Гiды

Крыніцы цяпла. Беларускія напоі, каб сагрэцца і не захмялець

Крыніцы цяпла. Беларускія напоі, каб сагрэцца і не захмялець

Халады ў нашай краіне пануюць большую частку году, а калі дранцвее душа і сэрца прагне цеплыні, мае сэнс прыгледзецца да традыцыйных беларускіх напояў. Пагатоў, мы падабралі для вас 5 самых смачных і гарачых рэцэптаў. Сойка свядома не павышала градус, таму гэтыя прапановы актуальныя для нашых чытачоў усіх узростаў, веравызнанняў і дыет.

Узвар. Практычная магія

Людзі кажуць: на свята думай пра будзень, а летам пра зіму. Калі вы асоба, якая кіруецца гэтай прымаўкай, то час даставаць нарыхтоўкі сушаных яблыкаў ды груш і ствараць узвар. Прынамсі, часцей за ўсё яго гатуюць з гэтай садавіны. Але вы можаце стварыць свой аўтарскі рэцэпт і дадаць у напой што захочацца. Тым больш, што гатуецца ён вельмі проста.

Вам спатрэбіцца:

5 літраў вады, 1 кілаграм яблыкаў ды груш, на ўласны густ мята ці чабор. Таксама можна дадаць плады шыпшыны ці іншыя ўлюбёныя інгрэдыенты, напрыклад, мёд.

А робіцца гэта так:

Дачакайцеся, калі загатуецца вада і заліце ёй яблыкі ды грушы. Свежыя зёлкі пакладзіце ў рондаль так, каб яны не расцерушыліся, а калі ўжываеце сухія, то паспрабуйце выкарыстаць якую-кольвек прыладу для шматразовага заварвання гарбаты. Пачакайце 30 хвілінаў і частуйцеся смачным і духмяным напоем. Саладзіць узвар звычайна не трэба, але па жаданні можна дадаць мёд.

Морс. Не напой, а форс

Гэты напой добры і гарачым, і халодным. Морс патыхае летам, цёплым сасновым лесам і добрымі ўспамінамі. Самы смачны морс атрымліваецца з брусніцаў і журавінаў. Дарэчы, ён спрыяльна паўплывае на імунітэт, але ім лепш не злоўжываць тым, хто мае праблемы са страўнікам. Напой бадзёрыць сваёй кіслінкай.

Вам спатрэбіцца:

1 літр вады, 150 грамаў замарожаных, сухіх ці свежых брусніцаў/журавінаў, 120 грамаў цукру.

А гатуецца так:

Свежыя ягады перабярыце, пачакайце, пакуль растануць замарожаныя, ці замачыце сухія. Потым растаўчыце, адцісніце сок. Сок пакіньце асобна, а макуху (кавалачкі ягадаў, якія застаюцца пасля адціскання) заліце вадой і ўскіпяціце, пакіньце бурліць на 5 хвілін. Здыміце з агню, адцадзіце макуху, дадайце цукар, зноў ускіпяціце і астудзіце. Калі напой падастыне, заліце сок. Адмыслоўцы раяць пачакаць дзень-два перад тым, як ужываць напой, але ён цудоўна смакуе і свежым.

Абляпіхавая гарбата. Сонца ў кубку

Гэты напой ідэальна пасуе да дрэннага надвор’я, каб узняць настрой і падтрымаць арганізм, а ў цёплы час ідэальны для таго, каб стаць каштоўным штрыхом для вечаровага адпачынку. Абляпіхавая гарбата карысная для здароўя, але яе, як і морс, трэба з асцярожнасцю ўжываць тым, хто мае праблемы са страўнікам.

Вам спатрэбіцца:

300 грамаў абляпіхі (замарожанай ці свежай), 250 мілілітраў кіпню, цытрына, мёд, апельсін, 200 грамаў цукру.

Гатуецца так:

Спачатку трэба зрабіць сіроп з абляпіхі. Для гэтага ягады здрабніць з дапамогай блэндэра. Пасля масу працерці праз сіта. Гатовы сок трэба нагрэць, дадаўшы да яго 200 грамаў цукру. Важна не даводзіць сіроп да кіпення! Не забывайцеся памешваць.

Калі сіроп стане больш-менш густы, адстаўце яго ўбок і дайце яму пастыць. Пакуль можаце наліць у кубак кіпню, дадаць туды каля 30 мілілітраў сіропу з абляпіхі (можна болей ці меней, на свой густ), па кавалачку апельсіну ды цытрыны, мёд на ўласны густ. Смачны напой гатовы! Для аматараў араматаў: дадайце трошкі свежага размарыну.

Зёлкавая гарбата. Пах лета і волі

Кожная беларуская жанчына — трошкі вядзьмарка. Сёння спрычыніцца да старадаўніх ведаў на мяжы гастранаміі і магіі можа кожны і кожная. Уся справа ў тым, каб зварыць уласнае зелле з араматных зёлак, якія назапасілі духмяныя вечары кароткага беларускага лета.

Вам спатрэбіцца:

Зёлкавы збор з аптэкі, крамы ці сабраны ўласнаруч. Гэта можа быць мікс кіпрэю, мяты, чабору, ліпы, суніцаў і шмат якіх іншых раслінаў. Але варта збіраць толькі тыя травы, у якіх вы ўпэўненыя і якія растуць далёка ад аўтадарог і чыгункі. Пачаткоўцам лепш абіраць гатовыя зборы.

А гатаваць гэта можна так:

Зёлкавую гарбату гатуюць з разліку лыжка зёлак на кубак кіпню. Такі напой вельмі добра пасуе да слодычаў. Саму гарбату не салодзяць, а запіваюць ёй розныя ласункі.

Безалкагольны пунш. Напой пернікавых чалавечкаў

Вельмі духмяны і ласкавы напой. Падорыць добрыя ўспаміны і сагрэе ў самыя халодныя моманты. Такім напоем файна дзяліцца з сябрамі і блізкімі падчас цікавай і ўтульнай размовы.

Вам спатрэбіцца:

1 літр кіпню, 20 грамаў чорнага чаю, цынамон, гваздзіка, мёд, цытрына і апельсін.

А робіцца гэта так:

Чорны чай і спецыі заліваюць кіпнем. Праз 5 хвілінаў, калі чай заварыцца, працэджваюць. Дадаюць 2-4 лыжкі мёду, цытрыну і апельсін на ўласны густ. Вельмі прыгожа выглядае пунш, калі ў празрыстую філіжанку дадаць серпантын скуркі ад цытрусавых ці мяту. Алкагольны варыянт утрымлівае яшчэ 1.5 літра чырвонага віна, якое дадюць у чай са спецыямі і падаграваюць амаль да кіпення. І ўжо толькі пасля гэтага дадаюць цытрыну і апельсін. Напой адначасова бадзёры і ўтульны, куды менш банальны, чым глінтвейн.