Гiды

Што рабіць з машынай? 6 тэндэнцый беларускага аўтарынка

Што рабіць з машынай? 6 тэндэнцый беларускага аўтарынка

Купіць, прадаць ці рамантаваць — тры хвоі, сярод якіх заблукала шмат аўтааматараў. Зрабіць правільны выбар складана нават у спакойныя часы, зараз жа любая гучная навіна можа змяніць сітуацыю не толькі на рынку, але і ў грамадстве. Сойка зазірнула ў беларускую аўтамабільную прастору і вызначыла найбольш важныя тэндэнцыі, якія ўплываюць на стан усёй галіны.

Перанасычанасць рынка дарагімі аўто

Да мінулай восені наша краіна была для расейцаў спрыяльнай зонай, адкуль можна было забіраць у абыход усялякім санкцыям і абмежаванням элітныя (і не толькі) аўто па файных коштах. Сама Беларусь з пункту гледжання рынка працы адкацілася ў 1990-я: рэлакаваных айцішнікаў пачалі замяняць, здавалася, ужо забытыя перагоншчыкі ды перакупшчыкі. Аднак усіх усё задавальняла: беларус прывозіў з Еўропы не толькі свежыя Audi, BMW, Tesla, але і больш бюджэтныя варыянты, а расеец купляў усё запар.

Потым пачалася мабілізацыя, у Расеі падаражэў долар, плацежная здольнасць скарацілася, ды і тым, хто спрабаваў пазбегнуць мабілізацыі, стала не да аўто, — і беларусы засталіся сам-насам з вялізным аўтапаркам, які самі ж і прыгналі. З аднаго боку, гэты аўтапарк істотна памаладзеў, з другога — гэта атрымалася штучна, таму многія вымушаныя ездзіць на добрых машынах, хаця з задавальненнем іх прадалі б. Дастаткова паглядзець прапановы элітных аўто: на папулярным аўтамабільным сайце толькі BMW X5 не старэйшых за 2018 год набралася з дзве сотні. Прыкладна тое ж самае адбываецца і з іншымі папулярнымі брэндамі і мадэлямі. Прадаўцам застаецца толькі чакаць, але ёсць і добрая навіна — беларусы гэта рабіць умеюць.

Купляць для сябе

Калі азіраць унутраны рынак без расейскага ўмяшання, тут усё даволі сціпла. Тыя, хто разглядаюць варыянты абнавіць машыну, прапановамі за больш чым 15 тысячаў долараў звычайна не цікавяцца. «Шукаць» і зноў жа «чакаць» — два самыя папулярныя дзеясловы ў гэтым плане. А калі нават дачакаліся — самы час прадэманстраваць хуткую рэакцыю. Калі, напрыклад, вы ўбачылі аб’яву пра продаж Toyota Picnic у добрым стане за 5 тысячаў долараў, але вырашылі зварыць каву, каб яшчэ трохі падумаць, — можаце шукаць далей: з імавернасцю амаль у 100% можна прадказаць, што за гэтыя некалькі хвілінаў, якія вы прамарудзілі, мінівэн знайшоў пакупніка.

Ільготнікі як шэрыя кардыналы

У апошні час на аўтарынку з’явілася катэгорыя, якая дзякуючы дзяржаве атрымала магчымасць падзарабіць. Гэта так званыя ільготнікі — інваліды, мнагадзетныя бацькі і іншыя людзі з правам на ільготу, якім дазволена раз у год увозіць у краіну транспартны сродак са зніжкай 50% на мытныя пошліны і падаткі. Калі зрабіць выгляд, што ў тэксце дакумента не дачытаў выраз «для ўласнага карыстання», то можна адкрыць невялічкі бізнэс, няхай і ўсяго з адной угодай на год. Знаходзіш (ці табе знаходзяць) чалавека, якому патрэбна прывезці аўтамабіль, і за пэўную ўзнагароду афармляеш аўто на сябе, каб удвая скараціць мытныя выплаты.

Справа ў тым, што жаданне падзарабіць некаторых адарвала ад рэчаіснасці, і яны без усялякай асцярогі пачалі афармляць на сябе тыя самыя прэстыжныя аўто коштам ад 50 тысяч долараў. А потым з’явілася падатковая, якой трэба было растлумачыць, адкуль у цябе, ільготніка, грошы на такую пакупку. І для некоторых прыбытковая справа пераўтварылася ў справу крымінальную.

Вы памыліцеся, калі палічыце, што пасля гэтага ільготнікі выйшлі з гульні: яны, наадварот, кардынальна змянілі падыход і вярнулі на беларускі рынак машыны, якія прынята называць «непраходнымі». Перагоншчыкі так завуць аўто старэйшыя за пяць гадоў, якія размытніваюць па больш высокай стаўцы. Таму везці «ўзроставыя» машыны звычайна не мае сэнсу: аўто з прабегам танней купіць на беларускім рынку. Але калі з’явіцца істотная зніжка падчас разліку на мытні, можна і паспрабаваць.

Прыгнаць праз юрыдычную асобу

На рынку сёння хапае юрыдычных асобаў, да якіх у асноўным звяртаюцца тыя, хто хоча набыць аўто для сябе (да мабілізацыі некаторыя ўмудраліся і тут, дзе маржа за паслугі прадказальна вышэйшая, купляць для перапродажу). Да кампаніяў, нават маленькіх, большы давер, бо ёсць магчымасць падпісаць дамову, і знайсці іх потым прасцей, чым якога «перакупа».

Звычайна юрыдычныя асобы працуюць па наступных схемах: замаўляюць машыны праз афіцыйных дылераў у Еўропе ці Азіі ці купляюць аўто праз аўкцыёны. Замовіць машыну ў Еўропе не так складана, танцы з бубнам пачынаюцца, калі за яе трэба плаціць. Справа ў тым, што праз санкцыі еўрапейскія банкі не могуць атрымаць плацеж з Беларусі, таму, па сутнасці, застаецца адзіны варыянт — аплата праз пасярэднікаў. Іх ролю выконваюць тыя ж аўкцыёны, дзе беларуская юрыдычная асоба набывае аўто: яны адкрываюць дублявальныя рахункі ў іншых краінах, і такім чынам вырашаюць фінансавыя пытанні.

Перакваліфікаваныя дылеры

У беларускіх дылераў таксама ўсё ў парадку, нягледзечы на тое, што летась продаж новых аўто знізіўся ажно на 64%. Больш камфортна пачуваюць сябе тыя, хто своечасова скараціў персанал і пачаў гандляваць патрыманымі аўто. Таксама ў іх застаўся добры заробак за кошт сэрвісу, дзе з маржынальнасцю заўсёды быў парадак — і да пандэміі, і падчас яе, і ў сённяшнія неспакойныя часы. А зараз згадаем, колькі свежых машын прыехала ў краіну апошнім часам. І гаспадары, якія потым захочуць больш выгадна іх прадаць, будуць рабіць стаўку на гісторыю аўто і, адпаведна, на абслугоўванне ў дылерскім цэнтры.

Агульная «кітаізацыя»

А вы ведалі, што пакуль мы пісалі гэты тэкст, а вы яго чыталі, у Беларусі прадалі пэўную колькасць кітайскіх аўтамабіляў? За «кітайцаў» зараз ухапіліся ўсе: і дылеры, і перакупы, і юрыдычныя асобы, якія возяць у краіну патрыманыя аўтамабілі. Нядаўна з’явіўся афіцыйны цэнтр Jac, народ прыглядаецца да адносна танных і добра ўкамплектаваных электрычных красовераў BYD. І пакуль мы думаем, што зараз рабіць з аўтамабілем — купляць новы, рамантаваць стары ці прадаваць яго, — кітайцы ведаюць, што будзе далей.