«Не чыніць пералюбу»
Калі чуеш, што нехта разводзіцца, часта першай думкай лезе ў галаву клішэ пра «здраду». (Аднак калі пара не вянчалася і не прыносіла адно аднаму клятваў у вечнай вернасці — а раз клятваў не было, то тэхнічна і «здрадай» гэта цяжка назваць, але ладна.)
Рэлігійныя людзі таксама называюць гэта «пералюбам» ці «блудам» — і калі сёння гэта хоць і пераважна сацыяльна непрымальная рэч, якая можа стаць падставаць для разрыву стасункаў або разводу, аднак даўней «пералюб» мог несці вельмі канкрэтную пагрозу фізічнай расправы — асабліва, калі яго ўчыніла жанчына.
Шлюбная нявернасць у старажытнасці
Калі ў пэўных краінах у старажытнасці жанчыны мелі больш-менш параўнальныя з мужчынскімі маёмасныя правы, то ў плане правоў на развод або пакаранняў за шлюбную нявернасць усё было як у нашых найгоршых уяўленнях.
У старажытным Ізраілі развод мог даць толькі муж, але, напрыклад, у Старажытным Егіпце жанчына магла развесціся і нават вярнуць сабе сваю дашлюбную маёмасць, аднак калі супраць жанчыны распачыналася справа «аб пералюбе», яе маглі пазбавіць правоў. Вызначалася, якая частка яе маёмасці або пасагу можа быць адабраная. Калі жанчыну прызнавалі вінаватай, ёй маглі адрэзаць нос, а мужчына за такія ж дзеянні атрымліваў удар бізуном.
Афінянкі мелі права на развод, хоць пры разводзе яны гублялі ўсе правы на дзяцей, якія нарадзіліся ў іх ад мужа.
У Старажытным Рыме пералюб ставіўся ў віну толькі жанчыне. Жанаты мужчына, які меў палавую сувязь з жанчынай, якая не была ў законным шлюбе, не лічыўся правапарушальнікам.
У Візантыі імператар Канстанцін караў жанчын за пералюб смерцю, але Юстыніян змякчыў пакаранне да выгнання ў манастыр.
У Хецкім царстве ў Малой Азіі ў выпадках шлюбнай здрады, калі муж злавіў жонку з іншым мужчынам, ён меў права яе забіць або развесціся з ёй, калі вырашаў захаваць ёй жыццё. Жонка ніводнага з гэтых правоў не мела, калі сама апыналася ў сітуацыі «здраджанай».
Развод у ісламе
Паводле ісламскіх законаў, каб афіцыйна ініцыяваць развод, мужчыну досыць тройчы вымавіць «таляк» (развод) у прысутнасці жонкі. Існуе абавязковы перыяд чакання ў тры месяцы, і калі за гэты час выявіцца, што жонка цяжарная, развод не ўступіць у сілу да таго часу, пакуль яна не народзіць.
Жанчыны заўсёды мелі права ініцыяваць развод, але ў судовым парадку і з доказамі падставы для разводу (жорсткасць, адсутнасць забеспячэння, дэзертырства, імпатэнцыя).
Законы новага часу
У эдвардыянскай Англіі (самы пачатак ХХ ст.) муж мог атрымаць развод праз учынены жонкай пералюб, тады як жонка магла атрымаць яго толькі пры спалучэнні пералюбу мужа з якой-небудзь іншай прычынай (жорсткасцю або дэзертырствам).
Самыя крэатыўныя законы
У Кітаі часоў позняй імперыі (то бок па сутнасці да пачатку ХХ ст.) права прадугледжвала сем розных тыпаў разводаў. З жонкай маглі развесціся, калі яна:
- не нарадзіла сына
- здзейсніла пералюб, не падпарадкавалася бацькам
- занадта шмат гаварыла
- крала
- раўнавала
- пакутавала ад невылечнай або «непрыемнай» хваробы або разладу
Муж не мог развесціся, калі:
- у жонкі не было сям’і, куды можна было б вярнуцца
- сям’я мужа раней была беднай, але стала багацейшай
Жанчына развесціся з мужам не магла.
А што ў нас
У Расейскай імперыі, да якой, на жаль, належала Беларусь у 19-м — пачатку 20 стагоддзя, жанчына трактавалася як поўная ўласнасць мужчыны (памятаеце кейс Соф’і Кавалеўскай?). Мужчыны там мелі магчымасць разарваць шлюб, прымусіўшы жонку сысці ў манастыр.
Пазней любы развод стаў магчымым, для праваслаўных патрабавалася дазвол Найсвяцейшага Сінода. Па заканадаўстве таго часу для разводу ў праваслаўнай сям’і патрабавалася адна з наступных прычын:
- Даказаны пералюб.
- Двужонства.
- Наяўнасць дашлюбнай хваробы, якая перашкаджае шлюбным стасункам.
- Доўгая адсутнасць мужа (больш за 5 гадоў).
- Асуджэнне за цяжкае злачынства, якое ўключае высылку або пазбаўленне маёмасных правоў.
- Манаства (толькі пры адсутнасці малалетніх дзяцей).
Пасля разводу вінаваты бок часцей за ўсё не меў права ўступаць у новы шлюб. Паводле перапісу насельніцтва 1897 года, на 1000 мужчын прыходзіўся 1 разведзены, на 1000 жанчын — 2 разведзеныя. Да 1917 года сітуацыя істотна не змянялася.
Жанчыны здабылі права на развод толькі за часамі СССР — каб без усялякіх там адправак у манастыры ці на Салаўкі. Адразу пасля рэвалюцыі развод можна было атрымаць у органах ЗАГС неадкладна пасля падачы заявы — няважна, падавалі жонка ці муж. Пры Сталіну разводы сталі зноў рэзка абмежаваныя. Развесціся можна было толькі праз суд, прычым раённыя народныя суды такога права не мелі, трэба было афіцыйна даваць аб’яву ў газету. Пры Хрушчову працэдуру крыху спрасцілі — можна было зноў разводзіцца без абвяшчэння на ўвесь свет.