Гiды

Танныя радасці: топ-8 знаходак з менскіх крамаў

Танныя радасці: топ-8 знаходак з менскіх крамаў

Так дрэнна, што нават добра! Калі вас гэтаксама, як і нас, вабяць паліцы сеткавых крамаў з таннымі таварамі для ўсяго на свеце, вам абавязкова прыдадуцца нашыя парады. Сойка праінспектавала асартымент менскіх Fix Price і склала для вас трошкі вар’яцкі спіс дзіўных рэчаў, якія могуць выратаваць ваш побыт, узняць настрой і не нашкодзіць гаманцу.

Капітан крук


Без жартаў: здымны кручок для вопраткі ці рэчаў, які можна вешаць на дзверы, мэблю і гэтак далей без клопату і праблемаў — класнае вынаходніцтва. Просты і лаканічны дызайн і сапраўды надзвычай практычная рэч, яшчэ і каштуе 3 рублі. Безумоўна, гэта не той цвік, на які можна падвесіць тушу дохлага асла, але вопратку ён вытрымае без сумневу.

Хатняя шыбеніца

Добра, пра шыбеніцу, магчыма, занадта чорны гумар, але рэч вельмі крутая — міні-сушылка для батарэі. Па-першае, на ёй сапраўды можна сушыць усё што заўгодна, а па-другое, яна не пакіне абыякавымі вашых коцікаў. І нават калі сушылка загіне праз каціную цікавасць, не бяда, бо каштуе яна 11 рублёў.

Лыжачку за кітайскіх вытворцаў

Нельга сказаць, што гэта супернеабходная рэч у доме, але калі вы любіце рабіць каву ці часцяком карыстаецеся іншымі сыпкімі рэчывамі, якія лепш трымаць закрытымі, лыжачка з зашчэпкай за 3 рублі знойдзе сваё месца на вашай кухні.

Націсні на яго


Рэпліка прадукту вядомага дызайнерскага дому. Хутчэй за ўсё, будзе мець свае хібы, але з задачай расціскання часныку дакладна справіцца. І зноў жа — 3 рублі: кошт, які не прымусіць шкадаваць.

Нахімічым

 

Яшчэ адна простая, але карысная прапанова — колбачкі для прыправаў. Калі вы пакуль звычайны чалавек, які захоўвае ўсе перцы і лаўры ў іх першародных пакеціках, прыгледзьцеся да гэтай прапановы за 2,5 рублі. Проста і эфектыўна.

Што гэта на дне?

Дзіцячае захапленне. Менавіта такія пачуцці ў нас выклікалі гэтыя кубачкі за 7 рублёў. Яны празрыстыя, сценкі не награваюцца, а паміж імі перакатваюцца рознакаляровыя зорачкі. Чым не цуд?

Шматразовы лёд

Да чаго дайшоў прагрэс! Цяпер і лёд можна выкарыстоўваць шматкроць. Не, не праз цыклічнае замарожванне вады і вадкасцяў, а праз знаёмства з цуда-кубікамі, якія можна трымаць у лядоўні і пры патрэбе выкарыстоўваць, потым мыць, зноў адпраўляць у лядоўню і зноў выкарыстоўваць. І ўсяго за 3 рублі!

Анёлы таксама ў дробязах

Зладзім пераклічку з нулявых? Гэтыя падстаўкі пад кубкі проста мімімі. Натуральна, якасць іх не ўразіць вашае ўяўленне, але і каштуюць яны па 1,5 рублі. І яны такія мілыя!

* Калі вам падасцца, што Сойка ўключыла рэжым перасмешніцы і здзекуецца з вас, эстэтыкі, крамаў і побыту, то мы яшчэ раз нагадваем: у нашым жыцці сёння столькі невырашальных праблемаў, што замест таго каб ствараць сабе новыя, лепш прымяніць тэрапеўтычны шопінг, упрыгожыць сваё гняздо і пабыць з тымі, хто жадае вас падтрымаць. А Сойка менавіта гэтага і жадае!