ёгай, медытацыяй, практыкаваць усходнія гімнастыкі і адзінаборствы. Ці паляжаць дома. Літаральна: раз на дзень на 10-20 хвілінаў можна легчы, заплюшчыць вочы, пакласці руку сабе на жывот зрабіць павольны глыбокі ўдых праз нос (жывот уздымецца), а потым павольна выдыхнуць праз рот. Вынік будзе ўжо праз некалькі дзён!