Гiды

Летнік, а не лагер: дзе адпачыць маладым беларусам за мяжой

Летнік, а не лагер: дзе адпачыць маладым беларусам за мяжой

Час піянерлагераў мінуў разам з піянерамі, саступіўшы месца летнікам, дзе паважаюць асобу і развіваюць зацікаўленні. Такім чынам, на вакацыях можна вывучаць беларускую культуру, бізнэс, кіно і ўсялякія навукі, і да таго ж бавіць час сярод раўналеткаў-аднадумцаў. Сойка сабрала некалькі варыянтаў беларускіх летнікаў за мяжой на розны густ, узрост і зацікаўленасці.

ЗЛЁТКІ

Беларускамоўны аздараўляльны міжнародны летнік «Злёткі 2024» на Чорным моры з тэмай «Беларусь сярод іншых культур». У праграме запланаваны паход, выезд на сфагнумныя балоты і крэпасць Петра, квэст па мястэчку, лекцыя ад этнографкі пра Купалле і Русалле, параўнальная міфалогія, Дзень Нептуна, алімпіяда па дваровых гульнях і многае іншае. А другі заезд пройдзе з Маляванычам!

Узрост: ад 5 да 17 гадоў + дарослы атрад для бацькоў альбо проста дарослых, нават без дзяцей
Месца: курортны пасёлак Урэкі, Грузія, Чорнае мора
Даты: 1-10 ліпеня

BUSINESS CAMP ДЛЯ ПАДЛЕТКАЎ

Гэта дзённы бізнэс-летнік, змена ў якім працягнецца 6 дзён з 11:00 да 14:30, за якую падлеткі змогуць прэзентаваць свой праект. Хлопцаў і дзяўчат чакаюць гульні, майстар-класы, практычная праца ў групах і публічны выступ. За гэты час яны абмяркуюць з ментарамі і ментаркамі прадпрымальніцтва, ідэі для бізнэсу, дызайн-мысленне, бізнэс-мадэлі, стратэгіі маркетынгу і асновы фінансавання. Напрыканцы пройдзе пітч праектаў, на якім каманды падлеткаў змогуць прадставіць вынікі сваёй працы перад бацькамі і важатымі.

Узрост: 12-17 гадоў
Месца: Варшава і Вільня (плюс можна дадаць свой горад)
Даты: 24-29 чэрвеня, 8-13 ліпеня

СВІТАНАК & РАЗАМ

«Світанак» будзе арыентавацца на беларускуюю культуру. У праграме – вывучэнне нашай мовы і літаратуры, спевы, танцы, гульні і розныя забавы, наведваннi музеяў і мясцовых славутасцяў. Тут прафесійныя і дасведчаныя выкладчыкі, камфортнае памяшканне для заняткаў у цэнтры Вільні, 3-разовае харчаванне, а напрыканцы – канцэртны выступ.

Месца: Вільня, A. Smetonos g. 5
Даты: кожны тыдзень з 24 чэрвеня па канец жніўня
Узрост: 6-16 гадоў
Рэгістрацыя

ЖЭЎЖЫК

Сямейны моўны летнік «Жэўжык» – гэта летнік для бацькоў і дзяцей, які спалучае адпачынак і навучанне. Летнік створаны ў першую чаргу для ўдзельнікаў клуба кемлівых дзяцей «Жэўжык», але калі месцы застаюцца, то запрашаюць і новых удзельнікаў. Фармат летніка сямейны, але старэйшыя дзеці часам удзельнічаюць без бацькоў. Тут адбываюцца розныя цікавыя рэчы: творчыя майстэрні, танцы, тэатр, эксперыменты, камандныя гульні, паходы ў лес – усяго не пералічыць.

Узрост: 11-14 гадоў
Месца: Падляшша
Даты: жнівень

SPORT & FUN

Сопат – месца сустрэчы старых сяброў і здабыццё новых прыемных знаёмстваў, а таксама спартовага летніку са штодзённымі трэнаваннямі ў басейне і на свежым паветры! Дзяцей чакае праца над сілай, хуткасцю, спрытам, каардынацыяй, а таксама гульні, прыгоды на моры і навучанне на сапах з сертыфікаваным інструктарам!

Узрост: Плануецца падзел на ўзроставыя групы (7-9, 10-12, 13-15 гадоў; не больш за 16 удзельнікаў у групе)
Даты: 29 ліпеня – 2 жніўня і 5-9 жніўня з 8.30 да 16.30 (без начовак)
Месца: Сопат, Польшча, Балтыйскае мора

КІНАЛЕТНІК

Кінашкола ладзіць гарадскія летнікі ў Варшаве і паўнавартасны летнік на ўзбярэжжы Балтыйскага мора.

Усе дзеці, нягледзячы на ўзровень падрыхтоўкі, атрымаюць магчымасць увайсці ў склад здымачнай каманды, паспрабаваць сябе ў ролі актора_кі, аператара_кі і рэжысёра_кі. Вас чакае практыка работы з камерай, акторскае майстэрства, фотапробы, здымкі, майстар-класы, а ў канцы змены хлопцы і дзяўчаты атрымаюць яркае фотапартфоліа, кароткаметражны фільм з уласным удзелам і новыя знаёмствы!

Месца: Гарадскі кіналетнік у Варшаве
Узрост: 6-9 і 10-13 гадоў
Даты: 24-28 чэрвеня і 1-5 ліпеня (без начовак)

Месца: Кіналетнік на Балтыйскім моры
Узрост: 7-11 і 12-15 гадоў
Даты: 22-28 жніўня

ЯК ДОМА

Беларуская школа замежжа «Як дома» прапануе ўнікальнае спалучэнне заняткаў згодна з педагогікай Мантэсоры ў памяшканні і на свежым паветры. Акрамя заапаркаў, гульнявых пляцовак, паркаў у раёне Варшавы Вілянуў, чакаецца наведванне музеяў і мноства іншых культурных мерапрыемстваў, даступных у Варшаве. Падчас заняткаў акцэнт будзе зроблены на праектную дзейнасць на мяжы сутыкнення з практычным жыццём. Навучанне будзе праводзіцца на беларускай і польскай мовах. Некаторыя тыдні будуць на ангельскай мове.

Месца: Варшава, Вілянуў
Узрост: 7-11 гадоў
Даты (8.30 да 16.30 без начовак):

  • 08.07.2024 – 12.07.2024 Нашая планета, жывёлы, расліны і казуркі
  • 15.07.2024 – 19.07.2024 Летнік мастацтваў: тэатр, мастацтва, кераміка і інш
  • 05.08.2024 – 09.08.2024 Практычныя жыццёвыя навыкі і кулінарыя

BUSLIK HUB

Гарадскі летнік у Тбілісі «Buslik Hub» запрашае дзяцей правесці летнія вакацыі разам. У праграме трохразовае харчаванне, навучанне плаванню ў басейне, урокі вакалу, стэндап, форум-тэатр, майстар-класы, квізы, квэсты, настолкі, актыўныя і інтэрактыўныя гульні на свежым паветры, шпацыры ў парках і шмат чаго яшчэ.

Узрост: 6-12 гадоў
Месца: «Buslik Hub» у самым цэнтры Тбілісі
Даты: змены з 17 чэрвеня па 13 верасня (з 10 да 18, без начовак)

  • 15.07-19.07
  • 24.06-28.06 22.07-26.07
  • 01.07-05.07 29.07-02.08
  • 08.07-12.07

ТЭАТР РАЗАМ

Тэатральная школа RAZAM ужо чацрёрты год робіць для дзяцей беларусаў, якія пакінулі Беларусь, летнік на Балтыйскім моры. Удзельнікі тэатральнай студыі ўжо паставілі некалькі спектакляў, а ўлетку разам адпачнуць і паплёскаюцца ў хвалях Балтыкі.

Узрост: 6-16 гадоў
Даты: 27 ліпеня – 6 жніўня
Месца: Балтыйскае мора, Швянтое, Літва

РАБІНЗОНЫ І РАБІНЗОНКІ – АНЛАЙН

Новы бясплатны анлайн-летнік «Беларускія супергероі і супергераіні» па-беларуску, для беларусаў_ак, пра Беларусь! Дзяцей чакае знаёмства са знакамітымі беларусамі і беларускамі, якія змянілі наш свет.

Дзеці і падлеткі разам давядуць, што беларусы_кі – вельмі таленавітая нацыя і нам ёсць кім ганарыцца. Наша краіна багатая не толькі мастакамі_чкамі, музыкамі і літаратарамі_камі, але і навукоўцамі_камі, бізнэсоўцамі_камі, вандроўнікамі_цамі і інш. Таксама падчас летніку ўдзельнікі і ўдзельніцы змогуць больш даведацца пра родную мову, гісторыю, культуру і мастацтва, стварыць уласныя творчыя праекты па тэме беларускіх «супергерояў» і «супергераінь», цікава прабавіць час, а таксама знайсці новых сяброў і сябровак па ўсім свеце.

Даты: 1-5 ліпеня з 10:30 да 16:30 (па беларускім часе)
Месца: анлайн з Беларусі і замежжа
Узрост: 10-15 гадоў