Гiды

Экстрэмізм: разбіраемся ў гатунках

Экстрэмізм: разбіраемся ў гатунках

Беларускае жыццё як на негатыве фотаздымка ўжо паспела прызвычаіць: чорнае — часта белае, белае — чорнае, а экстрэмістамі могуць абвесціць актывістаў, якія змагаюцца за папуляцыю чарназобай гагары або папулярызацыю народных танцаў. Калі раней у Беларусі было якое ні якое, а медыйнае поле і трэці сектар, цяпер куды ні зірні — экстрэмісты, экстрэмісцкія матэрыялы і экстрэмісцкія фармаванні. Як адрозніць першае ад другога і не трапіць у трэцяе, Сойка высвятляла разам з праваабарончай арганізацыяй Human Constanta.

Што можа быць экстрэмісцкім?

Агулам, экстрэмізм — гэта від палітычнай дзейнасці, заснаваны на ідэалогіі антысемітызму, ультранацыяналізму і іншай ваяўнічай нецярпімасці. Аднак у Беларусі паняцце экстрэмізму ў заканадаўстве падкарэктавалі, скажам так, на патрэбу бягучага рэжыму. Такім чынам, наш «экстрэмізм» не пра ксенафобію ды антысемітызм, а пра незаконныя мітынгі ды гэтак званую рэабілітацыю нацызму. Наша арыгінальнае заканадаўства прызнае экстрэмісцкімі:

  • Матэрыялы
  • Фармаванні
  • Арганізацыі
  • Сімволіку ды атрыбутыку

Пра новых «экстрэмістаў» можна даведацца з абнаўлення трох спісаў:

Зайсці на гэтыя рэсурсы можна толькі з беларускім IP, з-за мяжы можна адчыніць рэсурсы праз VPN (тут можна нагадаць сабе, як карыстацца гэтым сервісам).

Экстрэмісцкія матэрыялы

З самой назвы зразумела, што маюцца на ўвазе не людзі, а аб’екты: кнігі, спасылкі на сайты, лагатыпы, сацыяльныя сеткі, відэаролікі ў ютубе і TikTok, песні, выявы (напрыклад, карціны), маркі і нават асобныя словы.

Хто надае статус: суд

Што нельга рабіць:

  • Вырабляць
  • Распаўсюджваць
  • Выдаваць
  • Перакладаць
  • Захоўваць
  • Перавозіць

Што пагражае: адміністратыўная адказнасць, максімальнае пакаранне — 15 содняў арышту ці штраф памерам 500 базавых велічыняў з магчымай канфіскацыяй тэхнікі.

Экстрэмісцкія арганізацыі ды фармаванні

Тут, як таксама вынікае з назвы, вядзецца пра групы і аб’яднанні людзей. Хаця бывалі выпадкі, калі «фармаваннем» станавіўся адзін чалавек — напрыклад, экс-прэтэндэнт на выбарах Валер Цапкала. На сёння ў спісе арганізацыяў і фармаванняў — апазіцыйныя каналы ды ініцыятывы, незалежныя прафсаюзы, стачкамы, фонды салідарнасці, незалежныя медыі ды НДА.

Хто надае статус: экстрэмісцкіх арганізацыяў — суд, фармаванняў — МУС або КДБ.

Што нельга рабіць: ствараць экстрэмісцкую арганізацыю ці фармаванне, быць іх кіраўніком, арганізатарам, спрыяць ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці.

Што пагражае: крымінальная адказнасць па некалькіх катэгорыях

  • Кіраванне, стварэнне, удзел у экстрэмісцкіх фармаваннях — да 10 гадоў пазбаўлення волі
  • Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці — да 7 гадоў пазбаўлення волі
  • Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці — да 8 гадоў пазбаўлення волі

Як не трапіцца

Экстрэмісцкія матэрыялы

Найчасцей да адказнасці прыцягваюць за расшары спасылак у чатах ды рэпосты у сацыяльных сетках. Але за лайкі, падпіскі, каментары, размяшчэнне фотаздымкаў з «экстрэмісцкімі» вадзянымі знакамі таксама можна паплаціцца.

Экстрэмісцкія фармаванні

Крымінальная адказнасць прадугледжаная за удзел у фармаваннях, то бок, пад яе падпадаюць рэдактары, адміністратары сацсетак, працаўнікі арганізацыяў, якія прызналі экстрэмісцкімі. Але атрымаць тэрмін можна і за ўскосныя дачыненні з «экстрэмісцкім фармаваннем» — даючы інтэрв’ю або дзелячыся нейкімі матэрыяламі са СМІ, які атрымаў адпаведны статус ад уладаў, або ахвяруючы грошы арганізацыі з экстрэмісцкім статусам.

Стратэгію абароны можна было б прадумваць і распрацоўваць, калі б закон і права былі не проста словамі, але ў нашай сітуацыі застаецца проста захоўваць пільнасць ды інфармацыйную гігіену.

Мяне прызналі экстрэмістам

Як правіла, вам асабіста не паведамяць пра атрыманне новага статуса — вы можаце толькі самастойна даведацца пра тое, што матэрыялы, арганізацыя ці фірма, да якіх вы маеце дачыненне, атрымалі ад дзяржавы агідны ярлык.

Вас таксама могуць не паінфармаваць пра тое, што на вас заведзеная крымінальная справа, а агульнадаступнай базы крымінальных справаў у Беларусі не існуе.

Калі ж вы даведаліся пра атрыманне непажаданага статуса, паведамце іншым:

  • Якія канкрэтна аб’екты прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі
  • Якая адказнасць за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў, падпіскі ды лайкі
  • Наколькі небяспечна звяртацца і ахвяраваць вам сродкі, калі вас прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
  • Як можна падтрымаць вашу дзейнасць альтэрнатыўным спосабам

Тэрарызм

Яшчэ адна злосная катэгорыя, якую ўлады «асвяжылі» ў 2020-м. Раней у спісе тэрарыстаў не было беларусаў — толькі міжнародныя злачынцы. Цяпер жа там і Святлана Ціханоўская, і Павел Латушка, і тэлеграм-канал NEXTA, і фігуранты «справы Аўтуховіча».

Хто надае статус: Вярхоўны суд, аднак у спіс трапляюць не толькі асуджаныя, але і абвінавачаныя ў тэрарызме, што само па сабе парушае прэзумпцыю невінаватасці. Праверыць, якія асобы і арганізацыі на сёння занесеныя ў спіс, можна на сайце КДБ (з-за мяжы — памятаем пра VPN).

Што пагражае: крымінальная адказнасць, у залежнасці ад здзейсненага — ад васьмі гадоў пазбаўлення волі да смяротнага пакарання.

Дзякуем праваабаронцам з Human Constanta за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

 

Засталіся пытанні?

Пішыце нам, а мы распытаем найлепшых экспертаў і раскладзем усё па палічках.