Сярэднявечча
У сярэднявечнай Еўропе дзяўчаткі і жанчыны з шляхетных сем’яў атрымлівалі адукацыю: яны вывучалі літаратуру, мастацтва, замежныя мовы і Святое Пісьмо. Іх таксама навучалі вышыванню, танцам, ігры на музычных інструментах, спеву і іншым відам мастацтва. Аднак многія дысцыпліны доўгі час заставаліся «мужчынскімі» — арыфметыка, геаметрыя, астраномія, рыторыка. Таму часта вядомыя нам геніі даўніх часоў ад навукі — мужчыны. І прымхі і забабоны каменнага веку пра «адрозненне жаночых і мужчынскіх мазгоў» — гэта прымхі і забабоны каменнага веку.
Адукацыя для багатых
Карл Маркс пацвердзіць, што ў цэлым, да канца 19 — пачатку 20 стагоддзя адукацыя заставалася прэрагатывай вышэйшага класу, як для дзяўчатак, так і для хлопчыкаў, і шырокі доступ у школы «народныя масы» (у тым ліку жаночыя) у нашым рэгіёне атрымалі ўжо за часамі СССР — як казалі дзяды, ну, хоць жмут поўсці.
Што датычыцца ўніверсітэтаў, то з імі сітуацыя складалася па-рознаму ў розных краінах, але збольшага права атрымліваць вышэйшую адукацыю жанчыны ў Еўропе здабылі ў другой палове 19 стагоддзя.
Чытарка Кавалеўская
Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі Соф’я Кавалеўская (якая паходзіць з беларуска-літоўскага шляхецкага роду Корвін-Крукоўскіх) вымушаная была чыціць, каб атрымаць адукацыю. Паступаць у ВНУ Расейскай імперыі жанчынам забаранялі. Таму Кавалеўская магла працягнуць навучанне толькі за мяжой, але выдаваць замежны пашпарт можна было толькі з дазволу бацькоў ці мужа. Бацька не хацеў далейшага навучання дачкі, таму Кавалеўская пайшла на фіктыўны шлюб з маладым навукоўцам Уладзімірам Кавалеўскім і ў 1868 годзе выехала ў Нямеччыну.
Непісьменныя сялянкі
Паколькі ў гэтыя часы Беларусь была часткай Расейскай імперыі, то прыблізна так мог выглядаць лёс любой іншай дзяўчыны: сярэднюю адукацыю маглі атрымаць шляхцянкі, а народжаныя ў сялянскіх сем’ях у найлепшым выпадку вучыліся чытаць дома (калі пашанцуе — ды шанцавала нячаста, бо галоўнай функцыяй жанчыны ў сялянскай сям’і была функцыя рэпрапдуктыўная — нарадзіць паболей працоўных рук). Вышэйшая адукацыя была недаступная жанчынам да тых самых 1920-х гадоў, калі і сярэдняя пашырылася на ўсе класы і гендары грамадства. Цяпер доля жанчын-выпускніц універсітэтаў у Беларусі складае 57-61%, і апошнім часам штогод павялічваецца доля жанчын-навукоўцаў.
Мусульманкі ў ВНУ
А што з гэтым у іншых культурах? Нягледзячы на стэрэатыпы, ісламскія жанчыны адыгрывалі важную ролю ў заснаванні многіх адукацыйных устаноў. Так, Фаціма Мухамед аль-Фіхры ў 859 годзе заснавала ўніверсітэт Аль-Караўін. У сярэднявеччы жанчыны маглі вучыцца, атрымліваць навуковыя ступені, рабіцца навукоўцамі і настаўніцамі. І хоць паводле закону жанчынам не забаранялася атрымліваць адукацыю, некаторыя мужчыны гэтага не ўхвалялі. Глабальна, прыблізна гэтымі ж словамі сітуацыю можна апісаць і ў недалёкім мінулым, аднак пасля «Арабскай вясны» 2011 года ўсё больш і больш жанчын рэалізуюць сваё права на адукацыю.
Адукацыя супраць гвалту
I яшчэ важны факт напрыканцы: хоць гвалту могць падвяргацца жанчыны з любым бэкграўндам, існуе адмоўная карэляцыя паміж узроўнем адукацыі жанчыны і імавернасцю гвалту ў дачыненні да яе (гэта выявіла праведзенае ў Пакістане даследаванне). Таму сярод рэкамендацый ЮНІСЭФ для барацьбы з гвалтам да жанчын адным з найважнейшых пунктаў называюць пашырэнне жаночай адукацыі.
Сумны ТОП-5
Хацелася б сказаць, што сёння доступ да адукацыі маюць усе краі, усе народы свету (і ўсе гендары — дадамо мы да словаў класіка), але на жаль, гэта пакуль не так. Вось сумны топ-5 краін, дзе дзяўчатам складаней за ўсё атрымаць адукацыю:
- Афганістан: толькі 41% жанчын — пісьменныя (гэта найгоршая сітуацыя ва ўсім свеце);
- Ліберыя: амаль дзве траціны дзяўчатак не навучаюцца ў пачатковай школе;
- Малі: толькі 38% дзяўчатак заканчваюць пачатковую школу;
- Нігер: непісьменнымі лічацца 17% жанчын ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў;
- Паўднёвы Судан: амаль тры чвэрці дзяўчатак не трапляюць нават у пачатковую школу.