Гiды

Што пачытаць: сайты, газеты, часопісы

Што пачытаць: сайты, газеты, часопісы

Калаж Караліны Паляковай

Гэта другая частка эпахальнага гіда па беларускіх медыях, які падкажа, дзе шукаць інфармацыю на ўсе выпадкі жыцця. Галоўнае, каб яна была пра беларусаў, беларусак і Беларусь. Сёння раім, якія папяровыя ці віртуальныя старонкі пагартаць, каб заставацца ў курсе падзеяў.

УВАГА! У тэксце ёсць назвы «экстрэмісцкіх» СМІ і спасылкі на іх. Мы не заклікаем абмяжоўваць спажыванне інфармацыі (нашыя калегі працуюць напоўніцу пад самымі непрывабнымі статусамі і маюць патрэбу ў вашай падтрымцы, як ніколі). Аднак інфармацыйная гігіена сама сябе не прытрымаецца.

Грамадска-палітычныя (Ч. 1)

БелГазета

Інфармацыйна-аналітычны штодзённік, які выдаваўся з 1995 года (да 2005-га — пад назвай «Белорусская газета»), але ў 2020-м Дом друку адмовіўся яго друкаваць, і з таго часу выданне існуе толькі анлайн. Акрамя навін, на сайце ёсць блогі, а таксама архіў нумароў з 2000-га года. Можна схадзіць панастальгаваць (калі ёсць па чым). Выданне расейскамоўнае.

Белсат

«Белсат» — гэта, безумоўна, перш за ўсё тэлеканал, які можна глядзець як па спадарожніку, так і праз аплікацыю для смарт-TV, сайт і Youtube. Сайт і сацыяльныя сеткі «Белсату» можна выкарыстоўваць і як тэкставыя крыніцы навін, каб быць у тэме таго, што адбываецца ў краіне і ў суседзяў. «Белсат» мае некалькі моўных версіяў — беларускую, расейскую, ангельскую, польскую. Існуе асобная расейская служба, у яе ёсць уласны канал «Вот-Так» са сваім сайтам, тэлеграмам, ютубам і іншымі сацсеткамі.
За гады існавання «Белсат» развіўся ў бадай што самае буйное медыя Беларусі, хоць фармальна канал ніколі не меў свайго афіцыйнага прадстаўніцтва на радзіме. Журналісты канала шмат год сутыкаліся з фактычнай забаронай на прафесію, сёння за кратамі знаходзяцца вядоўца канала Уладзімір Мацкевіч, прадстаўніца канала Ірына Слаўнікава і журналістка Кацярына Андрэева.

Еўрарадыё

Як вынікае з назвы, першасна гэта было радыё (заснаванае ў Варшаве ў 2005 годзе). Слухаць радыё па-ранейшаму можна на сайце, але можна і чытаць тамсама. Ёсць беларуска-, расейска- і англамоўная версіі сайта. Таксама «Еўрарадыё» актыўна развівае свой ютуб і робіць гэта досыць паспяхова і з густам. Запальваюць на канале ў асноўным галоўны рэдактар Павел Свярдлоў і журналіст Зміцер Лукашук. Дарэчы, апошні выдаў кнігу (яна, безумоўна, прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам), якая складаецца з самых выбітных інтэрв’ю праграмы «Ідэя Х» — шоў, дзе госці з вядоўцамі намагаюцца высветліць, што ж такое беларуская нацыянальная ідэя.

Зеркало

Пасля таго як улады разграмілі рэдакцыю TUT.BY, частка былой каманды выдання, якія знаходзіліся за мяжой, аб’явілі аб стварэнні медыя Zerkalo.io. Вядома, і гэты рэсурс у Беларусі быў аператыўна забанены, але тым не менш канал «Зеркало» в Telegram мае 385 тысяч падпісантаў. Сёння ў Беларусі за кратамі застаюцца галоўная рэдактар партала Марына Золатава і былая генеральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна.
«Зеркало» працягвае змагацца за сваю аўдыторыю ўнутры краіны. Медыя рупіцца пра свой ютуб-канал, збіраючы і апрацоўваючы інфармацыю, якая прыходзіць з Беларусі. Дарэчы, стары ютуб таксама працуе, але сёння ён змяніў назву на «Мара». Акрамя таго, рэдакцыя актыўна развівае беларускую версію.

Маланка.Media

Параўнальна маладое і актыўнае медыя, якое хутка (іначай для чаго б такая назва?) рэагуе на актуальную павестку. У гэтым гідзе мы разглядаем толькі друкаваную частку «Маланкі», у якой ёсць раздзелы «Лонгрыд дня», «Меркаванне эксперта» і навіны спорту. Для тых, хто стаміўся, узяў перадых і не выцягвае, ёсць асобны раздзел «Без палітыкі». Сайт на расейскай мове, але сустракаюцца і беларускамоўныя артыкулы. Ёсць аплікацыі ў апсторы і ў гугл-плэй.

Медиазона. Беларусь

Навіны пра Беларусь з усіх сфераў жыцця, але найперш — грамадска-палітычныя (у цэлым, і жыццё ў нас зараз такое, так што ўсё лагічна). У тэкстах няма ацэначных характарыстык, толькі аб’ектыўнасць, толькі хардкор. Але навіны ад гэтага не посныя: вось, напрыклад, тэкст пра тое, як цяпер бяспечна чытаць беларускіх класікаў пасля забароны ўжывання лозунгу «Жыве Беларусь». У раздзеле «Сюжэты» апошнія месяцы — штотыднёвая хроніка вайны ва Украіне. Навіны збольшага расейскамоўныя, а некаторыя лонгрыды (у рубрыцы «Тэксты» на сайце) часта маюць і беларускамоўную версію (пра гэта можна даведацца толькі зайшоўшы ў сам артыкул: у некаторых з іх ёсць кнопка «чытаць па-беларуску»).

Народная Воля

Выданнем ужо шмат гадоў кіруе бяззменны лідар Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч, які выхаваў не адно пакаленне беларускіх журналістаў, а сам прайшоў шлях ад сельскага карэспандэнта да галоўнага рэдактара.
«Народная Воля» працягвае працаваць у Беларусі. Нягледзячы на адсутнасць магчымасці друкаваць і распаўсюджваць друкаваную версію, выданне існуе — пакуль у электронным выглядзе. Матэрыялы газеты можна чытаць або ў тэлеграм, або падпісацца на PDF-версію праз сэрвіс belpressa.by.

Наша Ніва

Наша Ніва змагаецца за выжыванне ў беларускай медыяпрасторы ажно з 1906 года. І ў выдання гэта паспяхова выходзіць: нягледзячы на тое, што галоўны рэдактар Ягор Марціновіч і кіраўнік рэкламнага аддзелу Андрэй Скурко знаходзяцца за кратамі з ліпеня 2021 года, рэдакцыя працягвае працаваць з-за мяжы і штодзень выдае паўнавартасную стужку з некалькіх дзясяткаў навін на розныя тэмы — ад палітыкі да надвор’я. У тым ліку з’яўляюцца і аўтарскія эксклюзіўныя матэрыялы ды расследаванні. Сваё бачанне рэчаіснасці НН дэманструе ў тым ліку ў ціктоку і ў ютубе.

Новы час

Пасля 2020 года выданне «Новы час» яшчэ доўга (у параўнанні з іншымі незалежнымі выданнямі) працягвала выходзіць у друкаванай версіі. Аднак у канцы ліпеня 2021 года друкарня «Рол Прынт» адмовіла рэдакцыі ў друку газеты, і з таго часу медыя працуе выключна ў інтэрнэце. Супрацоўнікі газеты ў кастрычніку 2021 года перажылі ператрусы, а галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб атрымала 2,5 гады «хіміі». Нягледзячы на ўсё гэта выданне працуе і намагаецца штодзень сфармаваць карціну дня пра тое, што адбываецца ў беларускім грамадстве.

Грамадска-палітычныя (Ч. 2)

Радыё Свабода

Нягледзячы на назву, «Радыё Свабода» ўжо даўно не толькі радыё, а вялікі інтэрнэт-рэсурс з ладнай доляй уласнага эксклюзіўнага кантэнту, у тым ліку з відэа і падкастамі. З медыя супрацоўнічаюць знаныя журналісты і аналітыкі, а высокія прафесійныя стандарты робяць інфармацыю ад «РС» вартай даверу ў любыя часы. За сваю супрацу з выданнем журналісты паплаціліся затрыманнямі ды адсідкамі, большасць з іх мусова пакінула Беларусь, а двое — кансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік і фрылансер Андрэй Кузнечык — зараз знаходзяцца за кратамі з вялікімі тэрмінамі зняволення. Варта адзначыць ютуб-версію «Свабоды» — яна мае больш за 200 тысячаў падпісантаў.

Салідарнасць

Кожны дзень выданне вядзе анлайн-хроніку пра тое, якія падзеі адбываюцца ў ходзе расейска-ўкраінскай вайны. А яшчэ публікуе меркаванні вядомых беларусаў пра палітыку, вайну ды эканоміку. На сайце таксама выходзяць спецпраекты — «Філін» (аператыўная аналітыка і публіцыстыка, калі журналісты і эксперты зразумелай мовай спрабуюць растлумачыць складаныя рэчы), «Жанчыны» (натуральна, з гісторыямі пра вядомых беларускіх жанчын). З пачаткам вайны ва Украіне рэдакцыя пачала весці спецпраект «Дневник войны».

СН Плюс

Больш вядомыя як «Свободные Новости», а потым «Свободные Новости Плюс». Штодзённае грамадска-палітычнае выданне выходзіла на паперы ажно з 2002 года з навінамі і аналітыкай. Аднак у жніўні 2020-га газету раптам не надрукавалі — быццам бы праз паломку друкавальнага станка (які пры гэтым даў рады выпусціць дзяржаўную прэсу). Іншыя тыпаграфіі адмовілі «Свабодным навінам», таму газета цалкам сыйшла ў анлайн. У снежні 2021-га сайт на тэрыторыі Беларусі заблакавалі. Мы ж нагадваем, што чытаць «СН Плюс» можна ў тэлеграме або праз VPN. Дарэчы, на сайце сабраны вялікі архіў друкаваных «Свабодных навінаў».

Хартыя97

Выданне не так даўно адзначыла сваё 25-годдзе. З самага пачатку свайго існавання Хартыя97 было бескампрамісным СМІ, журналісты рэзка крытыкавалі беларускія ўлады. Праз гэта рэдакцыя вельмі часта сутыкалася з ціскам. У 2010 годзе журналіст і адзін з заснавальнікаў медыя Алег Бябенін загінуў пры загадкавых абставінах. Ягоныя паплечніцы Наталля Радзіна і Ірына Халіп называюць гэтую смерць інспіраванай уладамі.
Інтэрнэт-выданне ўжо даўно існуе за мяжою, але пры гэтым мае моцную падтрымку чытачоў у Беларусі. Хоць сёння і цяжка знайсці свежыя сацыялагічныя дадзеныя знутры краіны, але тры гады таму Хартыя стабільна ўваходзіла ў топ-25 самых чытаных СМІ краіны. Калі хочацца рэзкіх навін пра палітыку і эмацыйна афарбаваных загалоўкаў — то вам якраз сюды.

DW / Deutsche Welle

Deutsche Welle, яна ж — «нямецкая хваля» — медыякампанія Нямеччыны, якая рыхтуе і распаўсюджвае радыё- і тэлепраграмы, а таксама падтрымлівае інтэрнэт-сайт на 30 мовах (праўда, версія для Беларусі там па-расейску, за выключэннем некаторых навін ці артыкулаў культурнай тэматыкі).

KYKY

Навіны з розных сфераў жыцця беларусаў, аб’яднаныя ў рубрыкі «Боль», «Грошы», «Сэкс», «Героі», «Праекты», «Месцы», «Культ», — хоць, у цэлым, усе яны пасуюць першай рубрыцы. А калі вам мала, то яшчэ на сайце ёсць аўтарскія калонкі — заўсёды можна выбраць на свой густ, з большым ці меншым болем. Большасць артыкулаў па-расейску, але ўсё часце сустракаюцца беларускамоўныя (і не толькі артыкулы: напрыклад, тут можна прайсці тэст на беларуса).

The Village Беларусь

Грамадска-палітычныя навіны, навіны бізнэсу, культуры, ежы, стылю — усё гэта ёсць на сайце. Загалоўкі навін даволі клікбэйтныя і не пазбаўленыя стылю, напрыклад: «Тлумачым, як для Азаронка: чаму “Жыве Беларусь” — гэта нацыянальны, а не нацысцкі сімвал». Але ж за гэта (у тым ліку) мы іх і чытаем. Навігацыя па сайце — беларускамоўная, аднак амаль усе артыкулы — па-расейску.

Pozirk — Навіны пра Беларусь

«Позірк» — гэта праект былой каманды інфармацыйнага агенцтва БелаПан і сайта Naviny.by, які цяпер існуе ў фэйсбуку, у тэлеграме і на ютуб. Як і шмат іншых рэдакцый, «Позірк» пакінуў Беларусь пасля палітычнага пераследу. Ахвярамі сталі некалькі дзейсных і былых прадстаўнікоў рэдакцыі: Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна атрымалі вялікія тэрміны зняволення.
Сёння «Позірк» — гэта навіны Беларусі, аналітыка і інтэрв’ю — збольшага, як гэта і было ў папярэднім праекце стваральнікаў. Навіны часцей публікуюцца па-расейску, але ёсць асобныя беларускамоўныя.

Reformation

Медыяпраект Фёдара Паўлючэнкі і групы яго аднадумцаў пра рэформы і змены ў Беларусі. Пішуць і пра грамадска-палітычнае, і пра культурнае жыццё. Акрамя самых up-to-date навінаў на сайце ёсць артыкулы-лонгрыды, інтэрв’ю, расследаванні і розныя спецпраекты (адзін з іх — «Ліквідацыя» — расказвае пра ліквідаваныя грамадскія аб’яднанні). Ёсць і асобны ютуб-канал «Саша, что ты несешь?!». Карацей, як сказана ў фэйсбуку, гэта «ваш маяк у свеце пераменаў». Праект расейскамоўны, але артыкулы калякультурнай тэматыкі часта па-беларуску.

Рэгіянальныя

Брестская газета

Брэсцкі недзяржаўны штотыднёвік, які выходзіў з 2002 года і, як шэраг іншых медыяў, атрымаў адмову на друк у друкарнях, і з пачатку 2021-га застаўся толькі ў інтэрнэце. Акрамя лакальных навін, у выданні — і агульнанацыянальныя навіны, і пра вайну ва Украіне. Тэматыка — ад палітыкі да рэлігіі, спорту і здаровага ладу жыцця. Асноўная мова — расейская, але ёсць і беларускамоўныя артыкулы: напрыклад, раптам вы прапусцілі вось такую добрую навіну пра шкарпэткі.

Газета Слонімская

Недзяржаўны масава-палітычны штотыднёвік, які ўпершыню выйшаў у 1938 годзе, адроджаны ў 1997-ым. Пашыраўся праз уласную сістэму распаўсюду ў Слоніме i Слонімскім раёне, а таксама ў суседніх раёнах Гродзенскай вобласці, аднак у 2020-м, пасля ператрусу ў рэдакцыі, газету адмовіліся друкаваць, выданне спыніла выхад на паўгода, аднак аднавіць яго не ўдалося, і цяпер яно існуе толькі анлайн. У асноўным выходзіць на расейскай мове, часам сустракаюцца беларускамоўныя навіны, прадказальна — датычныя культуры.

Ганцавіцкі час

Газета выходзіла 20 гадоў на паперы, але ў 2022-м друкарні традыцыйна адмовіліся з ёй супрацоўнічаць, і цяпер выданне існуе толькі анлайн. Побач з традыцыйнымі навінамі з грамадска-палітычнага жыцця, эканомікі, спорту, а таксама рэкламы, афішы і абвестак, ёсць асобная рубрыка, прысвечаная каранавірусу. А яшчэ ёсць прагноз надвор’я і расклад транспарту — карацей, паўнавартасны гарадскі партал. Працуе на расейскай мове.

Iнфа-Кур’ер

Рэгіянальны штотыднёвік, які існуе з 2001 года. Газета распаўсюджваецца ў Слуцкім, Старадарожскім, Любанскім і Капыльскім раёнах Мінскай вобласці і хоць па ўсім свеце праз інтэрнэт. Як гэта часта бывае ў рэгіянальных медыях, акрамя навін тут афіша, вакансіі, рэклама і рознага характару прыватныя абвесткі. Ёсць старонка ў інстаграме. Выдаецца практычна цалкам па-расейску.

Народныя навіны Віцебска

Гарадскі партал з афішай і лакальнымі навінамі з розных сфер жыцця — ад грамадскіх да крымінальных і навінаў спорту (спойлер: большасць навінаў — пра ДТЗ), ну і ўсім тым іншым, што мы прывыклі бачыць на гарадскіх сайтах. З адметнага: там застаўся такі звер як форум — тут ён называецца «Вольны форум вольнага горада», але насмрэч гэта вынесеныя на асобную старонку каментары пад навінамі — што ж, можа там і праўда вольна. Медыя расейскамоўнае, але ўся навігацыя па сайце — па-беларуску.

Рэгіянальная газета

Штотыднёвік, які выходзіў на паперы з 1995 года, а пасля пагрому незалежных медыяў у 2021-м перайшоў цалкам у анлайн (а ў 2022-м iнфармацыйную прадукцыю сайта і тэлеграм-канала прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі). У выдання крутая канцэпцыя рэгіёну, якая грунтуецца не на сучасным адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, а на гістарычным: газета пісала пра былы цэнтр Вілейскай, а пасля Маладзечанскай вобласці — часткі колішняй Віленшчыны, і, адпаведна, распаўсюджвалася вакол Маладзечна, Вілейкі, Смаргоні, Ашмянаў, Валожына, Мядзела і Астраўца. Адно з нешматлікіх беларускамоўных рэгіянальных медыяў (і дакладна адно з самых вядомых па-за рэгіёнам).

Флагшток

Як гавораць стваральнікі, гомельскі сайт «Флагшток» з’явіўся як адказ на некампетэнтнасць мясцовых чыноўнікаў у пытаннях горадабудаўніцтва. Але выбары і наступныя масавыя пратэсты карэнным чынам змянілі навіновы парадак сайта і лёс яго стваральнікаў (цяпер гэта «экстрэмісцкае фармаванне»). Акрамя традыцыйных рубрык для гарадскіх медыяў, тут ёсць асобны раздзел «Будаўніцтва флагштока» (мы ж памятаем гэтую навіну пра флагшток за 700 тысяч еўра? Уласна адсюль і назва праекта). Выданне двухмоўнае.

Hrodna Life

«Hrodna.life піша пра важныя падзеі ў горадзе, краіне і свеце, пра дасягненні і праблемы Гродна і гродзенцаў, пра гісторыю і сучаснасць горада ў кантэксце краіны і свету, пра тое, як зрабіць горад лепшым для жыхароў, і разам з імі змяняе яго да лепшага», — гэтак апісваюць сваю місію стваральнікі медыя. Аднак матэрыялы і навіны, што публікуюцца на сайце, будуць цікавыя не толькі гродзенцам (і не толькі гарадзенцам) — хапае навін і цалкам агульнанацыянальных. Выданне збольшага беларускамоўнае, ёсць і расейскамоўныя навіны. Усё ж Гродна пальцам не расціснеш.

Intex-Press

Баранавіцкі недзяржаўны штотыднёвік з лозунгам «Навіны Баранавічаў, Брэста, Беларусі, свету», які існуе з 1994 года на беларускай і расейскай мовах. Як і ў выпадку большасці іншых недзяржаўных СМІ, у 2021-м прайшоў ператрус у рамках пагрому незалежных медыяў, і «Белпошта» выключыла газету з падпіснога каталогу, а друкарня, вядома, адмовілася яе друкаваць. Цяпер выданне даступнае выключна анлайн. Газета пазіцыянуецца як двухмоўная, але збольшага матэрыялы па-расейску.

Media-Polesye

Недзяржаўнае медыя з Палесся, для палешукоў і ўсіх беларусаў. Акрамя тыповых рэгіянальных навін — навіны вайны ва Украіне (яно і не дзіўна, бо гэта ж найбліжэйшая мяжа і хіба найбліжэйшая краіна для многіх жыхароў рэгіёну). У праекта ёсць інстаграм — у ім, як і на сайце, у асноўным усё па-расейску.

MOST

Беластоцкае медыя для беларусаў па абодва бакі мяжы, якое робіць каманда беларускіх журналістаў у вымушанай эміграцыі. Заяўленая місія «Мосту» — «аб’яднаць беларусаў Беластока, заставацца інфармацыйным мостам паміж Беларуссю і Польшчай». На сайце медыя расказваюць пра праблемы легалізацыі і адаптацыі беларусаў у Польшчы, захавання ідэнтычнасці беларусаў у эміграцыі, палітычнай сітуацыі ў Беларусі і Польшчы. Моўная версія сайта адна, але на ёй частка навінаў па-беларуску, частка — па-расейску.

Эканамічныя

Белорусы и рынок

Адно з найстарэйшых незалежных выданняў Беларусі (заснавана ў 1990 годзе), якое ўзялося за эканамічную тэматыку. Рэдакцыя зведала на сабе ціск сілавікоў пасля падзеяў 2020 года, але не спыняе пашыраць праўдзівыя і прафесійныя навіны і аналітыку. Сёння «Белорусы и рынок» — надзейны брэнд, пра які ведае любы чалавек старэйшы за 30 год. Справа не толькі ў тым, што выданне было першым і ўнікальным, а ў тым, наколькі дасканала і прафесійна рэдакцыя выконвала свае абавязкі. Сёння «БіР» можна чытаць у тэлеграме ці глядзець на ютубе.

Пробизнес

На старонцы парталу напісана, што гэта «самы буйны ў Беларусі партал пра бізнэс». Праект мае аўдыторыю ў 150 тысяч наведнікаў штомесяц. Рэдакцыя займаецца не толькі навінамі і аналітыкай, а таксама арганізуе бізнэс-івэнты. Адна з самых значных перавагаў інтэрнэт-выдання — тое, што рэдакцыя дае голас беларускім бізнэсам рознага ўзроўню, ад індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў да ўладальнікаў карпарацый і холдынгаў. Зрэшты, пачытаць будзе цікава і тым, хто ад бізнэсу далёкі. Хоць выданне і «пра бізнэс», але не толькі пра бізнэс. Жыццёвых гісторый там таксама шмат.

Banki24.by

Яшчэ адзін зборнік эканамічнай інфармацыі, які змяшчае ў асноўным навіны. На сайце чытач можа знайсці інфармацыю пра курсы валют, дадзеныя з біржы, навіны па тэме з Беларусі і іншую карысную інфармацыю для тых, хто цікавіцца светам эканомікі. Аналітыкі тут няма, затое можна знайсці спіс усіх магчымых банкаў, пералік актуальных крэдытных ставак і іншае. Відавочна, што сайт працуе больш як даведнік.

Myfin.by

На партале сабрана ўся магчымая інфармацыя, якая можа зацікавіць чалавека, падкаванага ў сферы фінансаў. Курсы валют, актуальныя банкаўскія прапановы, меркаванні экспертаў, маніторынгі рынку і яшчэ шмат карыснага. Сайт выглядае вельмі сур’ёзным і, відавочна, разлічаны зусім не на выпадковага наведніка; інфармацыі тут шмат, і размешчана яна ў зручным фармаце. Так што калі трэба будзе аператыўна паглядзець на курсы валют, дазнацца, што там на біржы ці прыгледзець крэдыт — «Майфін» вам у дапамогу.

Office Life

Медыя выходзіць у двух фарматах — друкаваны глянцавы часопіс і сайт. Рэдакцыя абяцае «цікавыя гісторыі для тых, хто ў бізнэсе», і прапануе глядзець на пытанні бізнэсу шырока і з інтарэсам. Выданне прыемна пагартаць у рэале і паскроліць у сеціве. Артыкулы напісаныя лёгка і дасяжна нават для тых, хто не надта цікавіцца эканомікай, а можа і ў офісе бывае не так часта.

Prime Press

Навіновая агенцыя спецыялізуецца на зборы і распаўсюдзе фінансавай інфармацыі і аналітыкі. Медыя арыентаванае на камерцыйнага спажыўца, бо большая частка кантэнта прапаноўваецца за грошы. Між тым, пачытаць інфармацыйную зводку ці аналітыку можна і бясплатна на сайце агенцыі.

Тэматычныя

Автобизнес

Бадай, найстарэйшы аўтамабільны рэсурс з аб’явамі пра продаж, куплю аўто, запчастак, дыскаў, шынаў ды спецтэхнікі. Гісторыя праекта пачалася ў 1993 годзе з друкаванага штотыднёвіка, які праіснаваў ажно да 2019 года. Цяпер жа ўсе рэсурсы каманды засяроджаныя на развіцці партала, які таксама ўжо немалады на рынку беларускіх медыяў — ён існуе з 2006 года. Апроч абвестак на сайце ёсць і чытво: тут штодня з’яўляюцца матэрыялы з жыцця аўтааматараў і агляды тэхнікі. Мова выдання — расейская.

Зялёны партал

Бадай, галоўны беларускі рэсурс пра экалогію, які, да таго ж, мае актыўную інстаграм-версію. Узнік 15 гадоў таму як інфармацыйная пляцоўка «Зялёнай сеткі» — аб’яднання грамадскіх экалагічных арганізацыяў, экспертаў і актывістаў. На «Зялёным партале» збіраюць экалагічныя навіны з Беларусі і планеты ў 20 розных катэгорыях: ад інфармацыі з жывёльнага свету да лайфхакаў па экалагічным стылі жыцця. З верасня 2022-га сайт у Беларусі заблакаваны, відавочна, у Мінінфармацыі падумалі, што жыхарам нашай краіны шкодна ведаць пра ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі і экалагічныя злачынствы. Проста зараз на сайце можна наведаць віртуальны музей Чарнобыльскай катастрофы і пачытаць пра тое, як вайна ва Украіне ўплывае на экалогію ў рэгіёне. Большасць «зялёнага» кантэнту — на расейскай мове.

Паляўнічы і рыбалоў

Газета выходзіць у друкаваным варыянце і дае магчымасць пазнаёміцца з багатым (і разнастайным) жывёльным светам Беларусі. Аматары аховы жывёл схопяцца за сэрца — размова ў тым ліку пра паляванне (што вынікае з назвы), ды й выдае газету Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Між тым, рэдакцыя хоць і прапагандуе паляванне, але робіць гэта з сэнсам і густам. На старонках можна знайсці карысныя парады, цікавыя зацемкі, інтэрв’ю і ўнікальныя фотаздымкі. Друкуецца выданне па-расейску і па-беларуску.

Av.by

Аўтамабільны сайт і часопіс пра аўтамабілі. Тут можна купіць і прадаць самую розную тэхніку — ад ужыванага аўто да маторнага чоўна ды ротарнай жаткі (каторая, як мы помнім, не абмалот). Апроч аб’яваў пра куплю-продаж, на сайце сабраная інфармацыя пра тое, як слушна ажыццяўляць падобныя ўгоды, рыхтаваць машыну на продаж і падпісваць дамовы. Асобны раздзел выдання — аўтачасопіс. Тут можна пачытаць аўтаагляды і разнастайныя гісторыі, звязаныя з аўто. Выданне выходзіць па-расейску.

Dev.by

Усё пра беларускае IT. Выданне існуе з 2008 года, асвятляючы асноўныя падзеі ўнутры індустрыі. Навіны, расследванні і аналітыку на сайце штомесяц чытае мільён унікальных наведнікаў. Апроч чытва пра IT, Dev.by вядзе ўласны каталог беларускіх IT-фірмаў, збіраючы водгукі пра іх працу, каляндар падзеяў, статыстыку заробкаў і вакансіяў. З кастрычніка 2022 года, на радасць Сойцы, у сайта ёсць беларускамоўная версія.

Media IQ

Медыя, якое вучыць, як чытаць, глядзець і слухаць іншыя медыі, каб не стаць ахвярай прапаганды, маніпуляцыяў і дэзінфармацыі. Праект стварыў беларускі «Прэс-клуб», назваўшы яго гайдам па свеце навінаў. Media IQ праводзіць маніторынг сродкаў масавай інфармацыі, аналізуючы асноўныя тэмы, наратывы, а таксама трэнды, фэйк-ньюс і прыёмы прапагандысцкіх СМІ. Калі вы хочаце выхоўваць у сабе культуру ўсвядомленага стаўлення да інфармацыі ў медыях — вам сюды. Апроч інтэрнэт-рэсурсу і маніторынгу, каманда Media IQ займаецца адукацыяй школьнікаў, прывучаючы да крытычнага мыслення змалку.

Realt.by

Усё пра нерухомасць. Апроч аб’яваў куплі-продажу на пляцоўцы можна пачытаць пра будаўніцтва, дызайн, рамонт, знайсці рыэлтара і агенцтва нерухомасці, а таксама даведацца гарадскія навіны — якія ўстановы адчыніліся, якія зачыніліся, дзе што выстаўлена на продаж, а што ўжо прадалі. Рэдакцыя паведамляе, што на сайце штодня размяшчаюць больш за 100 тысячаў аб’яваў, а аўдыторыя рэсурсу перавышае 1,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў. Сайт цалкам расейскамоўны.

Tribuna.com

Бадай, самае вядомае беларускае выданне пра спорт, якое ўвосень 2022-га цалкам абнавілася і перазапусцілася на новай пляцоўцы са зручным функцыяналам. Апроч максімальнай адаптаванасці пад смартфон, трыбуна максімальна адаптавалася да беларуса-2022: сайт можна чытаць па-беларуску і па-расейску, абедзве версіі паўнавартасныя, і выбіраць можна адразу на ўваходзе. Выданне збірае статыстыку анлайн-матчаў і больш чым 150 турніраў па розных відах спорту, для чытва прапануюцца рэпартажы, інтэрв’ю, аналітыка.

34travel

Часопіс пра падарожжы. Сайт стаў вядомым, дзякуючы сваім гайдам, у якіх можна знайсці літаральна ўсю неабходную інфармацыю пра самыя папулярныя турыстычныя кірункі — ад спосабу дабрацца да найлепшых музеяў да лайфхакаў на месцы. У іх праекце Go to Belarus! можна пачытаць пра маршруты і ідэі падарожжаў па Беларусі. Лішне казаць, што пасля 2020-га часопіс арыентуецца не толькі на тых, хто падарожнічае з Беларусі, але і на беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць краіну.

Культурніцкія

«Дзеяслоў»

Беларускі літаратурны часопіс, які выходзіць на паперы ўжо 20 гадоў. За час існавання ў выдання з’явілася ўласная кніжная серыя «Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”», а таксама літаратурная прэмія. Вось што пра «Дзеяслоў» можна прачытаць на старонках інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат»: «Вакол “Дзеяслова” аб’ядналіся самыя знакамітыя ў Беларусі пісьменьнікі, а таксама самыя перспектыўныя маладыя аўтары. “Дзеяслоў”, па сутнасці, застаецца адзінай альтэрнатывай дзяржаўным літаратурна-мастацкім выданням, дзе ўстаноўленая жорсткая ідэалагічная цэнзура і дзяржаўны кантроль над творамі, што друкуюцца». Часопіс не мае анлайн-версіі, на яго можна падпісацца праз аб’яднанне «Белпошта» або набыць у краме Knihi.By.

Budzma.org

Сайт грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая дзейнічае з мэтай паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Сайт працуе з 2008 года, пачаўшы існаванне як пляцоўка для вольнага выказвання меркаванняў, Budzma.org перарос у культурніцкі партал — або партал у беларускую культуру. Тут можна пачытаць гістарычныя і літаратурныя навіны, павучыцца гатаваць нацыянальныя стравы, натхніцца на падарожжа па знакавых мясцінах Беларусі. Шмат новых праектаў пра гісторыю і кулінарыю таксама можна паглядзець на ютуб-канале «Будзьма беларусамі».

Лайфстайл

CityDog.io

Менскі гарадскі часопіс, які вырас на глебе легендарнай «Студэнцкай думкі». «Цікаўны сабака, які гойсае па Менску, па Беларусі ды ўсіх краінах свету, дзе жывуць беларусы, каб знайсці самае цікавае». Цікавяць жа «Сіцідог» у першую чаргу побытавыя, спажывецкія пытанні: дзе што з’есці, у што апрануцца, як правесці ўікэнд з карысцю для цела і душы. На сайце можна прачытаць навіны пра Менск, падзеі, звязаныя з менчукамі. Кватэраздымка, касметычка, вулічная мода — нязменныя рубрыкі «Сіцідога», ёсць раздзел, прысвечаны інтымным пытанням і агляды здымнага жытла ў краінах, дзе цяпер нямала беларусаў. Амаль усе матэрыялы — па-расейску.

Koko.by

Папулярны інфармацыйна-забаўляльны блог пра харчаванне ў горадзе. Формула вельмі простая: аўтар ідзе па горадзе, заходзіць у рэстараны і бістро, есць, п’е, ацэньвае хуткасць, сэрвіс, інтэр’ер, цэны і саму ежу, піша шчыра і часам нават прамалінейна, дадае гэткія ж фота, ставіць кокабаі (такія балы). Асобна на сайце ёсць раздзел з рэцэптамі, дзе той жа аўтар з тым жа наборам тэхнічных сродкаў і красамоўствам паказвае, што ён у стане прыгатаваць самастойна. Праект расейскамоўны.

Onliner

Гэты папулярны партал з 17 кастрычніка 2021 года змяніў падыход да рэдакцыйнай палітыкі — з гэтага часу ён больш больш не піша навіны, не закранае вострасацыяльныя тэмы і палітыку. Цяпер там публікуюцца гісторыі звычайных людзей, тэксты пра здароўе, грошы, псіхалогію, стасункі, культуру, аўтамабілі і моду.
Прыкладна за месяц да такой «нейтралізацыі» з Onliner сыйшоў галоўны рэдактар Мікалай Казловіч, а таксама некалькі ключавых журналістаў парталу. Сёння партал не піша пра палітыку, але хоча захаваць сваё месца ў краіне.

34mag.net

Яшчэ адно «дзецішча» «Студэнцкай думкі», беларускамоўны моладзевы часопіс пра трэнды, падзеі, людзей і з’явы. Модная вёрстка, нязмушаны стыль аповеду і кантэнт, які мудра балансуе паміж забаўляльным і развіццёвым — тое, чым ён нам запомніўся. Пасля таго, як у 2020-м галоўны музычны партал Беларусі «Тузін Гітоў» узяў адпачынак, сёння дадатак да 34mag «Пяршак» — ці не адзіны рэсурс, што намагаецца збіраць навіны беларускай музыкі.

Дзіцячыя

«Полосатая газета»

Праект настаўніцы пачатковых класаў і псіхолага Ганны Граноўскай. Маючы 20-гадовы стаж, настаўніца звольнілася з школы і пачала рабіць выданне, якое называюць самай добрай газетай Беларусі. У адным з інтэрв’ю Граноўская распавядае: «Чуллівасць і дабрыня — галоўныя якасці, якім трэба паспець навучыць маленькага чалавека, каб ён вырас чалавечным, неабыякавым дарослым». Таму «Паласатая газета» часта піша пра кінутых жывёл, пра людзей з асаблівасцямі развіцця. «Палосачку» не пачытаеш у інтэрнэце, яе можна выпісаць або набыць. Газета цалкам рускамоўная.