Гiды

Сойка Zamora: навошта вам у Албанію

Сойка Zamora: навошта вам у Албанію

Яны называюць сябе краінай у сэрцы Еўропы, сваімі галоўнымі нацыянальнымі рысамі лічаць працавітасць і талерантнасць, але ў свеце больш за ўсё вядомыя не чароўнай прыродай і гасціннымі людзьмі, а ізаляцыяй ад большай часткі свету і шалёным дыктатарам, які пакінуў пасля сябе сотні бункераў і галечу (на шчасце, гэта ўжо ў мінулым). Гучыць знаёма? Так, гэта Албанія. Яна ўсё яшчэ не ў Шэнгенскай зоне, і беларусам не патрэбная віза. Краіна пакуль не здабыла той колькасці турыстаў, якой заслугоўвае, таму самы час ехаць туды цяпер, пакуль іншыя ўсё не расцягалі па інстаграмах.

Урок геаграфіі

Албанія, яна ж Shqipëria (што значыць «краіна арлоў»), месціцца на Балканскай паўвыспе і мяжуе з Чарнагорыяй, Косава, Македоніяй і Грэцыяй, мае выхад да Адрыянтычнага і Іянічнага мораў, а ад Італіі яе аддзяляе праліў усяго ў 72 км. Плошчай краіна параўнальная з Магілёўскай вобласцю, аднак ландшафт і прырода вельмі разнастайныя: тут вам і горы, і азёры.

Каля 70% тэрыторыі пакрыта гарамі, Албанскімі Альпамі (гэта рэальная назва, а яшчэ яны называюцца Праклятыя Горы / Праклеціе); найвышэйшы пік — 2694 м. Ёсць і іншыя горныя масівы, але ў іх не настолькі забаўныя імёны.
Яшчэ тут ёсць чароўныя азёры, найбуйнейшыя з якіх Скадарскае (Шкодэр), Ахрыдскае і Прэспа. Усе яны нечым адметныя: Скадарскае — найбуйнейшае ў Паўднёвай Еўропе; Ахрыдскае — занесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА і лічыцца адным з самых старажытных азёр свету; Прэспа — надзвычай высакагорнае.

Урок гісторыі

Першая албанская дзяржава ўзнікла ў 12 ст., у 14 ст. яе заваявала Сербія, а ў 15 ст. — Асманская Імперыя. У 19 ст. пачаўся нацыянальна-вызвольны рух, і ў выніку ў 1912 г. краіна здабыла незалежнасць.

У 1939 г. Албанію акупавала фашысцкая Італія, у 1943 г. — нямецкія войскі, а ў канцы 1944-га да ўлады прыйшоў сумнавядомы кіраўнік камуністычнай партыі Энвер Ходжа, які праславіўся жорсткімі палітычнымі рэпрэсіямі і будаўніцтвам тысяч бункераў, падчас таго, як эканоміка краіны разбуралася і занепадала, і доўгія гады Албанія была ізаляваная ад свету — па сутнасці, да смерці дыктатара ў 1985 г. Не кажучы ўжо пра тое, што ўсе гэтыя гады Албанія не магла развіваць турызм, адна з жэстачайшых пастановаў іхняга кіраўніка дзяржавы — забарона жыхарам краіны адпачываць на ўзбярэжжы мора. А то раптам што.

З Асманскіх часоў большасць албанцаў (57% на 2022 г.) як бы спавядаюць іслам. «Як бы» — бо насамрэч тая самая большасць яго не практыкуе або практыкуе прыблізна так, як у нас большасць хрысціян, якія фарбуюць яйкі на Вялікдзень і віншуюць адно аднаго з Калядамі. Ну, і сустрэць жанчын з пакрытай галавой вам давядзецца зусім не кожны дзень.

Урок гастраноміі

Албанская кухня — нешта сярэдняе між балканскай і міжземнаморскай, з сур’ёзным італьянскім уплывам і большай колькасцю цікавых страваў для знаўцаў і аматараў добрай ежы, чым у мемах пра балканскі сняданак. А разнастайнасцю яна нагадвае турэцкую кухню — пры нашмат меншых памерах краіны. Фуд-сталіцай лічыцца Гіракастра, якую і так варта наведаць з розных нагодаў (пра гэта будзе ніжэй).

Самае важнае для албанцаў — абед, які складаецца з галоўнай стравы — геле (gjellë) і абавязкова салата з гародніны. Да таго ж, як і на Блізкім Усходзе і ў Турцыі, перад асноўнай стравай падаюць стартары — мезэ, яны збольшага тыя самыя, што і ў іншых мезэ-краінах, асабліва албанцы любяць баклажан і мезэ з яго. Урэшце мама будзе радая, што вы ясце нешта карыснае.

Хлеб (bukë) у албанскай культуры мае настолькі вялікае значэнне (і мае разнастайныя гатункі), што фраза «ісці есці» (për të ngrënë bukë) літаральна перакладаецца як «ісці есці хлеб». Карацей, не толькі ў нас ён усяму галава.

Дарэчы, лічыцца, што параўнальна добрая (на фоне небагатай эканомікі) працягласць жыцця албанцаў у значнай ступені абавязаная іх кухні.

Аматарам гісторыі і архітэктуры: гарады

Хутчэй за ўсё, у Албанію вы трапіце праз яе сталіцу — Тырану (і не, гэта не ад слова «тыран», хоць іхні Ходжа нейкім такім і быў). Па шчырасці, калі вы ў краіне ненадоўга, то на Тырану можна не губляць час (а таксама і на другі па велічыні горад Дурэс) — у краіне ёсць нашмат прыгажэйшыя мясціны, а помнік мужыку на кані вы знойдзеце ў любой іншай сталіцы. Аднак калі вы аматар_ка бункернага «мастацтва» — то чаму не? Дзе яшчэ вы ўбачыце такую колькасць змарнаваных народных грошай?

Куды дакладна варта наведацца — гэта ў Берат. Яго называюць «горадам тысячы вокнаў», і яго панараму вы ні з чым не зблытаеце. Тут паўднёваітальянскі вайб, пры гэтым абсалютна бяспечна. Тут добра захавалася забудова Асманскіх часоў, дзякуючы чаму горад занесены ў спіс ЮНЭСКА. А аматары паглядзець на горад з вышыні могуць заняцца нескладаным хайкінгам — падняцца на пагорак у самым цэнтры горада.

Другі абавязковы для наведвання пункт — Гіракстра. Гэты горад, як і Берат, у спісе ЮНЭСКА, і яшчэ ён радзіма таго самага Ходжы, але яшчэ і хіба самага знакамітага ў свеце албанскага пісьменніка і лаўрэата Букераўскай прэміі Ісмаіля Кадарэ. Але гэта не галоўнае. Галоўнае — што гэта своеасаблівы і запамінальны горад, акружаны гарамі, і адкуль яго не сфатаграфуй — цяжка сапсаваць.

Шкодэр ляжыць на беразе аднайменнага і дужа жывапіснага возера на мяжы з Чарнагорыяй. Ён месціцца ля зліцця рэк Дрын і Буна, так што гэта такі мясцовы Кобленц. Аднак галоўны хайлайт горада — гэта згаданае возера. З Албанскімі Альпамі на фоне, краявід сапраўды нагадвае Швейцарыю. Ну, і яшчэ крэпасць Розафа — для аматараў старажытнасцяў.

Аматарам прыроды: нацыянальны парк Тэт і азёры

Гэтую прыродную славутасць (Parku Kombëtar i Thethit) вы знойдзеце ля мястэчка Тэт (Theth) недалёка ад Шкодэра на поўначы Албаніі. Тут можна здзейсніць прыгожы хайкінг (які, аднак, патрабуе хоць трошкі падрыхтоўкі — прынамсі, лепей, каб гэта не быў першы хайкінг у вашым жыцці). Найвышэйшы пункт парку — 2567 м, бонусам да якога ідуць краявіды, якіх вы, магчыма, не чакалі ад гэтай краіны.

На мяжы з Македоніяй месцяцца Ахрыдскае возера і возера Прэспа, першае з якіх увогуле часам нагадвае мора. Варта выдаткаваць дзень на іх наведванне, арандаваць на пару гадзін лодку і проста парэлаксаваць сярод вады, а бонусам наведаць македонскі горад Охрыд, які ў цэлым варты асобнай вандроўкі туды.

Аматарам пляжнага адпачынку: Ксаміль

Ад стваральнікаў фраз «Беларусь — гэта маленькая Швейцарыя» і «Нясвіж — беларускі Версаль»: Ксаміль — гэта албанскія Мальдывы. Мора, сонца, спакой, празрыста-бірузовая вада — здаецца, гэтак і апісваюць ідэальныя пляжы?