Гiды

Без танкаў: ТОП-5 кампутарных гульняў з беларускімі каранямі

Без танкаў: ТОП-5 кампутарных гульняў з беларускімі каранямі

Малюнак Ave

Пакуль рэальны свет не дае расслабіцца грамадзянам Беларусі, мы выяўляем неблагія здольнасці ў стварэнні віртуальных сусветаў. Монстар беларускай ІТ-індустрыі кампанія Wargaming, безумоўна, з’яўляецца самым вядомым брэндам сярод стваральнікаў кампутарных гульняў. Але не адзіным! Не толькі «Танкамі» жывая наша гейм-індустрыя. Ад руплівых зомбі да касмічных стратэгіяў — усё гэта ёсць у спісе самых знакамітых і папулярных гульняў з беларускімі каранямі. Рыхтуйце геймпады да спісу, які склала для вас Сойка.

Паспяховымі беларускімі праектамі з’яўляюцца так званыя казуальныя гульні — гульні для шырокага кола карыстальнікаў, з простымі правіламі і невысокімі патрабаваннямі да абсталявання (часцей за ўсё гэта мабільныя прылады). Але гэта не значыць, што аматарам яны не прыносяць гадзіны цікавага часу, а стваральнікам — мільённых прыбыткаў.

«Вясёлая ферма»

«Вясёлая ферма». Задача— удасканаліць сваю ферму. І тут, як у рэальным жыцці, адно чапляецца за другое: каб спячы хлеб, трэба сабраць жыта, каб сабраць жыта, трэба ўзараць зямлю, і гэтак па коле з усімі магчымымі выкрутасамі аграрна-прыродных фантазій. У 2008 годзе гэтая гульня стала хітом і атрымала званне найлепшай казуальнай гульні году. Менавіта з гэтага праекта ад студыі Appshub пачаўся род шматлікіх клонаў «Фермы». Напрыклад, гульня «Зомбі Ферма» ад іншай беларускай студыі.

Merge Animals 3D

Тут усё проста — камбінуй гены чалавека і разнастайных жывёлаў, каб урэшце ідэальна прайсці паласу перашкодаў. Гэтая трошкі вар’яцкая гульня ў свой час мела сціплае званне «самай папулярнай казуальнай гульні свету». Кампаніі SayGames гэтыя жартачкі прынеслі мільёны і рэпутацыю моцнага гульца на рынку. Гульня дасяжная на мабільных платформах google і apple.

Count Masters

Мінская студыя FreePlay стварыла хіт з першай спробы. А ўсяго толькі і трэба — кіраваць групай чалавечкаў, якія на бягу збіваюць перашкоды. Недастаткова чалавечкаў — вас размажа аб сцяну. Бадзёрыць!

Kick The Buddy

Паводле словаў распрацоўшчыкаў з Playgendary, мэта гульні ў тым, каб дапамагчы людзям скідаць стрэс. Для гэтага вам літаральна прапаноўваюць рознымі сродкамі «штурхаць чэла». Час для жартаў пра беларускую сублімацыю?

Snowy

Snowy. Гульні з гэтай серыі памятаюць алды, бо медзведзяня Сняжок пачаў змагацца з монстрыкамі ў розных варунках ажно 20 гадоў таму. Між тым, нельга ўзгадаць найбольш паспяховыя праекты ад беларускіх аўтараў і прайсці міма гісторыі Сняжка.

Бонус. Чакаем нашых

Казуальныя гульні прыносяць стваральнікам славу і вялікія грошы, але сэрцы сапраўдных геймераў прагнуць вялікіх гульняў, сур’ёзных сцэнароў, эпічных бітваў. І беларускія студыі прымаюць гэты выклік. У найбліжэйшы час чакаецца рэліз праекта Replaced. Тут давядзецца гуляць за штучны інтэлект, які захрас у чалавечым целе. А Losted ужо можна спампаваць і ацаніць. Хоць гэты індзі-хорар яшчэ знаходзіцца ў раннім доступе і каманда дапрацоўвае праект, гульня атрымала досыць высокія адзнакі ад тых, хто пазнаёміўся з першым варыянтам.